НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

КАБ ЛІКВІДАВАЦЬ АНТЫБЕЛАРУСКІ РЭЖЫМ, ТРЭБА НАЗАПАСІЦЬ НАЦЫЯНАЛЬНУЮ СІЛУ

КАБ ЛІКВІДАВАЦЬ АНТЫБЕЛАРУСКІ РЭЖЫМ, ТРЭБА НАЗАПАСІЦЬ НАЦЫЯНАЛЬНУЮ СІЛУ

Асаблівасьцю палітыкі агрэсіўнай расейскай дзяржавы зьяўляецца ілжывая прапаганда, інфармацыйная вайна і выкарыстаньне маніпуляцыйных тэхналёгіяў. Гэтая апошняя зьява небясьпечная для грамадзтва тым, што, выкарыстоўваючы найперш расейскае тэлебачаньне, непрыяцелі Беларусі імкнуцца ашукаць беларускіх людзей. І гэта ім часта ўдаецца. Тады людзі незаўважаюць, прымяненьня супраць іх варожых маніпуляцыйных тэхналёгіяў. Асабліва такое назіраецца ў час выбарчых кампаніяў.

Выбарчая кампанія 2010 года ў Беларусі характэрызавалася, напрыклад, грандыёзнай правакацыяй у Менску. Спантанную дэманстрацыю пратэсту ачолілі функцыянеры спэцслужбаў, правакатары і безадказныя асобы, якія ноччу павялі масы людзей да Дому Ураду, дзе і была падрыхтавана правакацыя. Галоўнымі выканаўцамі гэтых маніпуляцый, на якіх ляжыць адказнасьць за наступствы правакацыі ёсьць два чалавекі: Андрэй Саньнікаў і Мікола Статкевіч.

Правакацыя мела катастрафічныя вынікі для Беларусі. Практычна, была зьнішчана і разгромлена ўся актыўная беларуская грамадзянская супольнасьць.

Непрыяцелі Беларусі з-за ўсходняй мяжы маюць доўгі вопыт палітычных маніпуляцыяў, дыверсіяў і закалатаў супраць народаў. Там заўсёды рыхтуюць шматварыянтны план на выпадак непрадбачанай зьмены абставінаў. Прыкметы такога падыходу мы назіраем і цяпер.

Асноўны тэхналягічны накірунак, які выкарыстоўвае рэжым у цяперашняй выбарчай кампаніі, -- гэта імітацыя пэрсанальнай альтэрнатывы Лукашэнку на выбарах. Ролю псэўдаальтэрнатывы выконвае Тацьцяна Караткевіч. Мэта гэтай тэхналёгіі -- з’агітаваць людзей на галасаваньне, завабіць іх на выбарчыя ўчасткі і не дапусьціць байкоту галасаваньня, бо ў выпадку байкоту і непрыходу людзей на галасаваньне фальсіфікацыя выбараў стане ўсім відаць. Рэжым баіцца нагляднага сьведчаньня пра ягонае ашуканцтва.

Адначасна рыхтуецца варыянт непрадбачаных абставінаў -- дзеяньні, кшталту 2010 года, якія могуць стаць чарговай правакацыяй на вынішчэньне нацыянальных сілаў і грамадзянскай супольнасьці, якая крыху акрыяла пасьля разгрому 2010 года. З гэтай мэтай выгадна для рэжыму выпушчаны з турмы Мікола Статкевіч, сьцягнуты ў Менск Вячаслаў Сіўчык, і нават Алесь Міхалевіч ды іншыя майстры завесьці любую справу ў тупік. Гэтым яны ўжо пачалі займацца.

Тым часам маскоўская агентура пастаянна прагаворваецца (нават на лукашысцкім тэлебачаньні), што асноўныя падзеі пачнуцца пасьля выбараў. Такое можа быць блефам, які сьведчыць аднак пра намеры.

Беларусам, якія ўжо набылі сумны вопыт ад папярэдніх правакацыяў (асабліва ў 2006 і 2010 гадах, ад "плясканьня ў ладкі" і т. п.) варта быць абачлівымі ў адносінах з пэўнымі асобамі і з пэўнымі дзеяньнямі. Неабходна ствараць і зьберагаць сілы для барацьбы, але не пускаць іх пад разгром у самым зародку. З акупацыйным рэжымам змагаюцца сілай, а не дэманстрацыяй пазыцыі.

Зьбірайма сілы. Беражэм людзей. Пашыраем нацыянальныя ідэі вольнай Беларусі. Не паддаемся на правакацыі. Падрыхтаваўшы сілу і грунт, наблізім патрэбны час.

 

4 кастрычніка 2015 г.

 

Зянон ПАЗЬНЯК

 Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай

Партыі -- БНФ і БНФ "Адраджэньне"

Дадаць у: