19-ы верасень вялікі дзень для кожнага беларуса.19 верасьня 1991 года Вярхоўны Савет незалежнай Беларусі даў новую назву дзяржаы -- Рэспубліка Беларусь, зацьвердзіў нацыянальна-гістарычныя сымвалы -- Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня ў якасьці дзяржаўных сымвалаў краіны. Тады гэта было вельмі моцнае змаганьне дэпутатаў Народнага Фронту і ўсёй перадавой Беларусі з камуністычнай рэакцыяй. Ўрэшце рэшт дзьве траціны дэпутатаў Вярхоўнага Савета прагаласавалі за будучыню, і з таго часу наша дзяржава ёсьць Рэспубліка Беларусь (кароткая назва Беларусь), а нашыя дзяржаўныя сымвалы ёсьць
Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і гэрб Пагоня.
Незаконны рэфэрэндум 1995 года, незаконна праштурхнуты і сфальшаваны антыбеларускім рэжымам пасьля ўвядзеньня войска ў парлямант і зьбіцьця дэпутатаў ад БНФ, ня мае тут ніякага юрыдычнага значэньня. Ён юрыдычна нікчэмны. У рэальнасьці сымваламі Беларускай дзяржавы зьяўляюцца сымвалы, зацьверджаныя 19 верасьня 1991 года.
Пасьля ліквідацыі антыбеларускага рэжыму яны будуць аўтаматычна вернутыя на дзяржаўны пасад, у прадстаўнічы ўжытак нашай краіны і нашага грамадзтва.
Важнае, што павінна быць зроблена (і што не пасьпелі зрабіць у 1991-м), гэта тое, што 19-ы верасень мусіць быць аб’яўлены дзяржаўным сьвятам і выхадным днём. Гэта будзе Сьвята Дзяржаўнага Бел-Чырвона-Белага Сьцяга і гэрба "Пагоня". Уяўляю, што па сваім харастве яно будзе адным з прыгажэйшых нашых дзяржаўных сьвятаў.
Пачынайма сьвяткаваць яго сёньня. Жыве Беларусь!
19 верасьня 2015 года Зянон ПАЗЬНЯК