25 Жніўня, у Менску адзначалі найвялікшае сьвята - Дзень Незалежнасьці - 25-ю гадавіну суверэннай Рэспублікі Беларусь.
У цяперашняй рэжымнай Беларусі гэта быў будні працоўны дзень. Але ў вольнай краіне ён стане сьвяточным выходным днём.
Упершыню за апошнія гады антыбеларускі рэжым пайшоў на малюсенькія саступкі і даў афіцыйны дазвол на некалькі юбілейных мерапрыемстваў. Маладыя людзі пад Беларускімі сьцягамі дэклямавалі вершы Янкі Купалы ля помніка паэту. Іншыя раздавалі беларускія сьцяжкі і бел-чырвона-белыя стужкі на вуліцах горада.
Цэнтральным мерапрыемствам было ўрачыстае юбілейнае спатканьне неабыякавых людзей з Дэпутатамі Незалежнасьці, гэта значыць з дэпутатамі Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, стараньнямі якіх была дасягнута Незалежнасьць Беларусі.
Урачыстасьць арганізавалі сябры народнай Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі -- БНФ. Імпрэза праходзіла ў канферэнц-залі Бізнэс-цэнтра IBB. Адбыўся прыемны і ўзьнёслы вечар.
Напачатку гучэў Беларускі нацыянальны гімн "Мы выйдзем шчыльнымі радамі". Перад удзельнікамі спатканьня (больш за 200 асобаў) выступілі з прамовамі, разважаньнямі пра Незалежнасьць і ўспамінамі адзінаццаць Дэпутатаў Незалежнасьці Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 1990-1996 гг. Выступілі: Юры Беленькі, Сяргей Папкоў, Мікалай Крыжаноўскі, Сяргей Антончык, Пётра Садоўскі, Лявон Баршчэўскі, Лявон Дзейка, Алег Трусаў, Аляксандар Сасноў, Віталь Малашка. Па відэазапісу на шырокім экране прамаўляў зь вітаньнем зь Нью-Ёрка Зянон Пазьняк.
Салідарная і ўзьнёслая атмасфэра панавала ў залі. Успомнілі і ўганаравалі памяць памерлых дэпутатаў Адраджэньня. Гэта: Ігар Гермянчук, Ігар Пырх, Галіна Сямдзянава, Барыс Гюнтар, Генадзь Грушавы.
Імпрэза закончылася агульным сьпяваньнем духоўнага Беларускага гімну "Магутны Божа".
26 жніўня 2016 г. Мар’ян Ванькевіч