НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

ДА ПЫТАНЬНЯ ПРА ЗЛАЧЫНСТВА І ПАКАРАНЬНЕ

ДА ПЫТАНЬНЯ ПРА ЗЛАЧЫНСТВА І ПАКАРАНЬНЕ

Кара за сьмерць

    У канцы мінулага года ў Менску адбываўся судовы працэс над спраўцамі выбуху ў Менскім мэтро, які прагрымеў 11 красавіка 2011 года. Загінулі 15 чалавек, 385 паранена. Гэтае вялікае няшчасьце не было належным чынам адзначана рэжымам акупацыйнай улады. Нават прозьвішчы загінулых сьцерліся ў грамадзтве. Затое ва ўсіх на слыху прозьвішчы спраўцаў забойства. Такі перакошаны інтэрас зьвязаны з дрэнным вядзеньнем суда, з сумненьнем грамадзтва ў самастойнасьці забойцаў і, галоўнае, -- з падазрэньнем, што тэракт арганізавалі самы акупацыйныя ўлады пры дапамозе Масквы і нават зь ведама Лукашэнкі.
Сумніўныя дзеяньні сьледзтва і суда ў гэтай справе выклікалі россып людзкіх эмоцый і меркаваньняў часам разумных і аргумэнтаваных, часам цалкам безадказных, непрадуманых і павярхоўных (некаторыя нават пачалі шкадаваць тэрарыстаў). Шумна ўзбудзілася лібэральная Эўропа са сваімі збочанымі паняцьцямі аб забароне сьмяротнага пакараньня. Урадавая эўралібэралы ўсіх масьцяў ўбачалі нагоду пагаварыць пра каштоўнасьць жыцьця забойцаў і адмену сьмяротный кары. Нешта мы ня чулі ў іх такога ажыятажу і шкадаваньня, калі 11 красавіка зь менскага мэтро выносілі акрываўленых людзей, прыгожых, прыгожа апранутых маладых жанчын з адарванымі канечнасьцямі, ці калі праз дзьве гадзіны пасьля выбуху Лукашэнка спусьціўся з сваім пазашлюбным дзіцем ў мэтро аглядаць непакрытая трупы.
Загадкавасьць тэракту ў мэтро, незавершанасьць сьледзтва тэндэнцыйнасьць, сьпешка і павярхоўнасьць суду -- відавочныя. Пасьпешнасьць вынясеньня вышэйшай меры пакараньня (нібы па заказу) таксама відаць. Уплыў узурпатара на сьледзтва і суд таксама зафіксаваны. Але хто стаіць за гэтым выбухам – невядома. Матывцыя тэракту таксама невядомая. Усё гэта вельмі нетыпова. Прысуд, аднак, застаецца ў сіле пры ўсёй рацыі грамадзкасьці і апанэнтаў. Ёсьць адпаведныя законы і працэдуры, за якія  суд і рэжым будуць фармальна трымацца. Шмат хто мяркуе, што судом створана заведамая і, хутчэй за ўсё, матываваная памылка. Механізму, каб яе спыніць ці хаця б затармазіць, не існуе (акрамя памілаваньня асуджаных, вышэйшай службовай асобай, што вельмі суб’ектыўна і ніяк не рэгламэнтавана).
Тут мы назіраем першы выпадак выкарыстаньня антыбеларускім рэжымам сьмяротнага пакараньня праз суд дзеля схаваньня (як я мяркую) праваленых палітычных планаў.
Гэта ўскосна пацьвердзілася ў сярэдзіне сакавіка 2012 года, калі прысуд быў выкананы. Адзін са злачынцаў (напарнік тэрарыста, які ведаў, садзейнічаў злачынству і не паведаміў уладам пра яго падрыхтоўку) на судзе адмовіўся ад часткі паказаньняў і сцьвярджаў пра хлусьню ў абвінавачваньні. Пасьля прысуду ён напісаў ўзурпатару прашэньне аб памілаваньні. Гэтае прашэньне, складзенае негалоўнай злачыннай асобай, зрабілася нібы тэстам на прыналежнасьць улады рэжыму да выбуху у мэтро. Шмат хто меркаваў, што асуджанаму заменяць «вышку» на «пажыцьцёўку». Гэтага вымагала і сытуацыя з шматлікамі невядомымі. Тут магла б быць адтэрміноўка прысуду. Ды ці мала што магло б быць у такім дзіўным і нетыпавым выпадку. Шмат залежыла ад суду і ўлады.
Але спадзяваньні былі марнымі. Узурпатар нічога не зьмяніў. Прысуд выканалі імгненна. Фактычна быў зьнішчаны чалавек, які мог бы стаць сьведкам пры перакваліфікацыі справы, калі б адчыніліся новыя абставіны (а яны адчыніліся б). Усе зразумелі, што антыбеларуская ўлада хавае канцы ў ваду. І шмат каго тое шакавала.
Зрэшты, за 18 гадоў цемры некаторыя людзі так і не зразумелі, што за мярзотны тыпаж кіруе краінай. Адправіўшы на сьмерць сумніўнага тэрарыста (Кавалёва), якому цалкам аргумэнтавана мог зьмяніць пакараньне, захаваўшы жыцьцё, узурпатар пасьля экзэкуцыі выказаў  жаль і спачуваньне яго маці ў сувязі з расстрэлам сына. Вы чулі калі-небудзь такое? Вось гэта і ёсьць яго крымінальны «кайф» адчуваньня ўлады – паводзіны з асаблівым садызмам.

Адначасна пачаўся новы этап лібэральнага ляманту аб адмене сьмяротнай кары і абароне жыцьця злачынцаў. Для лібэралістаў зноў узьнікла нагода пашумець супраць сьмяротнага пакараньня забойцаў людзей, блытаючы і валячы ўсё ў адну кучу. Таму адразу ставім кропкі над  «і».
Прысуд менскім тэрарыстам зададзены зьверху, судова павярхоўны, фармальны, пасьпешны, і ўсебакова не абгрунтаваны. Не раскрытая матывацыя забойства. Хуткае выкананьне такога  прысуду выглядае на заказное палітычнае забойства сьведак  арганізацыі тэракту. У будучыні пры выяўленьні сапраўдных акалічнасьцяў тэракту ў Менскім мэтро арганізатары массавага забойства людзей  павінны быць пакараныя сьмерцю згодна закона і па рашэньні суда, а сьледчыя, суддзі і пракурор, што адправілі двух злачынцаў на расстрэл, не высьветліўшы ўсіх акалічнасьцяў злачынства, павінны будуць пайсьці пад суд, як саўдзельнікі ў злачынстве. Ужо аднаго гэтага дастаткова, каб спыніць ўсялякія размовы пра мараторый на сьмяротнае пакараньне. Судзіць іх будзе не Гаага (яна «насудзіць»), а мы, беларусы. Вышка забойцам народа павінна быць забясьпечана.
На гэтым тэму выбуху ў Менскім мэтро мы пакінем і пагаворым пра пытаньні агульнага кшталту, на якіх цяпер паразітуе пэўная катэгорыя «сучасных», як яны сябе называюць, людзей.

                        * * *
У мяне склалася ўражаньне, што і планаваньне выбуху 19-га сьнежня ў тлуме людзей у час мітынгу на Цэнтральнай плошчы Менска (пра што 11 сьнежня 2010 года прагаварыўся сп. Макей), і пераарыентацыя дэманстрантаў на плошчу Незалежнасьці, і напад на Ул. Някляева, і біцьцё вокан у Доме ўраду, і пабіцьцё людзей 19-га сьнежня на плошчы Незалежнасьці, і выбух у мэтро 11 красавіка – усё гэта фрагмэнты аднаго антыбеларускага палітычнага плану. Нешта ўдалося, нешта – не, нешта правалілася (як выбух у мэтро) і выклікала нечаканы эфэкт для рэжыму. Больш глыбокае раскрыцьцё арганізацыі тэракту ў менскім мэтро магло б даць ключ для выяўленьня зьместу ўсіх апошніх падзей і ўсёй гэтай антыбеларускай палітыкі.

Менскі працэс, як ўжо адзначана, даў нагоду узьняць голас прыхільнікам адмены сьмяротай кары. Сытуацыя няпростая, бо ўзьнікла палітычная патрэба ў  мараторыі (інструмэнт сьмяротнага пакараньня ў руках антынароднага рэжыму – небясьпечная зброя). Выказваньні, аднак, часьцей за ўсё гучэлі безадказныя і паўтараліся   непрыймальным спосабам – шкадаваньнем злачынцаў. Ёрніцтва ў гэтай сур’ёзнай справе часам не мела мяжы. “Ці чалавечае жыцьцё каштоўней за жаданьне помсьціць?” – лёгка пытаецца ў чытачоў адно выданьне. Падмена проста сатанінская. Аказваецца справа тут не ў справядлівасьці, не ў абавязковам, няўхільным і адэкватным пакараньні  зла, а ў помсьце. І такі ўзровень “паняцьцяў” шмат дзе.
Зыходзіць трэба, аднак, з рэальнай сытуацыі, з правоў асобы і грамадзяніна, бясьпекі грамадзтва і ролі дзяржавы ў забесьпячэньні гэтых каштоўнасьцяў. Цалкам пазбавіцца ад крымінальных забойстваў у грамадзтве, немагчыма. Гэта абумоўлена канвергентнай прыродай чалавека (зьмяшаньнем розных магчамасьцяў дабра і зла). Забойствы былі, ёсьць і будуць. Гэтак жа, як пэрыядычна ўзьнікаюць і будуць узьнікаць злачынствы супроць чалавецтва. Увесь зьмест ў прапорцыях, якія можна зьменшыць і кантраляваць.
Цалкам пазьбегнуць кары сьмерці і зьнішчэньня злачынцаў (як некаторыя хочуць) бяз шкоды для грамадзтва і пацярпелых асобаў – не атрымаецца ў прынцыпе. Пакараньне сьмерцю за найцяжэйшыя забойствы і злачынствы супроць чалавецтва павінен быць. Лагічна дамагацца жорсткай кадэфікацыі і працэсуальнай рэгламэнтацыі гэтай меры, чым падтрымліваць павярхоўныя і псэўдагуманныя заявы аб адмене сьмяротнага пакараньня за любыя злачынствы.
Пра пажыцьцёвае зьняволеньне замест сьмяротнай кары  ўжо было патлумачана. Яно можа практыкавацца там, дзе гарантавана няўхільнасьць пакараньня. Ня кожная краіна можа тое забясьпечыць.
    У зьвязцы “злачынства і пакараньне” існуе толькі адно забойства – забойства нявінных людзей бандытам. Пакараньне сьмерцю ёсьць расплата жыцьцём злачынцы за зьнішчаныя ім жыцьці і за яго гатоўнасьць забіваць яшчэ. Сьмяротнае пакараньне забойцы па суду ня ёсьць парушэньнем Запаведзі, але сцьвярджэньнем яе праз пакараньне таго, хто яе парушыў.
    Патрабаваньне кары сьмерці за забойства вынікае з усьведамленьня фундамэнтальнай каштоўнасьці чалавечага жыцьця, загубленага злачынцам.  Ужо ня раз адзначалася, што ў мала цывілізаваных народаў спрэс была кара сьмерці за шмат што, толькі, як правіла, не за забойства. З ростам каштоўнасьці асобы ў грамадзтве ўзрасло і пакараньне.
    Да апошняга часу ў сутыкненьні калізіі “злачынства і пакараньне” існаваў катэгарычны імпэратыў справядлівасьці. Грамадзтва шкадавала і спачувала забітым пакутнікам, асуджала забойцаў і патрабавала справядлівай кары (справядлівасьці). На гэтым грунтавалася права. Грамадзтва было на баку невінаватых і пацярпелых і не падтрымлівала злачынцаў.
З цягам лібэральных экспэрымэнтаў у праўнай сфэры за аплшнія 50 гадоў (што па сутнасьці зьяўляецца праявай глыбінных працэсаў маніфэстацыі зла) адбываецца зьмяшаньне паняцьцяў ня толькі ў юрыспрудэнцыі, але і ў галовах людзей, якія па-свойму ўспрымаюць лібэральную ўсёдазволенасьць.
    Ня буду апісваць у гэтым сэнсе абсурды заходняй (і асабліва амэрыканскай) судовай сістэмы. У Беларусі пра гэта мала ведаюць, а калі пачуюць, то не павераць (не ўкладзецца ў галаве). Сутнасьць маіх разваг у тым, што ў будучай вольнай Беларусі ў судовай тэорыі і практыцы мы павінны будзем пакінуць усё добрае, што было ў нас, узяць лепшае з таго, што на Захадзе, але пазьбегнуць праўнага маразму кшталту, калі бандыт судзіць пацярпелага, а грамадзтва абараняе жыцьцё ворага чалавецтва.

