У горадзе Нью Ёрку (што ў тэхналагічна і сацыяльна перадавой краіне сьвету) і ў цэнтры пандэміі з выдатнай медыцынай, пражывае 9 мільёнаў чалавек (ў Беларусі цяпер 9,5 млн). На 15 траўня ў Нью-Ёрку інфікавана 193602 чалавекі, памерла 20016 чалавек. Атрымліваецца, карэлятыўна, што ў Беларусі (афіцыйна 28,6 тыс. інфікаваных) колькасьць памерлых мусіла б быць каля 3000 чалавек.
Такі ж самы баланс (3000 сьмерцяў) атрымліваецца, калі прааналізаваць і параўнаць стан у Беларусі і ў Швецыі (тут таксама амаль роўная колькасьць насельніцтва). Увогуле баланс можа быць розны (меншы ці большы), але правіла балансу існуе, карэляцыя назіраецца.
На 16-ты травень у Беларусі рэальна (калі ўлічваць статыстычны аналіз) памерла ня менш чым тры тысячы чалавек. (Факты такія, што цяпер у шматлікіх шпіталях памірае за суткі ад 5 да 17 хворых на Ковід-19).
Тым часам вядома, што медыцынскіх работнікаў у Беларусі памерла ў 30 разоў болей, чым у ЗША. (На самай справе цяпер ужо не ў 30, а, відаць, у 50 і гэтая лічба катастрафічна павялічваецца).
У мяне трывожныя думкі, што нават некаторыя адукаваныя беларусы не адчуваюць, што адбываецца ў нашай краіне. (Не адчуваюць, як тыя праваслаўныя епіскапы ды сьвятары, пакуль не пачнуць хварэць ды паміраць).
16 травень 2020 г. Зянон Пазьняк