НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

“Да пытаньня пра фашызм”

“Да пытаньня пра фашызм”

(Выступ на сакавіцкім Сойме 2015 г. Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ)

Мы перажываем час, калі будучыня Беларусі становіцца ўсё больш залежнай ад разьвіцьця 
зьнешніх падзей. Але сутнасьць яе вызначаецца ўсё ж нашым унутраным беларускім існаваньнем. 
Тое, што было вядома і 10, і 20, і 25 гадоў таму пра Расею як падпальшчыцу вайны, цяпер, у сувязі 
з агрэсіяй Масквы супраць Украіны, стала вядома і праявілася для шырокага насельніцтва ў 
Беларусі і ва ўсім сьвеце. І гэта нягледзячы на абсалютна сатанінскую прапаганду, якую вядзе 
Расея супраць Украіны, Беларусі і супраць усяго Захаду.


Пакуль што не існуе міжнароднага заканадаўства, якое прызнавала б дэзінфармацыйную 
вайну злачынствам супраць чалавецтва. Але неабходнасьць у такім заканадаўстве відавочная. І 
спарадзіў такую неабходнасьць не Гёбэльс і ня Трэці Райх, а Пуцін і расейскі імпэрыялізм.
Найперш, расейская дэзінфармацыя – гэта ёсьць маштабнае пашырэньне міжнароднай 
нянавісьці, пазбаўленьне адэкватнага ўспрыняцьця рэчаіснасьці і дэзарганізацыя інтэлекту вялікіх 
масаў людзей. Расейскае грамадзтва, зацыкленае прапагандай на нянавісьці, жыве ў нерэальным 
сьвеце, створаным рэжымнымі СМІ, і ўспрымае рэчаіснасьць як другасную і нерэальную зьяву. 
Такі стан ёсьць адным са складнікаў паталогіі зомбі. Давядзеньне да псіхапатычнага стану ёсьць 
злачынства супраць людзей. Такое можа рабіць толькі злачынная ўлада. Тым больш, што 
накіраванасьць ілжывай крамлёўскай прапаганды з’арыентавана найперш супраць уласнага 
грамадзтва.


Хлусьня ў Расеі ёсьць мэханізмам, інтэгральнай часткай крамлёўскай палітыкі. На гэтым 
мэханізме будуюцца ўсе асноўныя падзеі і планы Крамля, усе вэрсіі забойстваў, вайны і 
дыпляматыі.


Апошняе палітычнае забойства апазыцыйнага палітыка Барыса Нямцова ў Маскве 
наскрозь пранізана гэтай тэхналогіяй асаблівай кагэбоўскай рускай хлусьні (перад якой топчацца ў 
разгубленасьці рацыянальны Захад).


Адразу кідаецца ў вочы, што тут ня проста забойства, а палітычная спэцапэрацыя. Каб 
Нямцова хацелі проста забіць, то зрабілі б тое інакш, прасьцей, не пад мурамі Крамля і бяз 
сьведкаў. Спэктакль забойства задуманы з працягам, які стане хутчэй за ўсё накіраваны супраць 
Украіны. Менавіта таму (што зьдзівіла ўсіх) пакінулі жывога сьведку – украінскую дзяўчыну, якая 
была побач зь Нямцовым. Менавіта на яе могуць вешаць усіх хлусьлівых сабак, будаваць вэрсіі зь 
яе ўдзелам, фабрыкаваць факты, накіроўваць атаку і антыукраінскую прапаганду. Калі б яе 
таксама забілі, то ілгунам немагчыма было б сфабрыкаваць “украінскі сьлед”. Тут (можна не 
сумнявацца) цяперашнія ўлады Расеі забойцаў ня знойдуць (і тым больш заказчыкаў), але 
апэратыўна іх прыдумаюць і падставяць. Тыя нават прызнаюцца ў забойстве. «Працэс пайшоў». 
Гэта вядомая тэхналогія расейскай гэбоўскай дрэні была напоўніцу скарыстаная ў Беларусі 
пры так званым рассьледваньні крывавага тэракту ў Менскім мэтро 11 красавіка 2011 года, калі 
абвінавацілі і расстралялі сумніўных выканаўцаў, вінаватасьць якіх засталася пад пытаньнем.
Акрамя таго гэтае дэманстратыўнае забойства і прапаганда вэрсіяў павінна адцягнуць 
увагу сьвету ад павольнага забіваньня ў расейскай турме ўкраінскай дзяўчыны Надзеі Саўчанкі, 
якую расейцы выкралі з тэрыторыі Украіны, кінулі за краты і сфабрыкавалі абвінавачваньне.
Гісторыя рускіх забойстваў паказвае, што калі зьдзяйсьняюць такую палітычную 
апэрацыю, то праз агентуру (рознымі спосабамі) адразу агучваецца фальшывая вэрсія і матывацыя 
забойства, якую КГБ прыдумаў і хацеў бы раскручваць.


Вэрсія, якую адразу пусьціла агентура ў Маскве, -- гэта тое, што Нямцова забілі ўкраінцы 
(украінскія спэцслужбы), каб скампрамэтаваць Пуціна, маўляў, зваліць віну на яго.
Гэтакія паводзіны традыцыйна характэрныя для рускіх гэбоўскіх палітзабойцаў і, дарэчы, 
дакладна супадаюць з вэрсіяй, калі планавалі маё забойства ў 1996 годзе. Але тады здарылася 
непрадбачанае. На сэсіі рускай Думы нечакана выступіў старшыня Камітэту Дзярждумы па 
бясьпецы камуніст Віктар Ілюхін і паведаміў, што ў Польшчу перакінута 18 афіцэраў ЦРУ ЗША, 
якія павінны забіць аднаго ці двух лідараў БНФ, што там знаходзяцца (мелася на ўвазе мяне і 
Сяргея Навумчыка), а забойства зьвярнуць на Лукашэнку, каб скампрамэтаваць прэзыдэнта 
Беларусі і “друга” Масквы. Паведамленьне шырока разышлося ў СМІ. Мы праверылі факты па 
сваіх каналах і тэрмінова пакінулі Польшчу. Гэбэ сапраўды плянаваў супраць нас нешта нядобрае 
ў Польшчы, але плян разваліўся пасьля нашага выезду ў ЗША.


Тут дадам, што камуніст Ілюхін (былы пракурор) быў даволі скандальнай, склочнай і 
балбатлівай асобай. Ён публічна па чарзе абвінавачваў Гарбачова, Ельцына і Пуціна ў здрадзе 
радзіме, выступіў галоўным абвінаваўцам супраць Пуціна і 2 сакавіка 2011 года накіраваў 
абвінавачваньне ў сьледчы аддзел ФСБ і прэзыдэнту Мядзьведзеву. У выніку праз два тыдні (19 
сакавіка 2011 года) яго знайшлі мёртвым у загарадным доме пад Масквой. Як пішуць у такіх 
выпадках, сьмерць наступіла пры загадкавых абставінах. Хаця зразумела, што нічога загадкавага 
там не было. Але ніхто сур’ёзна не разьбіраўся ў таямніцах Крамлёўскага двара.
Забойства Нямцова яшчэ раз высьветліла крымінальную сутнасьць расейскага фашызму, 
што б яны там цяпер ні прыдумвалі. Не атрымаецца ашукаць увесь сьвет, які яны ненавідзяць. 
Дарэчы, якраз актуальнымі робяцца словы Чэрчыля, які пасьля сканчэньня 2-й сусьветнай вайны 
заўважыў, што будучыя фашысты будуць на словах выступаць супраць фашызму, карыстацца 
нібыта антыфашысцкай фразеалогіяй. Дакладна такое мы цяпер бачым і чуем. Расейскі фашызм 
абзывае ўвесь сьвет фашыстамі: украінцы ў іх – гэта фашысты, украінская ўлада – гэта 
“фашысцкая хунта”, Эўразьвяз – гэта “эўрафашызм”, НАТО – гэта агрэсіўны “фашысцкі” блок. 
Ёсьць у іхным разуменьні амэрыканскі “фашызм”, эстонскі, прыбалтыйскі і нават “беларускі”. 
Гэта ўжо вышэйшы пілатаж імпэрскай жоўці і злабы, бо больш антыфашысцкага народа, чым 
беларусы, наўрад ці знойдзецца. Словам, вакол адны “фашысты” і “ворагі” Расеі.
Тут адметная характэрнастць якраз рускага імпэрскага фашызму. Для фашысцкай улады, 
каб утрымацца і кіраваць грамадзтвам, патрэбная ідэалогія абложанай крэпасьці і варожага сьвету, 
які намерваецца гэтую рускую крэпасьць разбурыць. Выключныя абставіны апраўдваюць 
выключныя дзеяньні.


Ёсьць шмат розных дэфініцый і азначэньняў фашызму. Але, на мой погляд, трэба 
зьвярнуць увагу перш за ўсё на сутнасныя адметнасьці гэтай зьявы, якія ўсюды аднолькавыя і 
ўсюды ёсьць. Гэта тое, што адрозьнівае фашызм ад іншага роду дыктатур і іншай рэпрэсіўнай 
улады.


Фашызм – гэта зьява ХХ-га стагоддзя. Яго карэньні (гнасеалогія) вырастаюць з 
агрэсіўнага маргіналізму. Таталітарная ідэалогія фашызма заснавана на паняцьцях і 
імпэратыве зьмяненьня (паляпшэньня) усяго чалавецтва прымусовымі мэтадамі. 
Мэханізмам для ажыцьцяўленьня гэтай ідэалогіі зьяўляецца абсалютная ўлада і 
таталітарная ваенная дзяржава.


ХХ-е стагоддзе спрадзіла некалькі відаў фашызму і адну сусьветную вайну паміж гэтымі 
відамі. Найперш гэта так званы нямецкі “нацыянал-сацыялізм” (скарочана “нацызм”), заснаваны 
на паняцьцях перавагі “арыйскай” расы і прымусовай сэлекцыі чалавецтва (зьнішчэньне 
“непаўнавартасных” людзей і народаў), вынікам чаго павінна было стацца паляпшэньне чалавечай 
прыроды, расавая ўніфікацыя насельніцтва Зямлі і вырошчваньне звышчалавека (мутацыя 
выбраных людзей, якія павінны кіраваць народамі і чалавецтвам).


Другі від фашызму, які ўзьнік адначасна і, практычна, сумесна зь нямецкім нацызмам – 
гэта так званы рускі (савецкі) “камунізм” (пазьнейшае азначэньне – “камуна-фашызм”). Камунізм 
заснаваны на паняцьцях пабудовы грамадзтва калектыўнай уласнасьці і калектыўнага 
спажываньня, якое ствараецца прымусовымі мэтадамі, шляхам забароны прыватнай уласнасьці, 
ліквідацыі (зьнішчэньні) яе маёмнікаў і сацыяльнай сэлекцыі людзей у дачыненьні да сацыяльнага 
паходжаньня, адносінаў да ўласнасьці і ідэалогіі камунізму. У выніку на аснове ніжніх 
сацыяльных немаёмасных (але працаздольных) пластоў грамадзтва (так званага «пралетарыяту») 
павінен быў быць усталяваны “камунізм” ва ўсім сьвеце з адзінай мовай, прымусовай працай, 
пралетарскай культурай і грамадзтвам роўных людзей.


Улады фашызму ў ХХ стагоддзі каштавалі народам дзясяткі мільёнаў страчаных жыцьцяў, 
адзначыліся войнамі, рэпрэсіямі, разбурэньнем культуры, матэрыяльных каштоўнасьцяў, 
зламаньнем лёсаў людзей.


ХХІ стагоддзе ахарактарызавалася зьяўленьнем новага віду фашызму – гэбізму ў Расеі 
(улады КГБ – выканаўчай рэпрэсіўнай сілы былога рускага савецкага камунізму). Гэбізм на 
сёньняшні дзень сфармаваў імпэрскую фашысцкую ідэалогію (“русский мир”), вызначыў мэты 
(пашырэньне “русского мира”), абазначыў ворагаў (Эўропа, Захад, “англа-саксонскі сьвет”) і 
прыступіў да ажыцьцяўленьня глабальнай мэты праз агрэсію і падрыхтоўку вайны.
Рускі фашызм (гэбізм) заснаваны на падобным сіндроме, як і нямецкі “нацызм” у 20-х 
гадах мінулага стагоддзя – на пачуцьцях гістарычнай паразы (паўраспад СССР), на імкненьні 
аднавіць імпэрскую “справядлівасьць”.


Агрэсіўным рухавіком рускай імпэрскай крыўды ёсьць міфалогія імпэрскай перавагі, 
пагрунтаваная не на арыйскай дактрыне, як у немцаў, а на месіянскім уяўленьні пра ратавальную 
ролю Расеі ў гісторыі чалавецтва. Маўляў, не за свае інтарэсы ваюе Расея ў Грузіі, ва Украіне, а з 
агрэсіяй Захаду (НАТО, ЗША і г.д.), каб выратаваць народы ад заходняй (“фашысцкай”) чумы і 
ўратаваць чалавецтва. А таму Расея мае права паслаць войскі туды, дзе гучыць руская мова, якая 
ёсьць самая вялікая і дасканалая ў сьвеце (яны так і думаюць). І тым больш, маўляў, Расея мае 
права першай ўжыць атамную зброю. Такое палажэньне (пра першы атамны ўдар) ўведзена ў 
новую (2014 года) ваенную дактрыну Расеі. Гэтым перакрэсьлены амаль семдзесят гадоў гісторыі 
змаганьня за мір і ўсталяваньне спакою ў Эўропе. Засьцерагальнік вайны (неужываньне атамнай 
зброі першым) спушчаны.


Пасьля 2-й Сусьветнай вайны людзі зразумелі, што для ўсталяваньня міру ў Эўропе 
неабходна беззваротна зьнішчыць нямецкі мілітарызм, ліквідаваць машыну і магчымасьць 
нямецкага ўзбраеньня. Гэтая мэта была дасягнута. 


У дачыненьні да Расеі галоўнай пагрозай міру і крыніцай вайны ёсьць не мілітарызм, а 
сама імпэрыя, сама геапалітычная сістэма Расеі, пабудаваная па схемах ХІХ стагоддзя. Імпэрыя 
(яе форма, структура, мэханізм) павінна быць ліквідавана. Гэта неабходнасьць дзеля міру ў 
Эўропе. Складанасьць, аднак, у тым, што распад такой сістэмы магчымы цяпер толькі ў выніку 
вайны, якой акрамя Расеі ніхто ня хоча. Але гэтага якраз і дастаткова, каб вайна была. І яна ўжо, 
фактычна, пачата пасьля нападу Расеі на Ўкраіну.


Якая б цяпер з розных бакоў ні чулася дэмагогія ў сьвеце, мы – беларусы – павінны 
падтрымліваць Украіну і зыходзіць з горшага сцэнару -- рэальна рыхтавацца да абароны сваёй 
Айчыны. Тады выстаім і пераможам.


8 сакавіка 2015 г. Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: