НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ЭТАПЫ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ

Першы гістарычна вялікі і сымвалічна-палітычны этап -- гэта 25 Сакавік 1918 года -- аб’яўленьне Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Дзень Волі. Перамога Беларускай Нацыянальнай ідэі. Адсюль пачалася новая гісторыя Незалежнай Беларусі.

Другі этап, важны для аднаўленьня незалежнасьці, -- 27 ліпень 1990 года, дзень прыняцьця Дэклярацыі аб суверэнітэце Беларускай ССР. Гэта быў дэкляратыўны крок у накірунку да Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь.

Задума прыняцьця дэклярацыяў аб суверэнітэце Рэспублік СССР зыходзіла з Масквы, асабіста ад Першага сакратара ЦК КПСС і прэзыдэнта СССР Міхаіла Гарбачова. Сутнасьць праекту КПСС была ў тым, каб аб’явіць фармальныя дэклярацыі аб суверэнітэце савецкіх рэспублік і потым заключыць новую дамову аб стварэньні абноўленага СССР, умацаваць такім чынам Савецкі Саюз, уладу Гарбачова і ўскладніць дарогу да ўлады Барысу Ельцыну.

(У рэальнасьці гэты праект неажыцьцявіўся і спрацаваў супраць Гарбачова. Савецкі Саюз разваліўся пасьля камуністычнага путчу ў жніўні 1991 года.)

Камуністы ў Вярхоўным Савеце БССР ухіліліся нават ад фармальнай працы над Дэклярацыяй. Гэта ўзялі на сябе дэпутаты БНФ і правялі свой праект праз галасаваньне, разумна падключыўшы камуністычную бальшыню, якая нават пагадзілася аб’явіць Дзень прыняцьця Дэклярацыі беларускім сьвятам Незалежнасьці. Гэта было важна для асьветы і незалежніцкай прапаганды, якая добра спрацавала.

Трэці этап. 25 Жнівень 1991 года. Праз год пасьля прыняцьця Дэклярацыі адбылася самая вялікая падзея ў беларускай гісторыі ХХ-га стагоддзя. Дзякуючы разумнай палітыцы і барацьбе Народнага Фронту была дасягнута Незалежнасьць Рэспублікі Беларусь, створана рэальная незалежная Беларуская дзяржава, прызнаная ўсім сьветам, якая цяпер існуе.

Адзначайма Дзень Дэклярацыі аб суверэнітэце і рыхтуймася да вялікага беларускага нацыянальнага сьвята 25 Жніўня -- Дня Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь!

 

27 ліпень 2026 г.

Зянон Пазьняк

Дадаць у: