Даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ на ліпеньскі сойме:
"Дзеяньні прамаскоўскага рэжыму на Беларусі за апошні месяц (чэрвень-ліпень) разьвіваліся ў рэчышчы тыповай акупацыйнай паранойі. Найбольш характэрныя прыступы: “плата за перасячэньне мяжы”, “лінія Сталіна” і забарона ўжываць словы “нацыянальны” і “беларускі”.
З аднаго боку ўзрастае нэрвовае напружаньне ў асяроддзі прамаскоўскай мафіі (і гэта адбіваецца на тварыльшчыку ўказаў), з другога – яны зразумелі, што з цяперашнім беларускім грамадзтвам можна рабіць усё, што заўгодна (праўда, яны ня ведаюць, дзе яны пасьлізнуцца, і мы пра гэта ня кажам).
Сымптомы пачаліся крыху раней, калі перайменавалі праспэкт Францыска Скарыны. Гэта быў пробны камень, тэст на ўзровень грамадзтва. Ён прайшоў пасьпяхова для маскоўскіх паліттэхнолягаў. Караганавы, відаць, паціраюць ручкі: маўляў, “дебилизация налицо”. Але дарэмна радуюцца, гэтую “дэбілізацыю” (стаяньне з партрэтамі камуністычнага сатрапа Машэрава побач з выявай вялікага Скарыны) яны самы і арганізавалі праз свае АГП, вэтэранаў “перестройки” і іншых халуёў. Беларусу для асэнсаваньня патрэбен час.
Праглынулі Машэрава (на кручку Скарыны) – дадзім вам Сталіна. Наступным прыступам стала якраз “лінія Сталіна”. Прыдумалі зьяву, якой у прынцыпе не існавала ў гісторыі 2-й Сусьветнай вайны. На тэрыторыі ў 40 гактараў пад Менскам арганізавалі нават тэатральнае відовішча з выкарыстаньнем тысячаў “савецкіх” салдат, гістарычнай тэхнікі, танкаў, самалётаў, “палутарак”, якія лупілі “немцаў” на подступах да Менска. (Хаця вядома, хто каго тады лупіў).
Умацаваньні, якія былі зробленыя маскоўцамі па лініі падзелу Беларусі пасьля 1921 года, і якія потым, са зьменай мяжы ў 1939 годзе, былі цалкам дэмантаваныя, сучасныя палітавантурысты назвалі “лініяй Сталіна” і прыпісалі гэтай неіснуючай “лініі” важную ролю ў 2-й Сусьветнай вайне, прыдумалі нават музэй, дзе сабралі розны савецкі хлам. Спэктакль з “палутаркамі” з захапленьнем глядзеў наш кліент, адзеты ў ваенную форму, і казаў лапідарныя фразы, кшталту: “ваш прэзідэнт і армія гатовыя выканаць любую задачу”.
Беларуская рэчаіснасьць апускаецца ў “восень патрыярха”. “Лінія Сталіна” і ўсё, што зь ёй зьвязана – сімптом тыпова клінічны (нагадвае мне “пэрпэтуум мобіле” 1997 года), але разьвіваецца ён у форме “палітыкі” і ўспрымаецца цяперашнім беларускім грамадзтвам як палітычная рэальнасьць, сьведчыць, што ступень абалваньваньня і запас цярпеньня людзей далёка ня вычарпаны.
Праз пару дзён адбылося лукашэнкаўскае сьвята (3 ліпеня – дзень савецкай акупацыі Менска). Там ужо несьлі партрэты Сталіна і крочылі ветэраны НКВД.
Зразумела, што Масква адпрацоўвае чарговы экспэрымэнт на беларускім палігоне. І можна толькі падзівіцца прымітывізму і тупіковасьці расейскага думаньня. Маскоўскія паліттэхнолягі не разумеюць, што сваімі экспэрымэнтамі яны самы засьведчылі тэст на пэрспэктыву выжываньня крамлёўскай улады. І тэст гэты адмоўны. Гэтыя бурбоны яшчэ ня ведаюць, што іх чакае ў сталінскім тупіку, куды яны лезуць. Так што, “да здравствует Сталин” і ня будзем іх у гэтым расчароўваць.
Летняя паранойя, безумоўна, будзе разьвівацца, чым бліжэй падыходзіць 2006 год. Характэрнасьць яе праяўленьня – адкрытае зьневажаньне каштоўнасьцяў нацыі і пагарда да беларусаў. Тыповым выяўленьнем ёсьць указ Лукашэнкі аб забароне словаў “беларускі” і “нацыянальны”.
У гісторыі этнацыду супраць беларусаў такое ўжо было ў 1840 годзе за часы панаваньня бадай што самага тупога і цемрашальскага рускага цара Мікалая 1-га. Тады ўказам Сэнату расейцы забаранілі слова “Беларусь” і “беларускі”. Гэта было патрактавана расейскай акупацыйнай машынай таксама як забарона беларускай мовы.
Цяпер тое дзікунства вяртаецца ў вобліку беларусажэрнай палітычнай паранойі. Указ Лукашэнкі патрабуе выдаліць словы “беларускі” і “нацыянальны” найперш з назоваў недзяржаўных арганізацыяў, гэта значыць з таго пласта культуры, які фармуе беларускую грамадзянскую супольнасьць. “Беларуская кнігарня” ня можа больш называцца “беларускай”, часопіс “Беларуская мова ў школе” – ня можа ўжо называцца “беларуская”, бо супярэчыць указу. (Цікава як пераймянуюць – “тутэйшая” ці можа “здешняя”?). Тое ж адносіцца да “Саюзу пісьменьнікаў Беларусі”, да шапіка “Беларускія сувэніры”, да прафсаюзных арганізацыяў і мастацкіх калектываў, словам, да ўсяго беларускага, нават да расейскамоўных газэтаў, у загалоўках якіх ёсьць слова “беларускі” (“Белорусский рынок” і т.п.).
Лукашэнкаўскі міністар юстыцыі расеяц Голованов растлумачыў гэты ўказ у стылі ўзорнага акупанцкага ідыятызму (гэта не лаянка, а слова, адпаведнае зьяве): “у адпаведнасьці з указам, -- кажа Голованов, -- палітычныя партыі, рэспубліканскія грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы і банкі могуць (яшчэ) выкарыстоўваць у назвах слова “беларускі”, але ня маюць права выкарыстоўваць слова “нацыянальны”. А недзяржаўныя мэдыіі ня маюць права выкарыстоўваць ані слова “беларускі”, ані “нацыянальны” (Радыё “Свабода”, -- 1 чэрвеня).
Усё гэта на нармальнай чалавечай мове называецца “пляваньне беларусам у твар”.
З усяго, што адбылося за апошнія месяцы ў рэжыме на Беларусі – гэта ёсьць самае грубае і недапушчальнае парушэньне правоў асобы і народу, якое асуджаецца ўсімі цывілізаванымі законамі і міжнароднымі дачыненьнямі. Асуджаецца, праўда, толькі дэклярацыйна. Рэчаіснасьць іншая. Нашае народнае няшчасьце, этнацыд і вынішчэньне ўсяго нацыянальнага беларускага нікога на Захадзе не абходзіць і не цікавіць, і не хвалюе, і не хвалявала. Беларусы маюць ідэалізаванае, ілюзорнае ўяўленьне пра Захад, асабліва пра Заходнюю Эўропу. Беларусы мусяць зразумець, што нашае нацыянальнае змаганьне – гэта ёсьць нашае змаганьне. Наша перамога і наша будучыня залежыць перш за ўсё ад нас самых, ад беларусаў. І ніхто ня будзе змагацца за Беларусь акрамя нас, беларусаў, спадкаемцаў нашай культуры і нашай сьвятой, роднай зямлі.
У апошнія дні і тыдні гучэла шмат заяваў пра Беларусь у Эўразьвязе, у камісіях Эўразьвязу ды АБСЭ, сярод дэпутатаў Эўрапарляманту. І што мы зноў пачулі? Пра этнацыд беларусаў? Пра забарону слова “беларускі”? Ці можа пра зьнішчэньне беларускіх школаў і беларускамоўнага друку? Нічога падобнага. Тыя ж самыя агульныя дэклярацыі пра абстрактныя правы чалавека і абстрактную свабоду слова (гэта ў той час, калі зьнішчаецца менавіта беларускае нацыянальнае слова).
Мне не раз прыходзілася казаць (бо маю дасьведчаньне), што ўсе нашыя добрыя пажаданьні аб арганізацыі ў суседніх краінах тэле- і радыёстанцыяў, якія б перадавалі праўдзівую інфармацыю на Беларусь у беларускай мове і спрыялі б нацыянальнаму адраджэньню і дэмакратыі, -- усе гэтыя пажаданьні, як толькі за іх возьмуцца немцы з Брусэлем, будуць павернутыя супраць самых беларусаў. Так яно і атрымалася.
У канцы чэрвеня “Нямецкая хваля” якраз “узялася” за беларускую справу, арганізавала пятнаццаціхвілінную перадачу на Беларусь на... расейскай мове і даручыла гэтую перадачу... расейскай рэдакцыі “Нямецкай хвалі”. (Як кажуць расейцы “шчуку бросілі в реку”).
Яны што – ня ведаюць, што адбываецца ў Беларусі? Ня бачаць вайны цывілізацыяў – беларускай і расейскай? Ня ведаюць чаму і хто зьнішчае беларускія школы, беларускую мову і друк? Ня ведаюць хто стаіць за антыбеларускай палітыкай і за дыктатурай Лукашэнкі? Не разумеюць чаму расейскую мову выкарыстоўваюць як сродак дыктатуры і русіфікацыі?
Калі б гэта было так, то трэба прызнаць, што радыёстанцыяй кіруюць абмежаваныя людзі. Але гэта не так. Немцы – моцны інтэлектуальны народ і справа ў іншым. Справа ў палітыцы, якую немцы праводзяць вось ужо 200 гадоў, пачынаючы ад габсбургскага чынадрала Шульца і канчаючы сучасным разьведчыкам Гансам Вікам. Нічога не зьмянілася – немцы і расейцы ў агульнай працы супраць Вялікага Княства.
Нам ня трэба такой “дапамогі” ад “Нямецкай хвалі”, нам хапае расейскай русіфікацыі, дай Бог зь ёю ўпорацца.
Да гонару беларусаў знайшліся людзі, якія адкінулі нямецкія пляны далейшай русіфікацыі беларускага эфіру. “Для мяне ўсё, што мы пачулі,-- кажа Мікола Маркевіч пра нямецкія задумы,-- гэта вялікі плявок у душу”. “Калі “Deutsche Welle” зьбіраецца рабіць перадачы на расейскай мове, то нам такая “дэмакратыя” не патрэбная” – падсумаваў Алег Трусаў (Радыё “Свабода”, -- 30 чэрвеня).
“Рабіць” яны, аднак, будуць, пакуль не сапсуюць, ня згадзяць усё канчаткова. Справа Ганса Віка жыве і не памірае.
Адзіная краіна, якая нармальна магла б дапамагчы Беларусі ў інфармацыі па беларуску, і якая лепей дасьведчаная – гэта Польшча. Але справа ўпіраецца ў сродкі. На гэта цяперашні “эўрапейскі камісар” незабыўная Бэніта Фэрэра-Вальднэр (памятаеце яе глыбокадумныя фразачкі тыпу: “на дадзены момант у Беларусі праходзіць складаны працэс трансфармацыі краіны ў дэмакратычную структуру” і т.п. лухту), дык вось на гэта тытан эўрапейскай думкі адказала проста: “Эўракамісія падтрымлівае ідэю арганізацыі радыёвяшчаньня на Беларусь, аднак цяпер ня можа аказаць фінансавай падтрымкі гэтаму праекту”. І дзякуй Богу!
Унутранная сітуацыя не перамянілася, але абазначыліся пэўныя моманты. Найперш, Масква адназначна паставіла на Лукашэнку. Гэта відаць па шматмільённым крэдыце, які яму далі (зразумела) на выбары і таксама па тым, што ён пасьпеў ужо паабяцаць павысіць зарплату настаўнікам і выхавацелям на пэрыяд да 31 жніўня 2006 г. (Які цынізм, нейкая мандарынаўская кітайшчына! І будуць жа радвацца). Такім чынам, да 31-га жніўня рэжым плянуе скончыць афёру з выбарамі. (“Афёру”, бо Лукашэнка па закону ня мае права балатавацца, удзельнічаць у выбарах у якасьці кандыдата).
“Казулізм” будзе працягвацца па інэрцыі як фармальнасьць (страхоўка Лукашэнкі), а гульню ў “партызанаў” і “адзінага кандыдата” рэкруты вікаўскай “апазыцыі” будуць весьці ўвесь час. Рэжыму трэба каб яны бавіліся ў сьляпым завулку, дэманстравалі б ілюзію дзейнасьці (шукалі б новага ганчарыка) і каб ніхто не займаўся рэальнай працай з насельніцтвам. Маскве тут лёгка, бо гэтыя гульні “ганарлівых сьляпых” падтрымлівае Брусэль, і ўдзельнікі чужога праекту разумеюць, што стварыўшы “адзінага кандыдата” (пра якога ніхто ня ведае) яны могуць атрымаць, як ужо не раз бывала, грошыкі з Захаду на “выбарчую кампанію”. Гнюсна, вядома, але такая рэчаіснасьць. Спэктакль “Ганчарык-2” цягаюць па лясах, далах і весях (як у дрэннай літаратуры), і ніхто ня хоча заўважаць пустаты і палітычнай нікчэмнасьці таго, што яны робяць (акрамя Васіля Лявонава, магчыма).
У групе “недалучаных” будуць рабіць, як мне здаецца, гэтакага новага “домаша”, супрацьвагу асноўнаму беларускаму кандыдату. Прынцыпова новых падыходаў з боку Масквы, відаць, не прадбачыцца. У канцы, магчыма, нават Гайдукевча выпусьцяць.
Прынцыпова новыя падыходы і магчымасьць паралізаваць фальсіфікацыйную машыну галасаваньня ёсьць, аднак, у нас, але пра гэта будзе паведамлена ў сваім часе і ў адпаведны момант. Наперадзе – праца. Перамога за намі і будучыня наша! Жыве Беларусь! Слава героям!"
Зянон Пазьняк
10 ліпеня 2005 г.
Нью-Ёрк.