НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ДРАМАТЫЧНЫ ПАВАРОТ

ДРАМАТЫЧНЫ ПАВАРОТ

Небясьпека пандэміі каранавіруса ў тым, што яна пачынаецца паступова зь нязначнай колькасьцю захварэлых і мінімумам памерлых. У той час калі рэальна інфікаваных, але ня бачных, ў дзясяткі, ато і ў сотні разоў больш. Потым адбываецца раптоўная ўспышка і хуткі рост у геаметрычнай прагрэсіі. У гэты пэрыяд супрацьстаяць пандэміі вельмі цяжка. У непадрыхтаваных краінах можа адбыцца сацыяльная катастрофа і страта да 30-ці адсоткаў насельніцтва, ато й болей. (Улічым, што лякарства супраць каранавірусу пакуль няма.).

Прычына такога разьвіцьця пандэміі (павольнае накапленьне, успышка і разьвіцьцё ў геаметрычнай прагрэсіі) ужо прааналізавана ў мэдыцынскай навуцы на прыкладзе становішча ў Кітаі і іншых краінах. Таму я ня буду пераказваць высновы спэцыялістаў. Зазначу толькі, што цяперашняя падрэжымная Беларусь непадрыхтаваная да пандэмічнай катастрофы. Рэжымныя ўлады сьведама ігнаруюць неабходнасьць падрыхтоўкі нацыі да выжываньня і абароны.

Тым часам, згодна разьлікаў, у Беларусі ўжо рэальна ёсьць (на 12. 03. 2020) мінімум 150 інфікаваных людзей (разам з зафіксаванай 21-й асобай). Першая ж сьмерць ад каранавірусу засьведчыць тут пра больш за 800 інфікаваных. І далей -- усё ў геаметрычнай прагрэсіі.

У гэтай сітуацыі неабходная сацыяльная ізаляцыя, карантын, закрыцьцё межаў, кантроль і абмежаваньне сувязяў, плюс падрыхтоўка медыцынскай сістэмы да барацьбы з пандэміяй.

Палітыка рэжыму антыбеларускай улады нагадвае мне яе палітыку ў дачыненьні да Чарнобыльскай радыяцыі, якая скарыстоўваецца як натуральны чыньнік зьнішчэньня беларусаў (не кажу ўжо пра Астравец).

Яшчэ тыдзень таму ў Нью-Ёрку было ўсё спакойна. Але сітуацыя зьмянілася. Цяпер тут рэальна па разьліках сотні інфікаваных (хоць афіцыйна -- 60 чалавек). Захварэлыя ёсьць ва ўсіх штатах. Цэнтар пандэміі перамясьціўся ў Эўропу. Краіны (напрыклад, Польшча) робяць адчайныя крокі па ўратаваньні насельніцтва. Нагадаю, што ніякая сістэма медыцыны з пандэміяй не спраўляецца. Мусяць абавязкова быць сацыяльныя меры ўлады. Таямнічае зьяўленьне каранавіруса COVID-19 аказалася ня толькі эканамічным таранам, але даволі злавеснай эпідэмічнай зьявай.

Тое, што рэжым у Беларусі не прымае неабходных захадаў па абароне насельніцтва краіны ад пандэміі (а гэта абавязкова трэба рабіць перад яе пачаткам, калі небясьпека толькі зьявілася) можна разглядаць як злачынства супраць народа.

12 сакавіка 2020 г.                                                              Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: