НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

Дзень Беларускай вайсковай славы

Дзень Беларускай вайсковай славы

Дарагія землякі, дарагія беларусы!

            Віншую ўсіх зь Днём Беларускай вайсковай славы. Наша вялікая ахвярная, слаўная гісторыя заклікае нас быць і ганарыцца родам. Было шмат бітваў, у якіх наша войска і наш вялікі народ вырашалі лёс хрысьціянскай цывілізацыі і сваю будучыню. Нашы продкі, якія называліся даўней ліцьвінамі, надоўга абламалі рогі немцам пад Грунвальдам, туркам пад Венай, маскоўцам пад Воршай 8-га верасьня 1514 года, калі ўтрая меншае войска Вялікага Княства Літоўскага пад кіраўніцтвам гэтмана Астрожскага разграміла маскоўскую 80 тысячную арду, гнала маскоўцаў сем кілёмэтраў і секла без упынку, пакуль ня высекла. Гэтая перамога надоўга спыніла маскоўскія бандыцкія напады на нашу зямлю, а сама бітва па сваім  вайсковым майстэрстве ўвайшла ў гісторыю ўзорных вайсковых перамог і ў падручнікі па ваеннай справе.

            Такой была наша слаўная гісторыя ў далёкія часы і такімі былі нашы высокародныя і моцныя продкі.

            Родную дзяржаву разбурылі супольна тры імпэрыі, аб’яднаўшыся супраць нашай шляхецкай дэмакратыі -- гэта аўстрыйскі, прускі і маскоўскі хаўрус. Нашчадкі гэтых імпэрыяў і цяпер перашкаджаюць нашаму адраджэньню. Але яно дзеецца, крок за крокам, нягледзячы на няспынны націск Масквы і здраду здраднікаў. І ніхто зь іх ня ведае, ніхто не спадзяецца, узброіўшыся да зубоў, што зброя ім гэтая ўжо не спатрэбіцца, што якраз у Беларусі яшчэ раз (і апошні) знойдзе імпэрыя сабе магілу.

СЬВЯТКУЙМА НАШЫЯ НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ СЬВЯТЫ. ПАМЯТАЙМА ПРА ВОРШУ.

            Слава Беларусі!

            Слава Вялікаму Княству Літоўскаму!

            Слава вялікім перамогам!

            Моцным у веры -- слава!

 

8 верасьня 2018 г.                                                               Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: