Першаадкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк камэнтуе публікацыю Цэнтрам польска-расейскага дыялёгу і паразуменьня сьпісу з 98 чалавек, закатаваных бальшавіцкім рэжымам.
Лідэр Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазняк пагутарыў з журналістам «Радыё Свабода» Сяргеем Навумчыкам.
«Тлела надзея, што знайду ў Курапатах парэшткі дзеда»
- У прэсе апублікаваны сьпіс 98 рэпрэсаваных, сярод якіх ёсьць і Ян Пазьняк. Выказана меркаваньне, што гэта — Ваш дзед. Як Вы ўвогуле успрынялі гэтую публікацыю?
- Ну, тое што гэта мой дзед, тут няма ніякіх сумненьняў. Але я хацеў бы сказаць пра гэты матэрыял у цэлым. Што датычыць апублікаваных 98 прозьвішчаў рэпрэсаваных людзей, дык перш за ўсё хацеў бы падзякаваць спадару Лукашу Адамскаму за справу, якую ён робіць па пошуку ахвяраў бальшавізму. Тут канкрэтызаваныя некаторыя факты, якія дапамогуць у наступных дасьледаваньнях.
Я, напрыклад, меркаваў, што пасьля Новавільні Яна Пазьняка адразу павезьлі ў Менск, і расстралялі ў тым жа 1939 годзе. Аказалася, што ён патрапіў у злавесную Ігуменскую турму, і толькі ў 1940-ым годзе быў перавезены ў Менск. У 1988 годзе, падчас археалягічных раскопак Курапатаў, у мяне тлела надзея, што я знайду там яго парэшткі. Такія цуды бываюць. Знайшоўся, напрыклад, расстраляны брат Янкі Брыля ў Быкаўні пад Кіевам.
Адно з дасьледаваных мной пахаваньняў у Курапатах было настраляна з людзей інтэлігентных і гарадзкіх, у несавецкім адзеньні. Быў выяўлены нават чэрап, з акулярамі, як у майго дзеда на фатаграфіі. Але ідэнтыфікаваць нічога не ўдалося. Вельмі важна знайсьці дакумэнты. Таксама вельмі важна выявіць пахаваньні ў парку Чалюскінцаў — другога месца расстрэлаў ў Менску па велічыні пасьля Курапатаў. Пасьля дасьледаваньня Курапатаў я гэтым якраз думаў заняцца, але ўсё склалася інакш.
«Беларуская турма» — гэта як «польскі Асьвенцім»
Цяпер, аддаючы належнае працы спадара Адамскага, мушу выказаць жорсткую крытыку ў дачыненьні да таго, што і як ім напісана. Найперш, пра тэрміналёгію. Няма так званага «беларускага катынскага сьпісу». І не было так званых «беларускіх турмаў» за часы СССР. Гэта проста абуральна, што навукоўцы, якія павінны разумець значэньне тэрміналёгіі, ужываюць тут такія азначэньні. Калі так будзе працягвацца далей, дык спадару Адамскаму трэба перайсьці таксама на тэрміналёгію прэзыдэнта Абамы адносна «польскага канцэнтрацыйнага лягеру Асьвенцім», як казаў Абама. Тады мэтадалёгія будзе завершанай. Беларусь пад савецка-бальшавіцкай акупацыяй ня мела ні «беларускіх турмаў», ні «беларускіх куляў», ні «наганаў» і ніякіх правоў. І не складала «беларускія сьпісы». У краіне шалеў рускі бальшавіцкі генацыд, беларусаў забівалі, забівалі народ. І людзям, якія ня хочуць, каб называлі Асьвенцім «польскім лягерам», варта тое памятаць.
«Гэта ня ёсьць частка «катынскага сьпісу»
І па самім сьпісе — 98 рэпрэсаваных. Гэта ня ёсьць частка «катынскага сьпісу», ён складаецца тут у асноўным з цывільных людзей розных прафэсіяў, заняткаў і нацыянальнасьцяў. Катынскі сьпіс — гэта, найперш, сьпіс палонных польскіх афіцэраў, якіх расстралялі бальшавікі. Нават не зразумела, навошта пускаць такую перакручаную і недакладную інфармацыю? Трэба яшчэ ведаць і тое, што ў 1939-41 гг. бальшавікі-энкавэдзісты вынішчалі ў Заходняй Беларусі перш за ўсё — беларускую інтэлігенцыю і беларускіх дзеячоў, нават членаў КПЗБ. Выкарыстоўвалі пры гэтым шырму «барацьбы з буржуазнай Польшчай». Цяпер, пакуль у Беларусі і Расеі пануе гэбізм — праўды пра савецкі генацыд вельмі цяжка дамагчыся. Але вечна так ня будзе. Толькі нашу праўду мы мусім вызваліць і дасьледаваць самі.
«У Курапатах пахаваныя ня толькі беларусы»
- Зянон Станіслававіч, у камэнтарах да публікацыі некаторыя напісала — ну а што цяпер Пазьняк скажа наконт палякаў у Курапатах? Апублікаваныя матэрыялы зьмянілі Вашую пазыцыю ў гэтай тэме?
- Тое, што ў Курапатах пахаваныя ня толькі беларусы, але верагодна і палякі, гэта я даказаў яшчэ ў 1988 годзе. Не даказана — абсалютна не даказана — дзе пахаваныя расстраляныя польскія афіцэры, тая частка, якая ня знойдзена. І таму фантазіраваць бяз фактаў і без дакумэнтаў — нельга, таму што гэта справа сур’ёзная, людзкімі жыцьцямі так не кідаюцца. Для таго, каб знайсьці гэта, перш за ўсё трэба знайсьці дакумэнты і мець неабвержныя факты. Тады канкрэтна пра гэта трэба будзе гаварыць. Што датычыць гэтай канкрэтнай растралянай групай людзей, цалкам верагодна, што яна расстраляная ў Беларусі, цалкам верагодна, што ў Курапатах, магчыма, што ў парку Чалюскінцаў, магчыма, у Магілёве, дзе было вялізарнае месца расстрэлаў і было вельмі жорсткае НКВД, але гэта ўсё — домыслы на пустым месцы. Паўтараю, трэба мець дакумэнты і трэба мець факты. І тады канкрэтна пра гэта гаварыць.
- Паколькі мы гаворым пра рэпрэсіі — слова Курапаты непарыўна зьвязаныя са словамі Сталін, бальшавізм, камунізм. Празь некалькі дзён спаўняецца 60 гадоў зь дня сьмерці Сталіна. На Ваш погляд, у чым прычына таго, што Беларусь, беларускае грамадзтва не пазбылася рудымэнтаў сталіншчыны, рудымэнтаў таго, што зьвязанае з найвялікшай трагедыяй ХХ стагодзьдзя?
- Беларускае грамадзтва даўно пазбылася гэтых рудымэнтаў. Справа зусім не ў грамадзтве, справа ў той акупацыйнай уладзе, якая зараз ёсьць у Беларусі. Справа ў гэбізме. Нашчадкі тых людзей НКВД, якія ў 30-ых, у 40-ых забівалі народы, нашчадкі гэтай арганізацыі зараз валодаюць абсалютнай уладай у Расеі і ў Беларусі. І таму вядзецца адпаведная палітыка, прыдумляюць «лініі Сталіна» і гэтак далей. Грамадзтва тут ні пры чым, грамадзтва нашае — няшчаснае, а справа ўся ў сацыяльнай сыстэме, у сацыяльнай уладзе, якая ёсьць на Беларусі і ў Расеі.