НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

КАГЭБЭ

КАГЭБЭ

            Думаючы пра вольную Беларусь, паўстае пытаньне, што рабіць з КГБ? Такое ж пытаньне ўзьнікала ў пачатку 90-х, калі ўжо разумелі, што ўпадзе і КПСС, і Савецкі Саюз. Тады казалі, што КГБ не рэфармуецца, яго трэба ліквідаваць. У Расеі, калі разваліўся СССР і спынілі дзейнасьць КПСС, КГБ, аднак, не ліквідавалі, але нібыта “рэфармавалі”. Потым аказалася, што ўсё засталося, узмацнела, і нават стала неўзабаве ўладай у Расейскай Федэрацыі.

            У Беларусі ўвогуле нічога не парушылі з КГБ, бо рэальна ўлада засталася савецкай. Зьніклі толькі камуністычныя структуры і шыльдачка КПСС-КПБ. З пачаткам лукашызму і ўсталяваньнем антыбеларускага рэжыму КГБ стаў асноўным чыньнікам улады гэтага рэжыму.

 

Пра гэбізм. Этапы арганізацыі.

 

            Гэбізм як сістэма ўлады небясьпечная як для Беларусі, так і для Расеі. Пры гэбізме адбываецца глыбокая дэградацыя грамадзтва ва ўсіх аспэктах яго існаваньня, што ў выніку прыводзіць да няздольнасьці самаарганізавацца і адэкватна адказваць на цывілізацыйныя запатрабаваньні разьвіцьця.

            У Беларусі форма гэбізму найцяжэйшая, бо цаляе ў істоту нацыянальна-культурнага існаваньня народа. І ў Расеі, і ў Беларусі дзейнасьць улады гэбізму выклікае гуманітарную катастрофу. Але ў Беларусі гэта ёсьць толькі форма катастрофы культурна-нацыянальнай, канцовым вынікам якой можа стаць нацыянальная і этнічная сьмерць.

            Узаемадачыненьні паміж двума рэжымамі пабудаваныя на каляніяльным прынцыпе, што выяўлена і ў характары ўлады: карпаратыўны рэжым у Маскве (дзе дэрыжоры за плячыма ўлады) і аўтарытарны ў Менску (якім лягчэй маніпуляваць з Крамля).

            Каб убачыць сутнасьць і гнасеалогію гэбізму, зірнем у гісторыю ўтварэньня гэтай улады, у аснове якой КГБ.

 

            Гэбэ бярэ пачатак са сьнежня 1917 года, калі пры бальшавіцкім самазваным урадзе была створана ВЧК (Всероссийская Чрезвычайная Комиссия). ВЧК атрымала надзвычайныя паўнамоцтвы расстрэльваць на месцы без суда “непрыяцельскіх агентаў, спэкулянтаў (г. зн. гандляроў), грамілаў, хуліганаў (sic!), супрацьрэвалюцыйных агітатараў, нямецкіх шпіёнаў” і г. д., практычна, усіх людзей. Банда ВЧК гэтым і займалася. Такое называлася ў бальшавікоў “правом непосредственной ликвидации”. Летам 1919 года (згодна дэкрэту бальшавіцкага ўраду) такая мэтодыка забойства названа яшчэ “правом непосредственного расстрела” і “изъятием из общей подсудности”. Згодна крытыкі тагачасных бальшавіцкіх кіраўнікоў Р. Пятроўскага і Л. Каменева  ВЧК уяўляла сабой “произвол организации, напичканой преступниками, садистами и разложившимися элементами люмпен-пролетариата”.

            У сьнежні 1918 года была выдадзена ленінская пастанова ЦК РКП(б) аб забароне любой крытыкі ў дачыненьні да “дзейнасьці” ВЧК.

            ВЧК забіла сотні тысяч людзей і ў 1922 годзе ператворана ў ГПУ (“Государственное политическое ўправление”) пры НКВД РСФСР.

 

            Дзейнасьць ГПУ і НКВД у 1920-1930-1940-х гадах дастаткова падрабязна апісана ў літаратуры і дакумантах. Гэта тэрор, генацыд, мільёны загубленых жыцьцяў, зьнішчэньне цэлых сацыяльных групаў і пластоў насельніцтва, ліквідацыя цэлых народаў, высяленьне (вываз) цэлых нацый з айчыннай зямлі і засяленьне іх тэрыторыі рускімі.

            Па ўзроўню злачынства, маштабу, жорсткасьці і арганізаванасьці генацыду, які тварылі расейскія бальшавікі, гэта была выключная па антычалавечнасьці і сатанізму зьява ў гісторыі чалавецтва.

            У 1954 годзе, праз год пасьля сьмерці Сталіна, бальшавіцкая спэцлужба была названа КГБ (Комитет Государственной Безопасности). У 1959 годзе Прэзыдыюм ЦК КПСС зацьвердзіў “Положение о Комитете Государственной безопасности”. Гэтаму дакуманту надалі максымальны ўзровень сакрэтнасьці.

            Згодна таго Палажэньня (якое дзейнічала да канца СССР), КГБ быў аб’яўлены “палітычным ворганам”, які ажыцьцяўляў мерапрыемствы ЦК КПСС і ўраду СССР. Пры гэтым непасрэднае кіраўніцтва і кантроль над КГБ ажыцьцяўляў ЦК КПСС. Гэта была яго запісаная прэрагатыва. Саўміну былі пакінутыя трэцеразрадныя функцыі, прытым нават у гэтым кожны дробязны крок Саўміна павінен быў быць узгоднены з ЦК КПСС.

            У “Палажэньні” запісана, што “Камітэт дзяржбясьпекі працуе пад непасрэдным кіраўніцтвам і кантролем Цэнтральнага Камітэта КПСС”. Фактычнае кіраўніцтва КГБ ажыцьцяўлялася вышэйшымі ворганамі кампартыі: ЦК КПСС і Палітбюро. КГБ, фактычна, быў выведзены з-пад кантролю савецкага ўраду. Прытым Палітбюро кіравала КГБ напрасткі праз старшыню КГБ і яго намесьнікаў.

            ЦК КПСС меў права накласьці забарону на публікацыю загадаў старшыні КГБ. Нягледзячы на тое, што гэта супярэчыла Канстытуцыі і Палажэньню аб пракурорскім наглядзе, такое рабілася. Акрамя таго кагэбістам забаранялася зьбіраць кампрамэтуючыя матэрыялы на прадстаўнікоў кіроўнай камуністычнай партыйнай намэнклятуры. Структуры КГБ на месцах (вобласьць, раён, горад) падпарадкоўваліся толькі мясцовым партыйным камітэтамі і непасрэдна па субардынацыі – КГБ. Ворганы мясцовай ўлады ў разьлік ня браліся.

 

КПСС-КГБ – адзіны ворган нелегітымнай улады

 

            З усяго вышэй сказанага (і галоўнае – з практыкі функцыянаваньня СССР) вынікае вельмі важная выснова для разуменьня сучаснасьці і наступных падзей. КПСС і КГБ – гэта быў адзіны ворган камуністычнай улады, камуністычнай дыктатуры і камуністычнай палітыкі ў СССР. Кіраўнікі КГБ часта пераходзілі на кіруючыя пасады ў КПСС і зноў вярталіся назад у кіраўніцтва КГБ. Уся кіруючая партыйная намэнклятура, пачынаючы ад загадчыкаў аддзелаў ЦК і абкамаў КПСС, мелі адначасна афіцэрскія званьні КГБ (якія з цягам часу падвышаліся). Тлумачылася гэта засьцярогамі на выпадак вайны, але ў рэальнасьці вынікала з адзінай структуры КПСС-КГБ, дзе КПСС мела кантрольныя функцыі, а КГБ – выканаўчыя. Ідэалёгіяй КГБ быў камунізм. Кожны гэбіст мусіў быць камуністам. Такая структура, заснаваная на адзінстве кантрольна-палітычнай і карна-рэпрэсіўнай функцыяў у адным воргане дазволіла ажыцьцяўляць татальны і абсалютны кантроль над грамадзтвам. Функцыі дзяржаўнай улады ажыцьцяўляліся праз савецкія ворганы ўлады, якія таксама ствараліся і цалкам кантраляваліся КПСС-КГБ.

            Сіла і небясьпека КГБ заключалася перш за ўсё ў яго неабмежаваных паўнамоцтвах, у таемным, схаваным спосабе дзейнасьці і ў фактычным вывядзеньні з-пад сфэры закону плюс санкцыянаванае права на палітычныя забойствы (на што на сёньняшні дзень, здаецца, ужо ня мае дазволу ні адна спэцслужба і ні адна разьведка ў цывілізаваным сьвеце).

            Трэба яшчэ дадаць, што КГБ ніколі ня быў абцяжараны ніякай маральлю, ніякімі гуманістычнымі каштоўнасьцямі і, фактычна, ніякай адказнасьцю за любыя свае дзеяньні. Дзеяньні гэтай арганізацыі ў сэнсе гуманітарнай ацэнкі (асабліва ў 1920-1940 гг.) мелі выразна сатанінскі характар, якія цяжка было асэнсаваць на ўзроўні нармальнай чалавечай сьвядомасьці.

            У савецкім грамадзтве КГБ прысутнічаў ўсюды, дзе прысутнічала КПСС, гэта значыць татальна. На ўсіх прадпрыемствах і ўстановах былі так званыя “першыя аддзелы” плюс сэксоты і агентура. (Сексот – значыць “секретный сотрудник”.) Інфільтрацыя грамадзтва агентурай і стукачамі дасягала фантастычных памераў. КГБ быў першасным чыньнікам страху ў савецкім грамадзтве.

            Функцыянальная структура гэтага воргана даволі складаная, разгалінаваная і ўсеабдымная. Найбольш шчыльна КПСС-КГБ кантраляваў сродкі масавай інфармацыі, сістэму адукацыі і грамадзкія інстытуты ўплыву на людзей, найперш Рускую праваслаўную царкву, якая ад пачатку (ад стварэньня Сталіным Маскоўскага Патрыярхату ў 1943 г.) была створана як фактычны аадзел КПСС-КГБ.

 

Небясьпека КГБ

 

            Найбольшую небясьпеку для людзей у СССР уяўлялі наступныя накірункі рэпрэсіяў КГБ:

-- барацьба з антысавецкімі элемэнтамі (Трэцьцяе упраўленьне. Асобы аддзел);

--барацьба з ідэалягічнымі дыверсіямі, антысавецкімі і рэлігійна-сэктанцкімі элемэнтамі (Пятае ўпраўленьне);

-- апэратыўна-пошукавая праца – вонкавае назіраньне (Сёмае ўпраўленьне);

-- перахоп і пэрлюстрацыя карэспандэнцыі (Шосты аддзел);

-- праслухоўваньне размоваў (Дванаццаты аддзел);

-- тайныя апэрацыі, дэзынфармацыя, “актыўныя мерапрыемствы” (Пятае галоўнае ўпраўленьне – служба “А”).

            Але галоўнай задачай КПСС-КГБ у Беларусі, задачай, якая была схавана за ўсімі аддзеламі і фармулёўкамі, -- гэта была барацьба зь беларускімі нацыянальнымі ідэямі і нацыянальнымі каштоўнасьцямі, якія камуністы зашыфравалі пад агульную фармулёўку “беларускага буржуазнага нацыяналізму”. У гэтай барацьбе і быў галоўны сэнс прысутнасьці КПСС-КГБ у Беларусі. У гэтым была тут галоўная місія расейскай рэпрэсіўнай сістэмы.

            У дзеяньнях, якія я пералічыў, КПСС-КГБ быў поўнасьцю выведзены з-пад закона. КГБ мог самаісна, без санкцыі пракурора, кантраляваць паштовыя адпраўленьні людзей, праслухоўваць тэлефонныя размовы, рабіць арышты, затрыманьні, трымаць пад стражай асоб па падазрэньні і г. д.

 

            Антыпраўным (і ў рэальнасьці антычалавечным) актам КПСС-КГБ зьяўляецца вярбоўка агентуры, якая ажыцьцяўляецца, як правіла, праз шантаж, запалохваньне, пагрозы і выкананьне пагроз. Падпалкоўнік КГБ Канстанцін Прэабражэнскі ўспамінае, што “Ад вярбоўкі часьцей за ўсё адмаўляліся дзеячы мастацтва, пісьменьнікі і, як ні дзіўна, ваенныя. Выпадкаў жа такога адмаўленьня ад журналістаў я ня ведаю ніводнага”. онстантин Преображенский. КГБ в русской эмиграции. – New York, Liberty, 2006, с.135).

            Асабліва ўзмацнела гэбоўскае прастытуяваньне журналістаў у такіх краінах, як Расея і Беларусь, пасьля распаду СССР і ўстанаўленьня ўлады гэбізму. Журналісты -- гэта ёсьць найбольш інфільтраваная агентурай група грамадзтва пасьля Рускай праваслаўнай царквы.

 

Маскоўская Патрыярхія – аддзел КГБ

 

            Што датычыцца РПЦ, то яе духоўна-адміністрацыйная самастойнасьць была ліквідавана яшчэ царызмам і падпарадкавана самадзяржаўю ў ХVІІІ стагоддзі за рускім царом Пятром І (Шалёным). РПЦ кіравалі чыноўнікі (Сінод), прызначаныя самадзяржаўем. Праваслаўе ў Расеі выконвала паліцэйска-асімілятарскія русіфікацыйныя функцыі. Повязі яе з імпэрскай палітыкай і з царскай тайнай паліцыяй былі відавочнымі. Гэта аблегчыла бальшавікам іхныя рэпрэсіі супраць РПЦ і фізічнае вынішчэньне сьвятароў.

            Аднак у 1943 годзе, у разгар вайны, Сталін аднаўляе Маскоўскую Патрыярхію і ставіць яе на службу КПСС-КГБ. Кіруючыя асобы Патрыярхіі былі ня толькі вышэйшымі афіцэрамі КГБ, але і членамі кампартыі. Арганізацыя Маскоўскай Патрыярхіі  была пабудавана па прынцыпу сазлучаных сасудаў з КГБ. Падпалкоўнік КГБ К. Прэабражэнскі піша ў сувязі з гэтым, што “нікому ж ня прыйдзе ў галаву выяўляць агентаў КГБ у нашым МЗС, дзе ўсе агенты.” (Тамсама, с. 39). Тое ж пацьвярджае і генэрал КГБ А. Калугін.

            Сістэма “сасудаў” РПЦ-КГБ працавала (і працуе цяпер) наступным чынам. Кіраўніцтва і ўвесь клір (епіскапы) Патрыярхату былі ўнесены ў намэнклятуру ЦК КПСС-КГБ (з усімі прывілеямі), а таму іх зацьвярджаў ідэалягічны аддзел ЦК. Дакуманты для важных кадравых прызначэньняў (любога кшталту) абавязкова падаваў КГБ. Даведку аб будучым епіскапе рыхтаваў Пяты аддзел і “разьведка” (калі кандыдат бываў за мяжой). Кожная з даведак заканчвалася фразай: “Супрацоўнічае з такога году...” Калі такой фразы не было, кандыдатуру не зацьвярджалі. Усе епіскапы РПЦ супрацоўнічалі (і супрацоўнічаюць цяпер) з КГБ. (Дадам, і бальшыня сьвятароў.)

            Але хіратоніяй справа не закончвалася. Трэба было атрымаць рэгістрацыю ў якасьці епіскапа ў Савеце па справах рэлігіяў, які ўзначальваў, як правіла, вышэйшы афіцэр КГБ. Толькі пасьля канфедыцыйнай размовы з гэтым афіцэрам магчымая была рэгістрацыя. Па сёньняшні дзень усе япіскапы РПЦ застаюцца ў агентурнай сетцы.

Трэба ведаць, што храмы ў цяперашняй Расеі, -- гэта дзяржаўная ўласнасьць. Патрыярхат толькі атрымаў іх у бестэрміновае карыстаньне. Патрыярхат ня можа існаваць без дзяржаўнай падтрымкі нават цяпер, бо сапраўдных вернікаў у Расеі каля 2% (Глеб Якунін). Па іншых зьвестках – 1%. Астатнія ходзяць у царкву па аказіі ды вялікіх сьвятах.

Экзархат РПЦ у Менску выстараўся сабе магчымасьць гандляваць цыгарэтамі, гарэлкай ды іншымі таварамі. Але і гэта мала ратуе становішча (ня кажам ужо пра маральнасьць такога занятку). Гэбісцкі рэжым, аднак, ня можа пакінуць без падтрымкі “нашу православную организацию” (А. Лукашэнка).

Згодна гісторыі пранікненьня ў Беларусь, РПЦ зьяўляецца тут юрыдычна нелегальнай, чужой царквой (права быць ў Беларусі ў яе няма), але не менш важнай ёсць палітычная праблема  РПЦ  -- яе роля ў якасьці аддзелу КПСС-КГБ, палітычнай улады, якая праводзіла генацыд народаў, што былі пад акупацыяй СССР. Не сумняваюся, што ў вольнай Беларусі “православная организация” КГБ будзе ліквідаваная, уся яе агентура выяўленая. Будзе забясьпечана магчымасьць вяртаньня на Бацькаўшчыну для Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы.

У Савецкім Саюзе “сазлучанымі сасудамі” з КПСС-КГБ былі шмат якія арганізацыі і ведамствы. Гэтае палажэньне захавалася і цяпер у Расеі і Беларусі.

Ведаючы, што сабой уяўляў у Савецкім Саюзе двухгаловы Левіафан КПСС-КГБ, можна глыбей зразумець характар распаду СССР і страты абрэвіятуры КПСС, і ўвогуле больш уважліва зірнуць на натуральны працэс ператварэньня двухгаловага Левіафана ў двухгаловага арла.

Гаворачы пра камунізм як будучыню чалавецтва, камуністы (перш за ўсё КГБ) рыхтаваліся да розных паваротаў фартуны. Пачалося накапленьне і хаваньне сродкаў. У 1970 годзе КГБ таемна адчыніў (прыўлашчыў) свой банк у Аўстрыі (Вена. Райффайзэн банк). Банк існуе і сёньня, і ніхто там не шукае “золата партыі”, бо ніхто, акрамя КГБ, ня ведае, дзе яно асела.

 

Гэбізм – абсалютная ўлада спэцслужбаў

 

Рэстаўрацыя ўлады КГБ без КПСС пачалася зь Беларусі і завяршылася дасягненьнем мэты ўжо ў 1994 годзе. Існаваў нават праект экспансіі ў Маскву з боку антыбеларускага рэжыму (Лукашэнка на поўным сур’ёзе зьбіраўся залезьці на крамлёўскі трон). Але генэральны плян КГБ быў іншым. На працягу 90-х гадоў КГБ стварыў сваё акружэньне вакол Ельцына і ўзяў пад шчыльны кантроль яго ўладу, расейскі бізнэс, фінансавыя плыні, сродкі масавай інфармацыі і крымінальны сьвет Расеі. У канцы 1999 года генэралы КГБ выправадзілі Ельцына з Крамля. Кіраўніцтва перайшло да навасьпечанага прэм’ер-міністра, нікому невядомага правінцыйнага функцыянера КГБ, афіцэра сярэдняга зьвяна Ўладзімера Пуціна, якога адразу пачалі рыхтаваць да выбарчай кампаніі на прэзыдэнта Расеі.

Увесь далейшы сцэнар прыходу КГБ да абсалютнай улады ў Расеі быў ужо зразумелы да самых малых дэталяў. Тут узьнікала небясьпека ня толькі для Беларусі, але і для ўсяго сьвету, бо відавочна было, якая пачнецца палітыка.

Наша партыйная задача (КХП-БНФ) была папярэдзіць заходні сьвет (ягоны ўзровень нам ужо быў вядомы) і заручыцца пэўнай кансалідацыяй на выпадак небясьпекі для незалежнасьці Беларусі. Асобныя групы КХП-БНФ паехалі ў Парыж,  Чэхію, Бэльгію. Я езьдзіў ў Латвію і Польшчу. Усюды былі спатканьні на парляманцкім і ўрадавым узроўні. Потым у Вашынгтоне, куды я паехаў, было дамоўлена аб правядзеньні міжнароднай палітычнай канфэрэнцыі (якую мы ўжо рыхтавалі) на тэму аб небясьпецы гэбізму ва Ўсходняй Эўропе. Канфэрэнцыя мусіла быць у Вашынгтоне. Падрыхтоўка ішла поўным ходам, і раптам, без тлумачэньня прычын, была абарвана амэрыканскім бокам.

Прычыны сталі зразумелыя потым, пасьля выбараў у Расеі, калі да Пуціна ланцужком пацягнуліся заходнія лідары (Тоні Блэр і ўсе астатнія), каб выказаць сваю павагу і віншаваньні новаму гэбоўскаму прэзыдэнту РФ.

Мы лішні раз пераканаліся, што філісьцерства і чэмбэрленаўшчына ў заходняй палітыцы незьнішчальныя і што дачыненьні Эўропы зь Беларусяй будуць ня простыя.   

 

Гэбізм – гэта абсалютная ўлада КГБ над грамадзтвам і краінай, дзе КГБ зьяўляецца адначасна і групай улады, і супэрпартыяй на дзяржаўным бюджэце з тайнай агентурай, палітыкай і кантролем над людзьмі. У чыстым выглядзе такой сістэмы не было ніколі нідзе. (Сістэма гітлераўскай Нямеччыны пераклікалася з сістэмай сталінізма і структурай КПСС-КГБ).

Сучасны гэбізм ня мае дэфінітыўна вырабленай ідэалёгіі і гатовы ўжываць нават ідэалягічныя сурагаты, каб схаваць рэальны сэнс сваёй дзейнасьці (які і ёсьць яго ідэалёгіяй). Гэты сэнс – узбагачэньне палітычных групаў улады шляхам прыватызацыі дзяржавы, ўлады і эксплуатацыі чалавечых, эканамічных і прыродных рэсурсаў краіны. Палітыка гэбізму – рускі імпэрыялізм. Галоўны прынцып палітыкі – русіфікацыя.

Як у Расеі, так і ў Беларусі, улада гэбізму антынародная і прыводзіць да дэградацыі грамадзтва. Толькі ў Беларусі яна яшчэ ёсьць таксама выяўленьнем расейскай імпэрскай агрэсіўнасьці і праводзіць палітыку пасьлядоўнага антыбеларусізму ва ўсіх сфэрах культурна-нацыянальнага жыцьця.

Асаблівы накірунак гэбісцкага разбурэньня ў Беларусі (і за мяжой) – гэта зьнішчэньне беларускай грамадзянскай супольнасьці і элімінацыя актыўных стваральных асобаў гэтай супольнасьці. Па вялікаму кошту, вядзецца вайна супраць беларускага народа і ўсяго беларускага.

Выпрацаваны цэлы шэраг прыёмаў разбурэньня нацыянальнага грамадзтва і ўплыву на актыўных асобаў. Шырока распаўсюджаная практыка (перанятая НКВД яшчэ ад расейскай жандармэрыі) стварэньня падстаўных партый і палітычна-культурніцкіх арганізацый агентурай КГБ. У 90-х гадах, акрамя Фронта і БСДГ (якую стварыў Фронт), усе партыі ў Беларусі былі створаны пры ўдзеле агентуры.

Удзел гэтых партыяў у псэўдаапазыцыі – абгрунтаваная зьява.

Пасьля расколу БНФ пад уплыў агентуры масава патрапіла актыўная моладзь. Агентурай гэбэ былі створаныя цэлыя маладзёвыя арганізацыі (найбольш вядомая – “Зубр”), дзе практыкавалася эклектыка і псэўдакаштоўнасьці.

Шырока распаўсюджаны і распрацаваны гэбоўскі прыём пранікненьня, інфільтрацыі, ачольваньня і захопу ўжо існуючых арганізацыяў, альбо новых, ствараемых структур. Эфэкт ад гэтай разбуральнай працы ў грамадзкіх, культурніцкіх, рэлігійных і іншых непалітычных арганізацыях часам уражвае сваёй выніковасьцю і шакуе пры гэтым бездапаможнасьцю звыклых людзей.

НТС (Народно-трудовой союз) – вядомая руская антыбальшавіцкая белагвардзейская арганізацыя на Захадзе – была захоплена агентурай шляхам мэтадычнага пранікненьня ў яе структуры на працягу пэўнага часу і ператворана ў прасавецкую структуру.

Моцныя пазыцыі (ідэйныя, матэрыяльныя і арганізацыйныя) займала на Захадзе руская праваслаўная Зарубежная царква. Агентура была бясьсільнай. Але вось абваліўся СССР, адчыніліся памежныя шлюзы, праз якія на Захад масава хлынулі розныя людзі. 16 гадоў спатрэбілася гэбоўскай расейскай агентуры ў сутанах і без сутанаў, каб раздрабіць Зарубежную царкву знутры, перасварыць, перабраць ключавыя пазыцыі і фармальна (з захаваньнем аўтаноміі) далучыць “незыблемый оплот православия” да Маскоўскага Патрыярхату і РПЦ.

У Беларусі за 18 гадоў рэжыму працэс гэбізацыі (інфільтрацыі) асноўных грамадзкіх арганізацыяў даўно завершаны, прытым грамадзтва пра гэта часам нават не здагадваецца. (Цяпер актыўна адбываецца гэбоўская арганізацыйная дзейнасьць у эміграцыі, прытым лапідарнымі і грубымі мэтадамі.)

Каб разумець гэбізм знутры і бачыць вайну, якая вядзецца супраць беларускага грамадзтва, і, там больш ёй супрацьстаяць, трэба валодаць не бытавым узроўнем думаньня, а палітычным, не саўковай сьведамасьцю, а нацыянальнай. На жаль, маем, што маем.

Цяпер гэбісцкая гентура (асабліва на Захадзе) часам нават не хаваецца (гэтаму ёсьць прычыны). Ды і выявіць яе нескладана, дастаткова звычайнага палітычнага вопыту. К. Прэабражэнскі, напрыклад, гаворачы пра гэбісцкія прапагандысцкія (ці дэзінфармацыйныя) кампаніі на Захадзе, якія ажыцьцяўляюцца звычайна праз агентуру шляхам подкупаў журналістаў і цэлых газэт, адзначае як характэрную прыкмету агентурнай работы частую паўтараемасьць адных і тых жа формул і тэзісаў. Гёбельсаўшчына пазнаецца адразу.  Тое ж і ва ўнутранным ужытку. Выявіць гаворачага (дыскутуючага) агента можна імгненна па тэставых палажэньнях і фразах, якія ён кажа (павінен казаць). Такіх тэстаў існуе цэлы набор (імі яго ўзброіла кантора). Часам цікава, нават камічна, назіраць, як такога стукача засылаюць праз уцякацтва на Захад, як ён “лажыцца на дно” і на некалькі гадоў зьнікае, апотым ціхненька ўсплывае дзе-небудзь на Белсаце ці радыё Свабода, ці ў якім-небудзь псэўда-беларускім псэўда-офісе “за дэмакратыю”, ці Белдоме ды піша заяву на паступленьне ў Раду БНР і г. д.

Цывілізаваны сьвет ўступае ў інфармацыйную эпоху. Роля і ўплыў прапаганды, інфармацыі і дэзінфармацыі ў гэты час узрастае шматкроць. Гэта зброя, за якую йдзе змаганьне палітычных сіл, ўлады і спэцслужбаў. Той, хто валодае манаполіяй на СМІ, той уплывае на працэсы, той здольны выйграць вайну, нават калі гэта вайна з уласным народам.

Для сярэднестатыстычнага інтэлектуала, які карыстаецца СМІ, магчыма цяжка было б пераварыць, калі б ён даведаўся, што сродкі масавай інфармацыі (акрамя Сеціва) у Беларусі і Расеі знаходзяцца пад кантролем гэбізму. Ня мае значэньня дэмакратычны антураж -- уся справа ў характары праектаў і функцыях, якія яны выконваюць.

Выяўляецца гэта не на падставе нейкіх “звестак”, але найперш на аснове аналізу з улікам палітычнага вопыту, таму што агентурная праца ў СМІ абявязкова праяўляецца праз мэтодыку і паўторы пэўных прапагандысцкіх (дэзінфармацыйных) палажэньняў. Агентура тут ніяк (ў прынцыпе) ня можа закамуфлявацца. Яна абавязкова будзе выяўлена тымі, хто адсочвае і прафэсійна аналізуе такія выкіды ў СМІ. Ёсьць людзі, напрыклад, якія на працягу дваццаці гадоў пастаянна “ўзьнікаюць” ў розных месцах (прытым розныя асобы, у тым ліку вядомыя) і кажуць, пішуць, прамаўляюць аднолькавыя  дэзінфармацыйныя нарыхтоўкі пра Беларускі Народны Фронт, Курапаты (сакральныя зьявы беларускага вызвольнага змаганьня), пра Незалежнасьць ды канкрэтныя падзеі. Яны паўтараюць нарыхтоўкі хлусьні (ці яе мадыфікацыі), нават тады, калі даўно вядома, што гэта дэзінфармацыя, прыкідваюцца былымі ўдзельнікамі БНФ, плакальшчыкамі за Беларусь, маралізатарамі, нават даўнімі сябрамі, прыхільнікамі  і пацярпелымі ад рэжыму, заклікаюць да адзінства “ўсіх сіл”, ўздымаюцца над полем бітвы і  т. п. камуфляж, які не хавае сутнасьць, але толькі падкрэсьлівае мэтодыку.

Захад ня тое што недацэньвае магчымасьці рускага гэбізму, ён яго, як звычайна, не разумее і, больш таго не ў стане разумець. У Расеі створана ўлада спэцслужбаў, дзе ўсёй ўнутранай палітыкай займаецца ФСБ а ўсёй зьнешняй СВР (Служба Внешней Разведкі). У любых дачыненьнях расейцы ня могуць пазьбегнуць кантактаў (не абавязкова ўсьвядомленых) з гэтымі ворганамі з прычыны шырокай інфільтрацыі ў грамадзкія адносіны прадстаўнікоў гэтай арганізацыі і  поўнага   кантролю КГБ над грамадзтвам. Уплыў рускай агентуры, лабіяваньня, дыпляматыі значна павялічыўся на Захадзе пасьля распаду СССР.  Рускі бізнэс на Захадзе цалкам падкантрольны спэцслужбам, але эўрапалітыкам з абмежаваным заходнім думаньнем зразумець такое цяжка (расейцы зь іх проста сьмяюцца). Уплыў гэбізму ў Эўразвязе відаць няўзброеным вокам для ўсіх. Вынікі часам проста ўражваюць. Беспакараны тэрарызм (Літвіненка, Яньдарбі), агентурны кантроль над першымі асобамі улады (Шродэр, Прунскене, Паксас), пранікненьне працягваецца на віду ў грамадзтва, якое там яшчэ менш разумее, што адбываецца, чым грамадзтва ў Беларусі.

 

Бесаўшчына

 

Са зьяўленьнем Інтэрнэту ўзьнікла цэлая прапагандысцкая сфэра дзейнасьці для спэцслужбаў. Створаныя старонкі, парталы, рэсурсы, якія на розныя лады вядуць падрыўную працу супраць Беларусі. Значныя гэбоўскія сілы кінутыя на “бесаўшчыну”.

Задача гэбоўскага “беса” (троля -- на заходні лад), які выступае пад псэўданімам, пісаць у камэнтарах, псаваць атмасфэру, гадзіць на ўсё беларускае, на вялікіх людзей Беларусі (на Быкава, Купалу, Каліноўскага, Скарыну...), ахайваць усё, ілгаць, хлусіць, ілгаць і зьневажаць, не нясучы ніякай адказнасьці.

Бесаўшчына – новая зьява ў нашым сацыяльным жыцьці. Зьявілася яна з разьвіцьцём Інтэрнэту. Гэта ананімна легалізаванае зло ў сутнасным (г. зн. прыроджаным) выглядзе. Раней такога не існавала. Бесаўшчына была, але яна не была легалізавана. Інтэрнэт легалізаваў бесаў. Вядзе бесаўшчыну і прафэсійна яе падтрымлівае агентура КГБ. Выступаць у ролі падонкаў ёсьць там самавыяўленьне і платная служба для некаторых асоб.

Што такое “бесаўшчына” ведае кожны, хто карыстаецца Сецівам. Прывяду усё ж характэрны прыклад – нэкралог, на сьмерць Сяргея Вітушкі -- сьціплага, светлага чалавека, які жыў для Беларусі.  Ён памёр 1 ліпеня 2012 года. Назаўтра гэбоўскі бес на старонцы (http://sapiens.by/gosdep-brosil-agenta-umirat-v-vilnyuse) зьмясьціў нэкралог на сьмерць Сяргея. Госдеп бросил агента умирать в Вильнюсе. Сегодня утром в вильнюсской больнице скончался Сергей Витушко. Он был руководителем нелегальной минской организации “Толоки” – одной из первых полуподпольных преступных организаций во времена СССР. Он долго тяжело болел диабетом, и после эмиграции в “цивилизованные страны” потерял зрение и ногу.  Под руководством Витушки “Талака” долго занималась преступной и антибелорусской деятельностью на деньги заграничных спонсоров. Ее активисты участвовали в многих несанкционированных мероприятиях, которые неоднократно пресекались правоохранительными органами: оскверняли могилы, поддерживали ультраправые молодежные движения, разрушали памятники советской эпохи.

Погибший преступник жил в Вильнюсе, работал в “белорусской” школе, приторговывал физиономией на радио и телевидении. Фанатизм Сергея победил здравый рассудок  и потеряв зрение он организовывал “слепые экскурсии” для белорусов по временно оккупированной белорусской территории Вильно, а так же продолжал писать “творческие” произведения, о которых знали исключительно спонсоры.”

Для бесаўшчыны не існуе крытэрыяў ні жыцьця, ні сьмерці – нічога чалавечага. У канстытуцыях шмат якіх краінаў (у тым ліку нават у савецкай) адзначана як крымінальнае злачынства прапаганда “нацыянальнай нянавісьці (розьні)”, “вайны” і іншых антычалавечых зьяваў. Разьвіцьцё электронных магчымасьцяў дзеля пашырэньня нянавісьці і зьяўленьня новых формаў зла  вымушае даць ім кваліфікацыю і дэфініцыю у заканадаўстве. Тое чым займаецца КГБ па атручваньні чалавечага асяроддзя ў форме бесаўшчыны не мае ніякіх дачыненьняў да свабоды асобы і правоў чалавека. Гэта ёсьць злачынства супраць экалогіі міжлюдзкага існаваньня. Катэгорыя дакладна асэнсоўваецца і фармулюецца правам. У вольнай Беларусі гэбоўская бесаўшчына перастане існаваць (разам з КГБ).

 

Пэрспэктывы вырашэньня праблемы

 

Шкоду, разбурэньне і зло, якія прынёс чалавецтву і нашаму народу КГБ (і працягвае тое рабіць), цяжка апісаць і асэнсаваць. На гэтай рэпрэсіўнай і палітычнай структуры вісяць злачынствы супраць чалавецтва і супраць беларускага народа, нявінная кроў мільёнаў загубленых жыцьцяў, замучаных, закатаваных людзей, сьветачаў нацыі, мастацтва, літаратуры і ўсёй беларускай культуры. Гэта нельга забыць, гэтага нельга дараваць і пакінуць без пакараньня. Цяпер існуе гэбізм, улада нечысьці, і яны думаюць, што так будзе вечна. Але вечна так ня будзе.

Будзе сьветлая вольная Беларусь. Пытаньне часу. У мяне не ўзьнікае сумненьняў, што КГБ мусіць быць расфармаваны і ліквідаваны дазваньня.

Падыход да злачынцаў КГБ, якія нішчылі беларусаў, усё беларускае і зьдзекваліся зь людзей, павінен быць строгі. Судзіць іх мусіць асобны беларускі трыбунал. Зь бюджэту КГБ і з канфіскацыі катэджаў гэбоўскага начальства, пабудаваных на няшчасьці беларусаў, неабходна будзе выплаціць кампэнсацыю ўсім палітвязьням і ўсім несправядліва асуджаным людзям за часы подлай гэбісцкай улады.

Беларусы ўсіх іх памятаюць. Гэбізм мусіць быць асуджаны як антычалавечая зьява. Усялякае адбельваньне гэбізму і ўсхваленьне яго павінна перасьледвацца па закону.

Ня думаю, таксама, што будучая беларуская ўлада стане па-бальшавіцку часаць усіх гэбістаў пад адзін грэбень. Мяркую, што адказнасьць настане толькі пасьля доказу віны, будзе індывідуальны падыход на падставе закона і ўлік прафэсіяналізму, але тое, што ўся гэбоўская структура мусіць быць расфармавана і ліквідавана – тое не выклікае сумненьня.

Наступным крокам пасьля суду мусіла б быць люстрацыя. Люстрацыя патрэбная дзеля справядлівасьці і аздараўленьня грамадзтва. У Беларусі яна будзе неабходна (абавязкова) найперш, як мэтад пазбаўленьня ад расейскай агентуры ў КГБ і ў нашым грамадзтве (бо пасьля публічнага выяўленьня агентуры яна ўжо не агентура; маса людзей пазбавіцца залежнасьці ад чужой спэцслужбы).

У вольнай Беларусі будзе створана новая служба бясьпекі, залежная ад закону, падпарадкаваная ўраду і падсправаздачная парляманту. Яна ня будзе нішчыць грамадзян краіны і перасьледваць іх за думкі і палітычныя погляды, тым больш за беларускую культуру і размову па-беларуску.

 

На сёньняшні дзень істотна рэальна зразумець, што за сацыяльна-палітычная сістэма і што за тып улады ўтварыўся ў Беларусі і Расеі, якія між імі дачыненьні і залежнасьць, якая мэта гэтае ўлады. Залежнасьць антыбеларускага рэжыму ад Масквы ёсьць мэтанакіраваная і штучна створаная. Яна зьяўляецца адной з прычын таго, што рэжым праводзіць у Беларусі тыповую акупацыйную палітыку, якая рэалізуецца ў хамскай беларусафобнай форме. Масква знайшла адпаведнага сабе сатрапа і будзе старацца падтрымліваць яго пастаянна.

Гісторыя чытае беларусам жорсткую лекцыю аб тым, што можа стацца з грамадзтвам, якое траціць нацыянальны гонар і павагу да самаго сябе – да мовы, культуры, гісторыі. Гэта лекцыя, навука для людзей, якія думалі, што можна жыць толькі матэрыяльнымі інтарэсамі, існаваць індывідуальна, ня дбаючы пра калектыўную справу, дзяржаву, народ, культуру і нацыю.

Мы павінны, мусім асэнсоўваць гэты цяжкі час ужо цяпер, каб наблізіць будучыню, бо нельга нічога зрабіць, калі невядома, што ёсьць, што адбываецца і як з гэтым змагацца.

Час царызму і расейскай акупацыі быў для нас трагічным (пагібель паўстаньняў, вынішчэньне культуры). Час расейскага камунізму і савецкай акупацыі быў для нас апакаліптычным (генацыд, падзел краіны, мільёны забітых, выбіваньне эліты, адабраньне ў сялян зямлі, бязбожжа), цяперашні час цемры, час гэбізму застанецца ў нашай гісторыі (як я мяркую) часам ганьбы, часам ганебным. (Гэта калі вораг нікчэмны, а мы бясьсільныя. Цярпеньне ад нікчэмнасьці ёсьць ганебным.) Гэта страшней нават за апакаліпсіс і сьмерць.

Але час цемры таксама скончыцца. Мы мусім зразумець яго сэнс.

 

18. 01. 2013 г.                                                                         Зянон ПАЗЬНЯК       

Дадаць у: