Паважаныя фронтаўцы, паважаныя сябры нашай народнай партыі. Мой зварот да Вас і да ўсіх беларусаў, якія разумеюць, што адбываецца ў дзяржаве.
Выбараў няма. Рэжым стварыў сістэму фальсіфікацыі выбараў для падтрыманьня нязьменнасьці сваёй улады. Дзеля імітацыі выбараў яму патрэбныя выбаршчыкі на выбарчых участках, каб засланіць імі сваё фальшэрства. Таму хадзіць на фальшывыя выбары нельга. Гэта будзе неўсьвядомленая падтрымка фальсіфікацыі. Ад галасоў людзей у гэтай сістэме нічога не залежыць. У рэальнасьці фальсіфікатары нават ня ўлічваюць галасы выбаршчыкаў. Малююць свае вынікі галасаваньня і зацьвярджаюць у адміністрацыі (у начальства).
Ня йдзем на фальшывыя выбары! Байкот ашуканству!
Нехаджэньне на фальшывыя выбары павінна прадугледжваць альтэрнатыўнае гуртаваньне грамадзтва, пашырэньне грамадзянскай супольнасьці на аснове нацыянальных і дэмакратычных каштоўнасьцяў. Гэта стане накапленьнем грамадзкай нацыянальнай сілы, якая ў патрэбны час будзе ўплываць на лёс Беларусі.
Нельга дазволіць правакатарам справакаваць людзей раней часу і падставіць пад разгром, як гэта здарылася ў 2010 годзе.
Цяпер тыя ж самыя правакатары ў асобе адказнага за пабіцьцё беларусаў у 2010 годзе Мікалая Статкевіча, зноў бяссэнсоўна клічуць людзей выйсьці на плошчу 12-га верасьня і зноў бяссэнсоўна падставіцца.
Папярэджваю (хто здольны разумець), не хадзіце за правакатарамі. "Палатка" -- гэта не парлямант. Гэта бяспраўны фантом парляманту, прыдуманы дзеля шырмы захопнікамі ўлады. Выбары ў фантом-палатку нічога не вырашаюць, тым больш фальшывыя выбары, на якія людзям няма магчымасьці ўплываць.
Беражэм і гартуем сілы для сур’ёзнай барацьбы, якая наперадзе, і якая прывядзе да перамогі.
Слава Айчыне!
Жыве Беларусь!
9 верасьня 2016 г.
Зянон Пазьняк
Старшыня народнай Кансэрватыўна-Хрысьціянскай
Партыі -- БНФ і Беларускага Народнага Фронту
"Адраджэньне"