НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

КУРАПАТЫ

КУРАПАТЫ

Курапаты -- гэта масавы магільнік расстраляных людзей ў час камуністычнага генацыду.  Курапаты маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці першай катэгорыі.

            З 1937 па 23 чэрвеня 1941 года расейскія бальшавікі, супрацоўнікі НКВД расстралялі тут і закапалі ў ямах каля чвэрці мільёна людзей. Расстрэльвалі дзень і ноч, згодна маскоўскага плану генацыду  беларускай нацыі. На Беларусь, на кожную беларускую вобласьць, на кожны раён, сельсавет быў спушчаны з Масквы план расстрэлаў насельніцтва. Ноччу езьдзілі крытыя фургоны ("хапуны") і хапалі людзей. Бальшыню расстрэльвалі без суда па рашэньні тройкі функцыянераў.

            Расстрэльвалі ў першую чаргу пісьменьнікаў, паэтаў, вучоных, гаспадарнікаў, настаўнікаў, прафэсуру, масава забівалі рабочых і сялян, нашчадкаў шляхты, сьвятароў, веруючых людзей. Вучоных археолагаў, гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў забілі ўсіх, да аднаго чалавека. Пісьменьнікаў, паэтаў з васьмісот забілі 633. Са ста чатырох асобаў вышэйшай адміністрацыі расстралялі 102 асобы. За гады савецкай ўлады расейскія энкавэдзісты зьнішчылі ў Беларусі каля двух мільёнаў чалавек

            У Курапатах выяўлена каля шасьцісот расстрэльных ямаў. Гэтае месца адкрыў і дасьледваў археолаг Зянон Пазьняк у 1988 годзе. У гэтым жа годзе Пракуратурай была ўзбуджана крымінальная справа і праведзены археалагічныя раскопкі (эксгумацыя) супольна з пракуратурай, Міністэрствам унутраных спраў і Акадэміяй Навук БССР.

            У 1990 годзе камуністычныя ўлады БССР вымушаны былі прызнаць факт расстрэлу людзей у Кураптах ворганамі НКВД. Магільнік расстраляных узяты пад ахову дзяржавы.

            Пуцінская Масква і сатэлітны рэжым Лукашэнкі некалькі разоў спрабавалі зьнішчыць Курапаты. Апошняя афёра адбываеецца сёньня.

            У ахоўнай зоне Курапатаў у выніку чыноўніцкай карупцыі і дзеяньняў Масквы, насуперак закону пабудавалі рэстаранна-забаўляльны комплекс "Поедем-поедим" з банкетнымі залямі, танцпляцоўкай, лазьняй, інтымнымі пакоямі. Адказны ўласьнік Леанід Зайдэс. У пабудове гэтага аб’екта задзейнічана каля трыццаці фірмаў і арганізацыяў Расеі і замежжа.

            Пракуратура і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь напачатку прынялі рашэньне аб ліквідацыі незаконнага аб’екта. Але потым уступілі ў дзеяньне карупцыйныя і палітычныя схемы. Нягледзячы на пратэсты грамадзкасьці і парушэньне заканадаўства, рэстаранны комплекс адчынілі і чакаюць кліентаў.

            Грамадзкасьць пратэстуе, заклікае да законнасьці і сумленьня, патрабуе ліквідацыі кашчуннай пабудовы ў ахоўнай зоне Народнага магільніка генацыду, зьвяртаецца да сумленных людзей байкатаваць ганебную ўстанову.

 

26 ліпень 2018 г.                                                                              Зянон ПАЗЬНЯК

Дадаць у: