Разбураючы Беларусь, рускія за 200 гадоў акупацыі зьнішчылі (забілі) мільёны беларусаў, спалілі беларускія кнігі, ліквідавалі рэлігію, перарабілі і зьнішчылі тысячы храмаў, перабудавалі і панішчылі цэнтры гарадоў, фізічна ліквідавалі цэлыя саслоўі людзей, зрусіфікавалі школу, але так і не змаглі забіць этнас беларускага народа (нават камуністы).Найбліжэй падышоў да гэтага злачынства П. Машэраў, бадай, ці не найбольшы камуністычны русіфікатар і нішчыцель беларускай нацыі. (Даведка. Пётр Машэраў, беларус па паходжаньні, сапраўднае прозьвішча Машэра (зьмяніў прозьвішча дзеля кар’еры), першы сакратар ЦК КПБ (КПСС). Удзельнік энкавэдзісцкай савецкай партызанкі на Беларусі. На пасадзе першага сакратара ЦК КПБ (КПСС) валодаў неабмежаванай уладай у Беларусі.)
За Машэравым ужо лічылася татальная русіфікацыя беларускай школы і адукацыі, штучная (непатрэбная) меліарацыя (нішчэньне прыроды) і пачатак ліквідацыі беларускай вёскі. Пры Машэраве ўзьнік плян ліквідацыі беларускіх вёсак пад выглядам "беспэрспэктыўных". Па пляну 75% вёсак мусілі быць зьнішчаны (34 тысячы паселішчаў). Гэты антычалавечы плян разбурэньня беларускага этнасу ўжо пачалі ажыцьцяўляць, але неўзабаве Машэраў згінуў, плян забуксаваў, а праз нейкі час разваліўся СССР.
Антыбеларускую падрыўную працу Машэрава прадоўжыў А. Лукашэнка. Разбуральны вынік шызоіднага гэбізму аказаўся катастрафічным. За кароткі час (18 гадоў) антыбеларускага рэжыму ў значнай ступені русіфікавана, алкагалізавана, разбурана (“аграгарадкі”) і зьнішчана беларуская вёска. Пад пагрозай апынулася існаваньне беларускага этнаса. Амаль начыста адбітая памяць у пакаленьня. Нацыю нішчаць, а яна не разумее, што адбываецца.
МОВА
Галоўнае пытаньне адраджэньня нацыяў у пэрыяд Вясны народаў Эўропы (у час крушэньня імпэрыяў) было пытаньне адраджэньня і грамадзкага сцьвярджэньня нацыянальнай мовы.
Галоўнае пытаньне палітыкі Расейскай імпэрыі на Захадзе (у Беларусі) -- ліквідацыя беларускай мовы.
Галоўнае пытаньне беларускага нацыянальнага адраджэньня -- грамадзкае і дзяржаўнае сцьвярджэньне беларускай мовы.
Усё, што ствараецца ў Беларусі (ці за яе межамі) не на беларускай мове (а гэта, як правіла, пры ўдзеле чужой агентуры КГБ) не зьяўляецца ні беларускай апазыцыяй, ні беларускім рухам, ні беларускім нацыянальным адраджэньнем. Выплюньце гэта, як сьліну. Наша гісторыя і наш вопыт даўно пацьвердзілі гэтую праўду.
"А мы вот по-русски, за Белоруссию, за ее историю и культуру. Разве это плохо?"
"Вы можаце быць за "Белоруссію" хоць па-руску, хоць па-кітайску, хоць па-японску, і гэта ня будзе "плохо". Але будучыні Беларусі ў гэтым няма."
ІНТЭЛІГЕНЦЫЯ
Інтэлігентнасьць ёсьць набытая выхаваньнем і адукацыяй, і ёсьць прыроджаная. Гэта здольнасьць чалавека свае веды, вопыт, думкі і дзеяньні сувымяраць з карысьцю для нацыі, для культуры, для народа і грамадзтва. Інтэлігент -- гэта інтэлектуал, які дбае пра Бацькаўшчыну і народ, які спалучае свае інтарэсы і веды з інтарэсамі нацыі і грамадзтва і можа дзеля гэтага ахвяравацца іншымі клопатамі.
Наяўнасьць інтэлігенцыі -- гэта ёсьць наша грамадзкая перавага перад Захадам. (На Захадзе не існуе інтэлігенцыі і дружбы. Людзі жывуць інтарэсамі і цэняць індывідуалізм, забясьпечаны правам.) У цяжкі для нацыі час, калі нішчаць культуру і мову, на інтэлігенцыю кладзецца адказнасьць і абавязак нацыянальна-культурнай асьветы грамадзтва. Цяжкі час даўно настаў.
Што робіць, чым займаецца беларуская інтэлігенцыя, гледзячы на нішчэньне мовы і разбурэньне культуры?
Ня трэба плакаць і бяз сэнсу абурацца на хама. Ня дайце яму ўсіх зрабіць хамамі. Не станавіцеся такімі, як ён. Не гаварэце, як ён. Ня будзьце на яго падобнымі. Шануйце нашу беларускую мову, гаварэце, сьпявайце, павожайце, вучэце дзяцей па-беларуску, нясіце сьвятло Беларусі ў душы людзей і ў цэлы сьвет.
09 студзеня 2013 г. Зянон ПАЗЬНЯК