У Беларускім Інтэрнэце ёсьць некалькі больш-менш вядомых Старонак на беларускай і беларускай і рускай мовах. Аўдыторыя і прагляды іх ў апошні час зьмяншаюцца адваротна прапарцыянальна павелічэньню іхнай канфармісцкай і часам адкрыта калябаранцкай інфармацыйнай пазыцыі адносна антыбеларускага рэжыму Лукашэнкі.
Галоўным тэкставым, візуальна-ілюстрацыйным і, фактычна, станоўчым інфармацыйным героем іхных навінаў, рэпартажаў і ўсяго кантэнту (прытым без крытычных ацэнак нелегальнага "правіцеля" і адносінаў да яго) зьяўляецца нішчыцель беларускай нацыі маскоўскі сатрап Лукашэнка. Сур’ёзна камэнтуецца (як палітычная зьява) усё ягонае пустое і лжывае словаблуддзе, на якое нават Масква не зьвяртае ўвагі, разумеючы пустапарожнасьць і ведаючы поўную залежнасьць гэтага здрадніцкага балбатуна ад пуцінскай палітыкі. Такія нібыта "дэмакратычныя" сайты часам ўжо няхочацца адчыняць. Лепш глядзець "Савбелію" -- менш раздражняе.
Самая рэсурсна і штатна магутная Старонка "радыё Свабода" зьехала да 350 наведвальнікаў у дзень, да 1000 праглядаў і да двух тысячаў усёй актыўнай аўдыторыі. Камэнтароў пад матэр’яламі там, практычна, ўжо няма (проста няма каму пісаць), хоць і цэнзуры няма. Часам толькі пару заблудных троляў што-небудзь цяўкне супраць Беларусі (а Свабода зьмесьціць).
Тым часам такая, фактычна, вузка кланавая, але пасьлядоўна антылукашысцкая, антырэжымная Старонка як "Хартыя-97, з жорсткай цэнзурай (што ў сытуацыі інфармацыйнай вайны абсалютна апраўдана) вырасла на вачах. Тут 28 тысячаў наведнікаў, 150 тысячаў праглядаў і 95 тысячаў актыўнай аўдыторыі.
Напісаць гэтую рэпліку мяне вымусіла, прабачце, ўжо проста гнюсная вёрстка галоўнай старонкі сёньняшняга дня (23-06-2014) Сайта "радыё Свабода", дзе нікчэмны "коснаязычны" калгасны сатрап, які публічна зьдзекваўся над творчасьцю і сьмерцю вялікага Быкава, гэты сатрап пададзены на фота побач ў параўнаньні з фотавыявай Быкава ў спэцыяльна падабраным ракурсе і кампазыцыі і прыпадобнены да генія нацыі.
Ад Антановіча да Янчэўскага, альбо Дваццаць паплечнікаў Лукашэнкі
. А побач словаблудны хвалебны матэрыял пра Лукашэнку і ягоную беларусафобную "пачку" (каманду), якую склалі "экспэрты Свабоды" як паплечнікаў ўхваленага імі здрадніка нацыі .
Цытую Свабоду: "сьпіс з 20 асобаў, якія на працягу ўсяго пэрыяду станаўленьня лукашэнкаўскай улады былі побач зь ім і шмат у чым вызначылі далейшае разьвіцьцё Беларусі". Тое, што стварыла "пачка" зь Беларусяй -- гэта ў "экспэртаў Свабоды" ёсьць "разьвіцьцё". І, дадам, што падсумуюць гэтае "разьвіцьцё" "зялёныя чалавечкі". Чакаць нядоўга. Як гэта ўсё ганебна!
Апошнім часам да мяне зьвярталіся маладыя людзі з гарачымі галовамі (не хаваю -- сябры нашай Партыі) з просьбай дазволіць ім напісаць, каб разагналі, як яны кажуць, "гэтае кубло". Я катэгарычна не дазволіў і не дазволю рабіць шкоднае глупства. Але пішу тут пра гэта, каб паказаць, якія эмоцыі ў моладзі выклікаюць цяпер (кал сфармаваўся на ўсходзе агрэсіўны фашызм) падобныя калабаранцкія зьявы ў інфармацыі.
Калісьці гадоў дванаццаць таму, калі толькі пачынаўся сьлізкі дрэйф "Свабоды" і адыход ад Адраджэньня, я, занепакоены, напісаў пра гэта рэзкую крытычную заметку ў нашым адраджэнскім друку. Ох, якое ж было абурэньне кіраўніцтва. Якая нянавісьць. Паведамілі нават ў амэрыканскую ахову будынку Свабоды ў Празе, каб не прапусьцілі мяне ў будынак, калі я раптам туды зьяўлюся. Ну, гэта праява, скажам так, адміністрацыйнага дзяцінства, якая, аднак паказвае, што крытыка выклікала далёка ня тыя думкі на якія была накіравана.
Тады яшчэ жывы быў Быкаў і я гаварыў зь ім пра тэндэнцыі (тады якраз выкінулі выяву Пагоні з тытула сайта Свабоды), намякаў, каб Пісьменьнік неяк адзначыў гэтыя трывожныя тэндэнцыі (ці сказаў бы кіраўніцтву). На што мудры Быкаў, які выдатна разьбіраўся ў людзях, сказаў мне, што ягонае ўмяшаньне нічога ня выкліча акрамя нянавісьці і закрыцьця дарогі для публікацыі.
Я не надта гэтаму тады паверыў. Усё ж такі тут Быкаў, сумленьне нацыі. Але потым я падумаў, што Пісьменьнік меў рацыю. І справа не ў канкрэтных асобах. Проста непазнавальна на нашых вачах зьмяніўся сьвет. Іншыя адносіны, іншыя дачыненьні, іншыя каштоўнасьці, ніякіх ідэалаў. Праўда, я гэты сьвет (што на Захадзе, што на Ўсходзе) не прымаю і нянавісьць яго мяне не палохае. Ёсьць іншы сьвет -- сьвет разумнай, годнай, вернай, сьветлай Беларусі. І дзеля будучыні, гэтага беларускага сьввету, варта змагацца і жыць.
23 чэрвеня 2014 г. Зянон Пазьняк