НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

ДУМАЮЧЫ ПРА ЛЕПШАЕ

ДУМАЮЧЫ ПРА ЛЕПШАЕ

(Прадмова выдаўца)

Эўрапейская сярэднявечная літаратура — легенды, паданьні, эпасы — мала вядомая ў Беларусі. (Акрамя, магчыма, Аповесьці аб Трышчане.) Гэтаму ёсьць розныя тлумачэньні і прычыны. Але галоўная зь іх — адсутнасьць перакладаў. Літаратура павінна гучаць па-беларуску. Тады перакладны твор робіцца набыткам і нашай літаратуры.

Легенды пра Парсіваля, ці таксама пра Сьвяты Грааль, нічога ня кажуць нашаму чытачу. У той час, калі ў кантэксьце эўрапейскага мастацтва спасылкі ці ўспамінаньні гэтых назоваў сустракаюцца даволі часта ад Вагнэра да Рэмарка. Сьвяты Грааль, якога шукае Парсіваль, у літаратурна-сымвалічным сэнсе абазначае нейкую няўлоўную мэту, жаданае дасягненьне, якое ёсьць узнагародай і вяршыняй стараньняў і імкненьняў усяго жыцьця. Згодна з рэлігійнай легендай, тут маецца на ўвазе келіх („кубак"), зь якога піў Езус у час Апошняй Вячэры.

Паводле іншай легенды, багаты знаёмец Хрыстуса Іосіф з Арыматэі (які быццам бы быў таемным вучнем Езуса, заранёў падрыхтаваў Ягонае пахаваньне, магілу, саван і інш.). Гэты Іосіф напоўніў келіх Хрыстовай крывёй падчас укрыжаваньня Збавіцеля. Кроў, як потым выявілася, мела аздараўленчыя ўласьцівасьці.

Такім чынам назоў Сьвяты Грааль часьцей за ўсё абазначае сэнс „Сьвятая Кроў" альбо Сьвяты Келіх (кубак, посуд, начыньне). Зь легендай пра здабыцьцё Келіха Грааля сэнсоўна пераплятаецца часам іншая легенда пра пошукі Каўчэга (Куфра) Запавету. Куфар Запавету — гэта прадмет найвышэйшага культу, які знаходзіўся ў цэнтры Храма Саламона ў Ерусаліме. Дзякуючы Куфру Запавету, сьвятар у храме мог непасрэдна паразумецца з Богам. Куфар абдорваў добрасьцю справядлівых і зьнішчаў злачынцаў. Пасьля разбурэньня Храма Саламона Каўчэг Запавету зьнік. Хто Яго знойдзе, атрымае надзвычайныя веды ад Бога і ўбачыць Яго.

Легенда, хто ў яе верыў, спараджала авантурыстаў і ня менш авантурную фантастычную літаратуру. Дасьледчыкі адзначаюць, што ва ўсіх вэрсіях легенды Сьвяты Грааль, Келіх ёсьць адначасна і прадметам, і сымвалам дасканаласьці, мае адначасова і рэальныя, і міфічныя каардынаты. Ён падаецца звычайна як схаваны таемны скарб, але сымвалізуе нешта няўлоўнае, як бы ня з гэтага сьвету.

Духоўны аспэкт легенды мае свае крыніцы ў культуры, якая яе спарадзіла, і ў самых старадаўніх вэрсіях сягае да паганскіх кельцкіх паданьняў (даволі пачварнага зьместу) і да гісторыі гераічнага і таямнічага кельцкага караля Артура. Пазьней легенда была адухоўлена хрысьціянскім зьместам і ўключана ў літаратурную традыцыю эўрапейскай культуры.

Першай літаратурнай аповесьцю пра Грааль быў ня скончаны раман Крэцьена з Труа „Песьня пра Грааль" (напісаны каля 1190 году). Гэта твор, фактычна, сьвецкага характару, які абапіраўся на паганскую кельцкую легенду. Галоўным героем рамана, прататыпам Парсіваля, быў Пэрэдур — сьведка пачварнага абраду і таямніцы кельтаў.

Крыху пазьней (з 1205 года) найбольш распаўсюдзілася адна з хрысьціянскіх вэрсіяў легенды пад назвай "Пэрлесваўс", якую быццам бы напісаў адзін манах з абацтва Гластонбэры.

У гэты час легенду пра Грааль пішуць і перапісваюць выключна манахі, яна набывае ўзровень літаратурнага твору, напоўненага высакароднымі ідэямі і ўчынкамі мастацкіх герояў

Вядомай вэрсіяй тады стаў твор баварскага паэта Вальфрама фон Эшэнбаха, напісаны ў 1220 г. пад назвай "Парцыфаль". (Французкае гучаньне — „Парсіваль")

13-е стагоддзе — час найбольшага распаўсюджаньня літаратурнай вэрсіі легенды пра Сьвяты Грааль. Галоўным героем твора становіцца малады рыцар Парсіваль, які шукае шчасьлівага сэнсу жыцьця і, прайшоўшы праз прыгоды ды выпрабаваньні, набывае вопыт, разумнее, удасканальваецца як асоба сэрцам і духам, утаймоўвае свой эгаізм, самаупэўненасьць ды нядбальства, пазнае сапраўднасьць Бога і дасягае шчасьлівай мэты.

* * *

Тут трэба адзначыць і спэкулятыўны аспэкт легенды. Паданьне пра Сьвяты Грааль яшчэ ў ХІІ-ХIII стагоддзях выкарыстоўвалася ерэтыкамі, алхімікамі, тампліерамі, пазьней (у XVIII ст.) — масонамі і ўвогуле шарлатанамі для сымвалізацыі сваіх паняцьцяў. У гэтай справе ўзьнікла мноства псэўданавуковых аматарскіх „дасьледваньняў", пагрунтаваных на чутках, меркаваньнях і дадумваньнях ды на цытаваньні іншых такіх жа „дасьледваньняў", заснаваных на чутках і меркаваньнях.

Гэта ёсьць пласт псэўданавукі (гэтак жа, як графаманства ў літаратуры, кіч у мастацтве, мас-культура ў творчасьці і т.п.)

Гісторыя паказвае, што колькі б ні разьвівалася навука, ўсяроўна знойдуцца людзі, якія будуць вынаходзіць „пэрпэтуум мобіле", дасьледваць „лятаючыя талеркі" ці „касмадромы" ў пустыні Наска (нягледзячы на тое, што этнографы даўно і дасканала дасьледалі сутнасьць фігураў Наска: касмадромы тут ні пры чым).

Гэтакі ж містычна-дасьледчыцкі баласт утварыўся і вакол легенды пра Сьвяты Грааль. Увогуле, уяўленьні пра магчымасьць адкрыцьця ісьціны шляхам раптоўнага адкрыцьця яе таямніцы без працэсу яе пазнаньня (адсюль угадваньні, дадумваньні і меркаваньні) ёсьць асновай усялякай ерасі. Тут псіхалёгія азарту, зьмешаная з самалюбаваньнем і ляніўствам, калі хочуць, ня вучачыся, зрабіць навуковыя адкрыцьці. Гэта, да прыкладу, як бы хто, не працуючы, захацеў разбагацець, іграючы ў карты.

Я, вядома, не зьбіраюся спрошчваць працэс духоўнага разьвіцьця эўрапейскай культуры і зьмест змаганьня сьветапоглядных ідэй. Але ўсялякая ідэя, калі яна выказаная, можа знайсьці сваіх прыхільнікаў. У гэтым ёсьць вялікая стваральная сіла і вялікая разбуральная небясьпека ідэй. Тут толькі я хацеў зазначыць, на чым звычайна грунтуюцца псэўдаідэі, якія, ў пэўнай ступені, даткнуліся ацэнак старажытных легендаў.

Атэістычныя аўтары рознага кшталту з ахвотай абмяркоўваюць „праблему" (так ім здаецца) таямніцы Сьвятога Грааля, які ацэньваюць як вырабленую антыхрысьціянскую ерэсь ці нават як „містычны касьцёл", пагрунтаваны, маўляў, на эзатэрычнай канцэпцыі „схаванага" хрысьціянства і заснаваны эвангелістам Янам на грунце таемных ведаў, атрыманых ім непасрэдна ад Ісуса Хрыста. Маўляў гэтымі сакрэтнымі ведамі, як лічаць атэістычныя аўтары, не валодаюць вызнаўцы эгзатэрычнага (адкрытага) хрысьціянства і г.д. — усё па вядомай схеме: маўляў Боская ісьціна ёсьць схаванай таямніцай (таемнай ведай), якую можна адкрыць неадэкватным чынам. (Гэта значыць, неяк пра яе даведацца, бяз веры, без духоўнага разьвіцьця, пакаяньня, адкупленьня грахоў і г.д.)

Трэба адзначыць, што афіцыйны Касьцёл і глыбокаверныя рымскія дастойнікі з Ватыкану ніколі не пацьвердзілі існаваньня Грааля і адначасна (што вельмі важна) Касьцёл ніколі не забараняў і не змагаўся з аповесьцямі пра Грааль і пра прыгоды Парсіваля, нават у пэрыяд барацьбы з ерасямі і забароны катараў. Нягледзячы, дарэчы, і на выразныя элемэнты гностыцызму ў сьветапоглядзе Парсіваля, якія ён, аднак, пасьпяхова пераадольвае.

Тут палягае якраз мастацкая цікавасьць вобразу Парсіваля, які напачатку выглядае маладым дурнем і эгаістычным ганарліўцам, але паступова зьмяняецца і ў канцы сталее, разумнее, асэнсоўвае дабрыню і велічнасьць Бога і Боскую волю ў сваім лёсе.

У гэтакай трансфармацыі вобраза — прыкметы сталай і добрай літаратуры, адлюстраваньне мастацкай традыцыі, якая адпавядала маральным дасягненьням Хрысьціянства.

* * *

Пераклад "Парсіваля" (Парцыфаля) зроблены Леанідам Янавічам Галяком у 1947 годзе ў лягеры беларускіх уцекачоў Ватэнштэт у ангельскай акупацыйнай зоне Нямеччыны. У гэтым лягеры жыло тады агулам 325—350 асобаў дарослага насельніцтва. (Зь іх 50-60 асобаў — інтэлігенцыя.) Існаваньне было вельмі цяжкім. Трэба было фізічна выжываць. Але беларусы, асабліва моладзь, дбалі найпераш пра Беларусь, пра рабленьне дабра беларускай культуры і беларускай будучыні.

Здавалася б, безнадзейная справа: лягер і ўцякацтва, праблема, як вытрываць ды паесьці. Беларусь зноў пад Расеяй, там зноў бальшавікі. Але тут, у лягеры, беларусы імкнуцца хоць калівам, хоць словам, песьняй ды вершам, перакладам, друкам — Беларусі дапамагчы, дбаюць пра ейны лёс, вераць у яе будучыню, навучаюць дзяцей. Гэта былі людзі надзейныя. На такіх трымаецца Бацькаўшчына.

Беларускі лягер каля вёскі Ватэнштэт утварыўся ў канцы жніўня-пачатку верасьня 1946 года. Жыцьцё яго нагадвала маленькую падкаляніяльную краінку з сваім „урадам", грамадзянскай супольнасьцю, палітычнымі групамі, канфэсійнымі дачыненьнямі і культурай. Тут рэгулярна выдаваліся часопісы "Шляхам жыцьця" і "Летапіс", друкаваліся на ратапрынце сьпеўнікі і брашуры, наладжваліся канцэрты і дэклямацыі, нават „гастролі" — прыязджала, напрыклад, беларуская эстрадная група з амэрыканскай зоны акупацыі „Жыве Беларусь". У лягеры была беларуская гімназія, моладзь вучылася; дзейнічала скаўцкая арганізацыя „Крывія", вяліся дэбаты і сходы, выбары ды „плебесцыты" і г.д.

У выдавецкай справе лягеру асабліва рухомым быў малады Янка Сурвіла. Ён стварыў выдавецтва ў абліччы аднае актыўнае асобы, якое называлася Я С (г.зн. Янка Сурвіла) і мела нават сваё лёго (літары „я" і „с" у колцы).

У гэтым лягерным выдавецтве выйшла, дарэчы, сур’ёзная праца („Whiteruthenia"), падрыхтаваная спэцыяльна для замежнікаў у ангельскай мове вядомымі беларускімі вучонымі і дзеячамі Вітаўтам Тумашам, Леанідам Галяком, Станіславам Станкевічам, Анатолем Шкуткам і інш.

Тут жа быў аддрукаваны і "Парсіваль". Л. Галяк у сваіх успамінах таксама напісаў пра гэта пару словаў: „Янка Сурвіла ўзяўся выдаваць ратапрынтам мой пераклад легенды аб „Парсівалі". Пры выданьні „Парсіваля" Я.Сурвіла меў панесьці ўсе расходы і скарыстаць з усіх прыходаў з продажы, я меўся атрымаць толькі 10 перакладніцкіх экзэмпляраў. На тэхнічную работу набіцьця матрыцаў Сурвіла наняў за цыгарэтную ўзнагароду Хв. Ільяшэвіча." (Л. Галяк, Успаміны, кн.ІІ, — Выдавецтва „Летапіс", ЗША, 1983 г., с.70)

Тыраж „Парсіваля" быў відаць, вельмі невялікі. У эміграцыі пра пераклад ўжо мала хто ведае й памятае. Гэтую цяпер рэдкасьць мне паказалі ў пыльным кнігазборы беларускае царквы ў Нью-Ёрку. Акрамя таго, засталося нэгатыўнае стаўленьне да якасьці перакладу (найперш мовы, перагрувашчанай чужароднымі канструкцыямі). Але ведаючы пра тыя цяжкія і гераічныя ўмовы, у якіх тады у 40-х гадах тварылі ўцекачы-беларусы дзеля Бацькаўшчыны, крыўдна было б дапускацца, каб іхная праца зьнікла, загінула для Беларусі. Няхай яна жыве і спрыяе дабру.

Выдаючы "Парсіваля" ў "Беларускіх Ведамасьцях", мы збольшага рабілі карэкцыю мовы перакладу, але толькі там, дзе гэта было канцова неабходна і не парушала стылістыкі беларускага тэксту, у якім хораша пазнаецца вядомая мне манера нашай Ашмянска-Івейскай Віленскай гаворкі.

* * *

Пра перакладчыка. Леанід Галяк (1910-1980), магістар права, нарадзіўся ў Вільні ў сям’і паштовага служачага. Бацькі паходзяць зь мястэчка Іўе былога Ашмянскага павету са зьмешанага шляхецка-сялянскага роду.

Скончыў Віленскі ўнівэрсітэт. Са студэнцкіх гадоў удзельнічаў у палітыцы, у беларускім адраджэнскім руху, быў сябрам шматлікіх беларускіх маладзёвых арганізацыяў.

У пэрыяд вайны за часы дзеяньня беларускай падакупацыйнай адміністрацыі быў у Менску, працаваў суддзём Акруговага суду. У 1944 годзе прызначаны рэктарам Беларускага юрыдычнага інстытуту, які так і не адчыніўся, бо вярнуліся бальшавікі. У 1944 г. выехаў у Нямеччыну. У 1950 годзе пераязджае ў Нью-Ёрк. Быў сябрам Рады БНР. У палітыцы прытрымліваўся поглядаў правага накірунку.

Зянон ПАЗЬНЯК кандыдат мастацтвазнаўства

Беларускія Ведамасьці, №41 | сьнежань 2001 г.-студзень 2002 г.

Дадаць у: