НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ДОБРЫЯ НАВІНЫ Ў КУЛЬТУРЫ

ДОБРЫЯ НАВІНЫ Ў КУЛЬТУРЫ

Нарэшце, пачало адбывацца тое, што мусіла б абаязкова праявіцца ў нашым культурным народзе. Няхай сабе напачатку і несьвядома. Засьведчана адмоўная рэакцыя грамадзтва на маскоўскую пошасьць у культуры.

Шмат беларусаў знаходзяцца яшчэ пад уплывам варожай прапаганды і расейскай тэлехлусьні. Некаторыя яшчэ так і жывуць ў сьвеце тэлевізара, які з рэальным сьветам не сутыкаецца, а калі і сутыкаецца, то яго ўжо не прызнае. Такую інфармацыйную маніпуляцыю з чалавекам называюць гёбэльсаўшчынай і замбаваньнем. Яна прыводзіць да духоўнай сьмерці чалавека, да стварэньня сацыяльна небясьпечнага грамадзтва. Тут выяўляецца ўражлівае злачынства. Крымінальнае заканадаўства па ацэнцы такога злачынства не пасьпявае за рэчаіснасьцю, і пакараньня, практычна, не існуе.

Тэлевізійна апрацаванаму беларусу ўжо цяжка разабрацца, якім мэтадам зьнішчаюць яго маральную і нацыянальную ідэнтычнасьць і дзеля чаго тое робіцца. У антыкультурнай агрэсіі супраць народу Масква выпрацавала шмат тэхналягічных прыёмаў і мэтадаў. Адна з такіх схем -- прапаганда і рэклама ўсялякага расейскага антымастацкага паскудзтва, пошласьці і брыдоты пад выглядам нібыта мастацкай значнасьці, якасьці і агульнага прызнаньня. Тут і маскоўская квазі-літаратура, і "эрзац-кіно", і так званы расейскі шоў-бізнэс, і ўсялякае вульгарнае сьпяваньне. Усё гэта -- асабліва ўлічваючы русіфікацыю -- штурхаецца праз неабмежаваны эфір ўжо шмат гадоў ў беларускую сьвядомасьць і ў беларускае грамадзтва. Здаецца, няма такой расейскай дрэннасьці, якая б ні гастралявала ў Беларусі. Паслухмяны беларус усё тое вымушаны быў глытаць і думаць, што спажывае мастацтва і што так і трэба. І цяжка бывае іншаму суайчыньніку растлумачыць, што тут -- прадуманая дыверсія супраць яго асобы, тоеснасьці і эстэтычнага пачуцьця і што яго невыпадкова імкнуцца накарміць фальшывасьцю, напаіць пойлам і атрутай, ад якой, па словах Купалы, йшчэ "і патомак будзе п’яны".

І вось беларус тыпова па-беларуску стаў ціха бунтавацца -- не пайшоў на тую халтуру глядзець і слухаць. Гэтаму, праўда, паспрыяў эканамічны крызіс, зьбядненьне і пагаршэньне ўмоваў жыцьця, няма грошай на дарагія білеты. Але ня ў гэтым справа. Забясьпечаныя людзі ўсяроўна ёсьць. Ну, хоць адзін бы чалавек аб’явіўся, а то -- ніводнага. Не купілі ніводнага білета.

А справа вось у чым. У слаўным горадзе Рэчыца, вядомым з ХІІ стагоддзя і гэрб якога "Пагоня", задумала мясцовае рэжымнае начальства зрабіць канцэрт расейскай шоу-дзівы Лаліты Міляўскай. Шчасьлівам беларусам (тым, хто ня ведае, што гэта за "Цуда-юда") скажу, што ў "дзівы" заўважаны нізкі ўзровень, пошласьць, вульгарнасьць і асаблівы цынізм бессаромнай расейскай эстрады. Як і ўсе прадстаўнікі расейскага бізнэс-мастацтва, гэтая асоба ў характэрнай для яе манеры голасна аб’явіла Пуціна "геніям", Абаму "ідыётам", Крым "нашым", украінцаў -- "бандэраўцамі" і г. д. -- увесь набор.

Загадчык ідэялагічнага аддзелу Рэчыцкага райвыканкама разаслаў лісты (гэта ж колькі паперы патраціў) ва ўсе прадпрыемствы, арганізацыі і установы горада і раёна з настойлівай рэкамендацый набываць білеты на канцэрт расейскай папулярнасьці. Горад заклеілі рэклямай. А ў выніку ... на сямідзесяцітысячны горад ня быў набыты ні адзін білет. Мерапрыемства адмянілі.

Хвала Рэчыцы і разумным рэчыцкім жыхарам! Бывае, што рэжымна-маскоўскі абсурд ціха правальваецца перад здаровым сэнсам беларуса. І рэвалюцыі ня трэба. Брыдота сама зьдзімаецца. Тут якраз той выпадак. І ён не адзінкавы.

Гады тры таму прыяжджала выступаць ў Беларусь яшчэ адна маскоўская шасьцідзесяцігадовая "дзіва" з талентам дэманстраваць "грудзь", такая папулярная ў Крамлі Ірына Алеграва, і зьбіралася тут сьпяваць пра "рюмку водки". Паслухаць "дзіву" прыйшло некалькі чалавек (відаць, не разабраліся, куды трапілі). "Дзіва" ўзлавалася і, абклаўшы ўсіх беларусаў "па-геройску, па-руску", "убралась восвояси".

А ўвогуле, з гледзішча мастацтвазнаўства, гэта ёсьць падзея ў мастацтве, бо мастацтва (незалежна ад якасьці) можа існаваць само па сабе, але рэалізуецца толькі разам з гледачом (чытачом, слухачом). Глядач -- гэта сацыяльна-эстэтычная складовая частка мастацтва, без яго яно мярцьвее, а антымастацкая дрэнь -- канае.

Мне ўспамінаецца адзін выпадак з пачатку шасьцідзесятых гадоў. З вышкалу маскоўскага "ГИТИС" зьявіўся на сьвет чарговы тэатральны рэжысёр, такі Ўладзімер Маланкін (як паўтаралі некаторыя, "очень талантливый"). Яго разьмеркавалі ў Рыжскі Рускі драмтэатр. Там ён паставіў спэктакль (здаецца, "Ноч памылак" Голдсмита, але магу памыляцца). Спэктакль атрымаўся нецікавы і бяздарны. І вось фінал. Зачыняецца заслона. Уся заля паднялася, і гледачы ціха пайшлі да выхаду. Ніхто ні пляснуў, нічога не сказаў (трэба ведаць латышоў).

Пасьля гэтага маскоўскі "геній" вылецеў з тэатра, як корак з бутэлькі. Праўда (гэта ўжо не да нашай тэмы), куды б вы думалі ён вылецеў? Правільна. У Менск, выкладчыкам тэатральнага мастацтва ў БДТМІ. Тады ў саветаў існавала паравіла: усе адкіды -- у Беларусь.

Ёсьць вельмі простыя дзеяньні ў абароне ад палітычнай агрэсіі, накіраванай супраць нашай нацыі і культуры.

Русіфікацыя? Пазачынялі беларускія школы? Беларусы, гаварэце па-беларуску, чытайце беларускія кнігі, сьпявайце беларускія песьні -- і маскоўская русіфікацыя высахне.

Труцяць народ сцэнічным паскудзтвам? Псуюць густы вульгарнай маскоўскай эстрадай? Беларусы, не хадзіце на маскоўскія канцэрты! Там не культура, там іхная палітыка па абалваньваньню ды маральнаму разбэшчваньню людзей і народаў. Яны нават са сцэны крычаць "Крым наш" і ненавідзяць іншых людзей, непадобных на сябе. Не хадзіце на іх глядзець, і тады іхным пратухлым палітгастролям настане канец. Бярыце прыклад са слаўнага горада Рэчыцы.

 

6 лютага 2016 г.                                                                                                                                     Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: