НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

ІСТОТНАЯ ІНФАРМАЦЫЯ, ЯКАЯ ДАТЫЧЫЦЬ ІНТЭРНЭТ-СТАРОНКІ "НАРОДНАЯ ПЕРАМОГА"

ІСТОТНАЯ ІНФАРМАЦЫЯ, ЯКАЯ ДАТЫЧЫЦЬ ІНТЭРНЭТ-СТАРОНКІ "НАРОДНАЯ ПЕРАМОГА"

Старонка "Народная Перамога" створана шчырым прыхільнікам нацыянальнага Адраджэньня Беларусі. Гэты ворган таксама ўжо некалькі гадоў вядзе, рыхтуе і піша інфармацыйныя матэрыялы сябра КХП -- БНФ. Рэсурс зьяўляецца прыватнай ініцыятывай гэтых асоб. На ім было зьмешчана (і зьмяшчаецца) шмат арыгінальных артыкулаў, паведамленьняў і перадруковак добрага кшталту. Пастаянна перадрукоўваліся матар’ялы КХП -- БНФ з партыйных старонак "Народная Партыя" і "Беларуская Салідарнасьць". Гэты рэсурс вядомы сярод нацыянальна арыентаванай сур’ёзнай моладзі і людзей, якія цікавяцца беларускай палітыкай.

            Побач з пазітыўным зьместам бальшыні матар’ялаў рэсурс характарызуецца рэгулярнымі допісамі і ацэнкамі, напісанымі на недапушчальным узроўні  этыкі ў дачыненьні да асобаў іншых поглядаў і паводзін. Спробы кіраўніцтва КХП -- БНФ паўплываць на выпраўленьне этычных парушэньняў ў тэкстах гэтага воргану вынікаў не далі.

            Гэта тым больш нядобра, што шмат якія неабазнаныя людзі думаюць, што рэсурс "Народная Перамога" ёсьць інфармацыйным ворганам КХП -- БНФ. Часам такое памылковае меркаваньне спэцыяльна ствараецца непрыхільнікамі народнай партыі (КХП -- БНФ), каб абвінавачваць яе ў неіснуючых правінах. 

            Улічваючы абставіны, мы, спэцыяльна падкрэсьліваем, што "Народная Перамога" не зьяўляецца ворганам КХП -- БНФ. Рэсурс ёсьць вольным інтэрнэт-выданьнем. Тым часам Партыя ня можа заставацца па-за межамі этычных ацэнак дзейнасьці ў друку сваіх партыйных сяброў. Гэтае паведамленьне ёсьць вынікам такога падыходу, сур“ёзных захадаў і накіраванае на паляпшэньне становішча.

 

14 лістапад 2017 г.                                                    Зянон Пазьняк  

                                                                                  Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай

                                                                                  Партыі – БНФ (Партыі БНФ) і БНФ «Адраджэньне»

Дадаць у: