У 1952 годзе ў Канадзе беларусамі была запачаткавана добрая традыцыя рэгулярна, раз на два гады сабрацца разам з усяго паўночна-амэрыканскага кантыненту і пагаварыць пра цяпершчыну, будучыню і нашае беларускае існаваньне. Беларусы Паўночнай Амэрыкі (ЗША і Канады) былі на той час галоўнай нацыянальнай сілай Беларускай эміграцыі. Яны рэгулярна зьбіраліся і ўзгаднялі свае дзеяньні. Традыцыя жыве і цяпер. Ня страчана эстафета. Хоць усім пацяжэла.
Цяперака наша Айчына перажывае цяжкі час: краіна пад гібрыднай акупацыяй Масквы і прамаскоўскай здрады, там топчацца чужое войска і лятаюць чужыя самалёты, няспынна адбываюцца рэпрэсіі супраць беларусаў, у турмах 50 тысячаў вязьняў па палітычных абвінавачваньнях, зьнішчаюць беларускія кнігі і бібліятэкі, жыцьцё перапоўнілася расейскай хлусьнёй.
Асабліва хлусяць пра беларускую гісторыю і барацьбу, пра Незалежнасьць, здабытую 33 гады таму, 25-га Жніўня 1991 года. Хлусяць і прыніжаюць веліч 25-га Сакавіка 1918 года, пішуць няпраўду пра стварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі. Прыкрываючыся часам беларускасьцю, ворагі Беларушчыны мэтанакіравана зьневажаюць знакамітых беларусаў, палітыкаў, пісьменьнікаў і дзеячоў, аблайваюць нават Васіля Быкава, а апошнім часам сталі зноў паклёпнічаць на беларускую пасьляваенную эміграцыю. Гэта таму, што пасьляваенная беларуская эміграцыя ёсьць вялікая зьява ў беларускім нацыянальным жыцьці. І ворагі нацыі брэшуць на яе.
І тут я хачу зьвярнуць на гэта ўвагу і выказаць хвалу гэтай нашай знакамітай пасьляваеннай беларускай эміграцыі. Бальшыня зь іх прайшлі праз лягеры ўцекачоў у Эўропе, праз супраціў гітлераўцам і маскоўскім бальшавікам, праз Монтэ-Касыно, праз перасьлед. У ЗША у пачатку 50-х гадоў прыехала каля пяці тысячаў беларусаў, крыху менш -- у Канаду. Яны стварылі тут беларускія грамадзкія, палітычныя і культурніцкія арганізацыі, заснавалі і пабудавалі беларускія цэрквы, фундацыі, беларускія цэнтры і асяродкі, выдавалі беларускія газэты, часопісы і кнігі, рабілі мастацкія выставы, адрадзілі дзейнасьць Рады БНР, стварылі Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва, які рэгулярна выпускаў беларускія гадавікі і выдаў дзясяткі кніг, што сталі ўкладам у беларускую навуку, літаратуру і літаратуразнаўства.
Асабліва адзначу літаратуру, паэзію, літаратуразнаўства, музыку, мастацтва. Увогуле, калі азірнуцца ўглыб на ўсё, што зрабіла і стварыла пасьляваенная беларуская эміграцыя, то карціна ўражвае. Тут (найперш у ЗША, Канадзе, таксама ў Вялікабрытаніі ды Францыі) была створана вялікая і сканцэнтраваная беларуская нацыянальная культура, якая была альтэрнатыўнай зьявай насуперак савецкай каланіяльнай культуры БССР, што існавала пад маскоўскай акупацыяй.
Эміграцыйная беларуская культура спарадзіла творцаў і імёны, што навечна ўвойдуць у залаты фонд Беларускай Нацыі, яе творчасьці і гісторыі. Тут і паэты Алесь Салавей, Натальля Арсеньнева, Міхась Кавыль, Уладзімер Дудзіцкі, Майсей Сяднёў, Хведар Ільяшавіч, Уладзімер Клішэвіч, Мікола Вярба, (Мацьвей-Мітрафан) Анатоль Бярозка, Мікола Цэлеш і іншыя.
Тут кампазітары і музыказнаўцы: Мікалай Шчаглоў-Куліковіч, Мікола Равенскі; пісьменьнікі Кастусь Акула, Юрка Віцьбіч, Аляксандра Саковіч; мастакі Пётра Мірановіч, Тамара Стагановіч; літаратуразнаўцы і дасьледчыкі Антон Адамовіч, Аўген Калубовіч, Вітаўт Тумаш, Леанід Галяк, Янка Станкевіч і Станіслаў Станкевіч, Вітаўт Кіпель, Янка Запруднік і інш.
Тут шматлікія грамадзкія і палітычныя дзеячы: Аляксандар Міцкевіч, Антон Шукелойць, Аляксандар Сільвановіч, Кастусь Мярляк, Барыс Кіт, Янка Азарка, Сяргей Карніловіч, Анатоль Лук’янчык, Расьціслаў Завістовіч, Аляксандар Орса, Радаслаў Астроўскі, Францішак Кушаль, Яніна Каханоўская, Мікола Абрамчык, Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Язэп Сажыч, Васіль Русак, Уладзімер Набагез, Віталь Кажан, Ала Орса-Рамана, Васіль Шчэцька і іншых шмат. Спынюся на гэтым, бо пералік будзе надта доўгім.
Але яшчэ адзначу некалькі знакамітых канадзкіх беларусаў, якія стаялі ў аснове грамадзкага жыцьця ў Канадзе і непасрэдна прылучыліся да ініцыятывы супольных сустрэч. Гэта Барыс Рагуля, Раіса Жук-Грышкевіч, Уладзімер Ганько і Марыя Ганько, ужо адзначаны наш вялікі пісьменьнік Кастусь Акула, Янка Сурвіла і Івонка Сурвіла.
Хвала ўсім гэтым людзям і дзясяткам іншых, якіх я тут яшчэ не пералічыў, але якіх ведаў, чуў і чытаў. Адзначу нашае вялікае беларускае хрысьціянскае духавенства на эміграцыі, якое, будучы ў Амэрыцы, унесла ўклад у навуку і гісторыю Хрысьціянства і ўздымала беларускі дух нашай Айчыны. А гэта і айцец Мікалай Лапіцкі, і сьвятар Хведар Данілюк, і айцец Сьцяпан Войтанка, і пастар Ян Пятроўскі, і япіскап Мікалай Мацукевіч, і сьвятары, якія спрычыніліся дзеля народу Божага і падняцьця духу нашай Бацькаўшчыны. (Я не кажу тут яшчэ пра беларускае сьвятарства ў Лёндане і Парыжы, пра біскупа Чэслава Сіповіча ды айца Льва Гарошку, Аляксандра Надсана ды іншых, бо гэта асобная не амэрыканская тэма.)
Хачу сказаць нам, беларусам. Шануйма працу, здабыткі, імёны іх усіх, шануйма сябе, бо цемра (расейская цемра) ідзе супраць нас, і ня толькі расейская. На жаль, у рэальнасьці, Захад, і асабліва Заходняя Эўропа, не падтрымлівалі беларускай незалежнасьці. У канцы 18-га стагоддзя, разам з маскоўшчынай, яны спрычыніліся да зьнішчэньня нашай знакамітай некалі наймагутнейшай у Эўропе дзяржавы -- Вялікага Княства Літоўскага.
Фактам зьяўляецца тое, што ў 1918 годзе, насупраць нямецкаму Райху, насуперак нямецкай акупацыйнай арміі, насуперак Антанце і насуперак бальшавіцкай маскоўшчыне, мы, беларусы, ва ўмовах вайны і акупацыі, самы, не зважаючы на перашкоды, арганізавалі і стварылі Беларускую Народную Рэспубліку, і 25-га Сакавіка аб’явілі пра яе дзяржаўную незалежнасьць. І Беларусь жыве!
25-га Жніўня 1991 года, праз 73 гады камуна-савецкай акупацыі, Беларускі Народны Фронт Адраджэньне і народ, які яго падтрымаў, дамагліся незалежнасьці Рэспублікі Беларусь, нягледзячы на супраціў і непадтрымку ўсяго заходняга сьвету (Амэрыкі і Эўропы), што стаялі за Гарбачова і мроілі пра "дэмакратычную Расею", якой ніколі ня будзе і не магло быць. Але мы, беларусы, самы скарысталі момант, і сілай ды розумам народнага авангарду (Народнага Фронту) здабылі беларускую незалежнасьць.
Хвала вялікім беларускім змагарам 1918 года, што адрадзілі Айчыну. Іх амаль усіх замардавалі потым маскоўскія акупанты, але Беларусь ёсьць, дзякуючы іхным ахвярным жыцьцям!
Хвала Беларускаму Народнаму Фронту Адраджэньне і моцным беларускім змагарам 1991 года, якія вярнулі і здабылі незалежнасьць Беларусі! Дзякуючы ім, нягледзячы на трагічны час, наша Бацькаўшчына жыве.
Гісторыя сьведчыць, што ў барацьбе за вольную Беларусь, за яе будучыню, за яе народ і свабоду мы, беларусы, можам спадзявацца толькі на самых сябе. Будзе так, як мы зробім. Будзьма пэўныя ў сваёй сіле і ў сваіх магчымасьцях. Яны неабсяжныя. Перад намі задача нацыянальнага існаваньня. Шануйма сваю гісторыю і сваіх герояў. Шануйма ўсіх беларусаў! Любем сябе. Не пускайма здраду і чужых куміраў у нашае сэрца.
Цяперака ідзе вайна, у якой важыцца лёс Украіны і Беларусі. Для нас гэта жыцьцё па законах ваеннага часу. Усімі сіламі мы павінны дапамагаць украінцам. Бо толькі калі будзе разьбіты і пакараны расейскі мордар, тады абваліцца і прамаскоўскі рэжым Лукашэнкі. І толькі тады мы здабудзем свабоду і адбудуем вольную Беларусь. Слава Айчыне!
14 кастрычнік 2024 год. Зянон ПАЗЬНЯК