НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ДЗЕНЬ, ЯКІ ЎСЯЛЯЎ НАДЗЕЮ

ДЗЕНЬ, ЯКІ ЎСЯЛЯЎ НАДЗЕЮ

Рух за сабоду і Незалежнасьць уздымаўся ў Беларусі на працягу другой паловы 80-х гадоў. Вясной і летам 1988 года ўзьніклі народныя франты ў Эстоніі і Летуве. Яны сталі арганізацыйным узорам для беларускіх змагароў. Неўзабаве (у кастрычніку гэтага ж года) былі створаныя Народны Фронт Латвіі і Беларускі Народны Фронт "Адраджэньне". Гэта стала вялікай падзеяй ў нашай гісторыі. Слова "суверэнітэт" было на вуснах, аднак у першы год існаваньня Фронту фронтаўцы абыходзіліся зь ім асьцярожна, каб заўчасна не наклікаць на беларусаў удар яшчэ моцнай (асабліва ў Беларусі) камуна-гэбоўскай машыны рэпрэсій, ціску і разбурэньня.

У жніўні 1989 года на Сойме БНФ было абмеркавана пытаньне Незалежнасьці як генэральнай мэты нашага руху. Але тады сьведама не прынялі яшчэ ніякіх афіцыйных рашэньняў і дакумантаў. Павінен быў сасьпець час. А ён рухаўся хутка. Энтузіязм фронтаўцаў і вольных людзей выяўляўся на кожным кроку.

У сакавіку 1990 года Летува аб’явіла аб сваім суверэнітэце. Вясной 1990-га адбыліся выбары ў Вярхоўны Савет Беларусі. Камуністычная прапаганда выкарыстала факт аб’яўленьня суверэнітэту Летувы супраць БНФ і распрапагандавала частку савецкага электарату. Ня ўсе кандыдаты Фронту трапілі ў парлямант.

Гэта быў час масавых мітынгаў і дэманстрацыяў. Беларусь няўхільна абуджалася. У канцы красавіка мы сабралі ў Менску першую канфэрэнцыю па Балта-Чарнаморскай Супольнасьці з удзелам прадстаўнікоў Беларусі, Украіны, Малдовы і Летувы. Быў прыняты інфармацыйны мэмарандум аб запачаткаваньні працэсу Балта-Чарнаморскай Супольнасьці на будучыню, калі дасягнем незалежнасьці ад СССР. (Другая Канфэрэнцыя БЧС адбалася ў Менску ў лістападзе гэтага ж года.)

Рэакцыя камуністычнага афіцыёзу была злоснай. Яны гэты факт заўважылі, зразумелі пагрозу і занепакоіліся.

У пачатку 90-х Народны Фронт палітычна ўмацаваўся, стварыў фракцыю БНФ у Вярхоўным Савеце. 30 траўня на Сойме БНФ быў дакумэнтальна прыняты афіцыйны курс Фронта на дасягненьне незалежнасьці краіны як першачарговай задачы. Прынялі рашэньне аб скліканьні ўсебеларускай канфэрэнцыі па незалежнасьці дзяржавы (яна адбылася ў чэрвені). Сябры Фронта сталі рыхтаваць дэклярацыю аб незалежнасьці Беларусі.

Неўзабаве тэкст яе быў агучаны мной у Вярхоўным Савеце пры поўнай цішыні ў залі і, як мне здавалася, прастрацыі камуністычнай намэнклятуры, для якой нават замежнае слова "суверэнітэт" было незразумелым. Тым ня менш гром грымнуў. Пра неабходнасьць незалежнасьці Беларусі было аб’яўлена з трыбуны парляманту на ўсю краіну.

Камуністычныя дэпутаты тады дружна пахавалі наш незалежніцкі праект. Але неўзабаве (у выніку блытанай палітыкі Гарбачова) гэтую ж партыйную намэнклятуру абавязалі з Масквы прыняць фармальную (гэта значыць пустую) дэклярацыю аб суверэнітэце "рэспублікі", каб зьнівеляваць такім чынам контргарбачоўскія ініцыятывы Ельцына аб суверэнізацыі РФСР. (Выглядала камічна, але гэтак у Маскве тады змагаліся за ўладу.)

Мушу зноў зьвярнуць увагу на асаблівую спэцыфічнасьць палітычнай дзейнасьці. У камуністычнай палітыцы (ня ў прыклад іншым галінам працы) наяўнасьць вялікай колькасьці "прававерных" дурняў у партыйных шэрагах можа разглядацца як кіруемы стратэгічны рэсурс, што вядзе да перамогі, а банальнае гультайства -- як "мудрая" тактыка барацьбы.

Сонная бээсэсэраўская намэнклятура на гарбачоўскія заклікі аб дэклярацыяйнай прафанацыі суверэнітэту вырашыла нічога не рабіць. У выніку ў адказных за прафанацыю (па абавязку службы) пачалася паніка, і яны ад безвыходнасьці зьвярнуліся за дапамогай... да нас (гэта значыць да парляманцкай Апазыцыі Народнага Фронта).

Мушу сказаць, што Вярхоўны Савет 12 скліканьня -- гэта быў унікальны парлямант. Падзеі, зьявы ды здарэньні там былі таксама ўнікальныя (без аналагаў у сьвеце).

Апазыцыя БНФ уключылася ў працу амаль што ўсім сваім складам, і ў выніку была прынята добрая Дэклярацыя, якая праз год 25 Жніўня паслужыла дакумэнтальнай асновай для легітымнага юрыдычнага зацьвярджэньня незалежнасьці Беларусі.

Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце ўдалося выдатна выкарыстаць,так бы мовячы, псіхалагічныя "родавыя слабасьці" савецкай намэнклятуры (пра што ўжо ня раз апісана раней), прытым аж настолькі, што яна (гэтая намэнклятура), узбуджаная, падтрымала нават прапанову прызнаць 27 Ліпень Днём незалежнасьці Беларусі, выдатна разумеючы, што ўсё застаецца па-старому. Але насуперак іхным спадзевам па-старому не засталося. 25 Жніўня 1991 года Беларусь дамаглася Незалежнасьці. Пад ціскам Народнага Фронту і вольных людзей Беларусі савецкі легітымны Вярхоўны Савет надаў Дэклярацыі аб суверэнітэце статус канстытуцыйнага закону дзяржавы. Дзяржаўная Незалежнасьць Беларусі сталася.

Прыняцьце добрай Дэклярацыі аб суверэнітэце краіны стала патрэбным крокам да Незалежнасьці, аблегчыла яе дасягненьне, палітычнае і юрыдычнае афармленьне. Гэты Дзень прыняцьця Дэклярацыі (упэўнены) будуць сьвяткаваць у вольнай Беларусі вольныя людзі побач з Днём Волі 25 Сакавіка і Днём Незалежнасьці 25 Жніўня, -- днём, калі Беларусь дамаглася рэальнай дзяржаўнай незалежнасьці і стала існаваць як паўнапраўная дзяржава міжнароднай супольнасьці.

 

27 ліпеня 2016 г.                                                                                                             Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: