Агульны погляд на выбарчую кампанію, якая цяпер уступіла ў завяршальную фазу, дае магчымасьць убачыць вымоўную перамогу нашых ідэй аб няўдзеле выбаршчыкаў у фальшывых выбарах антыбеларускага рэжыму. Прапаганда гэтых пазыцыяў (байкоту) доўжыцца партыяй КХП-БНФ ужо больш за 10 гадоў. Асабліва драматычным быў 2004 год, калі псэўдаапазыцыя разам з рэжымам апантана выступілі супраць байкоту фальшывых выбараў і незаконнага рэфэрэндуму аб прадаўжэньні прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі. Лёзунг загону людзей на антыпраўны рэфэрэндум, выстаўлены псэўдаапазыцыяй, быў такі: «Ідзі і скажы яму сваё «не»!» Рэжыму ўдалося тады сарваць байкот і загнаць людзей на антызаконны рэфэрэндум. (Астатняе – фальшаваньне галасоў – было справай тэхнікі фальсіфікацыйнай машыны.) У выніку нацыя атрымала пажыцьцёвага калгаснага «прэзыдэнта». Злачынства, учыненае тады рэжымам і псэўдаапазыцыяй (дзе вызначыліся канкрэтныя асобы) ніколі ня будзе ськінута з рахунку.
Цяпер сытуацыя ўскладнілася. Ідэйна-палітычны крах псэўдаапазыцыі, які адбыўся ў апошнія два гады пасьля апошняй вялікай яе правакацыі 19 сьнежня 2010 года і падстава пад рэпрэсіі ўсяго дэмакратычнага руху, не прывялі яшчэ да нацыянальнага прасьвятленьня мазгоў, але выклікалі сумненьні, разброд і хістаньні ва ўсім гэтым несамастойным і несамавітым асяроддзі. Тактыку байкоту фальшывых выбараў, неабходную ў гэтай сытуацыі, не прыняў зь іх ніхто, але ідэі няўдзелу ў галасаваньні шмат хто і кожны па-свойму ўзялі на ўзбраеньне.
Працэс паказвае на магчымасьці расслаеньня псэўдаапазыцыі. Мы бачым, што за безумоўную абарону выбараў рэжыму і ўдзел у галасаваньні выступіла толькі найбольш антынацыянальная і зьвязаная з «канторай» яе частка (найперш -- «говправду» і камуністы – партыя Калякіна). Яшчэ цікава, што за ўдзел у выбарах выказаліся, практычна, усе асобы дэмапазыцыі, зьвязаныя з агентурай. Тут адбылася поўная мабілізацыя, якая паказвае, наколькі сур’ёзным для рэжыму ёсьць пытаньне байкоту, сьведчыць, што ў фальшаваньні галасаваньня антынародная ўлада будзе йсьці напралом.
Так яно і ёсьць – ідуць напралом. Пяць дзён антыпраўнага «папярэдняга» галасаваньня паказалі рэжым ва ўсёй яго родавай мярзоце. Наша партыя (КХП-БНФ) вызначыла ў розных месцах Беларусі па некалькі ўчасткаў для кантрольнага назіраньня за рэжымным ашуканствам і 26 выбарчых участкаў па Менску ва ўсіх акругах. Спарадычным агульным аглядам намі ахопленыя ўсе ўчасткі ў сталіцы.
На ўчарашні дзень (субота) агульная карціна такая. На «папярэдняе» галасаваньне галасаваць зьявілася вельмі мала людзей. Прыходзілі толькі вельмі старыя пэнсіянеры плюс моладзь з інтэрнатаў, якую прымусілі галасаваць пад пагрозай высяленьня, звальненьня альбо выключэньня з вучобы. Па першых нашых падліках у Менску прынялі ўдзел ў папярэднім галасаваньні (прымусілі прагаласаваць) агулам прыблізна каля 9-10% выбаршчыкаў. (Па нашых участках ад 5 да 15%). Зьвесткі ўдакладняюцца.
Паўсюдна адбываецца афіцыйнае завышэньне колькасьці прагаласаваных у сярэднім у два-чатыры разы. Паводзіны нашых назіральнікаў (інструкцыі, якія ім дадзеныя) выключаюць заўвагі і прэтэнзіі з боку камісіяў. Агрэсія рэжымных выканаўцаў супраць назіральнікаў у гэтых умовах набыла іншыя формы – найперш паклёпу і нагавору. Тэхналёгія гэбісцкай подласьці тут для іх традыцыйная. На назіральніка пішуць паклёпніцкі ліст у камісію аб прыдуманым парушэньні. Кіраўнік камісіі тут жа выдаляе назіральніка з участка. Пакуль назіральнік будзе зьвяртацца ў пракуратуру ды суд, галасаваньне скончыцца. І тады ўжо рацыя назіральніка ня мае значэньня. Але мы і на такія дзеяньні прадугледзелі контрамеры.
23 верасьня глядзім сумны працяг рэжымнага фарсу пагарэлага тэатра.
Зянон ПАЗЬНЯК
Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай
Партыі – БНФ і БНФ «Адраджэньне»
23 верасьня 2012 г.