Дарагія землякі, дарагія беларусы!
Пачынаецца сьветлае сьвята Дзядоў, той час, які абавязвае нас задумацца над сваім існаваньнем і над сутнасьцю нашай гісторыі.
Відаць, пасьля Вялікадня і Нараджэньня Хрыстова гэта ёсьць найважнейшае сьвята ў хрысьціянскім сьвеце. Яго адзначаюць па-рознаму ў розных краінах. Ёсьць месцы, дзе адбываюцца мільённыя шэсьці на могілкі. Складваецца ўражаньне тады, што ўся нацыя ў гэтыя дні перасяляецца на магілы, каб спаткацца з сымваламі і памяцьцю сваіх продкаў. Гэта ўражвае, бо ўспрымаецца як вобраз вечнага існаваньня. Вось у гэтым ёсьць моцны духоўны сэнс такога сьвята. Невыпадкова, што бязбожныя ворагі чалавецтва забаранялі яго, каб чалавек не ўсьведамляў вечнасьці, каб нацыя не адчувала адзінства.
Народнае адзінства ў Курапатах -- гэта містэрыя асаблівага кшталту, бо гэта ёсьць памяць пра генацыд, памяць пра канкрэтную небясьпеку, якая ўвесь час пагражае нашай нацыі з-за ўсходняй мяжы. Лагічнай прычыны ў гэтай пагрозе не існуе. Прычына -- нашае існаваньне. Для ворагаў чалавецтва дастаткова таго, што мы ёсьць. Мы маем справу з сярэднявечнай мэнтальнасьцю на ўсходзе, за ўсходняй мяжой. Гэтая мэнтальнасьць, гэтае грамадзтва і гэты тып людзей ня здольны да адэкватных ацэнак самых сябе і лічыць увесь сьвет, усе народы сваімі ворагамі.
Усю нашу гісторыю, пачынаючы ад першага зьяўленьня манголаў на нашых межах, мы вымушаныя былі збройна бараніць сябе і Эўропу ад нашэсьця варвараў. Чым гэта скончылася -- ведаеце: здрадай Эўропы і пэрманэнтным зьнішчэньнем нашага народа і нашай культуры.
Вы знаходзіцеся на расстрэльным месцы маскоўскага бальшавізму. Тут расстрэльвалі наш народ. Такіх месцаў у Беларусі шмат, але Курапаты -- самае вялікае. Рэальна тут расстраляна каля чвэрці мільёна людзей -- беларускіх сялян, пісьменьнікаў, паэтаў, рабочых і інтэлігентаў, мужчын і жанчын.
Расстрэльвалі па плану. Кожнаму раёну, кожнаму сельсавету, кожнаму воргану НКВД, кожнай пракуратуры і суду спускаўся зьверху план на расстрэл беларусаў. І гэты план выконваўся. Расстраляныя ляжаць тут, у Курапатах. Людзей расстрэльвалі яшчэ 23 чэрвеня 1941 года. Немцы ўжо бамбавалі Менск, а гэтыя яшчэ забівалі тут людзей. Калі б ні нямецкая акупацыя, маскоўскія бальшавікі расстрэльвалі б увесь беларускі народ гэтак жа, як хацелі вымарыць голадам усю Украіну і стварылі галадамор. Але як расейскі камуна-фашызм так і нямецкі фашызм рабілі супольнае злачынства -- зьнішчалі народ Беларусі.
Падзеі паказваюць, што маскоўскі фашызм ніколі не перапыняўся. Ён толькі зьмяняў форму і афарбоўку, бо ў аснове яго заўсёды была імпэрская сьведамасьць і сярэднявечная варварская мэнтальнасьць.
Цяпер мы бачым, што маскоўскі халоп зноў засумаваў па Сталіну, па цару Жахлівым, па цару Шалёным, па забойцах НКВД. Ім хочацца крыві ўсяго сьвету і новых Курапатаў. Яны распальваюць войны і рыхтуюць ваенныя правакацыі, сьцягваюць войска да беларускай і ўкраінскай мяжы, падымаюць на паверхню адкіды грамадзтва і вучаць іх забіваць.
Рэальнасьць такая, што, каб не дапусьціць новых Курапатаў, трэба сур’ёзна рыхтавацца да абароны Радзімы ад расейскай агрэсіі, не зважаючы на рэжым. Трэба рыхтавацца ваяваць за Беларусь.
У Курапатах напрацягу пяці гадоў (з 1937 па 1941 гг.) расстрэльвалі людзей, дзень і ноч, сотні тысячаў. І ніхто не супраціўляўся. Стралялі як качак, як зайцоў, як бутэлькі ў ціры.
Але людзі павінны супраціўляцца. Трэба супраціўляцца фашызму. Трэба змагацца за Айчыну. Трэба рабіць высновы з Курапатаў і з усёй нашай гісторыі. Курапаты не паўторацца, бо мы пераможам!
Жыве Вольная Беларусь!
Слава нашым Дзядам!
Слава Айчыне!
30 кастрычніка 2016 г. Зянон ПАЗЬНЯК