З гледзішча рэлігіі

Асобнай рэмаркай адзначу цяперашнюю пазыцыю хрысьціянскай рэлігіі. Рэдукцыя поглядаў асобных дзеячоў Царквы перад агрэсіяй зла і вымогамі сучаснага сьвету відавочная. Адной з прыкметаў рэдукцыі некаторыя лічаць таксама заклікі да адмены сьмяротнага пакараньня злачынцы. Але папрокі царкве тут былі б перабольшаньнем. Такая пазыцыя ў Хрысьціянства была заўсёды, іншае ніколі не артыкулявалася, нават у часы Інквізыцыі, калі Касьцёл, засланіўшыся сьвецкай уладай, быў ініцыятарам шматлікіх судовых пакараньняў на сьмерць (і зусім не за забойствы).
    Пазыцыя Царквы зыходзіць зь метафізічнай сутнасьці чалавека (душы) і з каштоўнасьці ягонага фізічнага жыцьця (цела) як фэнамэна Боскага стварэньня. Пазыцыя Хрысьціянства (пазыцыя сакральная) ня можа быць іншай. Тым часам чалавек і ягоны соцыюм (грамадзтва, якое ён утварае) валодаюць свабодай волі (дадзенай ад Бога, прыроды, парадку рэчаў і г. д.), якая істотна розьніцца ў сваім метафізічным (сакральным) і сацыяльным выяўленьні. Маштабы розьніцы непараўнальныя па велічыні і магчымасьцях (веручы чалавек у духу сваім можа быць вольным нават у турме, дзе сацыяльная свабода абмежавана да мінімуму, яе там, практычна, не існуе).
    Там, дзе ўзьнікае імпэратыўная калізія выбару паміж соцыюмам і метасоцыюмам, там прыдатная формула: каралю -- каралёва, Богу -- Богава. Гэта ня ёсьць дуалізм. Тут мудрасьць. Кажучы пра пазьбяганьне кары сьмерці з пазыцыі рэлігіі, мае рацыю сьвятар (дзейнасьць якога, дарэчы, невыпадкова аддзеленая ад дзяржавы, каб ён не спакушаўся пазбавіць іншых свабоды волі і права выбару). І маю рацыю я, чалавек, які падтрымлівае сьвятара і пакараньне сьмерцю забойцаў, і які займаўся заканадаўчай дзейнасьцю ў парляманце і разумее, як могуць (і як ня могуць) рэалізоўвацца ідэалы у грамадзтве ў катэгорыях права і дзяржаўнага заканадаўства.
    Нельга блытаць Божы дар зь яешняй і імкнуцца рабіць тое, чаго рабіць ня трэба. Гадоў 30-40 таму ў Амэрыцы лібэральны псэўдагуманізм і шкадаваньне злачынцаў даходзілі да таго, што ў некаторых штатах бандытаў і злодзеяў “ачалавечвалі” тым, што адпускалі іх з турмы на суботу і нядзелю дадому, да жонак і дзяцей (маўляў, усе ж яны людзі). За гэты час тыя “людзі” пасьпявалі ня толькі аддубасіць жонак, але яшчэ і ўкрасьці, і таго-сяго зарэзаць, пасьля чаго спакойна вярталіся ў турму, дзе іх напачатку ніхто не шукаў. Зразумела, што тут ня трэба было рабіць ніякіх праўных экспэрымэнтаў, акрамя як мець нармальныя мазгі ў галаве, не засьмечаныя памылковымі ўяўленьнямі.
    Мне прыходзілася чытаць пра адну веручую фрау, якая ўвесь час малілася за ўратаваньне душы Адольфа Гітлера. Маліцца за душы грэшнікаў не супярэчыць Хрысьціянству. Тут выяўляецца метафізічнае ўяўленьне і веліч Хрысьціянскай рэлігіі. Але той, хто паспрабаваў бы знайсьці форму і перавесьці гэтыя адносіны ў соцыюм, у грамадзтва (прасіць дараваньня Гітлеру, напрыклад, ці адмовіцца ад Нюрнберга), той трапіў бы пад суд (і гэта было б справядліва), ня гледзячы на ўсю ўяўную аргумэнтацыю яго меркаваньняў. Так што: Богу -- Богава, каралю -- каралёва.
Каштоўнасьць чалавечага жыцьця ў хрысьціянскім грамадзтве павінна ацэньвацца гэтак жа высока, як і ў рэлігіі. Таму сьмяротная кара за мэтанакіраванае забойства людзей за пазбаўленьне іх жыцьця павінна існаваць як адэкватны сродак пакараньня і стрымліваньня злачынстваў. Кадыфікацыя, абгрунтаваньне, вызначэньне і працэдура такога прысуду мусіць быць шчыльна і падрабязна распрацавана і рэгламэнтавана законам з мэтай выключэньня судовых памылак.
Цяпер гэтыя пытаньні (як і ўсё ў Беларусі) вырашыць немагчыма пакуль тут пануе цемра і афіцыйна ўсё разглядаецца пад вуглом захаваньня ўзурпаванай улады з гледзішча адной асобы. Нідзе нельга станоўча вырашыць ніякіх праблем. 70 адсоткаў маладых людзей хочуць зьехаць за мяжу з вар’яцкага дому, у што цемра ператварыла нашу прыгожую краіну. Але цемра павінна зьнікнуць, цемра мусіць адыйсьці.

Аб значэньні слоў

    Усялякая ідэя, калі яна накіравана ў грамадзтва і ўспрынята ім, мусіць мець механізм ажыцьцяўленьня, а механізм -- валодаць праўнай працэдурай (ці традыцыяй, калі права не існуе). Запаведзь “не забівай” мусіла мець механізм закона, які прадугледжвае кару. Без кары зло робіцца нормай, і запаведзь ня мае сэнсу. Калі кара неадэкватная (заніжаная), ацэнка ўзроўню злачынства таксама зьніжаецца, стрымліваючы фактар зьмяншаецца. Адпаведна зьмяншаецца і каштоўнасьць чалавечага жыцьця.
    Гэта ёсьць заканамернасьці, якія абавязкова маюць канкрэтнае выяўленьне. На жаль, шмат хто ня хоча ўспрыняць, не ўяўляе якраз гэтага (кажучы папулярна, не ўяўляе, як тэорыя канкрэтызуецца ў практыцы).
    Прывяду прыклад з палітыкі. У пачатку 90-х гадоў камуністы паставілі пытаньне ў Вярхоўным Савеце аб увядзеньні прэзыдэнцкай формы кіраваньня ў Рэспубліцы Беларусь, дзе прэзыдэнт быў бы кіраўніком і фарматворцам выканаўчай улады. Дэпутаты Апазыцыі БНФ выступілі катэгарычна супраць такой прэзыдэнцкай формы кіраваньня ў Беларусі, таму што яна абавязкова прывяла б да дыктатуры і беззаконьня.
    Падставы для гэтага былі наступныя:
-- вузкасьць і нешматлікасьць нацыянальна-палітычнай (і ўвогуле палітычнай) эліты ў грамадзтве;
-- адсутнасьць спэцыфікаваных грамадзкіх і дзяржаўных інстытутаў (мэханізмаў утварэньня гэтай эліты);
-- наяўнасьць шырокага старога бюракратычна-савецкага каляніяльнага апарату кіраваньня;
-- нізкасьць нацыянальнай сьведамасьці грамадзтва (разуменьня і ўспрыняцьця нацыянальна-культурных інтарэсаў) і надзвычай невысокі палітычны ўзровень людзей.
    Гэта гатовае асяроддзе для рэалізацыі дыктатуры. Патрабавалася толькі завесьці мэханізм існуючай сытуацыі, і ён запрацаваў бы, дзе замест усеўладнага 1-га сакратара ЦК КПБ(КПСС) стаў бы прэзыдэнт зь вялікімі паўнамоцтвамі (якія ён, абапіраючыся на структуру ўлады, мог бы яшчэ і павялічыць).
    Камуністычны плян улады ў краіне быў нескладаны, прагматычны і цалкам адэкватны існуючаму становішчу.
    Пазыцыя і плян фронтаўцаў базаваліся на неабходнасьці палітычных і сацыяльна-эканамічных рэформаў грамадзтва, якія далі б магчымасьць умацаваць нацыянальную дзяржаву, незалежнасьць і прыступіць да ўладкаваньня дэмакратычнага грамадзтва.
    Што для гэтага патрэбна было ў той сытуацыі? Найперш – дзяржаўна-палітычнае ўладкаваньне краіны, якое аб’ектыўна перакрэсьлівала б магчымасьць дыктатуры і выкарыстаньня каляніяльна-бюракратычнага апарату ўлады дзеля аўтарытарнай канцэнтрацыі паўнамоцтваў.
    Такім уладкаваньнем мусіла б быць парляманцкая рэспубліка зь вялікай колькасьцю дэпутатаў (па Канстытуцыі БССР, якая дзейнічала да 15 сакавіка 1994 года, -- 360 дэпутатаў; па Канстытуцыі 1994 г. – 260 абраньнікаў). Мог быць і прэзыдэнт, але выканаўчая ўлада – у прэм’ер-міністра, якога выбірае парлямант. (Зрэшты, прэзыдэнта таксама мог бы абіраць парлямант.)
    Другім абавязковым чыньнікам дэмакратыі і запабяганьня аўтарытарызму мусіла стаць адпаведная выбарчая сістэма, якая спрыяла б утварэньню палітычнага клясу, прафэсійных нацыянальных палітыкаў. Інакш стары каляніяльна-бюракратычны апарат і сістэма пацягнулі б усё на дно, а рэформы былі б спрафанаваныя.
    Для Беларусі на той час мусіла б быць толькі зьмешаная прапарцыйна-мажарытарная выбарчая сістэма. Такі выбарчы закон дэпутацкая Апазыцыя БНФ якраз і падрыхтавала да рэфэрэндуму 1992 года (незаконна адмененага камуністамі). Толькі адну прапарцыйную сістэму ўводзіць было нельга, таму што партыі ў Беларусі (акрамя БНФ) былі вельмі слабыя, малалікія і нешматлікія. Для фармаваньня палітычнай эліты патрэбна была дапамога грамадзтва праз мажарытарныя выбары ў тэрытарыяльных акругах.
    Але цалкам мажарытарная сістэма на той час мала спрыяла б стварэньню пастаяннай палітычнай эліты і пераемнасьці ў палітыцы. Народ на тым узроўні выбіраў бы найперш настаўнікаў ды добрых лекараў (бо, маўляў, “вучаць” і “лечаць” “нашых дзетак”), ды начальнікаў, ды добрых гаваруноў (пустых дэмагогаў, якія ня здольныя нічога стварыць, але могуць шмат казаць)  Усё гэта беларусамі было засвоена яшчэ з той пары, калі ў квазі-парлямант выбіралі даярак за высокія надоі малака.
    Патрэбны быў час, каб грамадзтва зьмянілася, вырасла палітычна. На тым узроўні, паўтаруся, аптымальнай была зьмешаная прапарцыйна-мажарытарная выбарчая сістэма. Аснову нацыянальнай палітычнай эліты мы мелі ўжо ў БНФ. Праз пяць-сем гадоў парляманцкай рэспублікі мы атрымалі б ужо свабодны нацыянальны палітычны кляс. Магчымасьці для ўзьнікненьня дыктатуры былі б перакрыты.
    У 90-х гадах мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, неаднаразова тлумачылі гэта Вярхоўнаму Савету, выступаючы супраць прэзыдэнцкай сістэмы. Дэпутаты гэта ўспрымалі зь цяжкасьцю, а камуністам (якія складалі бальшыню ў Вярхоўным Савеце) тое ўвогуле не падабалася, бо ім непатрэбна была ні дэмакратыя, ні незалежная Беларусь. Яны хацелі назад, у імпэрыю.
    Вось вымоўны прыклад, як канкрэтызуецца ідэя (тэорыя, схема) ў сацыяльным асяроддзі. Існавала аб’ектыўная дадзенасьць: постсавецкае грамадзтва з нізкім нацыянальна-сьведамасным палітычным статусам і са старой каляніяльнай сістэмай улады і адміністрацыі. У гэтай сытуацыі былі два падыходы да будучага грамадзка-палітычнага ўладкаваньня грамадзтва: праз парляманцкую рэспубліку і зьмешаныя прапарцыйна-мажарытарныя выбары альбо праз канцэнтраваную прэзыдэнцкую ўладу і толькі мажарытарныя выбары.
    У залежнасьці ад таго, які падыход перамагаў, вызначалася дэмакратычная альбо аўтарытарная будучыня краіны.
    Калі шляхам нечуванага ціску і маніпуляцыяў камуністы працягнулі ў новую канстытуцыю (і прынялі) пазыцыю канцэптуальна моцнай прэзыдэнцкай улады, мы сказалі: усё, дыктатура забясьпечана.
    Па-праўдзе кажучы, гэтыя простыя рэчы бальшыня дэпутатаў, былых камуністаў, проста не разумела. Яны не былі (і не хацелі быць) палітыкамі, ня думалі, як можа існаваць грамадзтва і дзяржава. Калі ж дыктатура неўзабаве сталася (і вельмі хутка) і нават асобныя з былых камуністаў апынуліся за кратамі, тады некаторыя зь іх горка пашкадавалі, што не паслухалі тады БНФ, і сцьвярджалі, што словы пра дыктатуру былі “прарочымі”.
    (Як кажуць, усё тое ж. Трэба было ўсьвядоміць тады камуністам, што двойчы два – ня пяць і ня сем. А калі табліцы “палітмножаньня” ня ведаць, то вынік, што двойчы два -- роўна чатыры, можа здацца нечаканым.)

