НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ІНСУРГЕНТЫ (Містэрыя ў адной дзеі)

ІНСУРГЕНТЫ (Містэрыя ў адной дзеі)

Дзея адбываецца ў 2016 годзе ў Вільні на Дзяды на Замкавай гары ля вежы Гедзіміна.

АСОБЫ:

Кастусь (Канстанцін-Вінцэнт) Каліноўскі, 26 гадоў. “Кіраўнік паўстаньня ва ўсім Літоўскім Краі”, “Апошні кароль Літвы”.

Зыгмунт Серакоўскі, 36 гадоў. Цітус Далеўскі, 23 гады; найбліжэйшы памочнік Кастуся Каліноўскага.

Ігнат Здановіч, 22 гады; найбліжэйшы паплечнік Кастуся Каліноўскага.

Станіслаў Ішора, 25 гадоў, вікарны ксёндз.

Раймунт Зямацкі, 53 гады, ксёндз-пробашч.

Гэнрык Макавецкі, 27 гадоў.

Якуб Чэхан, 40 гадоў.

Казімер Сычук, 36 гадоў.

Альбэрт Лясковіч, 23 гады.

Баляслаў Колышка, 25 гадоў.

Аляксандар Ракоўскі, 27 гадоў.

Язэп Ракоўскі, 36 гадоў.

Кароль Сіповіч, 19 гадоў.

Уладзіслаў Нікаляй, 26 гадоў.

Эдвард Чаплінскі.

Ян Бянькоўскі, 26 гадоў.

Ян Марчэўскі, 24 гады.

Мечыслаў Дарманоўскі, 27 гадоў.

Людвік Сухадольскі.

Юзаф Яблоньскі, 20 гадоў.

(Дзея адбываецца ў 2016 годзе ў Вільні на Дзяды на Замкавай гары ля вежы Гедзіміна. Ноч.)

Ц і т у с: — Сто гадоў мы тут. Як горшыцца надвор’е на Дзяды.

К а л і н о ў с к і: — Холад, Цітус, сіберны вецер дзьме.

Ц і т у с: — Ніхто ня прыйдзе на гару. Сто год ня прыйдзе. І не прыйшоў ніколі. Такі мароз, што халадзее кроў.

К а л і н о ў с к і: — Мароз ня страшны, калі ў душы агонь гарыць.

Ц і т у с: — І спапяляцца душы попелам свабоды.

К а л і н о ў с к і: — Але мы ёсьць. Ц і т у с: — Былі.

К а л і н о ў с к і: — Былі і будзем. Во, ідуць браты. Ужо тут. (Падыходзіць група інсургентаў.)

З ы г м у н т: — Трывожныя Дзяды.

І г н а т: — Якая цемра над Вяльлёй!

К с ё н дз С т а н і с л а ў: — А цемра там, панове, за Вяльлёй. Тут толькі змрок.

Ц і т у с: — Змрок на ўсім сьвеце. Павылазіла дрэнь з апраметнай.

К а л і н о ў с к і: — Ня жалься, Цітус, бо ёсьць што рабіць.

З ы г м у н т: — Яны (паказвае за Вяльлю) нічога ня будуць рабіць. Хоць ты і верыў.

К а л і н о ў с к і: — Будуць. Іх трэба толькі падштурхнуць.

З ы г м у н т: — І што тады?

К а л і н о ў с к і: — І запалае наша сіла.

Зы г м у н т: — І прададуць цябе двукроць.

К а л і н о ў с к і: — Калі б я мог між імі быць, каб заблішчэлі нашы косы, — я б нават пагадзіўся зноў узыйсьці на карны эшафот.

Ц і т у с: — І я таксама.

І г н а т, Г э н р ы к, К а з і м е р, А л ь б э р т: — І мы таксама.

К с ё н дз Р а й м у н т: — Калі ня гінуць за свабоду – ня будзе волі. Яна крывавая паненка.

З ы г м у н т: — І гэтыя (паказвае за Вяльлю) ня стануць за яе.

Я з э п: — “Замала сівер яшчэ хухаў, Замала пёк рабоў пакорных, Што ў думах выхаваныя зморных, Ня знаюць, дзе пячэ, дзе студзіць.”

З ы г м у н т: — Так. Ён напісаў. І быў забіты.

Ц і т у с: — І неадпомшчаны загінуў.

К а л і н о ў с к і: — Праўда. Тое, што не адпомшчана, — тое забываецца. І магілы зарастаюць травой бяспамяцтва.

І г н а т: — Божа, якая цемра за Вяльлёй!

Ц і т у с: — А хто адпомсьціўся за нас?

К с ё н дз С т а н і с л а ў: — Яна чорная, як ноч, і ліпкая, як хлусьня.

К а л і н о ў с к і: — Мы самы, Цітус, толькі мы.

З ы г м у н т: — Кастусь, ты мроіш. Мы ў магіле.

К а л і н о ў с к і: — Наша воля насуперак сьмерці жыве. Браты, зірнем за Вяльлю. Чорная ноч, як труна, навісае над нашым краем. “Гадзіны сыкаюць здрадай.” Руйнуюцца дрэвы і людзі. Зямля плача ад ганьбы і глуму, ад зьдзеку і сораму, ад бясьсільля. І Неба счарнела. Хто ўратуе зямлю? Хто, калі няма помсты і волі? Хто?

К с ё н дз Р а й м у н т: — Воля Бога.

К а л і н о ў с к і: — Воля Бога – гэта калі мы выйдзем з магіл. Пакуль ахвяры ня выйдуць з магіл – ня будзе свабоды. Пакуль забітыя ня выйшлі з Курапатаў – было рабства.

І г н а т: — Як сьвішча вецер. Чуеце, як моцна вецер сьвішча!

К а р о л ь: — Ірваныя хмары лятуць і зоры блішчаць.

К а л і н о ў с к і: — Там ня хмары лятуць, братове. Прыглядайцеся. Гэта Дзяды. Душы забітых лятуць, замучаных, спаленых, замардаваных. Там ня зоры блішчаць. Гэта агні пажараў вёсак нашых і гарадоў палыхаюць над намі. Гэта Дзяды апускаюцца на зямлю.

Ц і т у с: — Божа! Колькі іх ёсьць! Іх мільёны!

К а л і н о ў с к і: — Наш забіты нябесны народ.

З ы г м у н т: — Наш неадпомшчаны народ. І ўсё забыта. І ўсё загаджана Масквой.

К а л і н о ў с к і: — Мы выйдзем.

К с ё н дз Р а й м у н т: — Каб ведалі пра Неба. Зямля бяз Неба – гэта цэля. Турма для духа. Труна для цела. Бо вольны дух лунае ў вышыню.

К а л і н о ў с к і: — Наша чарга, братове. Выходзім. Мусім. Цітус, Зыгмунт, Станіслаў, панове, дзяцюкі. “Каго любіш?”

Ц і т у с: — “Люблю Беларусь.”

У с е: — (Уздымаюць угару кулакі) Дык узаемна.

К а л і н о ў с к і: — Надыходзіць наш час. Мы вернемся. Мы выйдзем. І гара Гедзіміна абрынецца пад нашай воляй. І Вільня здрыганецца ад нашага зьмёртвыхстаньня. Паваляцца шыбеніцы і эшафоты, сканаюць сатрапы, падушыцца маскоўская чэрнь, і ў бляску сьвятла паўстане новая вольная наша краіна. Так будзе. Верце мне. Мы выйдзем.

Ц і т у с: — Мы выйдзем.

К с ё н дз С т а н і с л а ў: — Мы выйдзем.

К а л і н о ў с к і: — Мы выйдзем на Дзяды, калі ажывае памяць.

З ы г м у н т: — Мы выйдзем.

І г н а т, К а р о л ь, Я з э п, Я к у б, Г э н р ы к, К а з і м е р: — Мы выйдзем.

У с е: — Мы выйдзем.

К а л і н о ў с к і: — Мы выйдзем.

М А Л І Т В А

(Гучыць малітва спакойным манатонным голасным рэчытатывам. Усе засяроджаныя ў сабе і, маліцьвенна склаўшы далоні, паўтараюць усьлед за Каліноўскім і ксяндзамі сакральны зьмест)

К а л і н о ў с к і: — Мы выйдзем шчыльнымі радамі

У с е р а з а м: — Мы выйдзем шчыльнымі радамі

К а л і н о ў с к і: — На вольны родны свой прастор

У с е р а з а м: — На вольны родны свой прастор

К а л і н о ў с к і: — Хай воля вечна будзе з намі, А гвалту мы дамо адпор. Дамо адпор!

У с е р а з а м: — Хай воля вечна будзе з намі, А гвалту мы дамо адпор. Дамо адпор!

К с ё н дз С т а н і с л а ў: — Няхай жыве магутны, сьмелы Наш беларускі вольны дух. Вольны дух!

У с е р а з а м: — Няхай жыве магутны, сьмелы Наш беларускі вольны дух. Вольны дух!

К с ё н дз С т а н і с л а ў: — Штандар наш Бел-Чырвона-Белы, Пакрый сабой народны рух!

У с е р а з а м: — Штандар наш Бел-Чырвона-Белы, Пакрый сабой народны рух!

К с ё н дз Р а й м у н т: — На бой! За шчасьце і за волю Народу слаўнага свайго!

У с е р а з а м: — На бой! За шчасьце і за волю Народу слаўнага свайго!

К с ё н дз Р а й м у н т: — Браты, цярпелі мы даволі, На бой – усе да аднаго! Да аднаго!

У с е р а з а м: — Браты, цярпелі мы даволі, На бой – усе да аднаго! Да аднаго!

К с ё н дз С т а н і с л а ў: — Імя і сілу беларуса Няхай пачуе, убачыць той, Хто сьмее нам нясьці прымусы І першы выкліча на бой!

У с е р а з а м: — Імя і сілу беларуса Няхай пачуе, убачыць той, Хто сьмее нам нясьці прымусы І першы выкліча на бой!

К а л і н о ў с к і: — Браты, да шчасьця мы падходзім: Хай гром грыміць яшчэ мацней!

У с е р а з а м: — Хай гром грыміць яшчэ мацней!

К а л і н о ў с к і: — У крывавых муках мы народзім Жыцьцё Рэспублікі сваёй!

У с е р а з а м: — У крывавых муках мы народзім Жыцьцё Рэспублікі сваёй! Жыцьцё Рэспублікі сваёй! Жыцьцё Рэспублікі сваёй! )(Чуваць крокі, ідуць шыхты. Нарастае гучны грукат і магутны гул. Грукатаньне. У с е: — Што гэта? Што гэта?

К а л і н о ў с к і: — Гэта валіцца гара Гедзіміна. Ня бойцеся! Мы выходзім. Наперадзе – воля.

(Грукат гучыць на ўсю моц. Страляе Пярун. Шум паволі сьціхае. Нікога няма. Удалечыні відаць гара Гедзіміна.)

Канец містэрыі.

23-24 лістапад 2019 г. ЗЯНОН

——————————————–

У тэксьце выкарыстаныя цытаты зь Янкі Купалы і Макара Краўцова

Дадаць у: