У Беларусі пачалася абвальная эпідэмія каранавірусу Covid-19, справакаваная намеранымі дзеяньнямі А. Р. Лукашэнкі, накіраванымі на дэзінфармацыю грамадзтва. Вынікам гэтых намераных дзеяньняў і непрыняцьця неабходных захадаў супраць эпідэміі стала страта здароўя і сьмерць людзей, чакаюцца страты ў вялізных маштабах. Прысутнасьць А. Лукашэнкі ва ўладзе стала крайне небясьпечнай для насельніцтва і для ўсяго грамадзтва Беларусі
Дэпутаты Незалежнасьці (дэпутаты Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня) Зянон Пазьняк, Юры Беленькі, Сяргей Папкоў зьвярнуліся на мінулым тыдні ў Генэральную Пракуратуру з просьбай прыняць меры пракурорскага рэагаваньня ў сувязі са службовай бязьдзейнасьцю кіраўніка выканаўчай улады Лукашэнкі Аляксандра Рыгоравіча ў прыняцьці рашэньняў па супроцьдзеяньні эпідэміі і ў сувязі з дэзінфармацыяй насельніцтва, што выклікала цяжкія наступствы (Артыкул 425 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь).
Накіраваны ліст у Палату прадстаўнікоў з прапановай разглядзець магчымасьць прыняцьця рашэнья аб звароце ў Генэральную Пракуратуру аб узбуджэньні крымінальнай справы супраць кіраўніка выканаўчай улады Лукашэнкі Аляксандра Рыгоравіча ў сувязі са службовай бязьдзейнасьцю ў прыняцьці рашэньняў па супроцьдзеяньні эпідэміі каранавіруса Covid-19 у Рэспубліцы Беларусь і ў сувязі з дэзінфармацыяй грамадзтва аб небясьпецы эпідэміі, што паўплывала на страту здароўя і сьмерць людзей.
У выніку неадэкватных і шкодных кіруючых паводзінаў А. Лукашэнкі Беларусь апынулася на парозе вялікай небясьпекі для жыцьця людзей, для эканамічнага і сацыяльнага існаваньня .
У сітуацыі, калі трэба ратаваць народ ад стыхіі, рашаючае значэньне набываюць самаарганізацыя грамадзтва і найперш дзяржаўныя структуры ўлады, якая б яна не існавала і якой бы яна ні была. Такая рэальнасьць пандэмічнай эпідэміі. Гэтым выкліканы зварот Дэпутатаў Незалежнасьці. Выправіць правальную і нездаровую валюнтарысцкую палітыку ў гэтай сітуацыі магла б сама сістэма рэжымнай улады. Пакуль яшчэ ёсьць такі шанс.
6 красавік 2020 г. Зянон Пазьняк