НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ІНТЫМНЫ СЬВЕТ

ІНТЫМНЫ СЬВЕТ

            Чалавек мае моцныя прыродныя інстынкты, на якіх пабудаванае яго існаваньне. Гэта, перш за ўсё, інкстынкт жыцьця і інстынкт прадаўжэньня роду. Сюды ж – інстынкт мацярынства і бацькоўства. Інстынкты праяўляюцца незалежна ад волі чалавека і зьяўляюцца абавязкамі, накладзенымі на яго прыродай, альбо дакладней, Богам цераз праграму разьвіцьця.

            У адрозьненьне ад жывёлы, чалавек мае свабодную волю, мае магчымасьць выбару і фармальна можа адмовіцца ад абавязку (інстынкту), але ён гэтага ня робіць, бо ажыцьцяўляць іх – добра. (Жыць добра нават калі вельмі цяжка.) Калі чалавек усё ж адмаўляецца ад абавязку, то гэта разглядаецца як гвалт над прыродай альбо як ненармальнасьць, альбо як злачынства перад Богам.

            Чалавек валодае таксама набытымі інстынктамі, якія склаліся ў выніку культурнага разьвіцьця і зафіксаваныя, як звычкі, схільнасьці, манеры і т. п. рэглямэнтаваныя рэакцыі і паводзіны. Гэтыя інстынкты, аднак, могуць быць страчаны на працягу аднаго пакаленьня разам са зьменай культурных абставінаў. Тым ня менш ёсьць такія дачыненьні, якія разьвіліся на аснове прыродных схільнасьцяў да набытага інкстынту культуры, бо праяўляюцца паўсюдна на Зямлі, практычна ў любым чалавечым грамадзтве, якое стварыла культуру.

            Гэта ёсьць дачыненьні, якія ўтвараюць інтымны сьвет чалавека. Інтымны сьвет асобы зьвязаны з палавой функцыяй і інстынктам працягу роду, датычыць кожнага чалавека, поўнасьцю рэалізуецца ва ўзаемадачыненьнях мужчыны і жанчыны ў форме сям’і.

            Інтымны сьвет – гэта такая вобласьць існаваньня чалавека, якая датычыць толькі канкрэтных мужчыны і жанчыны. Ніхто ня мае права ўмешвацца ў гэты сьвет. Ён не дэманструецца прылюдна. Пра яго ня кажацца іншым, тым больш публічна. Спрацоўвае абарончае пачуцьцё сораму і набытае пачуцьцё самазахаваньня ўнутранай свабоды.

            Інтымны сьвет ёсьць вобласьць свабоды кожнага канкрэтнага чалавека, прызнаная культурным грамадзтвам і ўсьвядомленая асобай, як таямніца, якая не раскрываецца іншым і зьнешняму сьвету, інакш яна перастае быць таямніцай і асоба траціць свабоду. Абарона таямніцы інтымнага сьвету ёсьць набытым інстынктам культуры.

            Нават пры вельмі цяжкіх умовах жыцьця, калі адсутнічае сацыяльная пэрспэктыва і ўсялякая сацыяльная свабода, але калі не парушаны інтымны сьвет сям’і, людзі, нават самыя простыя, маюць радасьць і сэнс існаваньня. І жыцьцё не здаецца ім сумным і безнадзейным. Ім хапае той мінімальнай свабоды і падтрымкі, які дае ім свой, да мінімуму абмежаваны свабодны сьвет. Гэта, дарэчы, разумелі яшчэ старажытныя японцы ды кітайцы,  адлюстроўвалі тое ў сваіх творах і філасофскіх думках (Кан-Фу-Цы і інш.). Сьвет інтымнай свабоды, падтрыманы любовяй, можа стаць асновый шчасьця чалавека ў розных абставінах жыцьця.

            Зламаньне таямніцы інтымнага сьвету (дэманстрацыя і спавешчаньне для ўсіх), які належыць толькі канкрэтным асобам – мужчыне і жанчыне – самымі гэтымі асобамі прыводзіць да дэградацыі дачыненьняў і дэмаралізацыі асобы.

            Адмаўленьне ад інтымнай свабоды ёсьць актам бескультур’я і суправаджаецца, як правіла, бессаромнасьцю, цынізмам, распустай, жорсткасьцю, дэманстрацыяй дурноты, непавагай да іншага чалавека і іншымі заганамі, якія нішчаць асобу і дух чалавека, прыносяць пакуты людзям.

            У лібэральным грамадзтве, якое стварыла рынкі паскудзтва і чалавечых заган, разбурэньне інтымнага сьвету выяўляецца на публічным узроўні і падтрымліваецца  рознымі групамі, спасылыючыся на свабоду слова, “правы чалавека” і т. п.  Часам назіраецца адкрытае ўцяканьне ад інтымнай свабоды дзеля грошай ці задавальненьня схільнасьцяў сапсаванага розуму. У культурным грамадзтве інтымны сьвет чалавека (сям’і) павінен быць абаронены законам. Але трэба памятаць, што ў здаровай супольнасьці культурная традыцыя мацнейшая за закон.

 

Ліпень 2013 г.                                                                          Зянон Пазьняк

        

 

Дадаць у: