НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

КАРОТКІ АГЛЯД СТАНОВІШЧА

КАРОТКІ АГЛЯД СТАНОВІШЧА

(Выступ на ліпеньскмі Сойме Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ                                            і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”) 

 

            Расейска-украінская вайна разгараецца. Кожны дзень праз адкрытую мяжу на тэрыторыю Украіны з Расеі пераязджаюць ужо дзясяткі найноўшых танкаў і іншай бронетэхнікі, дзясяткі грузавікоў з жывой сілай. Расейцы сістэматычна страляюць па ўкраінцах з ракетнай сістэмы “Град”, якая наносіць велізарныя разбурэньні. Расьце колькасьць ахвяраў з абодвух бакоў. Але ўкраінскае войска паступова арганізуецца, набірае сілы і наносіць штораз мацнейшыя ўдары па акупантах. Крымінальнікі, мабілізаваныя рускімі дыверсантамі, пачынаюць кідаць зброю і разьбягаюцца. Рускія імкнуцца папоўніць шэрагі дызертыраў новымі дыверсантамі з Расеі. Тэрарысты з Данецку абстрэльваюць зь мінамётаў расейскую тэрыторыю, каб абвінаваціўшы ў гэтым украінцаў, даць Пуціну повад увесьці на Ўкраіну новыя рэгулярныя рускія войскі.

            Прыкладна месяц таму па планах Пуціна павінна было адбыцца ўварваньне расейскага рэгулярнага войска ва Украіну і пачацца дэманстратыўная поўнамаштабная вайна з паходам на Кіеў. Тым часам Рада Бясьпекі Расеі не падтрымала ўварваньне. Пры ўсім прапагандысцкім словаблудзтве і ўсхваленьні асобы Пуціна, ня трэба забывацца, што руская гэбісцкая дыктатура – гэта не аўтарытарная, а карпаратыўная ўлада, і людзі, якія паставілі на Пуціна, адэкватна разумеюць пасрэднасьць яго асобы. Яны (тыя людзі) і вызначаюць рэальную палітыку Расеі ў вайне супраць усяго сьвету.

            Цяпер робіцца стаўка на ператварэньне Данбаса ў гарачую кропку, ва ўкраінскі “сэктар Газа”, у тэрарыстычную язву, якую будзе збройна і палітычна падсілкоўваць Расея і адначасна выступаць за перамовы і спыненьне агню. Крамлю хочацца прадставіць усяму сьвету акупацыю Данбаса як унутраны канфлікт ва Украіне, дзе агрэсар Пуцін імкнецца сыграць ролю міратворца.

            Увесь час адбываецца моцная расейская дыпляматычная і рэсурсная апрацоўка заходне-эўрапейскай палітбюракратыі аб “спыненьні агню” і перамовах з дыверсантамі. Час ад часу нейкая эўраасоба (напрыклад, міністар МЗС Нямеччыны Ф. Штайнмаер) пачынае агітаваць за перамовы ўкраінцаў з тэрарыстамі. Клясычны прыклад чарговая змова Пуціна з Меркель, пасьля якой фрау  выступіла за наўпроставыя перамовы Кіева з тэрарыстамі ў фармаце відэаканферэнцыі (у гэтым, дарэчы, ўсе немцы, ўся нямецкая палітыка).

            Зазначу, што калі і на гэты раз прэзыдэнт Парашэнка пагадзіўся б на аднабаковае спыненьне агню і перамовы з бандытамі, то гэта ўжо было б фатальнай памылкай.

            Расея ўзмоцнена рыхтуецца да вайны, і пазыцыя ейнай Рады Бясьпекі выклікана якраз прычынай недастатковай падрыхтаванасьці “пытаньня” аб уварваньні на Ўкраіну, а не прынцыповай нязгодай. Зараз адбываецца накапленьне расейскай ваеннай сілы ў Крыме і падрыхтоўка да адкрыцьця “другога фронта” на поўдні Украіны.   

            Руская агрэсія супраць Украіны і мабілізацыя ўкраінцаў на адпор агрэсару ўстрасянула ўсю гніль у Беларусі. Агентура (асабліва ў так званых “дэмСМІ”) амаль не хаваючыся стала сьпяваць хвалу Лукашэнку. Фатаграфіі яго ў розных позах не зыходзяць з так званых “дэмстаронак” у Інтэрнэце і з “дэмакратычных” газэт. “Беларусь адбылася”, лукашысцкая нацыя “ўтварылася”, -- пішуць безадказныя людзі. Адзін нават дапісаўся, што каб не паталагічнае хапаньне Лукашэнкі за ўладу, то незалежнай Беларусі ўжо не было б. (Тут, як у тым рускім анэкдоце “харашо, што папка п’ёт -- бутылкі с мамкой сдадім, на хлеб і хватает”.) Зноў зьявіліся штатныя кандыдаты на прэзыдэнта ў выбарах 2015 года. Сярод іх нават такі цьвёрды гэбоўскі дуб, як генэрал Фралоў і іншыя сябры Расеі.

            Занепакоілася Лубянка, як бы падзеі ва Украіне ні абудзілі Беларусь. Зьявіўся шэраг прэвентыўных артыкулаў, напісаных з мэтай заблытаць людзей. Напрыклад, загаловак аднаго зь іх: “Праўда ці мова?” І выснова такая, што праўда важней за мову. Тэхналёгія вядомая, лёгіка дзіцячая (некарэктны выбар прыярытэту сярод базавых каштоўнасьцяў, напрыклад, пытаньне дзіцяці: хто важней -- тата ці мама). Але ж яно дзейнічае на слабыя розумы. Інакш бы не пісалася. Увогуле, практыка інфармацыйнага ўплыву сьведчыць, што няма такога глупства, якое, выказанае публічна, ні знайшло б пасьлядоўнікаў. Руская гёбельсаўшчына пра Украіну і хлусьня, якая цяпер штохвілінна трансьлюецца праз расейскае тэлебачаньне, -- гэтае правіла ўвесь час пацьвярджае.

            Тое, што зьяўляюцца беларускія дабраахвотнікі і людзі гатовыя ваяваць на баку Украіны супраць рускай агрэсіі і фашызму, лічу добрай прыкметай і вынікам станоўчай палітычнай працы, якую трэба працягваць.

            У рэчышчы падрыхтоўкі да вайны вельмі важна ўскрываць тэхналёгію і лжывую сутнасьць рускай інфармацыі пра Украіну і Беларусь і паведамляць тое грамадзтву. Істотна таксама тлумачыць сутнасьць рускага фашызму і яго агрэсіўнай канцэпцыі “русский мир”. Вельмі важна цяпер дапамагчы людзям усьвядоміць неабходнасьць дзяржаўнасьці і навучаньня беларускай мовы. Беларуская мова -- гэта эфэктыўны і надзейны базавы мэтад спыніць рускі фашызм і маскоўскую агрэсію на Беларусь. Падрыхтоўка да збройнага змаганьня супраць рэальна магчымай расейскай агрэсіі на Беларусь застаецца найважнейшай задачай нашай грамадзка-палітычнай працы.

            Прапаную некалькі кароткіх артыкулаў па адзначаных тэмах, напісаных у форме асьветніцкай улёткі.

 

Ліпень 2014 г.                                                                         Зянон ПАЗЬНЯК

 

 

1

ШУКАЙМА ПРАЎДЫ

(Аб інфармацыі)

 

            У Беларусі і вакол нашай краіны адбываюцца кардынальныя падзеі, якія зьмяняюць сьвет і парадак, што існаваў дагэтуль. Але шмат людзей у Беларусі (калі ня большасьць) ня ведаюць, што робіцца, і больш таго, маюць скрыўленыя неадэкватныя ўяўленьні пра вайну і расейскую агрэсію супраць Украіны, пра пэрспэктыву Беларусі. Прычына такога становішча -- у інфармацыйнай вайне, якую вядзе Расея супраць Украіны, і у знаходжаньні нашага насельніцтва ў расейскім тэлевізійным інфармацыйным полі гэтай вайны. Самае кепскае тут  – гэта адсутнасьць беларускага нацыянальнага тэлебачаньня і масавага альтэрнатыўнага беларускага тэлевізійнага спавешчаньня. Тое тэлебачаньне, што пад лукашызмам, паўтарае зьмест і мэтады расейскай дэзінфармацыі.

            Вынік гэтай разбуральнай дэзінфармацыі мы ўжо назіраем: раскол грамадзтва, раскол у сем’ях, уцягваньне беларусаў у агрэсыўную палітыку пуцінскай Расеі. Людзі атрымліваюць з расейскага тэлебачаньня крайне ілжывую інфармацыю пра ўкраінцаў і ваенныя дзеяньні на Украіне.

            Расейская прапаганда заўсёды была ілжывай і палягала на цынічнай хлусьні. Але тое, што вяшчаюць цяпер афіцыйныя расейскія тэле і радыёканалы, пераўзыходзіць па ўзроўню нізасьці і неадэкватнасьці ўсю хлусьню, якая была дагэтуль і ў Савецкім Саюзе, і ў гітлераўскай Нямеччыне. Прытым груба зьневажаюць украінскі народ, яго гісторыю, мову, культуру, вялікіх людзей Украіны.

            Беларускае грамадзтва не павінна заставацца інфармацыйна асьлепленым і жыць у сьлепаце. Гэта вядзе да вялікіх няшчасьцяў. Трэба ратавацца ад чужога ўплыву і рускай хлусьні.

            У гэтым становішчы самы радыкальны і эфэктыўны сродак паратунку – перастаць глядзець усе расейскія каналы і каналы рэжымнага лукашысцкага тэлебачаньня ў Беларусі. Адключыць іх. Там няма інфармацыі. Там сістэма ілжы, замбаваньня і абалваньваньня чалавека.

            Адэкватную інфармацыю можна знайсьці ў Інтэрнэце на беларускіх неафіцыйных старонках, а таксама на беларускім тэлевізійным канале Белсат, што перадае з Польшчы. Украінцы не вядуць інфармацыйнай вайны, займаюць пазыцыю інфармацыйнай абароны, таму шмат што можна даведацца з украінскіх тэлеканалаў там, дзе ў Беларусі ёсьць магчымасьць прымаць сігналы ўкраінскага тэлебачаньня.

            Беларусы, вырывайцеся з палону расейскай ілжы. Адчыняйце вочы на сапраўдныя падзеі і сапраўдны сьвет. Клапаціцеся пра будучыню нашай роднай Беларусі.

 

14 ліпеня 2014 г.                                             Ініцыятыва “Беларуская Салідарнасьць”

Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ

 

 

2

 

ПРА “РУССКИЙ МИР” І ФАШЫЗМ

 

            Задаткі фашызму існавалі ў маскоўскім грамадзтве здаўна, яшчэ ад часоў Арды і Маскоўскага княства. Гэта ўвогуле родавая прыкмета расейцаў. Цяга да агрэсіі, масавага вынішчэньня людзей і да таталітарнага сьветапогляду была ад пачатку. Найбольш яскрава і разбуральна яна выявілася ў ХХ-м стагоддзі з усталяваньнем камуністычнага рэжыму СССР і камуна-фашысцкай ідэалёгіі “пабудовы камунізму”. У паднявольных краінах (асабліва ў Беларусі і Украіне) пад гэтую марку камунізму зьнішчылі дзясяткі мільёнаў нявінных людзей.

            Фашысцкая ідэалёгія агрэсіі рускага камунізму і планы вынішчальнай перабудовы чалавецтва грунтавалася на класавым ідэале пралетарыята (рабочых людзей без маёмасьці і ўласнасьці). Астатнія маёмныя станы павінны былі быць зьнішчаны фізічна альбо сацыяльна (у выніку пазбаўленьня ад маёмасьці).

            Канцэпцыя агрэсіі і вынішчальнай перабудовы сьвету паводле нямецкага гітлерскага фашызму грунтавалася на расавым ідэале арыйскай (нямецкай) расы, перад якой іншыя расы мусілі быць альбо зьнішчаны, альбо ўведзены ў стан нявольнікаў.

            Да апошняга часу фашызм ва ўсім сьвеце (там, дзе ён узьнікаў) паслугоўваўся адной з гэтых дзьвюх фашысцкіх канцэпцыяў.

            Пасьля краху рускага камунізму і пасьля частковага паўраспаду савецкай імпэрыі абсалютную ўладу ў Расеі ў 2000-м годзе забірае КГБ. Адбываецца фармаваньне новага рускага фашызму ўжо не на класавай, а на шавіністычна-імпэрскай аснове. Канцэпцыя агрэсіі і падпарадкаваньня сьвету тут палягае не на класавай, не на нацыянальна-расавай ідэях, а на нацыянальна-моўнай падставе. Класавая і расавая ідэалёгія фашызму папоўніліся яшчэ адной таталітарнай ідэалёгіяй, імя якой – “русский язык”. Гэтая ідэалёгія аформлена ў фашысцкай канцэпцыі “русский мир”, распрацаванай ў КГБ пад дахам праваслаўнай арганізацыі РПЦ (Русской Православной Церкви).

            Сутнасьць гэтай канцэпцыі – апраўданьне імпэрскай тэрытарыяльнай агрэсіі на падставе рускай мовы. Пуцінская Расея лічыць, што ва ўсіх месцах у сьвеце, дзе ёсьць людзі, якія размаўляюць па-руску (гэта не абавязкова этнічна рускія), яна можа ўвесьці туды сваё войска дзеля абароны рускамоўных інтарэсаў.

            Такая мэтадалёгія ня ёсьць для Расеі новай. У ХVІІ-ХІХ стагоддзях рускія цары, напрыклад, выкарыстоўвалі дзеля агрэсіі і анэксіі тэрыторыяў жупел праваслаўя, якое яны быццам бы павінны былі “абараняць”. Гітлераўцы ў 30-х гадах дзеле анэксіі Судэцкай вобласьці і Аўстрыі абапіраліся на чыньнік этнічны. Тут жа навіна ў тым, што цяперашняя канцэпцыця рускага гэбізму, плянуючы экспансію, спрабуе абапірацца на “русский язык” як на асобны фэнамэн агрэсіі, незалежна ад этнічнага паходжаньня людзей. Гэта (як лічаць, відаць, у Крамлі) дае шырокія магчымасьці для ваеннага ўмяшаньня ў розных пунктах розных тэрыторыяў, каб нібыта абараняць рускамоўных людзей, якіх нібыта перасьледуюць і г. д.

 Адсюль зразумела, чаму галоўным накірункам крамлёўскай палітыкі (і раней у СССР, і цяпер, у дачыненьнях з суседнімі краінамі) ёсьць русіфікацыя і любымі спосабамі насаджэньне рускай мовы (паралельна са зьнішчэньнем нацыянальнай мовы карэннага народа). У гэтай сувязі цалкам зразумелая палітыка прамаскоўскага лукашызму па зьнішчэньні беларускай мовы, беларускай школы, беларускага друку і нацыянальнай асьветы ў Беларусі. Тут мэтанакіраваная падрыхтоўка да анэксіі цэлай краіны ў адпаведны час і адпаведны момант. У гэтым якраз і ёсьць найвялікшая здрада і найвялікшае злачынства Лукашэнкі перад беларускай нацыяй. За 20 гадоў лукашызму разбурана вельмі шмат, падарваныя этнакультурныя асновы нацыі і страчаны гістарычны час. Аслабленая беларуская нацыя апынулася, практычна, у адзіночку, тварам у твар з новым агрэсіўным рускім фашызмам, які ўжо пачаў збройную вайну супраць Украіны.

            Тым часам у беларусаў ёсьць магутная і пераможная зброя, перад якой антыбеларуская палітыка Крамля -- бясьсільная. Гэтая зброя – Беларуская мова, вялікая мова вялікай культуры і магутнай краіны – Вялікага Княства Літоўскага,-- мова дзяржаўнай эліты і міжнароднай дыпламатыі.

            Перад рэальнай фашысцкай пагрозай з усходу трэба вяртацца да беларускай мовы, гаварыць на ёй, пісаць і чытаць, вучыць дзяцей. Яшчэ ня позна. Яшчэ ня позна скарыстаць наймагутнейшую сілу нацыі, каб зьберагчы дзяржаву, культуру, незалежнасьць і свабоду.

 

14 ліпеня 2014 г.                                                                                Зянон ПАЗЬНЯК

 

 

 

3

БІЦЬ ФАШЫСТАЎ-МАСКАВІТАЎ

 

            Назіраючы расейскую палітыку за апошнія 20 гадоў, фашызацыю ўлады і грамадзтва, мы прыходзім да высновы, што вайна з рускім фашызмам, практычна, непазьбежная. Нападзеньне на Украіну, анэксія Крыма, дыверсійная гібрыдная вайна на паўднёвым усходзе Украіны – усё паказвае на тое, што Расея пачала сваю тыповую мангалоідную палітыку агрэсіі і захопу чужых зямель. Ужо прыдуманыя так званыя “ворагі” Расеі, працуе фантастычная па ілжывасьці сістэма дэзінфармацыі, падрыхтаванае акупацыйнае войска і ўзбраеньні.

            Для масавай рускай сьвядомасьці заходні сьвет аб’явілі ворагам нумар №1, які, маўляў, падступна хоча зьнішчыць Расею, навязаць свае збочаныя паняцьці і стварыць грамадзтва “піндосаў” (гэта значыць палавых збачэнцаў).

            Іронія ў тым, што крамлёўскія прапагандысты дакладна намацалі балявую кропку лібэральнай цывілізацыі Захаду (зразумелую для масавай сьведамасьці расейцаў) і ставяць гэбоўскую Расею ў пазыцыю збавіцеля чалавецтва ад “ружова-блакітнай чумы”, “сусьветнага таемнага ўраду”, “жыда-масонскай фінансавай змовы” і т. п.

            Як і ў 40-х гг. мінулага стагоддзя, народы апынуліся паміж вельмі абмежаваным выбарам паводзін. Агрэсія пуцінскай Расеі нясе страту незалежнасьці, нацыянальнай тоеснасьці і свабоды. Збліжэньне з Захадам небясьпечнае стратай традыцыйных народных, рэлігійных каштоўнасьцяў і маральным разбурэньнем асобы.

            Тым ня менш дэмакратыя, апора на законы і супраца з Захадам даюць большыя магчымасьці манэўру і разьвіцьця, чым расейская акупацыя, пасьля якой усялякае нацыянальнае разьвіцьцё будзе ўвогуле спынена і нацыя вынішчана. Але ў любым выпадку апора павінна быць на свой народ, на сваю дзяржаву, на нацыянальныя інтарэсы, мову і народныя каштоўнасьці.

            Сытуацыя паварочваецца цяпер для беларусаў практычным бокам. Трэба рэальна рыхтавацца да вайны, бо Расея рыхтуецца. Беларускім інтэлектуалам трэба ўсё рабіць, каб зьменшыць уплыў рускай фашысцкай прапаганды і дэзінфармацыі. Усім здольным змагацца трэба назапашваць зброю, рыштунак і выбухоўку. Групы – ня больш 3-х чалавек (ідэальна – 2-х). Ніякіх дзеяньняў. Быць гатовымі на пэўны час. І трэцяя задача – трэба дапамагаць украінцам у іх змаганьні і барацьбе з рускімі акупантамі за свабоду і незалежнасьць Украіны. Трэба ўспрымаць гэта як наш беларускі салідарны абавязак. У нас з украінцамі адзін вораг і адна пагроза з Усходу.

            Канкрэтна – трэба ехаць на Украіну, фармаваць беларускія дабраахвотныя баявыя групы, уступаць ва ўкраінскія няўрадавыя ваенныя аб’яднаньні (“Данбас”, “Азоў”, “Айдар”) і біць фашысцкага акупанта-маскаля, пакуль ён не сканае на пакутнай зямлі Украіны.

 

            Жыве Беларусь! Слава Украіне! 

 

14 ліпеня 2014 г.                                                                                Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: