Пазваніў калега, гісторык літаратуры зь Менску.
-- Як ты адносішся да таго, што прэмію Нобэля аддалі рускай пісьменьніцы Алексіевіч? Гэта для беларускай культуры дадатна ці адмоўна?
-- У прынцыпе, зважаючы на асобу Алексіевіч, гэта адмоўна. Але тэарэтычна гэты факт можа стаць і дадатным. У залежнасьці ад таго, як Алексіевіч сябе будзе паводзіць.
-- Яна ня зьменіцца.
-- Тады трэба ацэньваць толькі адмоўна. Яна ўжо столькі разоў абплявала беларускую мову, беларускі народ, беларускую культуру, Васіля Быкава, Беларусь, што дараваньня ёй няма. Хіба што яна адкупіць сваю віну пакаяньнем і добрымі справамі. Цяпер у яе ёсьць шанс. Але, як і ты, я ў гэта ня веру. Думаю, што ўсё застанецца як было.
-- А як жа з энтузіязмам і віншаваньнямі беларускіх літаратараў?
-- Думаю, што тут нармальныя этычныя паводзіны і жаданая раздача авансаў (у якіх яны неўзабаве горка расчаруюцца) плюс бяспрынцыпнасьць. Найбольшы энтузіязм тут, відаць, адчуваюць некаторыя немцы, што падклалі беларусам такую сьвіньню (тут ў тэксьце ідыёматычная форма).
Між іншым (перайду да палітыкі), сумная зьява -- за апошнія пятнаццаць гадоў відаць нарастаньне беларуска-нямецкай палітычнай нянавісьці. Для беларусаў гэта зьвязана з антыбеларускай дзейнасьцю ўсялякіх Гансвікаў, Фрыкаў ды Рараў. Для немцаў -- з усьведамленьнем таго, што беларусы раскусілі іхную антыбеларускую палітыку.
Цяпер яны імкнуцца прыгрэць Лукашэнку, каб сьвет заплюшчыў вочы на вынішчэньне беларускай нацыянальнай грамадзянскай супольнасьці. Праўда, тут немцы яшчэ не ўяўляюць, што іх чакае. Але мы мусім думаць пра сябе. Прыдаваць несувымерна вялікае значэньне зьнешнім чыньнікам уплыву на нашае становішча (хоць і вельмі цяжкае) ня варта, бо галоўнае залежыць ад нас самых, ад таго, як беларусы самы справяцца з выклікамі для нашай культуры, нацыі і Незалежнасьці. А беларусы справяцца, бо паступова пачынаюць разумець, што трэба рабіць.
11 кастрычніка 2015 г. Зянон Пазьняк