НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ФАЮМСКІ ПАРТРЭТ

ФАЮМСКІ ПАРТРЭТ

            Некалькі слоў пра фаюмскі партрэт. На гэтую тэму шмат напісана. Зьява ў жывапісе надзвычайная. Тут, у гэтым кароткім эсэ, я хацеў бы занатаваць свае пачуцьці і развагі.

            З усяго сусьветнага жывапісу, які мне прыходзілася бачыць у ілюстрацыях і арыгінале, найбольшае ўражаньне на мяне робіць фаюмскі партрэт. Тут такое моцнае эстэтычнае ўстрасеньне, як ад старой даўняй фатаграфіі – узьнікае шчымленьне душы. Бальшыня партрэтаў напісаныя ў дзівоснай рэалістычнай манеры. Яны выяўляюць такую выразнасьць індывідуальнага вобраза, якую сапраўды можна параўнаць толькі з фатаграфіяй. Гледзячы на гэтыя партрэты, увесь эўрапейскі партрэтны жывапіс, уключаючы рэнесанс і ўсе клясычныя стылі, здаецца калі ня мёртвым, то нейкім прыдуманым, штучным.

            Падкрэсьлю два аспэкты, якія выклікаюць захапленьне гэтымі партрэтамі. Найперш усе вобразы (якія надзвычай разнастайныя) добра пазнавальныя як тыпажы і цалкам псіхалагічна зразумелыя – узьнікае такое пачуцьцё поўнай адкрытасьці, здаецца, чуеш іх галасы і бачыш знаёмыя манеры. Са зьдзіўленьнем усьведамляеш, што гэта цяперашнія людзі, нашыя сучасьнікі, толькі жылі яны амаль дзьве тысячы гадоў таму. Гэта проста шакуе сьвядомасьць, настолькі максымальна набліжаныя да нас гэтыя людзі. Многіх зь іх я бачу на вуліцах Нью-Ёрка, сустракаў ў Варшаве і Менску.

            Па вопыту ведаю, што блізкі і зразумелы нам зьнешні воблік чалавека, як правіла, абманлівы, калі маем справу з асобай іншай цывілізацыі, культуры і іншай сістэмы каштоўнасьцяў. У адносінах зь імі паступова выяўляецца поўны “некантакт”, бо там, дзе ім сьмешна, нам прыкра, тое, што мы шануем, яны не заўважаюць, тое, што для іх важна, для нас здаецца мізэрным і нават нікчэмным. Але аблічча такога чалавека падобнае, як у нас: аднолькавыя ўсе рэакцыі і пачуцьці, якія на ім адбіваюцца. Мы падобныя, але ўяўленьні і каштоўнасьці ў нас іншыя.

            Не сумняваюся, што так ёсьць і з асобамі, адлюстраванымі ў фаюмскіх партрэтах. Але ўражаньне сучаснасьці іхных абліччаў, зразумеласьць іхнай натуры і душэўнай сутнасьці такія моцныя, што рацыянальна пазбавіцца ад гэтага ўражаньня немагчыма. Як і ў старой фатаграфіі, тут адчуваньне трансцэндэнтнага вобразу і спрэсаванага часу, дакладней – адзінства часу, успрыняцьце яго толькі як сучаснасьці (гэта значыць вечнасьці).

            Такому адчуваньню часу як вечнай сучаснасьці спрыяюць, на мой погляд, некалькі чыньнікаў.

1) Псіхалягічны чыньнік – усьведамленьне, што гэта рытуальныя пасьмертныя партрэты, мэта якіх -- перадача падабенства і сутнасьці памерлага. (Функцыя, якую раней выконвала зьлепак-маска.)

2) Тэхналягічна-эстэтычны чыньнік – партрэты (бальшыня зь іх) напісаны ў тэхніцы энкаўстыкі, якая выяўляе аб’ёмнасьць жывапісу і мазка. (Потым стала ўжывацца тэмпера, але эстэтычныя падыходы засталіся тыя ж.)

3) Вобразна-эстэтычны чыньнік уключае ў сабе глыбока распрацаваную традыцыю жывапісу, накіраваную на раскрыцьцё ўнутранай сутнасьці кожнага індывідуальнага чалавека праз зьнешняе падабенства.

            Характэрнасьць гэтай традыцыі – спалучэньне рэалістычных (натуралістычных) і ўмоўных прыёмаў пісьма ў адным вобразе.

            Другая характэрнасьць: стварэньне выразнасьці вобраза праз акцэнтацыю базавых канструкцый партрэта (складнікаў аблічча). Гэта найперш вочы. У меншай ступені – губы і нос. Астатняе (прычоска, валасы, вейкі, складкі, маршчыны і інш. могуць перадавацца альбо рэалістычна, альбо ўмоўна, нават схематычна і графічна. Жывасьць і выразнасьць аблічча ад гэтага не зьнікае, а наадварот, -- узмацняецца.

            Заўважу, што ў такой манеры жывапіснай традыцыі закладзены асновы множнасьці стыляў, фактычна, неабмежаваныя магчымасьці творчасьці без адыходу ад базавай асновы традыцыі.

            І тут я адзначаю другі аспэкт захапленьня ва ўспрыняцьці фаюмскага жывапісу.

            У гэтых партрэтах і ў такой манеры пісьма закладзены асновы і пачаткі ўсіх гістарычных стыляў жывапіснага партрэту, якія існавалі потым у сусьветным жывапісе на працягу двух тысячаў гадоў разьвіцьця мастацтва. Тут бачны стылёвыя прадпасылкі партрэтаў сьпелага рэалізму, рамантызму, акадэмізму, падыходаў клясыцызму, барока і рококо, імпрэсіянізму, экспрэсіянізму, мадэрну і г. д.

            Мастацтвазнаўцы ўжо даўно адзначылі, што візантыйскае іконапісаньне самым непасрэдным чынам зьвязана з стылістыкай і манерай фаюмскага жывапісу. Гэта відаць з першага погляду, асабліва ў трактоўцы вачэй і мадуляцыі абліччаў. Сувязь з далейшай гісторыяй жывапісу яскрава вынікае пасьля прагляду вялікай колькасьці гэтых старажытных твораў.

            Я пазнаёміўся з фаюмскім партрэтам у інстытуце (цяпер Акадэмія мастацтваў), праглядаючы альбомы жывапісу і слухаючы лекцыі. Рэпрадукцыі твораў выклікалі ў мяне здуменьне – адкуль такі дзіўны жывапіс у Эгіпце часоў Ісуса Хрыста? Потым я прышоў да думкі, што ў Эгіпце, дзе жывапісная культура мастацтва існавала ўжо шэсьць тысячаў гадоў, тут якраз усё і сфармавалася і пачалося, – усе асноўныя жывапісныя падыходы, прыёмы і азначэньні. І гэта нягледзячы на вельмі строгія правілы ў жывапіснай традыцыі, якая рэгламентавалася рэлігійным культам.

            Усё даўно ўмелі эгіпецкія мастакі, усё маглі, але гэтае ўменьне вольна выявілася толькі ў фаюмскім партрэце на пераломе тысячагоддзяў, калі ў пахавальным абрадзе адбыліся зьмены і зьявіліся новыя рэалістычныя адэкватныя патрабаваньні да мэмарыяльнага жывапісу.

            Дзесьці ў канцы 90-х гадоў я незаплянавана наведаў Мэтраполітэн Музэй у Нью-Ёрку, каб зьняць муляжы рыцараў на канях. Там якраз адбывалася выстава фаюмскага партрэта з розных музэяў і калекцыяў. Выстаўлена было каля сотні партрэтаў. Я патрапіў на гэтую выставу і быў ашаломлены.

            Я ўбачыў тое, пра што тут пішу: зародак партрэтнага мастацтва двух тысячагоддзяў Эўропы. Сама атмасфэра ў залях выклікала трымценьне.

            Найперш, тут былі арыгіналы. Кожная карціна зьмешчана ў чорнай урне за шклом, мела індывідуальнае асьвятленьне слабым сьвятлом ад звычайнай лямпы накальваньня.

            Фатаграфаваць было забаронена, але я ў гэтым паўзмроку незаўважна трохі ўсё ж паздымаў на чорна-белую стужку. Тое і засталося.

            Цяпер, праз пятнаццаць гадоў, сытуацыя непазнавальна зьмянілася. У Сеціве поўна каляровых рэпрадукцый з фаюмскіх партрэтаў. Можна мець даволі адэкватнае ўяўленьне. Мастацтвазнаўцы падлічылі, што ўжо вядома каля тысячы такіх пахавальных партрэтаў з Эгіпту. Цэлы сьвет глядзіць адтуль у вечнасьць жывымі вялікімі вачыма, у якіх адбіваюцца душы пакаленьняў мінулых людзей, і абліччы іх прыгожыя. Мне здаецца нават лепшыя, чым у сучаснага сапсаванага сьвету.

            Тут я зьмяшчаю невялікую падборку рэпрадукцыяў, скампанаваную якраз так, каб відаць былі стылёвыя асаблівасьці і прадвесьнікі будучых накірункаў.

 

17 чэрвеня 2013 г.                                                               ЗЯНОН ПАЗЬНЯК

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 


      
Дадаць у: