НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ФАШЫЗМ

ФАШЫЗМ

Па гісторыі фашызму і яго адгалінаваньняў існуе велізарная літаратура і шмат вызначэньняў. Калі ўсё максімальна спрасьціць, то грунтам, асновай фашызму ёсьць ідэалёгія ўлады Беніта Мусаліні ў Італіі. Гэта, так бы мовячы, "класіка". Сутнасьць гэтай дзяржаўна-ідэалягічнай сістэмы ў тым, што ўлада мусіць належыць арганізаванай меншасьці, якая бярэ на сябе ўсе абавязкі па арганізацыі грамадзтва і забесьпячэньня ўсіх патрэбаў людзей. Такім чынам ствараецца саюз, "зьвяз" ( fascio ) паміж арганізуючай меншынёй (палітычным авангардам, элітай) і падпарадкаванай бальшынёй, якая даручае ўсе клопаты пра сябе ўладзе мяншыні. Улада арганізуючай мяншыні існуе ў форме дыктатуры з вяршэнствам дыктатара -- правадыра і лідэра (дучэ).

Такая арганізацыя грамадзтва (з гледзішча ідэалёгіі фашызму) ствараецца дзеля ўсеагульнага дабра. Дзяржаватворны ўладны чыньнік у арганізацыі грамадзтва (нацыі) ёсьць галоўнай сутнасьцю італьянскага клясычнага фашызму. (У адрозьненьне ад нямецкага "нацыянал- сацыялізму", дзе дзяржаватворным чыньнікам была ідэалёгія.)

У фармулёўцы "нямецкі фашызм" адлюстравана адна з формаў фашызму, але зроблена гэта зь вялікай нацяжкай расейска-савецкімі ідэёлагамі і прапагандыстамі. Ім мазоліла вушы што на самай справе тое, што ўтварылася ў Нямеччыне 30-х гадоў, -- гэта была адна з формаў сацыялізма. Назва яе -- "нацыянал-сацыялізм" (нацызм) спрыяла саветам і Сталіну дружыць з нацыянал-сацыялістычнай Нямеччынай і Гітлерам. Тэрміналёгію скарэктавалі, пераназвалі і адрозна ідэалагізавалі пазьней, калі два сацыялізмы разьвязалі Другую Сусьветную вайну. Але нацызм і бальшавізм моцна пераклікаліся, былі падобнымі і, фактычна, вырасталі з аднаго ілюзорнага сьветапогляду -- жаданьня зьнішчыць існуючае і стварыць новае чалавецтва.

Прывяду, дзеля цікавасьці, некалькі цытатаў фюрэра Нацыянал-Сацыялістычнай Нямецкай Рабочай Партыі ("известного Адольфа Гитлера"): "Сацыялізм -- гэта вучэньне аб тым, як трэба клапаціцца аб агульным дабры. Камунізм -- гэта не сацыялізм. Марксізм -- гэта не сацыялізм. Марксісты ўкралі гэтае паняцьце і сказілі яго сэнс. Я вырву сацыялізм з рук сацыялістаў.

У адрозьненьне ад марксізма, сацыялізм не адмаўляе прыватную ўласнасьць і чалавечую індывідуальнасьць."

І далей -- вельмі цікавае: "Мы маглі назваць сябе (sic!) лібэральная партыя. Але мы вырашылі назвацца нацыянал-сацыялістамі. Мы не інтэрнацыяналісты. Наш сацыялізм нацыянальны."

І цяпер пра лукашысцкі фашызм. Ён ня мае назвы, вызначальнай меткі, але сістэма ўлады, якая існуе, найбліжэй пераклікаецца з сістэмай італьянскага фашызму Мусаліні. Тым часам па ідэалёгіі гэта каланіяльны антынацыянальны фашызм прарасейскага кшталту. У сістэме сусьветнага фашызму тут цалкам адметная зьява (і, дарэчы, таксама цалкам тыповы і адметны яе "фюрэр").

Усе клясычныя прыкметы лукашысцкага фашызму на віду і лёгка чытаюцца нават міжнароднай супольнасьцю. Тым часам ягоная адметнасьць незразумелая шмат для каго. Лукашысцкі фашызм (паўтаруся) антынацыянальны, накіраваны на ліквідацыю сьвядомасьці, мовы і культуры беларускай нацыі. Гэта каланіяльны фашызм акупацыйнага кшталту.

Аналагаў такой сістэмнай палітыкі ўлады і такога фашызму ў сьвеце няма і, здаецца, не было (праўда, крыху набліжаліся да гэтага рускія бальшавікі).

Людзі за мяжой ніяк ня могуць усьвядоміць, як гэта дзяржаўная ўлада суверэннай краіны зьнішчае сваю мову, культуру і нацыянальныя каштоўнасьці. Замежны сьвет прычынамі глыбока не цікавіцца і такога нацыянальнага суіцыду не разумее, шукае вядомыя яму тлумачэньні. Унутранная акупацыя на Захадзе невядомая зьява. Сьвядомасьць заходняга чалавека не ў стане такую рэчаіснасьць успрыняць. Але гэта (антынацыянальная рэчаіснасьць) якраз і ёсьць сутнасьцю лукашысцкага фашызму на нашай зямлі.

 

26 верасень 2020 г.                                                     Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: