НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

КАРОТКІЯ ЗАЦЕМКІ АБ РАСКЛАДЗЕ СІЛ

КАРОТКІЯ ЗАЦЕМКІ АБ РАСКЛАДЗЕ СІЛ

(Ліст да адраджэнцаў Беларусі)

Іміграцыю за часы існаваньня СССР (і цяпер пуцінскай Расеі, што ў плане палітычным, фактычна, адно і тое) татальна выкарыстоўваў КГБ для засылкі агентуры на Захад. За саветамі КГБ найбольш агентурна скарыстаў масавую габрэйскую іміграцыю ў Амэрыку і Ізраіль. Пасьля 1991 года гэтая апэрацыя пайшла прахам, спарадзіўшы сэрыю выкрывальных публікацыяў засланай агентуры, якая адчула сябе нікому не абавязанай.

У 2010 годзе (пасьля лукашысцкага пагрому беларускай грамадзянскай супольнасьці і хвалі антыбеларускіх рэпрэсій) сотні палітычных імігрантаў-беларусаў хлынулі ў суседнія краіны. Гэбоўска-эфэсбоўская агентура таксама паплыла на той хвалі. Яна атабарылася найбольш у Польшчы і Вялікабрытаніі. З нацыянальна-дэмакратычнай беларускай эміграцыяй гэтыя людзі ў кантакт не ўступалі, але і не выяўлялі адкрытай варожасьці. Сваю дзейнасьць (на рускай мове) абмяжоўвалі рэзкай крытыкай рэжыму Лукашэнкі (называючы яго ўладу "белорусский режим") і замоўчвалі інфармацыю аб антыбеларускай ролі Масквы.

Цяперашняя хваля іміграцыі больш масавая (накіраваная ў асноўным на Польшчу, Украіну, Летуву і ЗША) мае іншы характар. У значнай частцы гэта людзі з сьвядомасьцю "рускага сьвету", вырашчанага ў лукашысцкай Беларусі (дакладней, "каланіяльнага сьвету", арыентаванага на Расею). Яны шукаюць тут "русских школ", "русских врачей", "русского языка" і г. д.

Найбольшы ўплыў на іх мае газпрамаўская квазі-апазыцыя (група вакол Ціханоўскай-Латушкі), агентурна падрыхтаваная значна раней.

Масква на гэты раз правяла грунтоўную працу, каб стварыць за мяжой прамаскоўскую "беларускую" эміграцыю на рускай мове, арыентаваную адначасна супраць Лукашэнкі і супраць Беларускага Нацыянальна-Вызвольнага руху.

Гэта прынцыпова новая сітуацыя для беларускага замежжа. Фактычна, Масква праз газпрамаўскую падстаўную апазыцыю стварае для беларусаў трэці фронт барацьбы. Сітуацыя выгадная Маскве дзеля ўплыву і маніпуляцый.

Канфліктны расклад выглядае так:

Лукашэнка -- Пуцін -- адзінства.

Пуцін -- Лукашэнка -- канфлікт.

Газпрам-апазыцыя -- Пуцін -- адзінства.

Лукашэнка -- Газпрам-апазыцыя -- канфлікт.

Нацыянальна-Вызвольны рух -- Лукашэнка -- канфлікт.

Нацыянальна-Вызвольны рух -- Газпрам-апазыцыя -- канфлікт.

Нацыянальна-Вызвольны рух -- Пуцін -- канфлікт.

У гэтую схему ўцягнуты і Захад са сваім амбівалентным падыходам да Пуціна, які ў выніку выкарыстоўвае Захад супраць Беларусі на поўніцу

Можна нават вывесьці тут матэматычную формулу ўраўненьня з пераменнай велічынёй (квазі-апазыцыя), перамена якой кардынальна зьмяняе сітуацыю. І гэты працэс пачаўся.

Менавіта. У працэсе змаганьня людзі ("невераятныя") пачынаюць расплюшчваць вочы, расчароўвацца і адпадаць ад падстаўной апазыцыі Ціханоўскай-Латушкі. Калі б працэс адыходу пашырыўся, тады невялікая частка "невераятных", магчыма, магла б далучыцца да нацыянальна-вызвольных беларусаў, большая -- хутчэй за ўсё адышла б у побытавае існаваньне. Сама газпрамаўская групоўка апазыцыйнага "квазі" напэўна засталася б на маргінальным узроўні, але калі спыніцца яе зьнешняе фінансаваньне -- яна зьнікне (гэтак жа, як пасьля адмовы фінансавага ўтрыманьня зьнікла дзейнасьць Мілінкевіча, "Говправду" і т. п.).

Цяпер важна і для беларусаў у замежжы, і ў Беларусі (падземна) ствараць суполкі Нацыянальна-Вызвольнага руху "Вольная Беларусь". Істотна, каб тое было грамадзкай ініцыятывай, ішло з гушчы. Беларускі Нацыянальны Сакратарыят тут адыгрывае толькі ідэйную і арганізацыйна-каардынуючую ролю.

У барацьбе з прамаскоўскім антыбеларускім рэжымам і з пуцінскай Масквой рэальна абараніць Беларусь і Беларускі народ могуць толькі самы беларусы, якія стаяць на Беларускай нацыянальнай ідэі і салідарныя ў ёй, змагаюцца за свабоду супраць антынароднага рэжыму Лукашэнкі і супраць палітыкі імпэрскай Расеі.

 

2 студзень 2022 г.     

Зянон ПАЗЬНЯК

(Ад Беларускага Нацыянальнага Сакратарыяту "Вольная Беларусь")

 

narodnaja-partyja.org

Дадаць у: