Гістарычная аксіёма такая: малыя Прыбалтыйскія краіны былі інструмэнтамі палітыкі вялікіх краінаў (краінаў Антанты, альбо Нямеччыны). Цяпер карціна не зьмянілася. Дэманстратыўную антыбеларускую пазыцыю займае Летува (часта з парушэньнямі права). Тут даволі нерацыянальныя паводзіны, асабліва, калі глядзець у будучыню. Толькі пачытайце (партал "Свабода"), што кажа былы міністар гэтай краіны, якая праводзіць брусэльскую палітыку:
«Забудзьце пра сувэрэнную дзяржаву Беларусь побач з намі, няма яе. Ёсьць толькі інструмэнт Крамля».
Альбо: «Амэрыканскія палітыкі робяць адну і тую ж памылку адносна Лукашэнкі»
А прэзыдэнт Наўседа ў мінулым годзе нецярпліва нават назваў Беларусь "губерніяй Расеі".
Цяпер ён патрабуе "абмежаваць калінінградскі чыгуначны транзіт, але толькі для Беларусі".
"Гаворка ідзе не пра транзіт расійскіх тавараў у Калінінградскую вобласць,-- удакладняе Наўседа, -- а пра абмежаванні на беларускія тавары». Гэта ж які саліст!
Цяпер, калі пазыцыя беларускіх нацыянальных палітыкаў за мяжой і адміністрацыі Трампа паднялі з долу палітычную суб’ектнасьць Беларусі (якую закопвалі эўралібэралы), яны праз сваіх летувіскіх "проксі" кажуць: «Амэрыканскія палітыкі робяць адну і тую ж памылку адносна Лукашэнкі». (Але справа тут не ў Лукашэнку, а ў Беларусі і "памылкі" амэрыканцы ня робяць.)
І ў працяг -- з-за кантрабандных паветраных шарыкаў з цыгарэтамі (якія ў выніку перакрыцьця мяжы лятаюць зь Беларусі ўжо працяглы час, бо працуе адна беларуска-летувіская кантрабандная мафія) летувіскія ўлады вырашылі зачыніць межы зь Беларусяй. (Пытаньне: а прычым тут межы? І для каго зачынілі гэтыя межы?). Што называецца, ствараюць дзіцячы прэцэдэнт, а можа, маўляў, Трамп заўважыць і перастане выцягваць палітвязьняў.
За пару дзён зачыненьня мяжы пацярпелі ў агульным ліку больш за 140 рэйсаў і больш за 20 тысяч беларускіх пасажыраў.
Непрыняцьце рэпрэсіўнага рэжыму Лукашэнкі -- гэта пахвальна і зразумела. Але псаваць дачыненьні зь беларускай нацыянальнай дэмакратыяй -- гэта трэба ўмець. (Гэтаксама як і паставіць на газпрамаўскую падстаўную пачку.) Хоць бы наперад паглядзелі.
З. Пазьняк
28-10-2025.