30 ліпеня мінулага года сябры руху "Вольная Беларусь" сабралі сто подпісаў сярод беларусаў, украінцаў і палякаў і накіравалі ліст кіраўніцтву тэлебачаньня "Белсат" з прапановай спыніць русіфакацыю тэлебачаньня, выключыць акупацыйную мову зь беларускіх перадачаў і працаваць на беларускіх людзей ды на будучыню Беларусі, але не на расейскага мордара.
Вынік быў станоўчы. Зь верасьня аднавіліся беларускія перадачы на Белсаце. Гэта, мушу сказаць, рэдкая зьява, калі нейкая арганізацыя пачынае нешта дрэннае і пасля ліста людзей адмаўляецца ад дрэннасьці. Белсат тое зрабіў. Дзякуй.
Гэта сьведчыць, што там розныя плыні і агентура студыю цалкам пакуль што не захапіла. Белсат, як бачым, можа прымаць разумныя рашэньні.
Яны, праўда, суіснуюць часам з поўным прапагандысцкім маразмам. Такія, відаць абставіны. На Новы год, напрыклад, красаваўся такі загаловак: "news HАВIНЫ Навагодні зварот абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай 01.01.2023."
Гэта наколькі трэба быць ілжывым, нахабным і цынічным прапагандыстам, каб такое напісаць, наколькі не паважаць гледачоў! Зрэшты, у Маскве ілгуць яшчэ мацней.
ЗП.