Уставай, краіна родная,
Уставай на сьмертны бой!
З рашыскай сілай цёмнаю,
З крамлёўскаю ардой!
(Перыфраза савецкай песьні)
Беларускім нацыянальным палітыкам, адраджэнцам і нацыянальным дэмакратам фашысцкая сутнасьць расейцаў і Расейскай імпэрыі была вядомая даўно: і ў ХХ-м стагоддзі, і ў ХІХ-м, і раней. Недаацэнена было, магчыма, толькі ўзьдзеяньне рускай прапаганды, якая цалкам асаблівага кшталту і незразумелая эўрапейскаму чалавеку, ягонаму розуму і мэнтальнасьці, бо заснавана на характарыстычнай хлусьні, якая зьяўляецца ў расейцаў нормай і сьветапоглядам. Беларускі чалавек не жыве падвойнай сьвядомасьцю і ўспрымае сьвет цэльна і адзінарна, як разумнае стварэньне. Бінарная сьвядомасьць расейцаў рацыянальна не абгрунтаваная, але вынікае, як мне здаецца, зь векавога рабства, прыніжэньня і нявольніцтва. Рускі хлусіць проста так, ад крывой душы.
Наконт рускай прапаганды мне ўспамінаецца адзін выпадак, пра які мне расказаў Антон Шукелойць. Летам 1944 года саветы занялі Ліду. Сабралі мітынг. На табурэтку стаў палітрук і сказаў: “Товарищи! Война приближается к концу. Гитлер убит. Советские войска взяли Берлин. Враг уничтожен. Вопросы есть? Митинг окончен.”
“Паруччык Дуб”, альбо п’яны – першае, што прыходзіць у галаву. Але потым разумееш: тут вышэйшы рускі прапагандысцкі пілатаж. На такое здольныя толькі расейцы, у душы якіх натуральна і нязмушана жыве асаблівы сьвет ілжы як спосаб паводзінаў і прынцып існаваньня.
Руская прапаганда, заснаваная на хлусьні, сапраўды была недаацэненая беларусамі, тым больш, што разбуральны замбуючы вынік яе ўзьдзеяньня на масы людзей -- відавочны. Людзі пасьля рускай прапаганды рабіліся як сьляпыя і блукалі ў поцемках. Савецкая акупацыя гэта наглядна прадэманстравала. Беларусы прымалі за “сваіх” народных мучыцеляў і чужакоў, забойцаў, ворагаў чалавецтва, адвечных магільшчыкаў Беларусі. Сцьвярджэньне, што ў 1944 годзе прагналі немцаў і на Беларусь прышлі “нашы” можна пачуць яшчэ і цяпер, нават ад маладзейшых людзей. Я не кажу ўжо пра так званых савецкіх “партызанаў”, нішчыцеляў Беларусі. (Па справаздачах і зьвестках маскоўскага энкавэдзісцкага штабу партызанскага руху вядома, што з усіх забітых партызанамі ў вайну толькі 10 адсоткаў былі немцы. Астатнія – беларускія сяляне, настаўнікі, дзеячы культуры, інтэлегенцыя, работнікі, сьвятары, моладзь і іншыя.) Пасьля вайны партызаны-энкавэдзісты загарнулі ў БССР усю ўладу. Разбурэньне нацыі працягвалася ўсе пасьляваенныя гады, пакуль кіравалі тыя партызанскія янычары.
Камуна-фашызм быў формай рускага імпэрыялізма. У 90-х гг., у час крызісу імпэрскай сістэмы і разбурэньня камунізму паўстала неабходнасьць дэмантажу савецкіх стэрэатыпаў у масавай сьвядомасьці і ў галовах людзей, найперш рэлігійнага культу Леніна і накінутага паняцьця аб дамінацыі Масквы ў беларускай гісторыі і жыцьці.
Характэрна, што тады расейская рэакцыя на крытыку Леніна і на крытыку рускага імпэрыялізма (які ў той час якраз убіраўся ў дэмакратычныя драпіроўкі) насіла агрэсіўны і звыклы ірацыянальны характар, пагрунтаваны на нянавісьці. Сёньняшнія падзеі -- напад Расеі на Украіну, захоп Крыму і фэнамэнальная па абсурду і хлусьні прапаганда супраць Украіны – усё гэта сарвала маску з Расеі, адчыніла вочы асобным людзям (нават выклікала ў некаторых стан нэрвовага стрэсу), але ў цэлым, нажаль, амаль не зьмяніла масавай міфалагічнай сьвядомасьці бальшыні насельніцтва Беларусі. Не гаворым ужо пра Расею, дзе фашызацыя масаў адбываецца ў містычнай форме.
Прычына зразумелая – татальнае ўздзеяньне рускай ілжывай тэлепрапаганды і адсутнасьць (дакладней, недаступнасьць) альтэрнатыўнай інфармацыі. Яно ўсё відавочна. І на гэтым тут пакуль паставім кропку.
Пытаньне ў іншым, на якое яшчэ няма яснага дакладнага адказу. Што гэта за зьява ўзьнікла ў Расеі? У чым яе сутнасьць? І чаго можна спадзявацца ад яе суседзям і ўсяму сьвету? Як зь ёй змагацца?
У 20-30-я гады сьвет не зразумеў камуна-фашызму – новай сацыяльна-палітычнай зьявы ў Эўропе і Азіі. Разуменьне прыйшло потым, пасьля крывавай Сусьветнай вайны, спаленых паселішчаў, разбураных гарадоў і дзясяткаў мільёнаў забітых людзей.
Тое, што адбываецца цяпер у Расеі (улічваючы сумны гістарычны вопыт чалавецтва), патрабуе хуткага і дакладнага асэнсаваньня. Яно неабходнае дзеля таго, каб ведаць, чаго спадзявацца і як можна прадухіліць фатальныя наступствы. Пытаньне патрабуе калектыўнага абмеркаваньня на ўзроўні беларускіх нацыянальных эліт.
Першае, што адзначаюць у нас і ва ўсім сьвеце, і нават у асобных меркаваньнях з Расеі, -- гэта незвычайны сатанінскі характар расейскай прапагандысцкай ілжы, якая гучыць з газэт, з эфіру і экранаў несьціхана, на працягу сутак, з дня ў дзень. Практычна, усе называюць гэтую зьяву “гёбельсаўшчынай” і адзначаюць, што па ўзроўні амаральнасьці, хлусьні і абсурду нічога падобнага на сьвеце яшчэ не было. Нямецкая гёбельсаўшчына мела рацыянальнае абмежаваньне. Рускі прапагандысцкі сатанізм такіх абмежаваньняў ня мае. Тут відавочная тэхналёгія, пабудаваная на ірацыянальным, якая мае аглушальны масавы псіхапатычны эфэкт у пуцінскай Расеі.
Карціны масавай тэлевізійнай веры расейцаў выклікаюць здумленьне рацыянальнай часткі сьвету, узьнікае адчуваньне нерэальнасьці таго, што адбываецца. Напрыклад, сцьвярджэньне аб злым Захадзе, дзе ў Брусэлі нібыта ловяць украінскіх дзяўчат, забіваюць іх, робяць зь іхнага мяса кансэрвы і пускаюць у продаж. Масы гэтаму вераць.
Ці тэле-інфармацыя пра тое, што ўкраінскія войскоўцы выразаюць ў забітых, раненых і палонных расейцаў ворганы цела і прадаюць нямецкім мэдыкам для апэрацыяў па перасадцы ворганаў.
Пасьля такой “інфармацыі” палонныя расейцы адмаўляюцца браць ежу (бо, маўляў, атруцяць) і ня хочуць мыцца пад душам, бо, маўляў, украінцы пусьцяць серную кіслату замест вады, каб умярцьвіць іх і выразаць ворганы.
Стоадсоткавая агрэсіўная вера рускага натоўпу ў маскоўскую макабарычную тэле-качку аб тым, што ўкраінскія салдаты ў горадзе Славянску публічна перад народам прыбілі цьвікамі да дошкі трохгадовае дзіця, і калі яно сканала, прывязалі да танка яго матку і цягалі яе за танкам па кругу вакол плошчы, а яна плакала і пакутвала. Гэтыя прыдумкі з вобласьці хворай псіхікі – публічна вяшчаюцца рашыстамі па тэлебачаньні і ўзбуджаюць рускі натоўп, які апантана верыць.
Прапагандысцкая зьява, якую мы назіраем у Расеі, патрабуе ўважлівага разгляду. Гэта ня толькі гёбельсаўшчына і ня толькі ідэалёгія. Мы бачым яе антычалавечы характар, пагрозу сьвету, але ня абазначылі яшчэ дакладна яе сутнасьць. Тым часам практыка паказвае, што няма такога глупства, абсурду і хлусьні, якія, прапушчаныя праз інфармацыйныя каналы Расеі, не знайшлі б татальнай масавай і псіхапатычнай падтрымкі рускіх, і ніякія рацыянальныя, лагічныя і відавочныя довады, факты і аргумэнты тут ня маюць значэньня. Рацыё, логіка і рэчаіснасьць тут бясьсільныя. Яны адключаныя. Руская народная маса гэтай рэальнасьці ва ўпор ня бачыць. У яе сьвядомасьці існуе толькі “рэчаіснасьць”, укладзеная праз тэлебачаньне, сродкі масавай інфармацыі і вобраз Пуціна, які цяпер непагрэшны і ўспрымаецца на веру як жывое боства.
У такім стане народнай сьвядомасьці любыя дзеяньні “непагрэшнага” лідэра, накіраваныя супраць ворагаў, знойдуць масавую падтрымку. І калі такіх дзеяньняў акажацца недастаткова, то маса запатрабуе большых. Ня лідар прыме рашэньне аб атамным удары, а натоўп стане патрабаваць рашучасьці, кшталту “укрыжуй іх, укрыжуй!”
Рускаму натоўпу Крэмль прапанаваў сэнс існаваньня. (Яны, такія нікчэмныя, стануць такімі вялікімі, іх будуць баяцца.) Можна нішчыць усё, ведаючы, што ня будзе пакараньня. Сама Масква, сам Крэмль, само дзяржаўнае тэлебачаньне кажа, што Украіна – не дзяржава, а ўкраінцы не народ, што ўкраінскай мовы не існуе, што украінцы – гэта “бандыты”, “бэндэраўцы”, “фашысты”, “прадаліся Захаду” і ўсе беды Расеі ад украінцаў, што іх трэба забіваць, а Украіна – маскоўская зямля. Нянавісьць ёсьць зьмест і ляйтматыў маскоўскай прапаганды. Тое, што мы чуем і бачым у Расеі, -- гэта масавы рускі амок. Думаю, што тут не метафара, але факт, які здаецца неверагодным.
Абмеркаваньне гэтага фэнамэнальнага пытаньня зь беларускімі інтэлектуаламі выяўляе даволі ўзгодненае адзінства поглядаў і ацэнак зьявы, якія можна падсумаваць у некалькіх пунктах.
1. У татальнай інфармацыйнай вайне з Захадам гэбісцкая Расея выкарыстоўвае найперш тэлебачаньне і ірацыянальныя тэхналёгіі на падставе ідэалёгіі рускага імпэрыялізму і поглядаў антызаходняга фашызму (“русский мир”).
2. Галоўным тэхналягічным прыёмам зьяўляецца хлусьня, даведзеная да абсурду і пазбаўленая рацыянальнага абгрунтаваньня з мэтай узьдзейнічаць на пачуцьці і эмацыйную падсьвядомасьць.
3. У ірацыянальных ацэнках і канкрэтнай форме ствараецца вобраз экзыстэнцыянальнага ворага. Гэта – Захад, НАТО і ЗША. (Гэта значыць, вечнага ворага, які мусіць быць толькі зьнішчаны.) Барацьба супраць экзыстэнцыянальнага ворага вымагае ўжываць ўсе і любыя сродкі змаганьня і пазбаўляе людзей ад індывідуальнай адказнасьці за свае дзеяньні. (Нездарма Захад фігуруе ў рашыстаў як калектыўны д’ябал. Супраць яго можна ўсё, усё дазволена, бо барацьба за існаваньне.)
4. Вынікам перамогі над сілай і над сьветам экзыстэнцыянальнага ворага павінна б было стаць становішча вышэйшага задавальненьня ад дамінаваньня над гэтым сьветам і ўсьведамленьне свабоды ад абавязку.
5. Вышэйпрыведзеныя палажэньні паказваюць, што чалавецтва мае справу ў Расеі ня толькі з інфармацыйнай тэхналёгіяй, не з рацыянальнай гёбельсаўшынай, а хутчэй – з арганізацыяй сьвядомасьці і псіхікі па прынцыпу веры рэлігійнай сэкты, дзе Пуцін – гэта непамыльнае боства, а тэлебачаньне, гэта літургія веры зь вяшчаньнем прапаведнікаў і казнадзеяў (журналістаў і камэнтатараў). Рацыянальныя ўспрыняцьце і лагічная сьвядомасьць тут ня існуюць, крытыцызм і сумненьні выключаюцца.
Паўтаруся, што дакладнае, адэкватнае вызначэньне зьявы надзвычай неабходнае, каб ведаць, як зь ёй змагацца. Мяркую, што для беларускіх інтэлектуалаў тут ёсьць кавалак працы
Зразумела, што мы маем справу са злачынствам супраць чалавецтва, якое не адлюстравана ў міжнародным і нацыянальным заканадаўстве. Трэба вызначыцца, якая вобласьць права павінна такое злачынства разглядаць, якога характару мусіць быць закон. Ці гэта будзе кваліфікацыя злачынства паводле нянавісьці, ці паводле паклёпу з разбуральнымі вынікамі, што прыводзяць да агрэсіі, страты маёмасьці і сьмерці людзей, ці паводле парушэньня журналісцкіх абавязкаў і журналісцкай этыкі, ці нават па кваліфікацыі дзейнасьці рэлігійнай дэструктыўнай сэкты (пра што ўжо пісалася ў Сеціве). Сутнасьць злачынства павінна быць абазначана дакладна, бо прадугледжвае дакладнае вызначэньне суда.
Рашызм (рускі фашызм) – зьява гістарычна ня новая. Тут можна ўбачыць нават мадыфікацыі некаторых паняцьцяў даўняй Арды. Але ніколі гэтая палітыка не была ўзброена такім магутным сродкам псіхічнага ўзьдзеяньня і прапаганды, як масавае і масава даступнае тэлебачаньне.
На сёньняшні дзень рашызм, яшчэ не зрабіўшы ніводнага стрэлу ў беларусаў, але маючы сваё тэлевяшчаньне ў нашай краіне, ужо ўплывае на палову Беларусі. Псіхіка вялікай часткі дэнацыяналізаваных беларусаў “паплыла” перад літургічнай дэзынфармацыяй рашызму праз рускае тэлебачаньне. Звычайныя людзі пачынаюць сябе паводзіць неадэкватна, не як разумныя беларусы, а як рускі натоўп, трацяць рэальную апору і зямлю пад нагамі і, здаецца, зноў здольныя ажыцьцявіць масавы нацыянальны суіцыд, як гэта здарылася летам 1994 года. Гэта фэнамэнальная зьява. Ніколі яшчэ хлусьня не была такой разбуральнай. Дваццаць гадоў антынацыянальнага рэжыму не мінаюць бяссьледна.
Пры захаваньні ўлады антыбеларускага рэжыму Лукашэнкі спыніць уплыў рашызму ў краіне немагчыма, бо рэжым зьяўляецца яго правадніком. Рэальна неабходна цяпер штодзённа рыхтавацца да збройнага супраціўленьня будучай агрэсіі з усходу (і абавязкова збройнага -- пра гэта я ўвесь час кажу і пішу). Толькі тады ёсьць шанец на ацаленьне і перамены.
Пры ажыцьцяўленьні перамен і пасьля ліквідацыі рэжыму неабходна будзе адразу адключыць усе каналы рускага тэлебачаньня. І тут жа ствараць (адраджаць) Беларускае нацыянальнае вяшчаньне.
Неабходна будзе прыняць антыфашысцкія законы і сістэматызаваць антыфашысцкае заканадаўства, асабліва зьвярнуць увагу на злачынствы на глебе нянавісьці.
Ва ўсіх акупацыйных канцэпцыях Расеі (апошняя ельцынская канцэпцыя была прынята ў 1995 г.) вялікая ўвага надаецца так званым “культурным кантактам”, якія зьяўляюцца важным аспэктам імпэрскай палітыкі і выконваюць дэструктыўную антынацыянальную ролю. Вопыт і пазыцыя Грузіі паказалі, што культурныя (на самой справе антыкультурныя) сувязі з фашысцкай Расеяй мусяць быць абавязкова спыненыя.
Павінна быць вернута беларуская нацыянальная адукацыя і асьвета з усталяваньнем элітных адукацыйных ліцэяў і калегіумаў, мусіць быць забясьпечана свабода слова і інфармацыі, прыняты заканадаўчы кодэкс журналіста, дзе будзе прадугледжана рэглямэнтаваная крымінальная адказнасьць за пашырэньне заведамай хлусьні з мэтай узбуджэньня нянавісьці і забарона на прафэсію за супрацоўніцтва журналістаў са спэцслужбамі і разьведкай. Павінна быць уведзена крымінальная адказнасьць за выкарыстаньне камуна-фашысцкай сымволікі і праслаўленьне камуна-фашысцкіх злачынцаў.
На сёньняшні дзень трэба разумець, што ня будзе ні вольнай Беларусі, ні вольнай Украіны (а ў суме – ні вольнай Эўропы), пакуль будзе існаваць рашызм і Расея як імпэрыялістычнае ўтварэньне. Толькі ліквідацыя рускага фашызму, рускага імпэрыялізму і дэзінтэграцыя Расеі адчыняць шлях да пераменаў, волі і нацыянальнай свабоды народаў.
1 жніўня 2014 г. Зянон ПАЗЬНЯК