НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

КРЫМІНАЛ І ЛЕВАЯ ПРАПАГАНДА

КРЫМІНАЛ І ЛЕВАЯ ПРАПАГАНДА

За класіфікацыяй "левых" (лявацтва) стаіць пратэст, рэвалюцыя, халява, сацыялізм, камунізм, фашызм, нацыянал-сацыялізм (нацызм), калектывізм, падзел грамадзкага дабра на ўсіх па-роўну, экстрэмізм, тэрарызм, садомія, амаль ўсе маргінальныя ідэялёгіі і суполкі, сацыяльная агрэсія, групавая нянавісьць.

Станоўчых якасьцяў левізны я не знаходжу ні ў гісторыі, ні ў сучаснасьці. Левізна -- разбуральная сіла, якая правакуе перамены і разьвіцьцё грамадзтва там, дзе яна не перамагае, і выклікае глыбокую дэградацыю грамадзтва і вынішчэньне людзей там, дзе яна дасягае сістэмнай улады і татальнага ўплыву.

Ідэйна-сацыяльнае зьяўленьне левізны пачынаецца ад рымскага люмпэна. Псіхалогія левізны -- гэта праяўленьне сацыяльна-прыгнечанага духа, салідарнага ў нянавісьці супраць парадку, які ўзаконьвае статус-кво нізоў і вярхоў у сацыяльнай сістэме цывілізацыі.

У апошнія дзесяцігоддзі мы назіраем ўзмацненьне агрэсіі левалібэральнага лявацтва на асноўныя каштоўнасьці і традыцыі культуры грамадзтва. Сярод левых атак на сям’ю, рэлігію, маральнасьць, упарадкаваныя дачыненьні палоў (мужчыны і жанчыны), нараджальнасьць дзяцей актыўнае месца займае прапаганда аб забароне сьмяротнага пакараньня злачынцаў супраць чалавечнасьці і чалавецтва. У аснове гэтай фальшывый прапаганды ляжыць імкненьне захаваць жыцьцё цёмным сілам, пачварам грамадзтва, сьмяртэльна небясьпечных для супольнасьці людзей і людзкіх дачыненьняў.

Прапаганда дэмагагічна падаецца як клопат пра жыцьцё асобы (рэальна -- крымінальнай асобы), бо (як яны кажуць) ніхто ня мае права пазбаўляць жыцьця іншага чалавека (у дадзеным выпадку жыцьця забойцы-злачынцы). Прытым адпетыя бязбожнікі могуць яшчэ і на запаведзь спасылацца, маўляў, напісана "не забівай".

Тым часам сьмяротнае пакараньне за асабліва небясьпечныя злачынствы было, ёсьць і будзе. Таму што грамадзтва мае на гэта права дзеля абароны сябе ў крытычных абставінах (гэтак жа як у крытычных абставінах кожны чалавек у мэтах абароны мае права забіць нападніка, не нясучы адказнасьці за забойства забойцы).

Літаральна днямі (пачатак жніўня 2018 г.) урад Індыі ўвёў сьмяротнае пакараньне за пірацтва ў Індыйскім акіяне. Сітуацыя з пірацкім разбоем склалася настолькі крытычная, што неабходнымі сталі жорсткія меры. Калі становішча выправіцца (а яно выправіцца), сьмерць за пірацтва адменяць.

Аналагічная сітуацыя была ў Тайландзе -- некалі асноўнай наркакраіне Паўднёва-Усходняй Азіі, дзе рэй вяла наркамафія. Катастрафічнае становішча краіны выратавала ўвядзеньне сьмяротнага пакараньня за прывоз і распаўсюд наркотыкаў і рашучыя дзеяньні ўлады. На сёньняшні дзень сьмяротнае пакараньне за наркотыкі ў Тайландзе застаецца, але судамі, практычна, не выкарыстоўваецца ў сувязі са зьменай абстаноўкі.

Нядаўна (ліпень 2018 г.) у Японіі прысудзілі да сьмерці злачынцаў, што распылілі сьмяротны газ у такійскім мэтро. Загінула шмат людзей. Выпадак расцэньваецца як злачынства супроць людзкасьці.

І так будзе ўвесь час. Такая сутнасьць чалавецтва (і канвергентнага духу чалавецтва). Дабро і зло тут існуюць разам і адначасна, нават нярэдка ў вымярэньні адной душы. Уся сутнасьць экзыстэнцыяльнага (сацыяльнага) і духоўнага існаваньня людзей -- не дапусьціць над сабой улады, перавагі і дыктату зла.

У дасудовых дачыненьнях (паўтаруся) права на абарону свайго жыцьця і забойства забойцы ніхто не аспрэчвае. Усё тое адлюстравана ў кодэксах права.

І цяпер пра дэмагогію бязбожнікаў. Сьмяротнае пакараньне -- гэта ёсьць сацыяльны вынік парушэньня запаведзі "не забівай".

Калі чалавек парушыў запаведзь і забіў, то ўзьнікае пытаньне: што зь ім рабіць. І вырашае гэтае пытаньне грамадзтва, грамадзкая ўлада, дзяржава, суд. Рашэньне можа быць розным (ад сьмерці да памілаваньня). Грамадзтва, дзяржава, улада, яе судовыя інстытуты вырашаюць, якая наступіць кара за парушэньне закона (і, фактычна, за парушэньне запаведзі). Падкрэсьліваю: ні запаведзь, ні закон не абараняе забойцу, які парушыў запаведзь і закон. Запаведзь "не забівай" да пакараньня забойцы не адносіцца, калі іншае не прадугледжана законам.

Хрысьціянскі касьцёл як інстытуцыя, якая дбае аб духоўных дачыненьнях, стаіць на пазыцыях веры і хрысьціянскай дактрыны, кіруецца тут тэзісам Хрыста аддаваць каралю каралёва, а Богу -- Божае. На справе гэта азначае, што пытаньне пакараньня за злачынства вызначае сьвецкая ўлада. Хрысьціянскі касьцёл стаіць на пазыцыях літасьці да кожнай душы, але не вызначае яе лёс. Тое вынікае з сутнасьці хрысьціянскай веры, вучэньня Касьцёла і апалогіяў айцоў хрысьціянства.

Трэба адзначыць, што на практыцы ўсё выглядае больш складана, бо практыка канкрэтная. Яна ўскладняецца з прычыны пэрманэнтнага змаганьня пасьлядоўнікаў сьвецкіх дактрын супраць Хрысьціянства (якое ў левай Эўропе ўжо амаль што ліквідавана), і наступнае -- з прычыны ўцягненьня Касьцёла ў палітычныя дачыненьні, у супроцьстаяньне палітычных ідэалёгіяў.

У рознай ступені так было заўсёды. Гэта той вірус, які разбурае любы касьцёл і любую веру. Найбольш наглядны прыклад -- праваслаўны касьцёл (царква) ў Расеі.

Руская Праваслаўная царква (РПЦ), Маскоўскі Патрыярхат якой аднавіў Сталін у 1943 годзе, даўно ператварылася ў аддзел НКВД. Барацьба з Папскім Прастолам вядзецца стагоддзямі рознымі сіламі. У ХІХ стагоддзі змаганьне з Рымам ачольвалі масоны і сацыялісты. У ХХ-м стагоддзі -- камуністы і КГБ (яны нават арганізавалі спробу забойства Папы Яна Паўла ІІ). У ХХІ-м стагоддзі схаванае змаганьне з Ватыканам узялі на сябе левалібэралы і традыцыйна маскоўская Лубянка. Якраз тут дастасавана тактыка гібрыднага наступу і ўнутранай рэвізіі ватыканскай герархіі. Вынікам такой тактыкі стала нечуваная ў гісторыі адстаўка Папы-традыцыяналіста Бенедыкта ХVІ-га і выбраньне Папы-лібэрала з Паўднёвай Амэрыкі, які вясёлы, усьмешлівы, адкрыта займаецца папулізмам, рэагуе на левалібэральныя дактрыны. Гэты Папа (ва ўгоду лібэралам) ўжо, фактычна, дыстансаваўся ад неабходнай ацэнкі вывертаў садомскага збачэнства людзей, а нядаўна афіцыйна заявіў, што ні пры якіх абставінах нельга пазбаўляць чалавека жыцьця. Папа вырашыў не аддаваць каралю каралёва. Тым часам рэчаіснасьць прымусіць тое рабіць датычна злачынцаў і ўладу, і супольнасьць. Левыя разбуральнікі грамадзтва, магчыма, нават будуць цытаваць Папу і яго абстрактную фармулёўку чалавека наогул. Але тут ужо праблемы Папы, а не грамадзтва.

Пазьбегнуць сьмяротнага пакараньня бяз шкоды для грамадзтва і справядлівасьці шмат дзе ў сьвеце немагчыма (ва ўнівэрсальным, прынцыповым сэнсе – немагчыма наогул). Розны ўзровень разьвіцьця, розныя абставіны, розны вынік дастасаваньня кары. Але ў кожным выпадку правасуддзе мусіць быць на баку нявіннай ахвяры, а не на баку злачынцы. На гэтым пабудаваная праўная сістэма.

Акрамя таго суды павінны мець ўсю законна зацьверджаную лінейку прымяненья кары і пакараньняў і законную волю выбару, а не ўпірацца ў абмежавальную вешку перад, скажам, сэрыйным тэрарыстам які мэтанакіравана забіў 86 чалавек, зь іх палову дзяцей.

Тое, што надумана (і бяздумна) паўтараюць розныя прапагандысты аб забароне сьмяротнага пакараньня для злачынцаў, сцьвярджаецца імі на фальшывай падставе з пазыцыі нібыта чалавекалюбства. Але рэальна гэтае "чалавекалюбства" не дзеля справядлівасьці, не дзеля ахвяры, а дзеля забойцы. Яно нішто іншае, як ідэалягічны лявацкі выверт, накіраваны на абніжэньне каштоўнасьці чалавечага жыцьця, на апраўданьне зла. Ведаем мы гэтых лявацкіх "гуманістаў", камуністаў, нацыстаў, лібэрастаў, тэрарыстаў, нібыта занепакоеных лёсам людзей і ўсяго чалавецтва. Бачылі ўжо, што з гэтага атрымліваецца.

Пытаньне ў Беларусі. Тут фіксуюцца жудасныя злачынствы. Але зыходзячы з палітычных абставінаў, магчымы мараторый на сьмяротнае пакараньне хаця б на адзін год. (Асабліва цяпер, калі Расея ўзмацніла падрыхтоўку да гібрыднай вайны супраць Беларусі.) У краінах з дыктатарскім рэжымам, дзе ня дзейнічаюць законы, сьмяротная кара, як правіла, выкарыстоўваецца для зьвядзеньня палітычных рахункаў. Тут няма незалежнага суда. Усё вырашае "правіцель". Асабліва тое стала відавочна пасьля тэракту ў менскім мэтро ў красавіку 2011 года, калі пад ціскам "правіцеля" пакаралі сьмерцю двух падстаўных маладзёнаў, віну якіх дакладна не даказалі. Тым часам аналіз паказвае, што выбух, магчыма, арганізавала асяроддзе "правіцеля" і зь яго згоды.

У вольнай Беларусі, дзе будуць дзейнічаць законы і вернецца справядлівасьць, сьмяротнае пакараньне застанецца. Мусіць застацца. Паўлічэнкі і рэальныя арганізатары тэракту ў мэтро ня будуць гуляць па трупах. Рэпрэсіўныя правіцелі ня выйдуць сухімі з мутнай вады. Але для гэтага павінна быць гарантавана незалежнасьць суду, дэмакратычная ўлада, спэцыяльны суд прысяжных і спэцыяльная судовая працэдура, якая прадугледжвае адтэрміноўку выкананьня прысуду. Тым часам палажэньне аб няўхільнасьці пакараньня будзе выконвацца. Самае важнае ў гэтай сістэме -- выключыць памылкі суду.

У будучай Беларусі добра б было, каб стварылася грамадзтва, дзе зьніклі б антылюдзкія макабарычныя злачынствы, ня стала б небясьпечных для людзкасьці выпадкаў і зьнікла б прычына сьмяротнага пакараньня злачынцаў. У прынцыпе, такое магчыма. Неабходна сацыяльна, матэрыяльна і маральна ўдасканальваць вольнае грамадзтва. Станоўчая практыка, якая існуе ў некаторых краінах, паказвае прыклад, дае надзеі.

9 жніўня 2018 г. Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: