НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

“Дарогу пакажа Сьцяг”

“Дарогу пакажа Сьцяг”

(З выступу на сакавіцкім Сойме БНФ і Партыі БНФ)

Паважаныя сябры Сойму, вітаю вас ў Бацькаўшчыне, зычу вам вясновага ўздыму і ўпэўненасьці ў сваіх сілах дзеля нашай агульнай справы Беларускага Адраджэньня!

Сёньня ў нас найвялікшая задача: правесьці Народнае Галасаваньне і добра зафіксаваць завяршальны яго этап – збор і падлік бюлетэняў.

Мне вядомыя нашы цяжкасьці, чаканыя і нечаканыя.

Мы мусім улічыць акупацыйныя мэтады рэжыму, каб не рабіць неабдуманых тактычных памылак. Таму арганізацыю збору бюлетэняў трэба правесьці хутка і дакладна. Мы абмяркоўвалі мэтодыку збору з кіраўніцтвам Партыі БНФ і я ня буду тут пісаць публічна пра тое, што павінна рабіцца ў сьціслых абставінах.

Заклікаю ўсіх уключыцца ў працу па Народным Галасаваньні, адчуць адказнасьць і важнасьць палітычнага моманту. Няхай нас не бянтэжыць папулістыка і мітусьня людзей, што гуляюць у чужыя выбары, каб свае праіграць. Гэта сумнае відовішча, якое вынікае з апатыі людзей, страху і нежаданьня стаяць за сябе ды змагацца за праўду. У такой сітуацыі палітыку ў Беларусі будуць рабіць чужыя. Вы ж разумееце, што самастойная беларуская палітыка засталася толькі ў нашых руках і мы не павінны яе страціць, але ўмацаваць і прадоўжыць далей.

Праграма нашай партыі, нашыя ідэі і нашая дзейнасьць значна шырэйшыя і больш унівэрсальныя, чым ніша, якую мы акрэсьлілі партыйным назовам. Нашыя ідэі, падыходы і справы – гэта абсяг унівэрсальнай, шырока зразумелай народнай партыі. Наша праграма – гэта народная праграма, грунт, на якім ва ўмовах антыбеларускай палітыкі можа аб’яднацца на барацьбу за выжываньне і свабоду ўся беларуская нацыя. Мы мусім усьвядоміць гэта і пашыраць наш рух. Надыходзіць навая хваля нэрвознай і безагляднай антыбеларускай рэакцыі. У гэтых варунках нацыянальна-асьветніцкая дзейнасьць мусіць стаць нашым легальным прыярытэтам на нявызначаны тэрмін, а палітычныя рашэньні будуць прымацца і ажыцьцяўляцца па іншай схеме змаганьня. Мы мусім захаваць нашу фронтаўскую народную Партыю і Беларускае Адраджэньне, якое падрыхтуе будучыню.

Сітуацыя з імітацыяй гэтых выбараў, на мой погляд, ужо цалкам праясьнілася. Здаецца, што Масква канчаткова паставіла толькі на Лукашэнку і з Казуліна зараз будуць адно ляпіць – будучага кішэннага лідэра падстаўной апазыцыі. Мілінкевіча (што адразу было зразумела) выкінуць за борт. (Хаця, зноў паўтаруся, цалкам выключаць варыянт замены Лукашэнкі на Казуліна я яшчэ ня стаў бы.)

Пасьля выбараў чакаецца ўзмацненьне антыбеларускай рэакцыі і расчараваньне людзей, якія не прынялі ўдзел у Народным Галасаваньні і наіўна верылі ў выбарчы спэктакль ды імкнуліся галасаваць за “альтэрнатыўных кандыдатаў”. Тым ня менш сілы антыбеларускага рэжыму будуць ужо падарваныя. Ён заходзіць у тупік, зь якога няма выхаду. І тады мы зноў падымем наш Беларускі Сьцяг, які пакажа дарогу ўсім.

12.03.2006 г.

Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: