Выступ на жнівеньскім Сойме Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і
Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
Пэрманэнтная небясьпека, якая зыходзіць для Беларусі з боку імпэрскай Масквы абумоўлена найперш пэрманэнтнай няздольнасьцю беларускага грамадзтва да арганізаванага і, галоўнае, да асэнсаванага супраціўленьня. Беларуская барацьба на працягу доўгага часу забору і акупацыяў выяўлялася як рух нацыянальнага авангарду. Такое становішча – вынік жорсткай антынацыянальнай акупацыйнай палітыкі ў ідэалягічнай сфэры, злучанай з рэпрэсіямі.
Другі чыньнік становішча – зьнішчэньне нацыянальных элітаў. Направа разбуральнага выніку палягае якраз у стварэньні (адраджэньні) нацыянальных вярхоў грамадзтва праз нацыянальную асьвету і ўплыў гэтых элітаў на ўсю нацыю.
Без рабленьня гэтага дзеяньня немагчымая нацыянальна-вызвольная барацьба і нацыянальна-сэнсоўная палітыка. Мы павінны зрабіць высновы найперш з 90-х гадоў, каб захаваць авангард і пашырыць уплыў. Гэта аксіёмы, якія я паўтараю часта, бо разумею, што неабходна іх паўтараць.
Аб бягучым моманце
З канца мінулага года Масква пачала іншую тактыку наступу на Беларусь. Адбыўся канфлікт у лягеры хаўрусьнікаў. Саўдзельнікі не падзялілі амбіцыі з Лукашэнкам.
Так званая “пакрокавая тактыка” пуцінскай інтэграцыі Беларусі і Расеі часова адкладзена ў бок. Цяпер Масква ўжывае мэтодыку “пакрокавай прыватызацыі” Беларусі, сутнасьць якой палягае ў рэсурсным шантажы Лукашэнкі, запалохваньні яго і заганяньня ў кут, стварэньня пагрозы ягонай уладзе з мэтай прымусіць расплочвацца за шантаж нацыянальнай маёмасьцю Беларусі, заводамі, фабрыкамі, прадпрыемствамі, нерухомасьцю і урэшце — зямлёй.
Яшчэ толькі пачынаючы гэты акупацыйны плян, Пуцін і гэбоўскія ідэолягі ўжо сталі казаць і пісаць пра перасяленьне беларускага насельніцтва ў Расею (гэта наступны этап захопу маёмасьці), нават квазіразумны тэрмін прыдумалі – “антропоток”. “Антропоток” – гэта перасяленьне мільёнаў беларусаў у расейскае рабства, на расейскую тэрыторыю для працы ў расейскай прамысловасьці, здабычы і будаўніцтве.
Трэба ўлічыць, што Расея – гэта такая краіна, дзе здольныя брацца за практычнае ўвасабленьне любых шызафрэнічных ідэй, пачынаючы ад камунізму і Гулагу і аж да павароту “речек вспять”. Вынішчэньне цэлых нацыяў справа для іх ня новая, маюць вялікі вопыт і галоўнае – масавую псіхалогію расейскага насельніцтва, гатовага ўспрыняць любое вар’яцтва ўлады супроць народаў.
Да агрэсіўнай палітыкі “пакрокавай прыватызацыі” Беларусі рускім гэбоўскім капіталам трэба аднесьціся вельмі сур’ёзна, улічваючы прамаскоўскую аўтарытарную ўладу і антынародны дыктат, зь якім зьмірылася маса дэзарыентаванага насельніцтва нашай краіны.
Трэба мець на ўвазе таксама, што прамаскоўскі рэжым (што цалкам адпаведна) не мае нацыянальнай стратэгіі будаўніцтва Беларускай дзяржавы, і ніхто з гэтай групы ўлады ня дзейнічае і не жыве нацыянальнымі інтарэсамі, найперш Лукашэнка. Сутнасьць ягоных дзеяньняў, яго пасія, клопаты і хваляваньні – асабістая ўлада. (У мяне складваецца ўражаньне, што мала хто з сучасьнікаў усьведамляе, што гэтая “пасія” паглынула ўсю ягоную істоту і стала паталогіяй ягонай асобы). Масква, аднак, добра зразумела свайго саўдзельніка і пачала гэтым ягоным страхам карыстацца, тым больш, што гэбістам мэтодыка ціску зразумелая і прывычная.
Зьмест паводзінаў Лукашэнкі ўжо добра відаць. Будзе жаліцца, лаяцца на Крэмль і здаваць Маскве мільён за мільёнам, акцыю за акцыяй, завод за заводам, ці на мове гэбістаў – “отстреливаться до последнего патрона”.
Расейскі плян дыпляматычна прапрацаваны на Захадзе. Усё прадстаўлена як эканамічныя дачыненьні па законах рынкавай эканомікі. І там гэта ўспрымаюць.
Праведзена і праводзіцца адпаведная падрыхтоўка і ва ўнутранай палітыцы Беларусі. Рэзка ўзмоцнены перасьлед за патрыятычныя пазыцыі, выказваньні і дзеяньні, пачалася чарговая жорсткая хваля рэпрэсіяў супраць беларускай моладзі, асабліва супраць школьнікаў і студэнтаў. Прынятыя рэпрэсіўныя законы і інструкцыі. Усё гэта адбываецца на фоне антыкрамлёўскай рыторыкі Лукашэнкі (цана гэтай рыторыкі – “нуль”). Якраз дзеля рашучага задушэньня нацыянальна-адраджэнскага руху, думак і памкненьняў зьмянілі нядаўна кіраўніцтва КГБ. (Цяпер ім кіруе расейскі генэрал танкавых войскаў, вядомы сваім паталягічным беларусафобствам).
Аналіз эскалацыі ўнутранай антыбеларускай палітыкі паказвае, што Лукашэнка кардынальна не ўплывае на стратэгічную палітыку Беларусі. Масква і людзі Масквы, якія яго акаляюць, умела карыстаюцца ягоным беларусафобствам дзеля дасягненьня імпэрскіх мэтаў. Лукашэнка выдае дэкрэты, указы і загады, але партытура палітыкі прапісана маскоўцамі, якія абсадзілі рэжымную ўладу ў Беларусі. Апошнія падзеі добра раскрываюць такое становішча (дзе па лёгіцы атрымліваецца, што начальнік Беларусі дзейнічае сам супраць сябе. Чаго не павінна б было быць у рэальнасьці).
Аб захадах
Каб запабегчы маскоўскай палітычнай агрэсіі і “прыватызацыі” нашай нацыянальнай маёмасьці, неабходная найперш беларуская салідарнасьць. Мы даўно ўжо працуем у межах гэтай праграмы. Трэба ўлічыць элемэнтарныя рэчы, што для актыўнага і эфэктыўнага супраціўленьня дастаткова 10% актыўнай падтрымкі насельніцтва. Трыццаць адсоткаў – гэта ўжо рэвалюцыя. Ніякі рэжым ня вытрымае. (Прашу толькі ня блытаць “падтрымку” з электаральным галасаваньнем, багну з гарой).
Салідарнасьці трэба дасягнуць на ўсіх узроўнях. У цяперашняй сітуацыі гэта магчыма, але вымагае падтрымкі. Нагадаю, што ў любой сітуацыі нацыянальнае асьветніцтва застаецца супэрпраграмай, плюс праграмы дзеяньняў (Народны мэмарыял у Курапатах і інш.).
У сувязі з эскалацыяй імпэрскай палітыкі з Усходу мы павінны спыніць маўчаньне аб дзеяньнях Захаду (у прыватнасьці Эўразьвязу). Большасьць мерапрыемстваў дзіўнай і абсурднай, з майго гледзішча, заходняй палітыкі супраць рэжыму Лукашэнкі носяць у канцовым выніку антыбеларускі характар. Гэта вынікае з сьведама няправільнай ацэнкі рэжыму Лукашэнкі як нібыта самаіснай унутранай дыктатуры. Эўрабюракратыя, якая цяпер пры ўладзе ў Эўразьвязе, сьвядома і наглуха зачыняе вочы на сутнасьць канфлікту ў Беларусі, на беларуска-расейскую вайну, на агрэсіўную палітыку рускага імпэрыялізму, якая доўжыцца ўжо дзьвесьце гадоў. Адсюль адсутнасьць выразнай канцэпцыі эўрапалітыкі па Беларусі. Адсюль (ад нежаданьня спрачацца з Расеяй) няўхільныя дылетанцкія дзеяньні, падтрымка прарасейскай квазіапазыцыі (людзей, якія адкрыта кажуць, што рэжым іх корміць, бо Захад дае грошы на змаганьне з рэжымам), пазбаўленьне Беларусі гандлёвых прэфэрэнцыяў, забарона ўезду чыноўнікаў і г.д.
Ёсьць зьявы, пацьверджаныя вопытам і ўсім відавочныя. Ніякая эканамічная блякада ня ськінула і не аслабіла ніякі дыктатарскі рэжым. Для Беларусі стала толькі цяжэй жыць народу і зашмаргнула на горле расейскую пятлю. Эканамічная блякада Беларусі Захадам – гэта спрыяньне расейскаму захопу нашай краіны. І тут не абыходзіцца без расейскай разьведкі і расейскай дыпляматыі (каб ізаляваць “хаўрусьнічка” чужымі рукамі).
Той, хто рэальна думаў бы пра дапамогу ў пазбаўленьні ад дыктатуры ў Беларусі, той не перакрываў бы сабе шляхі ўплыву на атачэньне Лукашэнкі, не “умываў бы рукі” ад жмуднай працы кантактаў зь ягонымі чыноўнікамі на сваім полі. Расейцы, дарэчы, (якіх процьма на Захадзе разам з капіталамі) ад палітыкі ўплыву не адмаўляюцца. Мы ж бачым вынікі іхнай палітыкі.
Зянон Пазьняк
Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
12 жніўня 2007 г.