* * *
    Мяркуючы пра ўжываньне сьмяротнага пакараньня за злачынства, зьвязанае з забойствам людзей, трэба таксама ведаць і мець на ўвазе сутнасныя вызначэньні – як, якім чынам, якім механізмам  запаведзь “не забівай” рэалізуецца ў соцыюме праз уладу і заканадаўства. У гэтым механізме існуе свая заканамернасьць, свая схема дачыненьняў і свая табліца множаньня”, ігнараваньне якой прыводзіць да пэўных сацыяльных вынікаў.
    Тут (у гэтым пытаньні) таксама йдзе змаганьне сілаў. Сэнс яго датычыць зьместу чалавечага існаваньня. Адна пазыцыя: забойства ёсьць вялікае зло (грэх), яно павінна быць пакарана той жа мерай дзеля справядлівасьці, сатысфакцыі (дасягненьня раўнавагі) і няўхільнасьці кары за злачынства.
    Другая пазыцыя: забойства ёсьць вялікае зло, але яно не павінна карацца забойствам, бо такое пакараньне таксама забойства.
    На гэтым сафізме будуецца лібэральная ідэалёгія аб абсалютнай каштоўнасьці чалавека. Забесьпячэньнем “абсалютнай каштоўнасьці” чалавеку (згодна лібэральных паняцьцяў) служаць яго права (правы) быць такім, як ён ёсьць з усімі сваімі цнотамі і заганамі, геніяльнасьцю і збочанасьцю, дабром і злом. Чалавек ёсьць мера ўсяго, “абсалютная сутнасьць”.
    Ня цяжка ўбачыць, што хрысьціянскі сьвет ужо перажываў такія погляды і агрэсію ў часы сярэдневечнага рэнесансу (гуманізму). Цяпер гэта паўтор пройдзенага ў іншых абставінах і на іншым узроўні.
    Істотна тое, што ў такой “гуманістычнай” ідэалёгіі няма Бога. Месца Бога займае чалавек са сваёй “абсалютнай сутнасьцю” і “правамі”. Але паколькі чалавек не анёл, а істота, якая месьціць у сабе дабро і зло адначасна, то і правы яго (калі іх абсалютызаваць) таксама ўсялякія (гэта значыць, што чалавек набывае права на дрэнь, быць дрэньню і гэта ўводзіцца ў грамадзкую норму). Тут дзейнічае клясычная логіка права: калі прызнаюцца чые-небудзь правы, то ўзьнікае і абавязак іхняга забесьпячэньня. Абавязак бярэ на сябе той, хто іх прызнаў – улада і грамадзтва. У выніку грамадзтва павінна будзе яшчэ і аплочваць дэвіантныя адносіны асобных людзей і ненавісьнікаў усялякай нармальнасьці (што та Захадзе ўжо і робіцца).
    У лібэральным соцыюме ўжо шмат дзе ўзаконеныя збачэнствы і злачынствы супраць прыроды чалавека, садомія і распуста, бо гэта, маўляў, правы вольнага чалавека. У Гішпаніі сацыялісты ў парляманце заканадаўча ўраўнялі нават правы чалавека і шымпанзэ (зьява зьвязана зь неадэкватным разуменьнем жывёлы). На чарзе ў гэтага “гуманізма” і “зоагізма” легалізацыя пэўных злачынстваў (зажываньня наркотыкаў, палігаміі, рэдукцыя пакараньняў за забойства, сьвятакрадзтва, нішчэньне культуры і г. д.). У Амэрыцы, дзе мне шмат прыходзіцца быць, не такія ўжо рэдкія выпадкі, калі паліцыя ловіць групу маладзёнаў, што рабуюць краму, а злоўленыя шчыра (!) абураюцца і кажуць, што парушаныя іх чалавечыя правы (права рабаваць, значыцца).
    Ня ў кожным грамадзтве злачынцам такое прыдзе ў галаву. Зьмяшаньне і падмена паняцьцяў адлюстроўваецца ў падмене тэрміналёгіі,  і на гэтым найперш зло сцьвярджае сваю дзейнасьць – разьнявольвае і апраўдвае заганы ў чалавеку.
    Нядаўна (у сьнежні 2011 г.) па пытаньні сьмяротнага пакараньня выказаліся кіраўнікі каталіцкага касьцёлу ў Беларусі і Беларускага Экзархата РПЦ. Практычна, у далікатнай форме яны сказалі тое, пра што я тут пішу. (аб магчымасьці сьмяротнага пакараньня за пэўныя злачынствы і аб прэрагатыве ў гэтам сьвецкай улады). Але цікавая рэакцыя бязбожнікаў на тлумачэньне хрысьціянскіх герархаў. “Забіваць можна?” – напісаў у загалоўку (з пытальнікам) адзін мэдыйны рэсурс. Гэта наўрад ці вынік раздумленьня. Тут такі стан розуму, вынік ужываньня імпартаваных стэрэатыпаў.
    Мне пастаянна прыходзіцца засяроджваць увагу чытачоў на тым, што ўсё гэта (гэтакую ідэалогію і псіхалогію зграі) ужо праходзіў камунізм у форме жорсткай таталітарнай дыктатуры. Цяпер аналагічную (такую ж па тэхналогіі) вычварэнскую сьветапоглядную матрыцу “праходзіць” лібэралізм у форме дэмакратыі, адкрываючы шлюзы накапленьня ўсяленскага зла. Сацыяльны лібэралізм ёсьць утроба камунізма, вывернутая навыварат. Лібэралізм – гэта не дэмакратыя. Гэта збачэнства дэмакратыі, крызісная яе фаза. Час яго кароткі   (магчыма, карацейшы, чым у камунізма), але ня ўсе яшчэ ўбачылі і зразумелі заганнасьць гэтай псэўдадэмакратычнай зьявы. Найперш таму, што жывуць у сістэме ацэнак, створанай самым гэтым лібэралізмам. Супраціўляцца ёй чалавек мусіць (і будзе), інакш сьвет стане для яго невыносным.
    Kамунізм рэзка абмяжоўвае свабоду асобы, ліквідуючы прыватную ўласнасьць, вольныя выбары,  практыкуючы ідэалягічны тэрор і фізічнае зьнішчэньне людзей.
    Лібэралізм спараджае бязмежны індывідуалізм і свабоду асобы (увёўшы яе ў пастулат права), неабмежаваную маральлю традыцыяй і рэлігіяй.
    Матэрыялістычны камунізм, забіўшы мільёны лепшых людзей, скалечыўшы жыцьці пакаленьням, ня змог зьнішчыць маральную і духоўную прыроду чалавека, бо ня здолеў маральна разбэсьціць асобу (і ня ставіў такой задачы, прывіваў камуністычную мараль на ідэалягічных каштоўнасьцях). Пасьля краху камунізму магчымае маральна-культурнае адраджэньне асобы і грамадзтва (асабліва таго, якое зьберагло нацыянальныя каштоўнасьці і ідэалы).
    Лібэралізм (калі б ён праіснаваў доўгі час) не пакідае людзям такой магчымасьці, бо адбываецца маральнае раскладаньне асобы, грамадзтва згнівае знутры і гісторыя яго заканчваецца.
    Зразумела, што барацьба ўнутры лібэральнага грамадзтва будзе йсьці па лініі маралі, нацыянальных каштоўнасьцяў, традыцыяў і рэлігіі. Але выхад, на мой погляд, ляжыць праз грамадзкую катастрофу.
    
