Першая частка гэтага артыкула (па-беларуску і ў ангельскай вэрсіі) была надрукаваная ў разавым выданьні “Беларуская Салідарнасьць за мяжой” і зьмешчана на старонцы “Беларуская Салідарнасьць” у Сеціве.
У выніку друкаваньня артыкула выдавец “Беларашан Таймс” спадар Расьціслаў Гарошка радыкальна “разабраўся” з рэдакцыяй – звольніў усіх і заявіў, што галоўны рэдактар Ю. Чудзін (Васілеўскі) скарыстаўся ягоным даверам і ашукаў яго і чытачоў, за што ён, спадар Гарошка, просіць ва ўсіх прабачэньня.
Паводзіны антыбеларускай групы ў царкве сталі пасьля гэтага яшчэ больш агрэсіўнымі. У Беларускай царкве гучэла ўжо расейская вымова, на беларусаў паказвалі падбародкамі і казалі: “Яны”. У час службы брайтанаўскія кабеты шнырылі па храму, з дазволу сьвятара заходзілі ў алтар (што недапушчальна па канонах царквы), пагражалі нават прыпыніць Божую службу, калі “Апостала” стане чытаць беларус Сагановіч, а не асобы з Брайтан-Біч і г.д. Усё гэта прывяло да таго, што памяркоўныя і рахманыя беларусы вырашылі сабраць Царкоўную Раду і навесьці парадак. Тут жа перад паседжаньнем Рады выступае нечакана сьвятар Якунін і зачытвае прысланыя зь Менску загады япіскапа Васіля (Касьцюка) аб ліквідацыі Царкоўнай Рады, а заадно – аб адлучэньні ад царквы шэрагу маладых беларусаў і аб забароне хаваць іх пасьля сьмерці па праваслаўным звычаі.
Апошняя выхадка, відаць, перапоўніла чашу легендарнай беларускай талерантнасьці. Рада выключыла з парафіі Ю. Чудзіна (Васілеўскага), выказала недавер сьвятару Якуніну і паставіла пытаньне перад Радай БАПЦ аб адпаведнасьці сьвятара Якуніна да службы ў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царкве.
Тады антыбеларуская група пасылае ў Менск да япіскапа Касьцюка свайго пасланца (кабету з Брайтан-Біч). Кабета сустракаецца з яп. Касьцюком і нават (зь яе словаў) з амбасадарам ЗША ў Менску (што ня так проста) і вяртаецца ў Бруклін са стосам чарговых загадаў “япіскапа”. Тым часам у царкву пачалі цугам прыходзіць “нейкія людзі” і шаптаць, як у той гумарыстычнай песьні, пра “злавешчую цень Пазьняка”. Гэта, відаць, таму, што увесь гэты спэктакль мне прыходзілася назіраць, ня кажучы нідзе ніводнага слова.
Неўзабаве сабралася Рада БАПЦ. Паклікалі сьвятара Якуніна, паслухалі ўсіх і выдалілі яго з парафіі і з БАПЦ. Тады сьвятар Якунін устаў і зачытаў чарговы загад япіскапа Касьцюка аб спыненьні дзейнасьці Рады БАПЦ. (Тут дарэчы нагадаць дасьведчаньне, што дрэнныя справы, як правіла, робяць дурныя людзі.)
Тым часам у загадзе “япіскапа” выказана думка, што БАПЦ гэта “раскольніцкая групоўка, якая не належыць да праваслаўнай царквы”, што яна аддадзена пад “анафему”, што “ўсіх вернікаў БАПЦ і асобаў, якія зьвярталіся ў БАПЦ, трэба ізноў мірапамазаць, перавянчаць, пераадпяваць (гэта асабліва моцна!), сьвятароў перарукапакладаць, а міранам – каяцца, з моманту знаходжаньня ў БАПЦ”. А таму ён, новасьпечаны япіскап Касьцюк, “спыняе” Раду БАПЦ і г.д.
Калі ў складальніка такога тэкста ўсё ў парадку з мэнтальнасьцю (а хутчэй за ўсё, у парадку), то задача яго – давесьці ўсё да абсурду і да поўнай брыдоты, каб ніхто з нармальных людзей не захацеў бы ўнікаць, цікавіцца і нават слухаць гэтыя паранойныя сваркі.
“EXODUS”
25 чэрвеня, згодна рашэньня Рады БАПЦ, сп. Якунін павінен быў перадаць справы іншаму сьвятару. Але калі прышлі гэтыя справы ад яго прымаць, то аказалася, што Якунін зьнік у невядомым накірунку. Беларусы ўбачылі такую карціну: царква адчыненая, замкі і клямкі з дзьвярэй у падвал сарваныя, калпачкі з электравыключальнікаў сарваныя, тэрмарэгулятар разабраны, а паліва сістэмы ацяпленьня напалову выпалена (гэта ў 30-градусную сьпякоту на вуліцы!), тэлефон і электразванок ня дзейнічаюць – перарэзаныя зьнешнія правады, – у алтары і царкве няма шмат царкоўных рэчаў (кнігі, падсьвечнікі, адзеньне, аналоі, антыміс і г.д.), нават будаўнічы матэрыял (трохмэтровыя брусы на 300 даляраў), што на рамонт царквы, зьніклі са двара, а ў падвале недалічыліся сьвяцільнікаў на суму 250 даляраў.
Дзіўнае відовішча. Можа, якія тэрарысты (падумалі сабе беларусы) напалі на царкву і выкралі былога сьвятара Якуніна, разам з маёмасьцю, сьвяцільнікамі і будматэрыяламі. Чамусьці ўспомніўся літаратурны пэрсанаж у Ільфа і Пятрова, які выкруціў у грамадзкім туалеце электрычную лямпачку – “ему было стыдно, но…” і г. д.
Брыдка ўсё выглядае. Але гэта пакараньне за беларускую даверлівасьць і дабрыню, за славутую беларускую “талерантнасьць”, якая так падабаецца нягоднікам і ворагам Беларусі, бо ўсе яны спадзяюцца, што беларусы за паскудзтва іх каленам пад зад ніколі ня выштурхнуць.
ВЫСЬВЯТЛЕНЬНЕ
Аналягічная карціна зь “япіскапам” Касьцюком. Ніхто сур’ёзна не пацікавіўся, што гэта за асоба, адкуль ён і хто. Анёльскі давер.
В. Касьцюк прыехаў зь Менску ў Нью-Ёрк, як мы ўжо адзначылі, зь ведамства Філярэта. Але адпускной ад Філярэта не прад’явіў, сказаўшы, што адпускная ёсьць, але ён яе пакажа потым.
Высьвячэньне на япіскапа адбылося на Ўкраіне. Касьцюк сам уладкоўваў гэтую справу. Высьвячалі яго тры япіскапы, пра аўтэнтычнасьць і правамоцнасьць якіх БАПЦ дакладна ня ведала, але са слоў Касьцюка, усё было нібыта гладка, правільна і законна.
Потым, аднак, з інфармацыі сьвятароў і людзей, дасьведчаных у справах царквы на Ўкраіне, высьветлілася, што правамоцнасьць гэтых япіскапаў пад сумненьнем, асабліва аднаго зь іх (імя нам вядомае), які быў некалі кіроўным мітрапалітам ва Ўкраінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царкве (катэдра ў Тарнопалі). Аднак за амаральныя, антыцаркоўныя паводзіны УАПЦ КП (Кіеўскі патрыярхат) растрыгла мітрапаліта і пазбавіла сану. Тады ён перайшоў у УАПЦ, якая разышлася з УАПЦ КП.
Гэты япіскап расеяц. Ён носіць пры сабе пісталет. Аднойчы ў бары напіўся і страляць пачаў, усчаў бойку з кліентамі. Расказваюць, што яго неяк запрасілі ў пасольства ЗША з нагоды Дня незалежнасьці. Япіскап прышоў п’яны, на прыёме яшчэ дапіў і пачаў бойку з запрошанымі гасьцямі. Амэрыканцы ня ведалі, што рабіць.
У размовах на Ўкраіне вышэйапісанага “япіскапа” лічылі агентам ФСБ, пра гэта казалі нават у дзяржаўных ворганах Украіны. Але люстрацыі на Ўкраіне яшчэ ніхто не праводзіў, і пытаньне застаецца адчыненым.
В. Касьцюк затаіў і не прызнаўся, што адзін зь япіскапаў расстрыжаны і несапраўдны. У БАПЦ пра гэта ніхто ня ведаў. Цяпер жа ўсё высьвятляецца.
Ужо пасьвечаны на беларускага япіскапа, Касьцюк пісаў у Інтэрнэце наступнае: “Мы выступаем против каких-либо спекуляций на темы автокефалии и намерены искать пути сближения с Белорусской Православной Церковью на Беларуси” (гэта значыць, зь Беларускім Экзархатам РПЦ і Філярэтам).
Вось дык пляны! І ніхто зь беларусаў у сваім часе гэтага не чытаў.
У іншым месцы “япіскап” Касьцюк піша, што праваслаўны вызначаецца па адносінах да Расеі, бо “православный” ня можа не любіць “Россию” і г.д. Адкуль і як зьяўляюцца такія “прадукты” – мы ведаем.
ЯК У СВАІМ ДОМЕ
Цяпер у беларускай царкве Кірылы Тураўскага ў Брукліне зноў шмат беларусаў, гучыць беларуская мова, усе адчуваюць сябе, як у сваім доме, ва ўсіх прыветныя абліччы, радуюцца адзін аднаму. У грамадзкай залі беларусы разам абмяркоўваюць свае справы, праблемы, разам абедаюць, тут жа, за чыстымі сталамі, і нідзе не відаць цяпер панурага погляду з-пад ілба, і ня чутна ні нахабнага чужога голасу, ні злоснага шыпеньня.
Пасьля рамонту будынак царквы будзе зноў асьвечаны, каб не чуваць было брыдкага духу. Гэтак будзе і ў нашай Бацькаўшчыне Беларусі!
12 ліпеня 2005 г., Нью-Ёрк