Яўген Шатохін – вядомы беларускі мастак-графік, сябра мастацкай суполкі “Пагоня”, дзе аб’яднаная эліта беларускага мастацтва.
Мастак пачынаецца з таленту і з асобы. Талент даецца Богам. Асоба фармуецца воляй, калі дадзена ёй хоць трошкі ад Духа Сьвятога. Асоба Шатохіна фармавалася, відаць, як рэч у сабе. Лёс закінуў яго ў далёкую расейскую каляніяльную дзіру на Поўнач, амаль пад Палярны круг. Там цякло ягонае жыцьцё з дня ў дзень, з году ў год. Ратаваўся падарожжамі. Пабудаваў сабе яхту, плаваў па рэках і вазёрах, наведаў Салаўкі, аглядаў “помнікі” ГУЛАГу і драўлянае фінскае дойлідзтва, шэрае закінутае жыцьцё.
Аднойчы ён заблукаў на старыя рускія мясцовыя могілкі. Мярзота запусьценьня, сьмецьце, цьвіль, пахілыя помнікі і крыжы, чужыя імёны… І тады падумалася: “І гэта я тут буду ляжаць, у гэтай чужой зямлі?” Мароз прабег па душы. Уражаньне было такое моцнае, што, прышоўшы дадому, сказаў жонцы: “Усё! Едзем дадому! Вяртаемся ў Пінск! На Беларусь!”
І паехаў. Толькі як! Паплыў. Да Бацькаўшчыны трэба плысьці, як карабель, доўга, упарта і пастаянна. Там наш порт і вечная гавань…
На сваёй яхце па рэках і вадаёмах Шатохін прыплыў з-пад Палярнага круга аж у Маскву. У Маскве яхту пагрузілі на чыгуначную платформу, скіпер Шатохін залез у трум і паехалі ў Гомель пад стук калёс. У Гомлі карабель апусьцілі ў Сож і адтуль – вецер у ветразі – поўны наперад у Пінск. Бацькаўшчына наплывала, як казка: балаты, палеская пойма навокал, старыя дубы з бусламі на верхавінах і воблакі пад беларускім сьвежым ветрам…
Сустракаць карабель на надбярэжжы Піны сабраліся родзічы, сваякі і знаёмыя. У бінокль здалёку было відаць, што іх шмат. Тады з борта ў неба паляцелі ракеты, усчалася цэлая кананада, а на беразе падкідвалі ўгару шапкі і капелюшы…
Так Яўген Шатохін (мастацкая натура) прыплыў да Беларусі. Ад чужых могілак – да сябе, з думкаю пра душу. Але засталося яшчэ дайсьці. Дайсьці да Беларусі.
І ён дайшоў. Дайшоў таксама ад могілак, дзе ляжаў расстраляны народ. 29 кастрычніка 1989 года ён апынуўся ў Курапатах разам з тысячамі людзей, што прынесьлі туды сямімэтровы Крыж Пакуты і ўсталявалі пад гукі рэквіема і малітоўны сьпеў. Тое, што ён там убачыў, перавярнула, як ён кажа, яго душу. З гэтага дня ён як нанова нарадзіўся, зразумеўшы, што жыць трэба для Беларусі і тварыць для яе. Усё, што рабілася, тварылася да гэтага дня, — здалося марным, нікчэмным і непатрэбным…
16-га лістапада у Амэрыцы на вернісажы творчых працаў Яўгена Шатохіна ў беларускім Саборы сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне Антон Шукелойць выказаў цікавае назіраньне пра беларускі адраджэнскі рух і змаганьне за незалежнасьць. Усё ранейшае змаганьне (заўважыў А. Шукелойць) узначальвалі лідары-юрысты, эканамісты альбо прафэсійныя палітыкі (“пэр-стрыкто”). Але ў іх не атрымалася. Справа была правалена. У Новым Беларускім адраджэньні за справу вызвольнага змаганьня ўзяліся мастакі, і ў іх – атрымалася. Здабылі незалежнасьць.
Сапраўды, Новае Беларускае адраджэньне ўзначаліла, у асноўным, творчая інтэлігенцыя. У 60-70-х гадах у Менску існавала моцная мастацкая адраджэнцкая група, якая часта зьбіралася “На паддашку” (у майстэрні мастака Яўгена Куліка). Шмат каго з гэтых асобаў 19 кастрычніка 1988 года на Ўстаноўчай канфэрэнцыі “Мартыралогу” я прапанаваў у Аргкамітэт БНФ.
У Соймы БНФ першай паловы 90-х было выбрана больш 10-ці мастакоў. Цікава, што камуністы гэта разумелі. Памятаю, ня раз іхныя саркастычныя рэплікі ў мой бок у Вярхоўным Савеце, маўляў, “всякие тут кандидаты искусствоведения”, — грэбліва адзываліся яны, сакратары райкамаў, абкамаў ды старшыні калгасаў і іншы партгасактыў.
Яўген Шатохін пастаянны сябра Сойму БНФ, пачынаючы з 90-х гадоў. Акрамя таго ўваходзіць яшчэ ў Паліткамітэт Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ. Яго навонкавае палітычнае захаваньне — тыповае для адраджэнца: там, дзе Шатохін, там Бел-Чырвона-Белы сьцяг. У Францыі ён маршыруе ў калёне французкіх ветэранаў зь вялікім Беларускім сьцягам, у Бэрліне ён са Сьцягам на вакзале, на пленэры на радзіме Васіля Быкава ягоны Сьцяг на высачэзнай мачце пануе над навакольлем. Словам, дзе б мы ні былі, — гэта ёсьць МЫ і гэта наш Сьцяг у сьвеце.
Мастацкае аблічча Я. Шатохіна – гэта яго творчасьць. Тэмы яго мастацтва – партрэты беларускіх людзей, краявіды Бацькаўшчыны, архітэктура ў краявідзе, родны горад Пінск, натурморты беларускай працы і асяроддзя (гарбузы, яблыкі, прылады працы, расьліны і г.д.).
Найбольш працуе мастак у тэхніцы алоўка і акварэлі. Графічныя выявы яго (асабліва партрэты) вельмі выразныя. Выразнасьць, вобразнасьць і адметная манера штрыха – найбольш характэрныя рысы шатохінскай творчасьці алоўкам. Ягоны почырк і выяўленчы стыль ня зблытаеш ні з чыім іншым. Выразнасьць дасягаецца таксама за кошт вельмі эканомнай лініі і ўменьня ўключыць белы фон паперы ў кампазыцыю і пэрспэктыву ўсёй карціны, шляхам дынамічнага разьмеркаваньня балянсу сьветлых і цёмных плямаў.
Я. Шатохін валодае надзвычай патрэбнай і станоўчай якасьцю прафэсійнага мастака добрага клясу – уменьнем своечасова спыніцца. Пасьля таго, як зроблена асноўная мадуляцыя выявы, дасягнута выразнасьць характару і чытэльнасьць вобразу, праца, практычна, спыняецца. Даводзіцца да ладу балянс белага і чорнага, кампазыцыя плянаў, дынаміка сьветлацені (калі ёсьць патрэба), паўтону, насычанасьць штрыха – і ўсё на гэтым.
Ніводная праца Я. Шатохіна не пакідае ўражаньня “замучанасьці” ці імкненьня ўпрыгожыць прыгожае. Усё падпарадкавана асноўнай творчай задачы, і нідзе мастацкі густ ня здраджвае аўтару.
Амаль усе партрэты мастака, выкананыя алоўкам, — гэта так званыя “галаўныя партрэты”, буйны маштаб.
Вядома, мастаку лягчэй намаляваць такую выяву, але тут не ўцяканьне ад цяжкасьцяў, а вынік манеры і творчага падыходу, дзе выразнасьць аблічча і характару дасягаецца ў максымальным павелічэньні кшталтам рэзкай мадуляцыі штрыха і пазьбяганьня лішняга. Канцэнтрацыя толькі на галоўным. Вельмі характэрны ў гэтым сэнсе “Партрэт бабы Кацырыны”. Тыпаж настолькі выразны і этнічна трансцэндэнтны, што, здаецца, сягае аж да каменнага веку. Адначасна нейкая стыхійная готыка ўгадваецца ў гэтым абліччы.
Тое ж у партрэце Алеся Шатэрніка, зробленага ў больш мяккай манеры, але нібы на адным дыханьні (а так яно й было).
Вельмі запамінаецца “Партрэт дзядзькі Ўладзімера Данілавіча”. Тут малюнак больш дэталёвы, з увагай да паўтаноў. Партрэт надзвычай выразны па тыпажу: шапка-блін на ілбе, бульба-нос і вельмі самавіты, годны выраз твару беларуса-працаўніка, моцнага, крыху крытычнага да ўсяго, які ведае сабе цану.
Родны Пінск, архітэктурны ансамбль Францысканцаў, што відаць з-за Піны, — улюбёны сюжэт Яўгена Шатохіна. Такіх сюжэтаў на выставе некалькі — у алоўку і акварэлі. Запамінаецца графічны ліст “У маім горадзе – Сакавік”. Ліст вельмі прыгожа выштрыхаваны, але галоўнае – тут схопленае нейкае (усім нам знаёмае на Беларусі) таямнічае сьвятло, якое прыўносіць у душу абставіны сьветлага камфорту і казачнай цеплыні.
Зьвяртаюць на сябе ўвагу лісты зь вершамі Рыгора Барадуліна, напісанымі на выявах рукой паэта. Асабліва глыбокі адухоўлены партрэт Барадуліна, у вобразе мудрага добрага старога, аблічча якога у сьветлым німбе нібы выплывае зь вечнасьці і з фактуры ліста.
Акварэльныя лісты (у асноўным на тэму Пінска) удала ўпісаныя ў кампазыцыю выставы (якую скампанаваў сам мастак) і зьяўляюцца каляровымі акцэнтамі ўсяго экспазыцыйнага раду.
У нядзелю, 16 лістапада, на адчыненьні экспазыцыі сабралася добрая грамада беларусаў. Адчыніў урачыстасьць Алесь Вінакураў, кіраўнік усёй выставачнай працы Беларускага Музэю ў Нью-Ёрку. Гэта яго стараньнямі быў запрошаны ў Нью-Ёрк Яўген Шатохін, падрыхтаваныя буклеты, рэкляма, тэксты, выдрукі, плякаты па-беларуску і ангельску і інш. Дапамагалі тэхнічна рыхтаваць экспазыцыю (як заўсёды, сваім коштам) Мікалай Сагановіч, Васіль Кузьменка і іншыя сябры-беларусы. Нагадваю пра гэта, бо ўся беларуская выставачна-музэйная праца ў Нью-Ёрку трымаецца на энтузіязме і зьяўляецца грамадзкім рушэньнем.
На адкрыцьці выставы Яўген Шатохін распавядаў ня толькі пра творчасьць, але і пра жыцьцёвыя абставіны, што спадарожнічаюць творчасьці мастака. Нарадзіўся Я. Шатохін у Пінску ў 1947 г. Сябра Саюзу Мастакоў Беларусі. Ён ёсьць заснавальнік Пінскай дзіцячай школы выяўленчага мастацтва і з 1988 года быў яе дырэктарам. З 1989 года сябра Беларускага Народнана Фронту. У 1990-1999 гг. быў дэпутатам Пінскага гарсавета ад БНФ. Мае мастацкія ўзнагароды і мэдалі за сваё мастацтва. Выстаўляўся ў шматлікіх краінах Эўропы. Ягоныя працы ёсьць у шмат якіх музэях, зборах, прыватных калекцыях па ўсім сьвеце.
Мастацтва Я. Шатохіна, як ён сам гэта ўяўляе і як гэта відаць, накіраванае дзеля дабра, гонару і велічы Беларусі, якой пасьвячаецца творчасьць і ўсё мастацкае служэньне.
19 лістапада 2008 г.
Зянон ПАЗЬНЯК
кандыдат мастацтвазнаўства