Мой падыход заўсёды быў такі (я пра тое ня раз казаў): ПАЛІТЫКА -- ГЭТА МАСТАЦТВА НЕМАГЧЫМАГА (інакш гэта не "мастацтва"). Мне лёгка тое паўтараць, бо мне якраз гэта ў жыцьці ўдалося. І не адзін раз. Найбольшае тут -- дасягненьне незалежнасьці Беларусі, якая была здабытая выдатнай камандай Дэпутатаў Незалежнасьці БНФ. Хвала гэтым харошым людзям.
Пра гэта я ўспомніў, слухаючы прамову Прэзыдэнта Трампа ў Эр-Рыядзе ў Савудаўскай Арабіі і інфармацыю Белага Дома пра дзеяньні і дасягненьні Амэрыкі за апошнія два тыдні траўня. Тое, што зроблена за такі кароткі час, гэта сапраўды мастацтва неверагоднага.
Сёньня (16 траўня) я гаварыў з сябрамі з Амэрыкі і Канады. Зрух яшчэ толькі пачынаецца, але грамадзтва ўжо яго адчувае. Палова амэрыканцаў лічаць, што ў цэлым Амэрыка йдзе ў добрым кірунку. Гэтае апытаньне (аб кірунку) уведзена 20 гадоў таму і ніколі не было такога высокага выніку.
Дасягненьняў шмат. Пералічу толькі галоўныя. Спынены ваенны канфлікт паміж Індыяй і Пакістанам (які мог перарасьці ў маштабную вайну). Заключана выдатнае пагадненьне аб нулявых тарыфах зь Вялікай Брытаніяй. Пачата праца аб упарадкаваньні цэнаў на лякарствы ў ЗША і ў сьвеце. (Той, хто жыве ў Штатах, разумее, што гэта такое. Цэны астранамічныя. Без страхоўкі лекі ў аптэцы недасягальныя па цэнах. Вашэйшыя ў 10-20 разоў, чым тыя ж амэрыканскія лекі ў іншых краінах). За рэформу аптэкаў спрабавалі брацца Рэйган і іншыя прэзыдэнты. Але не атрымалася. У Трампа ўжо пайшло.
Візіт на Блізкі Усход -- па выніках гэта нешта ашаламляльнае. Адзін трыльён 200 мільярдаў інвестыцый ў ЗША ад Савудаўскай Арабіі і Катара; наладжаны добрыя адносіны з кіраўніцтвам Сірыі на прынцыпах выгаднага гандлю і мірнай палітыкі (і гэта зь нядаўнімі ворагамі і тэрарыстамі). "Я прыму рашэньне зьняць санкцыі з Сірыі, каб даць гэтай краіне шанц на вялікасьць", -- сказаў Прэзыдэнт Трамп. Тым часам некалькі тыдняў амэрыканскай бамбардыроўкі па хусітах Емэна далі дакладны вынік. Страляньне хусітаў іранскімі ракетамі па амэрыканскіх караблях у Пэрсідзкай затоцы, Чырвоным і Арабійскім моры спыненна і больш ня будзе. І самае для некаторых нечаканае -- у адказ на жорсткую пазыцыю ЗША Іран гатовы адмовіцца ад падтрымкі хусітаў і ад стварэньня сваёй атамнай зброі ўзамен на выгадны гандаль і "зьдзелкі" з Амэрыкай.
Цяпер самае важнае. У гэты ж час наладжаныя папярэднія дамоўленасьці з Кітаем аб тарыфах на выгаднай для Амэрыкі аснове. Кітай адчыняе для ЗША свой рынак без якога кітайская эканоміка не падымецца. Гэта важнейшае патаньне, бо сутнасьць перадзелу глабалісцкага сьвету, за што ўзяўся Прэзыдэнт Трамп, -- гэта, перш за ўсё, трэба вырашыць адносіны і суперніцтва з Кітаем.
Першыя зрухі ў тарыфах ўжо прыносяць даходы ў амэрыканскі бюджэт, назіраецца тэндэнцыя па спаду інфляцыі і зьніжэньні цэнаў, зноў ажыла біржа, і што важна -- істотна павялічылася колькасьць рабочых месцаў.
Прэзыдэнт Трамп адкрыта кажа, што хоча перарабіць сьвет, спыніць ваенныя канфлікты і заахвоціць краіны да міру эканамічнай выгадай і гандлем. Да Трампа ніхто гэтым не займаўся. "Я веру, што судзіць можа толькі Бог, -- сказаў прэзыдэнт Трамп ў Эр-Рыядзе, -- а мая задача абаряняць Амэрыку і сцьвярджаць фундамэнтальныя прынцыпы стабільнасьці, квітненьня і міру. Вось чым я хачу займацца".
На фоне гэтай выдатнай дзейнасьці пазнавальна (хто разьбіраецца) паслухаць ды пачытаць хлусьлівую прапаганду і дэзінфармацыю розных левых выданьняў, экспэртаў і аналітыкаў. Гэта таксама нешта неверагоднае. Але так было, ёсьць і будзе заўсёды, бо ў маніпуляцыях і ілжы існуе прырода левізны.
Таксама расейская прапаганда і агентура выступае ў сваім стылі. Нядаўна пасьля добрых дамоўленасьцяў Трампа з Кітаем я паслухаў легальнага функцыянера ў Амэрыцы Юрыя Швеца (мільён падпісчыкаў). Гэты так адкрыта і рэжа ўсё навыварат, што Трампа, маўляў, кітайцы растапталі, прынізілі, зьвялі да нуля, поўная параза і г.д.
У гэтыя дні таксама шмат гаварылі пра план сустрэчы Пуціна і Зяленскага ў Стамбуле. Аднак, хто разьбіраецца, адразу было зразумела, што тут альбо прадуманая падстава, альбо чарговае неразуменьне маскоўцаў з боку амэрыканцаў альбо нават правакацыя, каб засьведчыць антымірную пазыцыю Масквы.
Пуцін ніколі ня стане спатыкацца з Зяленскім і ў прынцыпе зь любым украінскім прэзыдэнтам. Тое ня трэба нават тлумачыць. Ён дазволіць сабе спаткацца толькі з Трампам. І наўрад ці пагодзіцца, каб пры гэтым прысутнічаў Зяленскі. Трэба ведаць маскалёў і ацэньваць сітуацыю.
Становішча паказвае, што Трамп і амэрыканцы зь веданьнем успрымаюць Блізкі Усход і Азію. Палітычныя дачыненьні сведчаць пра гэта. Але адначасна і Амэрыка, і ўвесь Захад цалкам не разумеюць маскавітаў. Тут поўны правал. Масква -- гэта нават не Азія. Тут такі ардынскі гібрыд, зразумець які можна толькі доўга зь імі пажыўшы. Але растлумачыць заходнікам, што такое маскаль амаль немагчыма. Тут, канешне, шмат сарказму. Але па-праўдзе -- так яно й ёсьць.
Ва ўсёй гэтай інфармацыі і развагах, пра якія я тут пішу, не хапае самага галоўнага -- а што будзе зь Беларусяй. Гэта непакоіць найбольш. Левая Эўропа прыгнобіла наш народ эканамічнымі санкцыямі і загнала Беларусь пад Расею, праводзячы палітыку ізаляцыі нашай краіны, засьведчыла фальшывую абыякавасьць да палітычных вязьняў рэжыму і да рэпрэсіяў. Маю права так казаць, бо ня раз пра тое пісаў і зьвяртаўся ў вышэйшыя колы Эўразьвязу.
На добры лад цяпар толькі энэргічны прэзыдэнт Трамп мог бы пауплываць на дачыненьні зь Беларусяй. Ёсьць некалькі прапаноў эканамічна-гандлёвага кшталту. Але казаць пра гэта ня мае сэнсу, бо такое вырашаецца на ўзроўні ўлады. Улада ня наша. Але што было б вельмі важна давесьці да амэрыканцаў, гэта тое, што калі, магчыма, узьнікнуць перамовы аб міры, то ў інтарэсах усіх (літаральна ўсіх), каб гэтыя перамовы адбываліся ў Менску. Беларусы за мяжой маглі б тое давесьці і аргумэнтаваць. Патрэбныя ініцыятывы.
16 травень 2025 г.
Зянон Пазьняк