НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ДЗЕНЬ ВОЛІ

ДЗЕНЬ ВОЛІ

Складваецца нядобрая сітуацыя ў сувязі з сьвяткаваньнем Дня Волі 25 Сакавіка. Зыходзячы з тактычных інтарэсаў, у абставінах рэпрэсіўнай антыбеларускай вайны, публічнае сьвяткаваньне Дня Волі з выхадам на вуліцы трэба было адкласьці, прадбачліва зьмяніць форму сьвята. Грамадзтва не падрыхтаванае яшчэ да моцнага масавага выступу ў гэты дзень. Выхад на вуліцу (ня важна, у якой форме) будзе не своечасовы і можа даць повад карнаму рэжыму пачаць пагром беларусаў. Менавіта на гэта разьлічвае рэжым. Задзейнічаны ўсе карныя сілы.

У вайне вельмі важна правільна скарыстаць час, накапіць сілы, зьберагчы армію дзеля рашучай перамогі ў будучыні. Наша армія -- гэта наш народ. Перад такой задачай (як паказвае вопыт вайны) не існуе нічога вышэйшага, ня ўлічваецца нічога сакральнага. Дзень Волі 25 Сакавіка ёсьць сакральным нацыянальным сьвятам. Тым ня менш дзеля будучай перамогі неабходна карэктаваць традыцыі, адзначыць, напрыклад, гэты дзень сямейнымі міжлюдзкімі ўрачыстасьцямі, не выходзіць пад кулі, выйграць час.

У вайне за незалежнасьць ЗША быў такі выпадак (бітва ля Трэнтана). Моцна пабітая армія Джорджа Вашынгтона адступіла за раку Дэлавэр. Гэта было перад нараджэньнем Хрыстовым. Англічане спыніліся, каб адзначыць Раство. 25-га сьнежня ўсе ангельцы сьвяткавалі, пілі алькаголь. Вашынгтон сабраў свае пашкамутаныя сілы, ноччу пераправіўся праз Дэлавэр, зьнянацку напаў і разьбіў п’яных сьвяточных ангельцаў ушчэнт. Шлях для наступу быў адчынены. Бог дапамог не застольнікам рэлігійнай традыцыі, але сьмелым і разумным.

Выхад на вуліцы, аднак, цяпер спыніць ня ўдасца ніякімі аргумантамі. Моцна папрацавала прапаганда з боку квазі-апазыцыі і агентуры, заклікаючы ўсіх да несвоечасовага масавага выхаду на вуліцы. Няма пакуль што адзінага нацыянальнага кіраўніцтва і адзінай беларускай арганізацыі нацыянальнага руху, выступаюць у Сеціве розныя "нэксты" ды тлумяць сьвядомасьць людзей.

Стварэньне абарончых дружынаў -- даўняя неабходнасьць. Але ў сітуацыі рэпрэсіўнай вайны яно можа (і мусіць) быць пакуль што толькі дыскрэтнай справай. Гэта зразумела. Публічнага адкрытага аб’яўленьня аб стварэньні дружыны з пазначэньнем структураў, раёнаў і асобаў трэба асьцерагацца, бо ў гэтым, як правіла, выяўляецца арганізацыйная мэтодыка "канторы", якая заканчваецца арыштамі.

У гэтай сітуацыі, калі ўжо нельга перамяніць падзеі, ёсьць розныя варыянты амартызацыі ўдару, пра якія не пажадана тут гаварыць (бо не публічная гаворка). Важна прасторавае пашырэньне прысутнасьці людзей у горадзе, не канцэнтрацыя ў цэнтры Менска, дакладнае вызначэньне зьместу, пачатку і заканчэньня акцыі ўхваленьня гадавіны БНР.

Няхай жа сёлетнае адзначэньне Дня Волі будзе разумным і аб’яднае беларусаў вакол ідэалаў 25-га Сакавіка, дасьць вопыт, сілы і беларускі імпульс дзеля адраджэньня нашай славы і свабоды.

 

20 сакавік 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: