НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ДОБРАЯ МОВА

ДОБРАЯ МОВА

Мой зварот своечасовы. Шануйма нашу беларускую мову. Гэта зварот да людзей, якія пішуць, апэляцыя да асобаў публічных. І ў сувязі з гэтым тут мае развагі.

            Наша прыгожая мова ў небясьпецы з шэрагу прычын. Найперш з прычыны антыкультурнай палітыкі антынацыянальнага рэжыму Лукашэнкі, у выніку якой, практычна, ліквідавана беларуская школа і вышэйшая адукацыя на беларувкай мове.

            Вынікам гэтай палітыкі стала разбурэньне і русіфікацыя этнічных асноваў нацыі. Беларуская мова амаль перастала разьвівацца з этнічнай асновы. Жывая сувязь з моўнай крыніцай амаль спынена. Русіфікацыя этнічнага грунту грамадзтва (перш за ўсё вёскі) выклікала жахлівую дэградацыю мовы, акрэсьленую мной яшчэ ў 1988 годзе ("Двуязыччие и бюрократизм") як моўны сурагат "трасянка". "Трасянка" стала сродкам маўленьня сацыяльных нізоў, прыкметай неадукаванасьці і сацыяльна-культурнай адсталасьці асобы. У анталагічным сэнсе гэта сьведчаньне культурнага выміраньня нацыі ва неўсьвядомленым стане.

            На ўсьвядомленым узроўні Беларуская мова існуе ў літаратуры, абапіраецца на традыцыі і грунтуецца на гісторыі Беларусі -- Вялікага Княства Літоўскага,  падтрымліваецца культурнай элітай нацыі (якая ў большасьці, нажаль, ужо адарваная ад этнічных карэньняў жывой мовы). У цэлым беларуская мова  пашыраецца  зараз на больш высокім узроўні грамадзтва. На мове гавораць людзі адукаваныя, абазнаныя, сацыяльна актыўныя, якія займаюць пазыцыі ў грамадзтве, шмат хто зь іх зьяўляюцца публічнамі асобамі. Сваю мову яны нармуюць самы, успрымаючы пэўныя правілы, сістэмы і прыклады. Рэжымная ўлада ставіцца да іх варожа і не прымае ніякага ўдзелу ў рэгуляцыі моўнага працэсу. А калі ўмешваецца, то толькі з мэтай нашкодзіць.

            У такім становішчы адказнасьць за мову кладзецца на кожную асобу, якая кажа, піша, друкуе па-беларуску. Адукаваныя беларусы шануюць сваю мову, увага да мовы не слабее і нават пашыраецца, нягледзячы на антымоўную палітыку рэжыму.

            І тым ня менш зь нядаўняга часу мы назіраем тут зьяву лексічнай эклектыкі, моўнай рэдукцыі, аналягічную той, што адбывалася з "трасянкай" ў іншых сацыяльных узроўнях. Гэтая зьява -- неабдуманае, неабгрунтаванае, у бальшыні выпадкаў зусім непатрэбнае ўжываньне ангельскай лексікі замест беларускай і нагрувашчваньне яе ў кантэксце роднай мовы. Як гэта ня дзіўна выглядае, але на прыкладзе некаторых выданьняў у Сеціве і публічных выступаў адбываецца пасьлядоўная і нават, здаецца, што цалкам надуманая, англа-лексічная "трасянкізацыя" беларускай мовы. Прытым настолькі агрэсіўна, што такая прэпараваная мова робіцца для беларусаў часам ўжо незразумелай з-за чужароднасьці ключавых словаў.

            Хачацца сказаць: братове, спыніцеся! Тут вельмі небясьпечны вірусны працэс, які цяпер няма каму ні рэгуляваць, ні лячыць акрамя нас самых. Тут не разьвіцьцё мовы, але дэградацыя, самаразбурэньне, якое яшчэ толькі пачалося, і калі беларусы не схамянуцца, то пэрспэктывы мрочныя -- жарганізацыя і моўнае гета. Здаровыя грамадзкія сілы замест спрыяньня разьвіцьцю і пашырэньню мовы будуць траціцца на выхад з жаргоннага гета. Страта часу ў культуры -- пражываньне адсталасьці.

            Варта пацікавіцца як радзяць з гэтай праблемай у іншых краінах, як разьвіваюць моўную тэрміналёгію, як клапоцяцца пра нацыянальную мову. Вядома, там пра мову рупіцца нацыянальная дзяржава і яе інстытуты, а ў нас мусіць дбаць само нацыянальнае грамадзтва, якое пад перасьледам. Але ў гэтым якраз і мусіла б выяўляцца наша культурная воля.

            Беларуская мова лексічна багатая, прыгожая па гучаньні, марфалагічна гнуткая, мае велізарны гістарычны і літаратурны пласт. У часы рэжымнай агрэсіі і хамскай паняверкі хай жа будзе яна, наша мова, сьветлым храмам нашай душы і хорамам існаваньня, прыстаньнем хараства, культуры, годнасьці і высокіх ідэй. Шануйма яе й беражэм.

 

20 кастрычнік 2017 г.                                                        Зянон Пазьняк

Дадаць у: