НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ГАРБАТАГА МАГІЛА НЯ ВЫПРАВІЦЬ

ГАРБАТАГА МАГІЛА НЯ ВЫПРАВІЦЬ

Калі нямецкая справа з Нобелем для Алексіевіч удалася і немцы скакалі ад радасьці, што падклалі беларусам такую элегантную сьвіньню, здарыўся непрыемны для іх сюрпрыз: спадарыня набілянт непрыхільна выказалася пра Пуціна і Масква яе (такую рускую) за сваю не прызнала. Нямецкі эфэкт зыйшоў амаль што на нуль, а беларусы (няпомнячыя зла) разгарнулі абдымкі той, якая плявала на іх усё жыцьцё.

Разумныя беларусы, аднак, казалі, што нічога добрага для Беларусі ад такой асобы нельга спадзявацца, але яны гатовыя былі яе прыхільна ўспрымаць, абы яна ізноў ня гадзіла на народ, на мову і культуру.

Некалькі месяцаў (амаль паўгода) усё было спакойна. Самыя наіўныя і гнуткія беларусы пачалі за гэта хорам яе хваліць, называць празорцам і нават "сумленьнем нацыі" (не забывайма, што мы ўжо даўно жывем у сьвеце абсурду). Але ня доўга такое трывала. Ёсьць жа йшчэ экспартны варыянт. Ня можа пацук стаць ільвом (і нават бабром). Немцам трэба сплочваць "па-нямецку" (тут не ў лінгвістычным сэнсе трэба разумець).

26-га красавіка ў 30-ю гадавіну Чарнобыльскай катастрофы ў сеціўным варыянце нямецкай газэты "Tageszeitung" зьявілася інтэрвью Алексіевіч, дзе яна ў сваім звыклым хваравітым і ўпадніцкім успрыняцьці рэчаіснасьці паўтарыла зноў збочаныя выказваньні пра беларусаў. Вось некалькі цытатаў:

 

"Калі я размаўляю зь людзьмі ў Беларусі, для мяне зразумела, што яны ня маюць ніякага вопыту іншага жыцця. Толькі жыцця пакутаў. Беларусы маюць рабскі менталітэт. Гэта маленькая нацыя, яна заўсёды была прыгнечаная."

(Wenn ich mit den Menschen in Weißrussland spreche, wird mir klar, dass sie keine Erfahrung mit einem anderen Leben haben. Nur mit einem Leben des Leidens. Die Weißrussen haben eine Sklavenmentalität. Es ist eine kleine Nation, sie war immer unterdrückt.

( http://www.taz.de/Alexijewitsch-und-Harms-zu-Tschernobyl/!5297589/ ).

"Ні рускія, ні беларусы ні ўкраінцы ніколі не былі вольныя. Я нядаўна была ва Украіне і была ўражана, як сьвецяцца вочы маладых людзей . Яны хочуць стварыць іншую краіну. Але яны павінны змагацца супраць сваіх бацькоў, супраць іхных зацьвярдзелых уяўленьняў аб сваім рабскім жыцці. Найгоршы вораг Украіны якраз не Расея, хоць гэта жахлівы вораг, але сама старая Украіна."

(Weder Russen, Weißrussen oder Ukrainer waren je frei. Ich war vor Kurzem in der Ukraine und war begeistert, wie die Augen der jungen Menschen leuchten. Sie wollen ein anderes Land schaffen. Aber sie müssen gegen die eigenen Eltern ankämpfen, gegen deren starre Vorstellungen von ihrem sklavischen Leben. Der schlimmste Feind der Ukraine ist nicht einmal Russland, obwohl es ein schrecklicher Feind ist. Sondern die alte Ukraine selbst. ( http://www.taz.de/Alexijewitsch-und-Harms-zu-Tschernobyl/!5297589/ )

 

Для тых хто шчымліва хоча быць тут наіўным (маўляў, ён ня дурань і ня дрэнь, а проста даверлівы і памыляўся), адмыслова адзначу, што надзяленьне беларуса "рабскім менталітэтам", які быццам бы "ніколі ня меў свабоды", стаўленьне беларусаў у гэтым сэнсе ў адзін шэраг з расейцамі, ня ёсьць памылкай Алексіевіч і няведаньнем гісторыі краіны (культурны чалавек мусіць быць адукаваны). Тут асаблівы, характэрны для яе тып хлусьні (дарэчы, цалкам расейскі), кашчунства на праўдзе і на сьвятых каштоўнасьцях. Сэнс сказанага -- прыніжэньне беларусаў у вачах замежнікаў і ў вачах самых беларусаў.

Становішча ва Украіне ў выніку расейскай агрэсіі і анэксіі тэрыторыі цяпер вельмі цяжкое. Дакучае карупцыя, перашкаджаюць савецкія комплексы і ўяўленьні ў пэўнай часткі людзей, шкодзіць падрыўная дзейнасьць расейскай агентуры. Сытуацыя стандартная на постсавецкай прасторы. І вось мы чытаем як тое падае для немцаў Алексіевіч. Якая вырафінавана перакручаная фармулёўка пра рэчы відавочныя і ўсім зразумелыя. Не агрэсар-Расея вінаватая ў нішчэньні Ўкраіны, а, маўляў, сама Украіна, а моладзь павінна змагацца супраць сваіх бацькоў. Навошта спадарыні тут так цямніць!? Украінцы, аказваецца таксама "ніколі ня былі вольнымі" і пастаўлены побач з расейцамі (якія волі сапраўды ня ведалі). І гэта пра тую Украіну, якая пачалася яшчэ з Кіева, якая потым была часткай нашага вольнага Вялікага Княства Літоўскага, спарадзіла і зьведала Запарожскую вольніцу. Навошта казаць лухту насуперак таго, што ведае кожны школьнік? А ўся справа ў тым, што тое кажацца для немцаў. Там ня тое што школьнікі -- палітыкі нічога ня ведаюць пра Украіну і Беларусь. Вось носьбіт Нобэля ім ўсё растлумачыла. Будуць ведаць.

На ўсе лады ўсхваляецца канцлер Ангела Мэркель. Але цікавае ў іншым. Акуратна і непрыкрыта ўсхваляецца Пуцін (відаць з надзеяй на тое, што Масква ёй даруе, ацэніць і сваю авечку прыгорне). Гэтае мейсца варта працытаваць:

 

Алексіевіч: "Пасля "перабудовы" грамадзтва ператварылася ў анархічную банду. Грамадзтва распалася на часткі, якімі кіравалі бандыты на месцах. Толькі тады, калі Пуцін падняў, як мантру, вядомы лёзунг і выгукнуў: "Вялікая Расія" і "Мы зноў вялікія" -- зноў аднавіліся уніфікаваныя дзяржаўныя структуры."

("Alexijewitsch: Nach der Perestroika verwandelte sich die Gesellschaft in eine anarchistische Verbrecherbande. Die Gesellschaft atomisierte sich, regiert wurde das Ganze von den Gangstern vor Ort. Erst als Putin die bekannten Losungen wie ein Mantra aussprach – „Großes Russland“ und „Wir sind wieder groß“ –, begann sich das einheitliche Volksgebilde wieder aufzurichten.") (http://www.taz.de/Alexijewitsch-und-Harms-zu-Tschernobyl/!5297589/ )

 

Немцы не былі б немцамі, калі б не імкнуліся выправіць становішча. І яны яго выправяць. Падапечную прымуць у Маскве. Яна будзе там выступаць так, як трэба і фармулёвачкі пра "рабскі менталітэт" стануць агульным месцам у кісялёўскім "Гёбэльс-ТВ".

Я неаднаразова казаў аб магчымасьцях выбару паводзінаў, якія ўзьніклі перад Алексіевіч пасьля завяршэньня апэрацыі з Нобэлем. Гаворка йшла толькі пра рацыянальны выбар, бо такія асобы, што зацыкленыя на сабе, не зьмяняюцца.

На сёньняшні дзень маем тое, што маем. Сьвіньня падкладзена і вяшчаньне з купіны Нобэля пашыраецца. Па вялікаму кошту, аднак, усё, што зараз вэрбальна выказала з сябе і будзе выказваць Алексіевіч пра Беларусь (у айчыннай і экспартнай упакоўцы), мае малое, маргінальнае, неабазнанае і толькі эмацыйнае значэньне. Уплыву на культуру тут няма. Але, нажаль, выказваньні закранаюць гонар, годнасьць і сумленьне беларусаў, таму не застануцца не заўважнымі (гл., напрыклад, Валеры Буйвал. Зноў траскоча для немцаў. -- Народная Перамога, --1 траўня 2016 (Сеціва), тым больш, што тэатр вяшчаньня павялічыўся. Сезон назіраньня скончыўся. Як і раней, прыдзецца беларусам адзывацца на пляваньне ў іхны бок (вольнае і нявольнае) і адзывацца момантам вельмі жорстка.

Галоўны аргумант цяпер у карысьць Нобэля для Алексіевіч ў асяроддзі розных бесхрыбетных канфармістаў-пазытывістаў заключаецца ў тым, што "як бы там ні было", а прысуджэньне Нобэля прадстаўніку Беларусі паспрыяла папулярызацыі краіны ў сьвеце.

Гэта заведамая дэмагогія. Пры такім падыходзе самая вялікая радасьць для беларусаў -- гэта Лукашэнка. Ён найбольш паспрыяў вядомасьці краіны. Але яго дыктатура -- зьява адмоўная. Нобэль для адыёзнай Алексіевіч ёсьць для Беларусі таксама зьява адмоўная. Тое ўжо робіцца відавочным нават для тых, хто раней на штосьці спадзяваўся. Усе грушы з нобэлеўскай вярбы для беларусаў яшчэ наперадзе.

 

2 траўня 2016 г.                                                                                                           Зянон Пазьняк

 

P.S. Калі хто цікавіцца больш падрабязна асобай Алексіевіч, прапаную лінкі артыкулаў:

http://www.bielarus.net/archives/2009/06/30/1627

http://www.bielarus.net/archives/2009/07/15/1633

Дадаць у: