НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

КУРАПАТЫ. ДЗЕСЯЦЬ ГАДОЎ ПАСЬЛЯ

КУРАПАТЫ. ДЗЕСЯЦЬ ГАДОЎ ПАСЬЛЯ

Калi я цяпер азiраюся на 10 гадоў назад, то не магу збавiцца ад вострага адчуваньня спрэсаванага часу. Якраз у гэтае 10-годдзе адбылiся ў нас падзеi, якiя фармуюць будучыню, выклiкаюць перамены асноў. Адной з такiх падзеяў, я лiчу, было адкрыцьцё праўды пра Курапаты.

У гiсторыi кожнай нацыi ёсьць свой лёс, свая ўдача, сваё наканаваньне, якiя абумоўленыя i вынiкаюць з характару людзей. Тут ня трэба нiчога шукаць звыш. Звыш дадзена толькi жыцьцё. I тым ня менш у гэтым фiзычным, сацыяльным, духоўным жыцьцi ёсьць падзеi, зьявы, i нават прадметы, якiя набываюць знакавае, вызначальнае, сымвалiчнае значэньне для цэлых эпох. Такiм вызначальным сымвалам i знакам зьяўляюцца для беларусаў Курапаты.

Знакавая зьява характарызуе грамадзтва i вызначае яго. Каб даведацца, што ёсьць грамадзтва ў Беларусi i ў якiм стане яно знаходзiцца, варта зьезьдзiць у Курапаты i паглядзець. Можна не задаваць нiякiх пытаньняў. Разумны ўсё зразумее.

Дэдуктыўная лёгiка падказвае цалкам лягiчны працэс, што, каб перамянiць грамадзтва, дастаткова зьмянiць яго знак. I я пагаджаюся з гэтым.

Дык iдземце ж у Курапаты i прывядзем у парадак усе магiлы, пасадзiм кветкi, паставiм крыжы, пасыпем дарожкi чысьцюткiм пяском i пабудуем там Беларускi Храм, дзе будзе гучэць вечны рэквiем зь мёртвых устаньня тым, якiх забiлi, тым, што маўчалi i вечна маўчаць.

Калi мы гэта зробiм i калi гэта станецца, то мы заўважым ужо iншае грамадзтва, iншыя дачыненьнi i iншы народ. Калi ня зробiм, то ўбачым, што бяз зьмены ў грамадзтве нiчога не пераменiш у запушчаных, згаджаных i зьнявечаных Курапатах — духоўным люстэрку беларускай нацыi.

* * *

Пра знакавае значэньне Курапатаў падсьвядома я здагадваўся даўно, яшчэ ў 70-х гадах. Мне было абсалютна зразумела, што трэ’ было берагчы таямнiцу. Iнакш камунiсты зьнiшчылi б гэтае месца. Такi вопыт я ўжо меў пазьней у гiсторыi з Лошыцай пад Менскам — месцам, такiм жа, як Курапаты. Сьляды Лошыцкiх расстрэлаў энкавэдзiсты зьнiшчылi ў 1988 годзе, прасачыўшы, як я думаю, накiрунак маiх дасьледваньняў.

Калi мець на ўвазе нармальнае разьвiцьцё грамадзтва, то абсалютна недапушчальным ёсьць забыцьцё нацыянальнай гiсторыi, i асаблiва — страты памяцi пра генацыд, пра трагiчныя зьявы нацыянальнай мiнуласьцi, якiя перажылi людзi. Забыцьцё гiсторыi прыводзiць да зьнiкненьня культуры. Забыцьцё нацыянальнага мартыралёгу — да бездухоўнасьцi i паўтарэньня забойстваў.

На шчасьце, былi беларусы, якiя рупiлiся пра памяць. Першай працай, якая расказала сьвету пра ленiнска-сталiнска гулаг, была выдатная кнiжка ўспамiнаў салавецкага вязьня бальшавiкоў Францiшка Аляхновiча "У кiпцюрах ГПУ", выдадзеная ў сярэдзiне 30-х гадоў i адразу перакладзеная на шмат якiя мовы Эўропы.

Я прачытаў яе ў бiблiятэчным спэцфондзе ў Вiльнi дзесьцi ў пачатку 70-х гадоў, тады, калi ўжо ведаў пра Курапаты. Кнiга ўразiла мяне мастацкiм узроўнем i iнтэлегентнасьцю мовы, уменьнем пра страшную турэмную бальшавiцка-расейскую рэчаiснасьць, палоньнiкам якой быў Аляхновiч, расказаць спакойна з вышынi культуранага чалавека.

Мне прыходзiлася назiраць ня раз, як, знаходзячыся ў грубых умовах савецкай рэчаiснасьцi, нармальныя людзi — беларусы ламалiся, апускалiся i станавiлiся падобнымi на тых, хто акупаваў нашу краiну. Але былi i такiя асобы, як Францiшак Аляхновiч, Ларыса Генiюш, Адам Станкевiч i iншыя вязьнi гулага i пакутнiкi-беларусы, якiя духоўна ўзвышалiся над бальшавiцкiм лягерным брудам i нiшто не заплямiла iхняй душы. Гэта ўсё былi людзi, якiя даўно ахвяравалiся служыць Беларусi. У iхных сэрцах заўсёды была Беларусь. Iм давала моцы беларуская iдэя незалежнасьцi i вольнай Бацькаўшчыны.

Кнiга Аляхновiча, размовы зь незабыўнай Ларысай Генiюш i iншымi вязьнямi мяне найбольш умацавалi ў думцы, што трэба абавязкова давесьцi сьвету праўду пра Курапаты. Але як? Як гэта зрабiць пад савецкай акупацыяй, дзе бязьмежна пануюць КПСС i КГБ? Нават самы вынiковы плян мог бы скончыцца ў тых умовах якiм-небудзь спорткомплексам з басэйнам на месцы Курапатаў цi падземнымi гаражамi для партыйнай намэнклятуры i ветэранаў НКВД.

* * *

З усёй гiсторыi пасьлясталiнскай саветчыны 70-я гады мне падаюцца найбольш задушлiвымi. Гэтая духата, здавалася, вiсела ў паветры, гайдалася i гусьцела пад п’яныя песьнi здэнацыяналiзаваных людзей. Залаты час намэнклятуры. Ён асацыюецца ў мяне чамусьцi з вернападданьнiцкай фiзiяномiяй першага сакратара ЦК КПБ Машэрава, зь яго тандэтным акторствам i пустапарожнiмi выступамi пра "камунiстычную цывiлiзацыю", з апэрацыяй "галiнкi", калi па яго загаду на корм каровам зьсякалi хмызьняк, зь яго кар’ерным iмкненьнем скочыць у Крэмль. Гэты манкурт i "друг пiсацелей" iмкнуўся першым прывесьцi Беларусь да камунiзму: пазачыняў амаль усе беларускiя школы, паўсюдна ўвёў расейскi "язык" i вывеў беларускую мову з афiцыйнага ўжытку; ён асабiста iнiцыяваў зьнiшчэньне гiстарычных цэнтраў беларускiх гарадоў i старажытнай вулiцы Нямiга ў Менску i пры гэтым заiгрываў з членамi Саюзу пiсьменьнiкаў, якiя атрымлiвалi падачкi i цешылiся асабiстым знаёмствам.

Рэдка хто з кiруючых царкоў выклiкаў большую нянавiсьць i агiду ў нармальных беларусаў, чым Машэраў. Цяпер — хiба што толькi Лукашэнка. Невыпадкова, што непрыяцелi Беларусi старалiся зрабiць культ з гэтага прыхiльнiка Масквы i невылечнага русыфiкатара.

Недзе ў канцы 70-х гадоў, цi ў 80-м, едучы з недазволенай хуткасьцю ў партыйным картэжы, машына Машэрава ўрэзалася ў прычэп з бульбай i ён забiўся. Зьявiўся iншы царок, потым — iншы, потым яшчэ iншы. Усе яны аднолькава любiлi ўладу. Усе яны аднолькава не любiлi Беларусь.

У пачатку 70-х гадоў я жыў у мiкрараёне Менска ля Лагойскай шашы па вулiцы Кальцова. Хто быў гэты Кальцоў — нiхто ня ведаў. Сярод вядомых беларусаў такога прозьвiшча не чуваць. Быў такi Кальцоў ў Расеi (там гэта даволi вядомы паэт). Аднак у домакiраўнiцтве мне сказалi, што "Кольцов — это революционный деятель партии". Ну Бог зь iм. Вулiца Кальцова была на ўскраiне горада. Адсюль адкрываўся вiд на палi i далёкi лес. Побач, справа ад жытнёвага поля — вёска Зялёны луг. Пазьней, ужо ў канцы 80-х, я занатаваў сабе ў сшытак i пра гэтую вёску, i пра гэты лес:

Дзе вёска некалi стаяла — цяпер мiкрараён.
На Курапаты — вiд.
З вакон дзевятага паверху
Так вока суцяшае лясiсты краявiд.

Там чвэрць мiльёна душ нявiнных,
Людзей — цьвет нацыi,
Пад шыльнiкам ляжыць,
Замучаных, забiтых, скатаваных.
I вымiрае памяць навакол
У вёсках здратаваных.

Пяць год перад вайной бальшавiкi
Штодня, штоноч машынамi вазiлi,
Вязалi, ламалi рукi, бiлi,
Сьмярдзючым коркам затыкалi рот,
Каб слоў ня чуць на мове людзкай,
I па-майстэрску ў галаву
Стралялi куляй з матам рускiм.

Здаецца, няма лепшага стану душы, калi цёплым летнiм вечарам iсьцi ўздоўж маладога жыта, якое красуе ў абрамленьнi сасновага лесу i хораша пахне зялёным соладам. Унiзе на доле — зялёны луг. Пэўна, ад яго i пайшла назва вёскi. Усё проста. проста, як вечнасьць. Неяк, гаворачы пра гэтую вечнасьць i хваёвае хараство з зялёналужскiмi дзядамi, я i наштурхнуўся на тое, што хавалася ў тым недалёкiм лесе — месца расстрэлаў НКВД. Потым пра тое ж мне расказаў мой добры знаёмы iнжэнер Яўген Шмыгалёў, якi даўно ўжо чуў апавяданьнi вяскоўцаў. Калi мы першы раз прыйшлi ў гэты лес восеньню, пад нагамi шапацела апалае лiсьце, зьдзiмалася ветрам у западзiны магiльных ям. Iх было безьлiч. I гэта мяне ўразiла, як маланка. Няўжо такую страшную справу ня ўдасца падняць на сьвет Божы, няўжо iзноў усё вымра ў нябыт. Бясьсiльле нэрвавала:

Калi ж апошнi сьведка дзён
У дол пяшчаны сыйдзе,
Тады iзноў крывёй бакал
Налье сатрап i злыдзень
I баль пачне сярод чумы чырвонай,
Каб выпiлi да дна
I вымерлi пад корань.

Памятаю, як доўга тады ў Курапатах хадзiлi мы па гары, спаласаванай магiламi расстраляных. Пiк камунiзму.

Зрэшты, кожны генсек рабiў свой пiк камунiзму. I кожнаму неяк удавалася. Не пашанцавала толькi Гарбачову. Гэты, наслухаўшыся пра эуракамунiзм, пачаў сумяшчаць несумяшчальнае: камунiзм i дэмакратыю, рынак i сацыялiзм, галоснасьць i партыйнасьць, суверэнiтэт i iмпэрыю. Жылi ад зьезду да зьезду. Здалося мала. Рашылi сабраць яшчэ ХIХ-ю партыйную канфэрэнцыю КПСС, каб вырашыць усе пытаньнi. Сыстэму пачало трэсьцi. Ужо былi аб’яўлены галоснасьць, перабудова i паскарэньне. Высьвятлялi: хто перабудаваўся, а хто яшчэ не; савецкiя паэты пiсалi вершы пра перабудову, "чысьцiлi сябе пад Ленiным" i г.д. Нiхто толкам ня ведаў, што трэба, але кожны па-свойму iмкнуўся патрапiць у тон. Стваралася вялiкая прапагандная помпа.

Стала зразумела, што расказаць людзям пра Курапаты можна паспрабаваць якраз цяпер, перад гэтай iхняй ХIХ-й партканфэрэнцыяй, калi сэрвiльная партбiлетная публiка была псыхалягiчна паралiзаваная з-за няпэўнасьцi арыентыраў, а верхнiя бонзы хацелi засьведчыць прыстойную мiну, гэтакi камунiзм "з чэлавечэскiм лiцом".

* * *

Зiмой 1987 года я заплянаваў архэалягiчныя раскопкi на пачатак мая 1988 года i адразу пачаў мэтанакiраванае апытаньне сьведкаў у Менску i ў вёсках вакол Курапатаў. У гэты ж час паабапал лясной дарогi пачалi высякаць просеку ў Курапацкiм лесе. Зьбiралiся пракладаваць трубу газаправода. Ня выключана, што пры пракладцы трубы маглi б закрануць i магiлы (так яно потым i здарылася). Усё прысьпешвала выступiць менавiта ў гэты час.

За паўгода я ўсё грунтоўна i дакумэнтальна падрыхтаваў. Апiсаньне вынiкаў архэалягiчных раскопак, акрамя навуковай справаздачы, я аформiў яшчэ пратаколам з прыцягненьнем сьведкаў i афiцыйна заверыў у мясцовым органе ўлады. Гэтага рабiць не патрабуецца, але я зрабiў, а кiраўнiкоў мясцовай ўлады запрасiў на месца раскопак, каб сваiмi вачамі ўбачылi, што падпiсваюць.

Артыкул "Курапаты — дарога сьмерцi" быў напiсаны i ўдакладнены зь Яўгенам Шмыгалёвым за два днi, i тут жа аднесены ў рэдакцыю "Лiтаратуры i мастацтва". Рэдактар А. Вярцiнскi адсутнiчаў, бо знаходзiўся ў доўгай замежнай камандыроўцы. Намесьнiк рэдактара Мiкола Гiль адразу вырашыў артыкул друкаваць i зьвяруўся да Васiля Быкава з прапановай напiсаць прадмову. Ён шукаў падтрымкi перад ЦК КПБ, бо газэта цэнзуравалася ў ЦК. Там праглядалi зьмест кожнага нумару "ЛIМа" i маглi запатрабаваць для чытаньня i спынiць любы матэрыял.

Адразу пачаўся шалёны цiск на Мiколу Гiля. Патрабавалi зьняць артыкул. "Страна была, — як пiсалi тады савецкiя газэты, — в преддверии" ХIХ-й партыйнай канфэрэнцыi. Але рэдакцыя, якая стала на мой бок, супрацiўлялася. Справа даходзiла да таго, што па распараджэньнi ЦК, спынялi нават палiграфiчныя машыны, калi павiнен быў выйсьцi нумар з артыкулам. Час цягнуўся не на маю карысьць.

I тады, вiдаць, упершыню за ўсю гiсторыю газэты, узбунтавалася рэдакцыя "ЛIМа". На агульным сходзе абмеркавалi сытуацыю, выказалi абурэнне i падтрымалi рашэньне друкаваць артыкул. Здарылася неверагоднае. У ЦК прамаргалi. Трэцяга чэрвеня артыкул быў надрукаваны.

* * *

Рэакцыя на артыкул была такой, якой я i спадзяваўся. Крытычны настрой супраць КПСС быў тады на ўздыме — i балота завагалася, завухкала i заёхкала. Дзе-нiдзе газэту зачытвалi да дзiрак. Iнфармацыя ўразiла шмат каго. Але найбольшае ўражаньне i пераацэнкi яна выклiкала сярод iнтэлiгенцыi, моладзi, рабочых i тых, хто пацярпеў ад камунiстаў.

Кiруючыя камунiсты былi крыху разгубленыя i рэагавалi давоi вяла. Большасьць зь iх прыйшлi ў кiраўнiцтва партыi ў 60-х — 80-х гадах i ня мелi непасрэднага дачыненьня да забойстваў.

Затое азьвярэлi розныя маразматыкi пад агульнай назвай "ветэраны", гэта значыць — рускiя пэнсiянеры НКВД, СМЕРШа, былыя камiсары, адказныя партызанскiя кiраўнiкi партыi i ўраду i iншыя акупанты, што аселi ў Беларусi на пэрсанальных пэнсiях дажываць сваё дадлае жыцьцё. Гэтыя-то якраз i былi па горла ў крывi, а некаторыя, можа, й стралялi ў патылiцу.

Я памятаю iх яшчэ ў сiле пры Сталiне, i ў час калектывiзацыi, сьведкам якой я быў. Я памятаю тады iхнюю пiсталетную савецкую "уласьць", iхныя крыкi, вытарачаныя вочы i iдэалёгiю "маць-перамаць."

Да часу адкрыцьця Курапатаў яны аслаблi, пайшлi на заслужаны адпачынак, сноўдалiся бездапаможна цэлымi днямi па асеньнiх бульварах ля бронзавых бюстаў, выклiкаючы жаласьць да старэчай нямогласьцi. Крымiнальныя бандыты звычайна не дажываюць да глыбокай старасьцi. Такое ў iх жыцьцё. Насупраць, бандыты дзяржаўныя, палiтычныя жывуць доўга. Зь iх робяць герояў.

Памятаю, у Гароднi ў час спатканьня з выбарцамi, я атрымаў з залi ананiмную пiсульку, напiсаную дрэжачым склератычным пачаркам: "Слушай ты, фашист недобитый, плюю в твою белорусскую рожу! Как жаль, что ты мне не папался в 49-м, когда мы в Западной Белоруссии таких националистов, как ты, отправляли в расход. С каким бы удовольствием всадил бы я тебе в спину нож. Ты, жалкий трус, не зачитаеш мою записку, а жаль: пусть бы все знали, какая ты сволочь."

Я зачытаў запiску i сказаў: "Камунiст, якi напiсаў гэтую запiску, устаньце." Мёртвая цiшыня — i нiхто ня ўстаў.

Усе гэтыя азлобленыя спарахнелыя зданi, увешаныя мэдалямi за забойствы нашых землякоў, нагадваюць мне таго Джэк-Лёнданскага састарэлага зьнямоглага ваўка, што стараўся кусаць чалавека, ня маючы сiлы ўжо нават сьцiснуць скiвiцы.

Я нiколi ня меў нiякiх iлюзiяў адносна гэтай воўчай пароды людзей, у якiм бы веку яны нi былi. Я нiколi ня меў сумненьня адносна iхняй адказнасьцi i iхняга пакараньня. Нават за хвiлiну да сьмерцi яны павiнны б былi быць асуджаны i пакарыны.

Я добра ведаў, зь кiм маю справу, i добра ўсьведамляў: праўда пра Курапаты павiнна перамагчы. I праўда перамагла.

Перамагла таму, што дапамог Бог. Перамагла таму, што дапамагло нашае грамадзтва i таму, што падтрымала мiжнародная супольнасьць.

* * *

Я бачыў, што камунiсты мяне недаацэньваюць. За часы бязьмежнай улады яны набралiся столькi плебейскага снабiзму, што не маглi спусьцiцца ўнiз, да нейкага там гiсторыка. Я не перажываў, бо iм жа й горай. Мяне зьдзiўляла iншае: чаму камунiсты i ветэраны НКВД робяць усё так, як мне трэба, а не па-свойму, не па-зладзейску? Яны, як i трэба было, стварылi Дзяржаўную камiсiю, перадалi справу ў пракуратуру. Пракуратура пачала сьледства i вырашыла рабiць экскумацыю з прыцягненьнем сiлаў Рэспублiканскай пракуратуры, Мiнiстэрства Унутраных Справаў, Акадэмii Навук, Мiнiстэрства абароны, грамадзкiх назiральнiкаў, прадстаўнiкоў мясцовай улады i сьведкаў.

У Акадэмiчны iнстытут Гiсторыi прыслалi афiцыйны лiст з просьбай: "для ўдзелу ў выбарачнай эксгумацыi вылучыць супрацоўнiка Iнстытута — спэцыялiста ў вобласьцi археалёгii". Дырэктар Iнстытута наклаў рэзалюцыю: "Прыняць удзел З. С. Пазьняку."

Складвалася ўражаньне, што мае непрыяцелi, гэтак жа, як i я, хацелi правесьцi грунтоўнае дасьледваньне з прыцягненьнем усiх сiлаў. А гэта якраз тое, што мне было трэба. Закулiсныя дырыжоры, вiдаць, спадзявалiся выкарыстаць раскопкi супраць мяне.

Перад пачаткам працы сабралася нямала людзей: кiраўнiцтва Пракуратуры БССР, адказныя чыноўнiкi Мiнiстрэства унутраных спрваў, журналiсты, члены Дзяржаўнай камiсii. Прыехалi Васiль Быкаў i Алесь Адамовiч.

I вось мы пачалi. Што будзе ў зямлi — я ўжо ведаў. Амаль да двух мэтраў iшоў чысты пясок, у якiм часам траплялiся фалянгi чалавечых пальцаў. Для архэоляга — гэта ўжо званочак, што грунт быў пераварушаны праз некалькi гадоў пазьней, паьля засыпкi магiлы. Але сярод афiцыйных асобаў, якiя не адыходзiлi, запанавала ўзбуджэньне. Яны сталi гаварыць голасна мiж сабой, ужо ня гледзячы на мяне, сьмяяцца, адпускаць жарцiкi, класьцi рукi ў кiшэнi, хiхiкаць, маўляў: "нiчэво нет". Пракурор БССР Тарнаўскi пакруцiўся, бадзёрым крокам пашыбаваў да машыны i паехаў у сваю пракуратуру дакладваць.

Паказалiся нiжнiя пласты забiтых: прастрэляныя чарапы з дзiркамi ў патылiцы, рэвальверныя гiльзы, кулi, гумовыя галёшы, пазначаныя 1937 годам з маркай фабрык "Красный богатырь" i "Резинтрест". Запанавала цiшыня. Твары чыноўнiкаў сталi сур’ёзнымi, як на пахаваньнi. Раптам яны зразумелi, што тут не да жартаў.

* * *

Далей на працягу паўмесяца была толькi праца. Вынiкi яе вядомыя. Я расказаў потым пра iх у артыкуле "Шумяць над магiлай сосны" i ў справаздачы аб архэалягiчных раскопках. Аналiз вынiкаў паказаў, што магiлы ў Курапатах пазьней, дзесьцi ў канцы 40-х гадоў, былi раскапаныя, а косьцi зь iх — выбраныя. Архэалягiчна гэта пераканаўча даказваецца i пацьвярджаецца iншымi зьвесткамi. Хто б мог такое зрабiць? Пэўна той, хто зацiкаўлены схаваць злачынства.

Пасьля выпадку з Катыньню (вёскай у смаленскай Беларусi, дзе расстрэльвалi беларусаў з 1935 года i пра якую сьвет даведаўся пасьля расстрэлу там польскiх афiцэраў), Берыя i Цанава, а магчыма, i Джугашвiлi, маглi зрабiць высновы i даць загад аб выбарцы трупаў у Курапатах. Людзям, якiя за адну ноч эшалонамi вывозiлi цэлыя нацыi, прыдумалi "душагубку" i "мясарубку", стварылi сыстэму гулага, зрабiць гэта было нескладана.

Самаўпэўненыя, i нават агрэсiўныя, паводзiны камунiстаў перад архэалягiчнымi дасьледваньнямi Курапатуў тлумачацца, на мой погляд, тым, што яны мелi iнфармацыю з пэўных крынiцаў, быцца бы ў Курапатах нiчога няма.

Камунiсты фатальна прайгралi, як прайграюць забойцы. Схаваць забойства цяжка, а масавае — немагчыма. Хоць камунiсты ўвесь час рупiлiся пра схаваньне сваiх крывавых таямнiцаў. Рупiлiся рознымi спосабамi.

У 60-х гадах, напрыклад, калi кiраўнiцтва савецкiх партызанаў, якiя апанавалi ўладу ў Беларусi, узмоцнена пампавала тут партызанскi культ, узьнiкла iдэя стварэньня паказушнага помнiка спаленай немцамi беларускай вёскi. Выбралi вёску пад назовам Хатынь, бо назва яе пераклiкалася зь вядомай ужо смаленскай Катыньню, а ў ангельскай мове абедзьве пiшуцца i вымаўляюцца падобна. Назва другой вёскi павiнна была зацьмiць сваiм зьместам назву першай. На гэта былi кiнутыя велiзарныя сродкi i падключана магутная прапагандысцка-турыстычная машына. Эфэкт быў дасягнуты. Мiф створаны.

Але нiчога не ўратавала большавiкоў. Знайшлiся дакуманты пра смаленскую Катынь (хоць i ня ўсе дакуманты). Стала вядомая праўда i пра менскую Хатынь.

Хатынь была спаленая ў вынiку сьвядомай, тыповай i прадуманай правакацыi савецкiх партызанаў. Такiх правакацыяў яны стварылi на Беларусi тысячы. Каля ахвярнай вёскi спэцыяльна забiвалi немца цi абстрэльвалi нямецкую машыну (як каля Хатынi), а сьляды рабiлi — у вёску. Па сьлядах iшлi нямецкiя карнiкi i палiлi паселiшча, часта разам зь людзьмi. Такiм чынам партызанскiя энкавэдзiсты i iх штаб у Маскве ўзбуджалi ў беларусаў нянавiсьць да немцаў i заганялi людзей у партызаны.

У час Другой Сусьветнай вайны энкавэдзiсты працягвалi вынiшчаць беларусаў ня толькi непасрэдна, але i рукамi немцаў. За вайну, калi верыць савецкай статыстыцы, ў Беларусi было спалена больш 9-цi тысячаў вёсак i iншых паселiшчаў. Вось такi вынiк расейска-нямецкай камунiстычна-фашыстоўскай супольнай працы па вынiшчэньнi беларусаў. Нагадаю, разам яны забiлi амаль трацiну беларускай нацыi.

Мне ўспомнiлася гэтая лiчба замардаваных беларускiх вёсак, калi ў 70-х гадах, за часы панаваньня галоўнага русiфiкатара Машэрава пад яго непастрэдным iдэалягiчным наглядам быў распрацаваны i зацьверджаны для Беларусi адмысловы плян аб пэрспэктыўных i непэрспэктыўных вёсках i аб узбуйненьнi паселiшчаў. Згодна гэтага пляну, якi пачалi ажыцьцяўляць, з 34-х тысячаў беларускiх вёсак пакiдалася крыху больш 9-цi тысячаў. Астатнiя плянавалi паступова зьнесьцi, а насельнiцтва перасялiць у iншыя, "пэрспэктыўныя" паселiшчы. Плян пачалi ажыцьцяўляць з таго, што ў "непэрспэктыўных" вёсках спынiлi сацыяльнае, матэрыяльнае, эканамiчнае i iншае разьвiцьцё. "Непэрспэктыўныя" вёскi пакiдалi на вымiраньне i заняпад.

Калi б гэты плян машэраўскiя камунiсты на Беларусi пасьпелi б ажыцьцявiць, то па сваiх разбуральных вынiках для нацыi ён быў бы фатальным, пераўзышоў бы i калектывiзацыю, i Чарнобыль разам узятыя. Беларусы як народ ужо маглi б не падняцца.

Беспакаранасьць, адсутнасьць супрацiўленьня, пакорнасьць людзей i магчымасьць рабiць з насельнiцтвам усё, што заўгодна, ап’яняла нягоднiкаў-кiраўнiкоў i нягоднiкаў-выканаўцаў.

* * *

— …а харашо стрэляць врагов народа, — выхваляўся мясцовы энкавэдзiст Грышка Бацян, глушачы самагонку з цнянскiмi камунiстамi,— как врэжэш iз нагана, так шчэпкi лецят.

Гэтыя словы падонка пераказалi мне старыя цнянцы. Грышку добра памятае Галiна Сьцяпанаўна Жукоўская (1924 года нараджэньня, па мужу — Сiдзякiна). Гэты Грышка — жыхар вёскi Цна. (Дарэчы, рэдкая зьява, што ён быў мясцовы, бо ў НКВД на Беларусi былi амальвыключна расейцы.) Дык вось гэты Грышка забiў у Курапатах бацьку i мацi Галiны Сьцяпанаўны i выхваляўся потым перад цнянцамi:

— Жуковскiх я сам стрэлял.

Грышка гаварыў, як умеў, толькi па-руску. Беларускую мову "прэзiрал", "iба на ней разгаварывалi врагi народа".

А аднойчы Грышка пакрыўдзiўся на начальства i з каркоты напiўся ў бэлю.

— Я работаю чэсна, па-бальшавiцкi, а анi…, — i Грышка трос пальцам у бок "iх".

Справа была ў тым, што Грышку выдалi новы шынэль. Пасьля першага ж расстрэлу ў новым шынялю ён абпырскаў яго крывёй i гэтак i хадзiў, за што атрымаў вусную вымову ад начальства, маўляў, праца павiнна быць "чыстай". Але Грышка пакрыўдзiўся, бо "работал чэсна", i ходзячы абпырсканы крывёй, вiдаць, спадзяваўся сваiмi пячорнымi мазгамi на пахвалу. А тут — асечка. Было з чаго напiцца.

У Курапацкiх магiлах выяўлена шмат чэрапоў з велiзарнымi рванымi адтулiнамi ў iлбе (5-7 см у дыяметры). Гэта выхады куль, калi наган шчыльна прыстаўлялi да патылiцы. Парахавыя газы разам з гуляй iшлi ў чэрап i вырывалi на выхадзе вялiкiя дзiркi ў iлбе. У вынiку — кусты i дрэвы вакол месца расстрэлу, як сьведчылi вiдавочцы i самi забойцы, былi абпырсканы крывёй i чалавечымi мазгамi. Такая "мокрая" была работа ў катаў. Стамiўся Красны Iваноў.

Наган ад стрэлаў раскалiўся.
Шынэльку выцер ад крывi
I папяроскай задымiўся.

Памёр забойца Григорий Ботян у 1954 годзе сваёй сьмерцю.

* * *

Восеньню 1989 года, туманным днём, праз 50 гадоў пасьля падзеяў я iшоў з кiнарэжысёрам Мiхаiлам Жданоўскiм i апэратарам па вулiцы Цны. Здымалi фiльм пра Курапаты. За плотам, у адным з двароў на страсе пунi я ўбачыў жоўты чалавечы чэрап. Мы зайшлi ў брудны засьмечаны двор, дзе рохкалi каравыя сьвiньнi. Уядаў сабака. З хаты выскачыў рыжы няголены маладзён гадоў пад трыццаць у чорным брудным картовым камбенiзоне.

— Адкуль чэрап? — спытаў я.

— Знайшоў на звалцы, iшчу корм сьвiньям, — азваўся рыжы.

— Навошта паклаў на страху?

— А пусьць палежыт, чэлавек он, знаеце, па прыродзе сваей — звер, вечная барба, сегодня ты, а завтра — я.

Рыжы гаварыў выключна па-расейску, што тут, у гэтай запушчанай асеньняй вёсцы выглядала нейкiм дзiкунствам.

— Вы фiлёсаф? — спытаў я.

— Нет, я фiласофii не чужд, но большэ са сьвiньямi. Чэлавек, вiдзiце лi, сушчэство прадажнае, а сьвiнья — ана есьць сьвiнья: жывотнае палезнае. Не так лi?

Я прыгледзеўся да рыжага. Ён сьмярдзеў, як парсюк. Бялесыя вейкi i чырвоныя прыпухлыя дужкi павек, зялёна-жоўтыя пустыя вочы, прыадчынены рот. Я толькi цяпер зразумеў, што перада мной ненармальны. Я павярнуўся i моўчкi пайшоу да брамы.

А я знаю, каво вы iшчэце: Грышку Бацяна, — пачулася ўсьлед. — А нет Грышкi, — прадаўжаў ненармальны, — нет, удрал Грышка на кладбiшча, а вы iшчэце. Я вiдзел, вы к сестрэ ево захадзiлi в дом. А нет сестры, умерла. А я вот жыву.

— Адкуль ты ведаеш Грышку? — спытаў я.

— Как не знаць, слыхал. Я то — племяньнiк ево, вот i знаю.

Мяне раптам уразiла сымволiка становiшча. А можа, тут ужо не сымволiка, а генэтыка? Генэтыка сталiнiзму.

Ненармальны нешта яшчэ гаварыў, але я ўжо ня слухаў.

* * *

Сюжэт з ненармальным нельга было паказваць у кiно па маральных прычынах, i рэжысёр Жданоўскi выключыў яго з свайго фiльма "Дарога на Курапаты". Гэта выдатны фiльм. Але як толькi ён быў гатовы (а гэта яшчэ пры Шушкевiчы-Кебiчы), стужку тут жа, пасьля першага прагляду, арыштавалi i паклалi на палiцу. Там яна i цяпер ляжыць. Калi толькi ня зьнiшчылi, цi не ўкралi.

Шкада, што фiльм ня ўбачылi людзi. У некаторыя кадры нават цяжка паверыць, што яны дакумэнтальныя. Тым ня менш, гэта так. Напрыклад, сядзiць за сталом забойца тлусты круглы твар. Ён есьць, чаўкае, п’е гарэлку i разказвае пра сваю працу. Размова гучыць праблiзна так:

— Я не стрэлял. Я вазiл. Да. Была дзела. Я шафёрам служыл. В НКВД.

— А стрэляць — не стрэлял. Нет

Энкавэдзiст проста перад камэрай куляе стопку гарэлкi ў нутро i каўтае, аж булькнула ў страўнiку, потым чапляе нешта вiдэльцам з талеркi i чаўкае.

— А калi б вам загадалi страляць людзей, вы стралялi б? — гучыць пытаньне за кадрам.

Не перастаючы чаўкаць, энкавэдзiст задумаўся.

— Есьлi бы прыказ, тагда бы, канешна, стрэлял.

Праблемы выпiць i закусiць у забойцаў не было. У падвале НКВД мясьцiлася сталоўка, якая была адчынена ўвесь час. За сеанс рассрэлу дабраахвотнiкам адразу выдавалi дзесяць рублёў. (Хапала на некалькi бутэлек гарэлкi.) Прыехаўшы з Курапатаў, каты "атаварвалiся" ў сталоўцы. Сядзелi тут i выпiвалi.

У Лошыцы дабраахвотнiкам пастраляць у патылiцу давалi толькi 50 капеек, але гэта не кадравым энкавэдзiстам, а энтузiястам: грамадзкiм стукачам, камсамольцам, членам ДСААФ i iншым падонкам, якiя круцiлiся каля энкавэдзiстаў i расстрэлаў у Лошыцкiм яры.

* * *

Калi я ўжо пачаў расказваць пра катаў, то прадоўжу i далей. Iншы падонак, маёр Бачкоў — расеец, жыў у Дроздаве i быў жанаты на сячцовай дроздаўскай дзеўцы. Мелi дваiх дзетак. Бачкоў расстрэльваў у Курапатах i кожны дзень (цi ноч, як трапiць па графiку) хадзiў на працу. Дадому з працы прыходзiў п’яны. Вывала, прыдзе ноччу, паесьць — i да жонкi. Прырода клiча. А яна яго адпiхвае: — Адыйдзi, ты п’яны, памыйся, ад цябе крывёй пахне.

Як кажуць расейцы, "такая любов". Простая савецкая сям’я ўзору 37 году. Ня ведаю, як было, калi бацька прыходзiў з работы днём, i яго сустракалi дзецi. Можа, пыталiся, колькi ён сёньня забiў: восемдзесят цi дзевяноста.

Пра ўсё гэта мне расказалi дроздаўскiя людзi, у тым лiку — i сваякi Бачкова. Сам забойца з пачаткам вайны кiнуў дзяцей i ўцёк у Расею. Там i памёр у 1978 годзе. Жонку яго, якая зьвязалася з партызанамi, застрэлiлi немцы ў пачатку лiпеня 1944 года перад самй савецкай акупацыяй Менска.

Бывала, што энкавэдзiсты з Каманды, якая расстрэльвала ў Курапатах, пасьля зьмены, узбуджаныя алькаголем i сьвежа пахнучыя крывёй прыходзiлi на танцы ў Дроздава цi Зеляноўку. Некаторыя дзеўкi вельмi хацелi выйсьцi замуж менавiта за энкавэдзiстаў. Да забойцаў адносiлiся са страхам i павагай.

На адну такую з Зеляноўкi, якая вышла за бандыта, я хадзiў паглядзець у 1988 годзе. Дародная бабуля — паўрота залатых зубоў: "Муж работал в НКВД," — сказаў мне гэты рот. На сьцяне фота забойцы.

Потым я знайшоў яго магiлу i помнiк на ёй з чорнага палiраванага лабрадору з сантымэнтальным надпiсам ад жонкi i дзяцей. На плiце — фотагравiроўка — клясычная фiзiяномiя энкавэдзiста, абагулены тып. Фатаграфiя з гэтага помнiка зьмешчана ў Менскiм выданьнi маёй кнiжкi "Курапаты". Там я адрэзаў прозьвiшча бандыта i эпiтафiю, бо не крытычна прымаў памылковую iлжывую сэнтэнцыю, што дзецi, быццам бы, не адказваюць за злачынствы бацькоў. Гэта, аднак не пацьвярджаецца жыцьцём. Дзецi маральна адказваюць за забойствы бацькоў. Прозьвiшча ката — Друзь. Расеец з Украiны. Колькi ён асабiста забiў людзей — невядома. Усяго ж у Курапатах было замардавана каля чвэрцi мiльёна чалавек.

* * *

Дзецi забойцаў павiнны, я кажу, таксама несьцi адказнасьць. Дзецi бандытаў, што рабiлi злачынствы супраць чалавецтва i ўдзельнiчалi ў масавыў рэпрэсiях, не павiны мець права працаваць у судах, выбiрацца ў органы ўлады, працаваць у органах улады i г.д. I гэта справядлiва. I так павiнна быць.

Дзецi звышбандытаў Яжова i Берыi, напрыклад, у 1998 годзе падалi ў суд на рэабiлiтацыю сваiх забойцаў-бацькоў. Думаю, што камэнтаваць гэтую зьяву ня трэба. Для iх загубленая кроў мiльёнаў ахвяр не iснуе. Пусьцiце такiх у суды цi ў органы ўлады. Гэтак жыцьцё пастаянна даказвае маральную (i ня толькi маральную) адказнасьць дзяцей за злачынствы бацькоў.

Антылюстрацыйная палiтыка "грубай крэскi", якую спрабавалi ўвесьцi ў Польшчы ( гэта значыць: забудзем, што было, пачнём новае жыцьё) тут не падыходзiць. Нiхто нiчога не забывае, бо забыць немагчыма. Павiнны быць вызначаныя адносiны, рашэньнi i санкцыi. Яны паўсюдна прынятыя адносна фашысцкiх злачынцаў. Нельга, напрыклад, публiчна зьневажаць факты i казаць адваротнае пра вядомыя рэальнасьцi i падзеi фашысцкага генацыду. За гэта па нямецкiх законах суд можа прысудзiць да двух гадоў турмы. Менавiта гэты закон парушыў нядаўна французкi радыкальны палiтык Лi Пэн, казаўшы, што канцлягеры i крэматрыi — гэта нязначныя падзеi Другой Сусьветнай вайны. Лi Пэн трапiў пад суд.

Вядома, тут шмат значыць тое, што камунiзм яшчэ ня меў свайго Нюрнбэргскага суду. Але кожная краiна мае свае правы i магчымасьцi. Я заўсёды казаў i кажу: першым законам, якi павiнна прыняць краiна, што вызвалiлася з-пад камунiзму, — гэта закон пра люстрацыi. Кiруючая камунiстычная намэнклятура павiнна быць адлучана ад улады мiнiмум на дзесяць гадоў, а дзецi бандытаў, што тварылi генацыд — на ўсё жыцьцё.

Тыя дзяржавы, якiя зрабiлi гэта (Вугоршчына, Чэхiя, на падыходзе — Польшча), палепшылi сваё становiшча, адчынiлi пэрспэктывы грамадзтву. Тыя, што не зрабiлi (краiны былога СССР, былой Югаславii) i пакiнулi ля ўлады камунiстычную намэнклятуру, тыя апынулiся ў яшчэ горшым стане, а абрабавваны народ загналi ў пастку, у тупiк, зь якога выхаду амаль не вiдаць, акрамя як праз вялiкую кроў.

На дне магiльных ям у Курапатах, дасьледуючы рэшткi забiтых, у цiшынi (бо ўсе маўчалi) я шмат што перадумаў пра жыцьцё i людзей. Бязбожныя камунiсты ў сваёй фiлясофii, мастацтве, iдэалёгii i асаблiва ў выхаваўчай сыстэме ўнiкалi развагаў i нават тэматыкi сьмерцi. Канцэнтрацыя ўвагi на сьмерцi лiчылася ўпаднiцтвам, пэсымiзмам, ледзь не антысавецкiмi поглядамi. I гэта ня гледзячы на тое, што сьмерць iснуе, i кожны памрэ.

Развагi аб сьмерцi прыводзяць да развагаў пра вечнасьць. Думаньне пра вечнасьць прыводзiць да Бога. Таму бальшавiкi, што любiлi забiваць, не любiлi разважаньняў пра сьмерць. Асэнсаваньне сьмерцi разбурае матэрыялiстычную сьвядомасьць. Менавiта слова "сьмерць" асацыявалася ў мяне з камунiзмам. Камунiзм роўна сьмерць.

Што мяне ўразiла найбольш у час працы над дасьледваньнем Курапатаў? Сьпяваньне птушак. З сырога дна магiлы вiдаць верхавiны соснаў i бяроз, асьветленых сонцам. Пласкоча лiсьце. Шумiць хвоя, нiбы мора, i пошум ветру зьлiваецца з птушынымi галасамi. Голас сусьвету.

— А вось i тады гэтак птушкi сьпявалi, — пачуў я наверсе голас сьледчага пракуратуры. Я вылез з магiльнай ямы. Сьледчы крымiнальнага вышуку (якi па роду службы чаго толькi ня бачыў: i трупы з адрэзанымi галовамi, i згвалтаваньнi) стаяў зь вiльготнымi вачыма, задраўшы галаву ля магiлы i слухаў, як сьпявае сiнiчка.

Узьдзеяньне Курпатаў на людзей было незвычайнае. Гэта я ведаў. Але тады падумалася: "Купскiя твае справы, хлапец. Ня бачыць табе кар’еры ў бальшавiцкай пракуратуры як сваiх вушэй." Так яно i сталася. Занадта шмат чалавечага ды разумнага.

Сiнiчка скакала з галiнкi на галiнку, круцiлася, цiўкала, была занятая толькi сабой. Яна не зьвяртала на нас анiякай увакi. Шумела лiсьце, i сьпеў птушыны сьлiзгацеў па бярозавым ствале. А ўнiзе мы з сваёй маркотай. Хто мы? Што мы тут робiм? Па чым плачам? Пяцьдзесят годоў назад, як i цяпер шумела хвоя i абыякава ськiдала голкi на астыглыя бледныя твары. Калiсьцi цяцела сарока ў Грунвальдзкi лес. На кару сеў чырвоны матыль, як тысячу гадоў…, як дваццаць тысячаў гадоў назад, калi толькi зыйшоў, адступiў ледавiк. I тады мне ўспомнiлася:

Раз у тысячу год
Прылятае сiнiчка да сiняга мора
I пробуе дзюбкай марскую ваду.
Калi сiнiчка вып’е ўсё мора,
Пройдзе адно iмгненьне вечнасьцi.

* * *

Мяне ўразiла таксама маўклiвая пакорнасьць i поўнае неразуменьне таго, што адбываецца, у тых, каго забiвалi камунiсты. Быццам гэта былi ня людзi, а блохi цi мурашкi, быццам гэта быў не народ. "За што?"— было традыцыйнае пытаньне перад расстрэлам. I нiхто (амаль нiхто) не iмкуўся ўцячы.

На што чалавек спадзяваўся, калi пытаў "за што?", бачачы, што прывезьлi яго забiваць? На справядлiвасьць? На цуд? На лiтасьць катаў? Бандытаў жа толькi раззадорваюць такiя пытаньнi.

Людзi не ўсьведамлялi сутнасьць генацыду i сэнсу расстрэлаў, бо гэта было вышэй iхняга разуменьня. Яны рэагавалi на забойства як маральныя хрысьцiянскiя асобы, выхваныя ў такiх паняцьцях, як "справядлiваьць", "вiна", "грэх", "пакараньне". Яны ўспрымалi больш

Дадаць у: