Палітыка эканамічных санкцыяў Эўразьвязу дзеля ліквідацыі Беларусі, пад выглядам барацьбы з дыктатурай Лукашэнкі, не дала чаканых для Эўропы вынікаў. Дыктатура цалкам эканамічна пераарыентавалася на Расею, умацавала сваю ўладу і праводзіць сістэмны гібрыдны генацыд беларусаў шляхам татальных рэпрэсіяў народа.
Гэта ўбачылі ўсе, але Эўропа нічога іншага прыдумаць ня можа і адмовіцца ад памылковай палітыкі таксама не ў стане, бо ня ведае, што рабіць (ды-й ня хоча рабіць). Тым больш што ініцыятыву ў дачыненьнях зь Беларусяй пераняла Амэрыка і выбудоўвае тут свае інтарэсы.
Эўразьвяз у тупіку, але прадаўжае паказваць шматзначную міну пры кепскай гульні. Цяпер Эўразьвяз напоўніцу выкарыстоўвае сваю палітычную пакрышку "Офіс Ціханоўскай". З боку "Офіса" інтэнсіўна гучаць заклікі ўзмацняць эканамічныя санкцыі супраць Беларусі, тое вымаўляецца кожны дзень.
Нядаўна ў "дэмсмі" зьявіўся цэлы набор рафінаванай рыторыкі аб працягу і ўзмацненьні эканамічных санкцыяў супраць "рэжыму" (на справе супраць народа Беларусі). Маўляў, што б там ні рабіў Трамп, а Эўропа павінна ў санкцыях гнуць сваё. І тут жа дэмагогія аб спачуваньні і аб падтрымцы беларусаў (https://nashaniva.com/399351).
Цяпер гэтая рыторыка -- ёсьць поўная пустэча, апраўданьне грантаў. Сама Эўропа ў сьляпым завулку і нават не імкнецца зь яго выйсьці. Але словы гучаць.
Дарэчы, матар’ял у "дэмсмі" адкрыты і вельмі характэрны, можа яшчэ спатрэбіцца ў вольнай Беларусі. Ніхто нічога не зьбіраецца забываць. Занадта шмат шкоды нарабілі яны (рэжым і яго псэўдаапазыцыя) з абодвух бакоў.
8-07-2026
Зянон Пазьняк