* * *
    Мушу яшчэ крыху паразважаць аб тэрміналёгіі і значэньні слоў. Аб словах людзі дыскутуюць пастаянна. Сэнс гэтых дыскусіяў бывае розны і часта ня мае прыкметнага значэньня. Але ёсьць словы, ад трактоўкі якіх (дакладней – значэньня, якое за імі стаіць) залежыць лёс цэлага грамадзтва і нават цывілізацыі. Словы не зьнікаюць гэтак жа, як не зьнікаюць ідэі. Нават самая бязглуздая ідэя, вымаўленая публічна, можа мець пасьлядоўнікаў. Чалавек вельмі ўважна мусіў бы ставіцца да слова, а грамадзтва – да выказаных ідэй.
    Ідэя пратэстанства спарадзіла капіталізм. Цывілізацыя пайшла па прынцыпова іншым кірунку разьвіцьця, ступіла на шлях прагрэсу – тупіковай галіны існаваньня (як мяркуе шмат хто). Усё вынікала (па класіфікацыі Макса Вэбэра) са зьмены разуменьня аднаго слова – “праца”. Калі традыцыйны хрысьціянін-чалавек “працаваў, каб жыць”, то хрысьціянін-пратэстант стаў “жыць, каб працаваць”. (Па аналёгіі маральна-этычны тэзіс (дакладней, антытэза) “есьці, каб жыць” і “жыць, каб есьці”.) Калі прыглядзецца, то тут у корані парушаная нават лёгіка здаровага сэнсу. Тым ня менш пераацэнка значэньня слова “праца” стала кодам новай сацыяльна-эканамічнай і культурнай цывілізацыі.
    Падобныя магчымасьці разьвіцьця існавалі заўсёды і ў старажытным сьвеце таксама, але яны не разьвіліся, таму што не былі асьвечаны пануючай рэлігіяй. Тут жа, у пратэстанцтве, слова “праца” напоўнілася сакральным зьместам, стала сэнсам рэлігійнага самавыяўленьня. Дактрына аб рэлігійнай дабрапрыстойнасьці працы стварыла працоўную этыку пратэстанта, згодна якой працаваць чалавеку трэба было шмат, добра, дбайна і ад працы багацець. Узбагачэньню ад працы спрыяе Бог.
    Па Вэбэру, стратэгія працоўнай дзейнасьці традыцыйнага хрысьціяніна была накіравана на тое, каб мінімізаваць колькасьць працы пры захаваньні стабільнага даходу. Мэта пратэстанта – атрымаць максымальны даход, нават калі гэта запатрабуе больш інтэнсіўнай працы (працоўных затрат).
    Контррэфармацыя, якая абапіралася на традыцыйнае хрысьціянства, разглядала пратэстанцызм як ерась, якая звузіла хрысьціянскую рэлігію да мінімуму, ажыцьцявіўшы адмову, падмену і пераасэнсаваньне слоў.
    Але мы прыводзім тут гэты прыклад не дзеля адлюстраваньня дагматычных спрэчак, а зноў жа, дзеля ілюстрацыі прынцыпу, каб падкрэсьліць важнасьць адпаведнага разуменьня слова, ад якога можа не залежыць нічога, але можа таксама зьмяніцца накірунак культуры, этыкі цэлай краіны, і нават усяго сьвету.
    У гэтым шэрагу стаіць ерась (кажучы мовай гісторыі) аб тым, што судовая кара за злачынства забойства чалавека ёсьць таксама забойства. Тут – падмена паняцьцяў, якая абапіраецца на фармальную логіку і нясьпеласьць маральных каштоўнасьцяў асобы. Гэтае сцьвярджэньне дызарыентуе людзей.
    Вынікам такой папраўкі ў сьвядомасьці (калі яна замацавалася ў праве) стане ўраўніваньне злачынства і пакараньня. Гэта адчыніць і спрастае дарогу злу. Такім чынам робіцца першы крок, які змушае грамадзтва шкадаваць і нават не караць забойцаў на падставе інфантыльнага разуменьня дабра.  
    Вось тыповы выпадак, які адбыўся ў сярэдзіне сьнежня 2011 года ў фламандзкім горадзе Люціху (Льеж). Забойца (арабскі тэрарыст)  закідаў гранатамі людзей на прыпынку аўтобуса ў цэнтры горада і страляў па іх з аўтамата. Трох забіў, дзясяткі цяжка параніў. Злачынцу злавілі. Аказалася, што раней у яго ў доме знайшлі цэлы склад зброі і амуніцыі (9800 адзінак). Як і належыць, яго судзілі і пасадзілі на некалькі гадоў у турму. Але потым, праз год, вырашылі, што ён жа чалавек добры, небясьпекі для грамадзтва не ўяўляе і – выпусьцілі на волю.
Першым чынам “добры чалавек” забіў суседку, а потым пайшоў кідаць гранаты ў людзей. Такія “судовыя “ вынікі ў гэтым левым сьвеце не выключныя і ня рэдкія. Гэта на Захадзе – звычайны маразм.
Падмена тэрміналёгіі ў лібэральным грамадзтве вынікае не з судовых памылак, не з хібаў аналізу, не з павярхоўных ацэнак фактаў.  Тут выяўленьне сьветапогляднай тэндэнцыі легалізацыі зла. У гэтым грамадзтве, там дзе ўжо легалізавалі збачэнствы і садомію, адбываецца сацыяльнае афармленьне такой легалізацыі пад выглядам “правоў чалавека”. Прызнаецца права “дрэні” нароўні з дабром, што вядзе да панаваньня зла. У Расеі, напрыклад, права “дрэні” сцьвярджаецца зараз праз папулярызацыю злачыннага сьвету. Гэты накірунак мас-культуры вядзе да дэкляраваньня права на крымінальнае злачынства як чарговага “права чалавека”. Нешта падобнае ў Расеі ўжо было. Крымінальную ідэалёгію сцьвердзілі і рэалізавалі бальшавікі як дзяржаўную палітыку (вынішчыўшы адначасна лепшых людзей – калектывізацыя, тэрор, генацыд, ГУЛАГ), .
Ахова чалавечага жыцьця вынікае з духу Эвангельля. Але нідзе не гаворыцца там аб адмене кары сьмерцю за забойства. Стары Запавет у гэтым сэнсе не адменены, але сцьверджаны. У Новы Запавет прыўнесена міласэрдзе Боскае і ахвяра Хрыста за збаўленьне людзей, але кажацца, што ніводнае слова, ні адна літара ня зьнікне з Закону і спраўдзіцца ўсё.

Псэўдагуманізм і мэта

    Пазыцыя людзей, якія выступаюць у абарону жыцьця злачыннага забойцы і называюць пакараньне сьмерцю за забойства забойствам, павярхоўная і ў прынцыпе – не рэальная. Якая кара магла быць для Саддама Хусэйна – гвалтаўніка і забойцы тысячаў людзей, які трымаў у руках дзеля гэтага найстрашнейшую зброю – абсалютную ўладу? Пажыцьцёвае зьняволеньне?! Але непакараньне яго сьмерцю прывяло б да яшчэ большых забойстваў – зь яго зрабілі б бандыцкі сьцяг фанатыкаў, тэрарыстаў і галаварэзаў. Яны (і ня толькі яны) трымалі б яго за “героя”, зрабілі б “сьвятога пакутніка”, як камуністы зрабілі гэта з бандыта Чэгевары. Хіба мала ў гісторыі такіх крывавых “сьвятых”, асьвечаных антычалавечымі рэжымамі пры дапамозе ідэалогіі і прапаганды?
    Цяпер – Бін Ладэн. Тут была аб’яўленая вайна з Амэрыкай, і яго зьнішчылі ў выніку ваеннай апэрацыі. Але калі б Бін Ладэна ўзялі жывым, то што павінен быў бы прызначыць суд, якое пакараньне? Пажыцьцёўку? Дзякуй Богу, амэрыканцы яшчэ не развучыліся цьвяроза думаць і  не зрабілі памылкі (нават маючы дэмакратычную адміністрацыю, якая схільная да адмены сьмяротнай кары).
    Гэта ўсё, так бы мовячы, логіка і рэчаіснасьць. Але ёсьць людзі, што абараняюць жыцьцё крымінальных забойцаў зусім не ад памылак у логіцы, з-за недасьведчанасьці, безадказнасьці ці недахопу ведаў. Тут, паўтаруся, пазыцыя (найчасьцей несьвядомая) патураньня злу, уляганьне фальшывым тлумачэньням, згодніцтва з фальшывым гуманізмам з прычыны адсутнасьці сістэмы маральных каштоўнасьцяў у гэтых людзей.

* * *
    Існуе цесная карэляцыя паміж тымі, хто супраць сьмяротнай кары і шкадуе злачыннае жыцьцё забойцаў і тымі, якія выступаюць за аборты (за права на аборты, за законнае замацаваньне права на аборты і т. п.). Фактычна, гэта адны і тыя ж людзі. На першы погляд, тут парадокс: адны і тыя ж адначасна выступаюць за захаваньне жыцьця крымінальнага забойцы і за забойства яшчэ не народжанага чалавека.
    Але парадокс тут толькі на першы погляд, калі не разумець сэнсу і стратэгіі зла, яго барацьбы з дабром (на справе – з родам чалавечым). У першым выпадку дэмагагічна спасылаюцца на права ўсіх людзей (а значыць і забойцы) на жыцьцё. У другім – спасылаюцца на права жанчыны самой вырашаць: нараджаць, ці не (гэта значыць, забіваць, ці не, даць жыцьцё ненароджанаму, ці ня даць). Тым часам жанчына ня мае права не даваць нарадзіцца чалавеку. Нараджэньне чалавека ня ёсьць права жанчыны, але выключны яе абавязак, ускладзены на яе Богам і прыродай. Бязбожныя прапагандысты абортаў тут ужо да рэлігіі не зьвяртаюцца (бо там сказана: “не забівай”).
    Але пра гэта варта патлумачыць. Жанчына па законах усіх га

Дадаць у: