Ніжэй (гл. папярэдні допіс: "Зацемка пра "сякеру пад лавай") я, спадзеючыся на чытацкае разуменьне з паўслова (бо сітуацыя палітычна банальная), зьмясьціў у ФБ кароткую рэпліку пра сімптаматычны факт -- пра крытычную актыўнасьць лукашысцкай намэнклятуры супраць існуючага рэжыму. На жаль, мяркуючы па камэнтарах, я перацаніў магчымасьці. Патрэбна тлумачэньне.
1. Юрыдычная ацэнка нацыянальна шкоднай дзейнасьці Лукашэнкі і ягонага асяроддзя зроблена ў 1996 годзе дэпутатамі Вярхоўнага Савета, якія ініцыявалі і давялі да Канстытуцыйнага суда патрабаваньне імпічманту прэзыдэнта. У 1999 годзе юрыдычны аналіз злачынстваў Лукашэнкі быў зроблены таксама Віктарам Ганчаром (адна з прычын чаму яго забілі). У наступныя гады было мноства матар’ялаў ў друку і ў Сеціве якраз на гэтую тэму. Сакрэтныя "функцыянеры-аналітыкі" (што пададзеныя ў відэа) не зьяўляюцца ў гэтай тэме "першапраходцамі", на тое што дасягнута іншымі яны не спасылаюцца, бо былі занятыя тады падтрымкай рэжыму Лукашэнкі.
2. Калі мець на ўвазе дасьледваньне, то праца без гісторыяграфіі выклікае сумнівы, сьведчыць аб няведаньні альбо аб пабочным інтарэсе аўтараў. Базаваньне на дасягнутым і зробленым тут павінна быць. Папярэдняя праца па тэме мусіць быць адлюстравана ў тэксьце. Гэта правіла. Калі такое правіла ня ўлічана -- тады ў гэтым ёсьць альбо суб’ектыўны інтэрас, альбо палітычная тэндэнцыя перацягнуць ўжо вядомае толькі на сябе (што зьяўляецца скажэньнем рэальнасьці).
3. Сакрэтныя "функцыянеры-аналітыкі" (што пададзеныя ў відэа) паводзяць сябе гэтак жа, як і "невераятныя", -- так, быццам сьвет да іх не існаваў і да іх нічога не было. І гэта ня толькі ад няведаньня жыцьця, але і ад пазыцыі непрызнаньня беларускай нацыянальнай барацьбы. (Шкода, што некаторыя беларусы не адчуваюць гэтых падводных камянёў падробкі рэчаіснасьці.)
4. У гэтай сувязі -- пытаньне: чаму і кім адмаўляецца гісторыя і цягласьць нацыянальнай палітычнай барацьбы з антынародным рэжымам (з камунізмам ды "лукашызмам").
Функцыянеры КГБ, МУС, Генэральнай пракуратуры, Вярхоўнага суда і т.п. (што пададзеныя ў відэа) актыўна альбо пасіўна спрычыніліся да зьнішчэньня беларускага нацыянальнага палітычнага класа. Цяпер, калі пачаўся сурьёзны крызіс лукашысцкага рэжыму, некаторыя зь іх, што зразумелі рэжымны тупік, выступілі з крытыкай рэжыму, ськіраванай на ліквідацыю дыктатуры, якой яны служылі. Гэтым самым яны ставяць сябе на месца зьнішчанага імі нацыянальнага палітычнага класа і выступаюць у рэвалюцыйнай ролі за перабудову ўлады.
Яны не спасылаюцца і ня будуць спасылацца на нацыянальны рух і ня будуць падтрымліваць тое, што зьнішчылі. Калі электаральная маса, стомленая ад здрады і ад дыктатуры, пойдзе за імі, то скончыцца гэта ў лепшым выпадку дрэнна альбо стане яшчэ горш чым было. Тут правіла гісторыі палітычных працэсаў і палітычнай барацьбы, зафіксаванае ў паліталогіі і пацьверджана вопытам.
Класічны вопыт -- гэта працэс распаду СССР, "перабудова", калі мацёры камуніст і намэнклятуршчык Ельцын і каманда намэнклятуры выступілі ў ролі дэмакратаў ды перабудоўшчыкаў сваёй улады.
Перабудавалі і прыцягнулі на сваіх плячах "д’яблаў 6" -- КГБ і Пуціна, якія ачолілі ўладу Расеі, ўзьнялі "рускі мір" (рашызм) і пачалі агрэсўныя войны.
Аналаг таго часу у Беларусі -- Кебіч і група намэнклятуры, якія перафарбаваліся, уступілі у змову зь ельцынскай "дэмакратычнай" Расеяй, справакавалі выбары прэзыдэнта і пад крыкі электарату "абы ня Кебіч" прывялі да ўлады "д’ябла горшага". (Кебіч, дарэчы, адкрытым тэкстам апісаў тое ў сваіх мэмуарах).
Сакрэтныя рэжымныя аўтары (што пададзеныя ў відэа), якія разьвенчваюць Арганізаваную Злачынную Супольнасьць "лукашызму" (дарэчы, цалкам рацыянальна і абгрунтавана), не выпадкова зьвяртаюцца не да нацыянальна-вызвольнай барацьбы, а да фантомнага падстаўнога вобразу Сьвятланы Ціханоўскай, што (як некалі яе папярэднікі) згодная выканаць ролю авечкі, за якой можна павесьці электарат да непатапляемай улады прарасейскай намэнклятуры, магчыма нават пад лёзунгам "абы ня Лукашэнка".
5. Паўтараю. Крытыка АЗС лукашызму, выкладзеная ў відэа, рацыянальная і аргумэнтаваная, але трэба разумець, як яна пададзена, хто за гэтым стаіць, якія працэсы адбываюцца і да чаго тое можа прывесьці, калі ня будзе разуменьня таго, што зьявілася. Словы не павінны правальвацца ў пустату, нават калі пустаты шмат.
Тое пра што тут гаворыцца, важна для арыентацыі беларусаў у палітычнай прасторы. Ігнараваньне вопыту вядзе да хаджэньня па кругу. Збавіўшыся ад Лукашэнкі, але напрыклад, пасадзіўшы на ўладу пераабутых рэжымных "рэвалюцыянераў", тыпу, скажам, Азарава ці Латушкі, а магчыма тыпу Вальфовіча, ці Галоўчанкі, ці нават Карпенкова (чым чэрці не жартуюць), ды заехаўшы потым пры іх дапамозе ў Рашу "шасьцю губэрнямі", можа так стацца, што электарат яшчэ і Лукашэнку ўспомніць і па "калхазану" засумуе. І гэта ня жарты.
Удакладняю наўпрост. У працэсе барацьбы і ўпадку антынароднага рэжыму пераход функцянераў рэжыму на бок народа трэба ўлічваць і падтрымліваць. Гэта важны чыньнік народнага змаганьня. Але трэба асьцерагацца (пры ўмове калі ёсьць народная сіла, палітычная воля і, галоўнае, -- розум у галаве), каб перакідчыкі не атрымалі паўнаты новай кіроўнай улады ў дзяржаве.
Праўда, звычайна яны яе атрымліваюць (а што датычыць цяперашняга палітычнага ўзроўню ў Беларусі, то гэта магчыма амаль стоадсоткава). Тады трэба ўжыць ўсе магчымасьці дэмакратыі (перш за ўсё заканадаўства, выбары, пратэсты і т. п.), каб паставіць пад кантроль грамадзтва ворганы ўлады і (галоўнае) не дапусьціць пасады прэзыдэнта з функцыямі выканаўчай улады.
6. Нашае беларускае становішча цяпер нядобрае. Краіна, фактычна, акупаваная Масквой і знаходзіцца пад уладай антынацыянальнага калабаранцкага рэжыму. Моцныя ў 1990-х гадах беларускія нацыянальна-вызвольныя сілы цяпер палітычна разбураныя і прыдушаныя. На паверхні палітыкі апынуліся антылукашысцкія прарасейскія сілы. Гэтыя сілы прызнаныя, падтрыманыя (і нават прафінансаваныя ) Захадам. Беларускія дэмакратычныя нацыянальна-вызвольныя фармацыі, фактычна, выключаны з міжнароднай палітыкі (прытым у тэрміналёгіі заходняга чырвонага лявацтва -- яны "фашысты").
7. Неабходна ўсьведамляць, што без рэальнага ўдзелу нацыянальна-вызвольных сілаў у вызваленьні і адбудове пасьлярэжымнай Беларусі, вольнай будучыні краіны ня будзе.
8. Што трэба рабіць -- гэта іншае пытаньне. Але агульны грунт адказу на яго такі: беларуская нацыянальная сіла павінна быць моцнай і вялікай. Працуйма, беларусы. Наш лёс у нашых руках.
16 сьнежань 2024 г.
Зянон Пазьняк