(Выступ на ліпеньскім 2016 г. Сойме КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”)
Усялякая добрая справа прарастае рана ці позна. У гэтым абгрунтаваньне, што трэба яе рабіць. Важнейшым ёсьць зьмяненьне балансу грамадзтва. Не дасягнуўшы зьмяненьня – немагчымыя перамены, і акупацыя будзе існаваць доўга.
Як і раней сістэмна па вынішчэньні беларускай культуры працуе кіроўны рэжым. Узмацнілася агентурная і дыпламатычная дзейнасьць рэжыму за мяжой, павялічыўся ўплыў на міжнародныя арганізацыі, якія гатовыя прызнаваць антыбеларускую ўладу, дзеля пераменных сваіх інтарэсаў. Па меры прызнаньня рэжыму Захадам, унутраная антыбеларуская палітыка будзе ўзмацняцца.
Нашай Партыі ўпершыню за 22 гады антынацыянальнага рэжыму забаранілі ўшанаваньне памяці расстраляных людзей каля Ігумена, дзе ў 1941 годзе тысячы вязьняў былі забітыя ў час расейскіх канвойных этапаў на Усход. Узмацненьне рэпрэсіяў супраць беларускай памяці і беларускай культуры зыходзіць з акупацыйнай прыроды рэжыму і выклікана цяпер падрыхтоўкай расейскай гібрыднай акупацыі Беларусі. Гэтая падрыхтоўка вядзецца ўжо адкрыта, як шляхам мабілізацыі пятай калоны ў Беларусі, створанай за часы рэжыму, так і разьмяшчэньнем насупраць усходняй мяжы нашай краіны новых расейскіх гарнізонаў і дывізіяў з наступальным узбраеньнем. Адказам на гэта мусіць быць праўдзівая інфармацыя, асьвета людзей, пратэсты і (абавязкова) грамадзкая падрыхтоўка да вайны, пра што я ўжо ня раз падрабязна распавядаў у папярэдніх лістах, зваротах і дакладах.
Рэжым рыхтуецца да фарсавых выбараў у псэўдапарлямант. Усім разумным беларусам ужо даўно зразумела, што ўдзельнічаць у гэтым фарсе нельга. Трэба крытыкаваць і выводзіць на чыстую ваду гэтую ашуканцкую і рэпрэсіўную кампанію.
Раскол у дачыненьні да псэўдавыбараў адбываецца нават у асяроддзі псэўдаапазыцыі. Стойкая агентура тыпу Дзімітрыева, Караткевіч і ім падобных “цьвёрда” йдзе на выбарчы спэктакль (некаторыя нават пад лукашысцкім бээсэсэраўскім сьцягам). Яна, бачыце, будзе змагацца за галасы выбаршчыкаў.
Тым часам аматары заходняй халявы ў разгубленым стане, бо халява ці то будзе, ці то не. Але ўрэшце ўсе на тыя псэўдавыбары пойдуць, бо ўжо служба такая. Тым больш, што некаторыя на Захадзе гатовыя заранёў прызнаць фальшывыя выбары, каб лепш супрацоўнічаць з рэжымам. Прытым найбольш класічныя ідыёты яшчэ спадзяюцца там, што “дэмакратызуецца” Лукашэнка.
У міжнародным плане парадыгма падзей нагадвае мне Эўропу 30-х гадоў і трыумфальнае шэсьце Гітлера, з прычыны недаразьвітага стану розуму эўрапейскіх палітыкаў, няздольных супрацьстаяць агрэсіі і агрэсіўнай ініцыятыве.
У апошнія месяцы, практычна, усе падзеі складваюцца на руку імпэрскай Расеі. Гэта найперш так званы Brexit, потым расчараваньне Турцыі ў Эўразьвязе і наладжаньне дачыненьняў з Расеяй, падтрымка эўрапейскімі ўльтраправымі і эўраскептыкамі агрэсіўнай палітыкі Пуціна, развал парляманцкай палітыкі ва Украіне.
Шум у так званым “дэмакратычным” друку, што Расеі канец, што Пуцін банкрут, што імпэрыі капец і т.п. мякка кажучы моцна перабольшаны. Расея ўзмоцнена рыхтуецца да вайны, мадэрнізуе ўзбраеньне, войска і канаць не зьбіраецца. Ня трэба недаацэньваць ворага. Перад намі вялікае вызваньне.
Нямецкая камбінацыя з “нобэлем” для Алексіевіч стварыла нам унутраную ідэалагічную праблему. Адыёзная асоба, якая ўвесь час ахайвала ўсё, што нацыянальнае беларускае, удзельнічала, фактычна, у камуністычнай антыбеларускай прапагандзе – гэтая асоба атрымала цяпер міжнародную трыбуну і можа ахайваць беларусаў з вышыні Нобэля. Гэтым яна і пачала зноў займацца. Сьвет ужо даведаўся ад яе, што беларусы – гэта людзі “з рабскай мэнтальнасьцю”, у якіх няма эліты, яны думаюць па-вясковаму, любяць пакуты і т.п., а элітай у іх некалі былі габрэі.
Тролі ведаюць, што ўнутраны рынак дэзінфармацыі сьцерпіць усё, а вось з міжнародным атрымалася асечка, тым больш па этычным пытаньні, якое вымагае ведаў, розуму і інтэлекту. Адной прэміі Нобэля тут недастаткова. У сваім бруклінскім выступе (12-УІ) спадарыня паспрабавала няўклюдна зьмякчыць віну немцаў за галакост габрэяў і перакінуць яе на іншыя народы: на палякаў, украінцаў, летувісаў і латышоў. Спадарыня нагаварыла на добрую судовую справу і выклікала ўжо міжнародны скандал. (Польскае МЗС нават заяву зрабіла па гэтай яе выхадцы).
Сёньня адчыняю старонку «Жэчыпосполітэй» і чытаю, што спадарыня, фактычна, пацьвярджае тое, што палякі горш за немцаў адносіліся да габрэяў і нясуць адказнасьць за галакост. Цытую без перакладу. Журналіст: Ale to zdanie – „Polacy najgorzej traktowali Żydów" – nie zostawia wątpliwości. Wynika z niego niezbicie, że Polacy mieli gorszy stosunek do Żydów niż Niemcy. Czy uważa pani, że Polacy odpowiadają za Holokaust?
Алексіевіч: Zawsze staram się pisać prawdę. Tę drogę wybrałam dawno.
І ўсё ж-такі лаўры Жырыноўскага, відаць, у небясьпецы. Такая атрымалася адпрацоўка “нобэля” перад немцамі.
Немцы якраз мэтанакіравана вывучаюць паводзіны народаў, якія былі пад гітлерскай акупацыяй, на прадмет іхняга ўдзелу ў нямецкім генацыдзе габрэяў. Гэта, аказваецца, цікавая тэма для некаторых асобаў, бо зь яе аўтаматычна вынікае спакуса падзяліць віну немцаў зь іншымі народамі.
Калі пачаўся скандал з бздурнымі выказваньнямі Алексіевіч, адна радыёстанцыя, што найбольш неаб’ектыўна ўсхваляе і прапагандуе яе ў СМІ, тут жа падрыхтавала інтэрв’ю з адной такой нямецкай дасьледніцай, дацэнтам Вашынгтонскага ўнівэрсітэта Анікай Валькэ, якая езьдзіла па Беларусі, зьбірала матэр’ялы і ў мінулым годзе выдала кніжку. Нічога кепскага там, відаць, не напісана. Дасьледчыца адзначае, што беларусы ня ўдзельнічалі ў генацыдзе габрэяў. “Гэта вельмі цікавае пытаньне, -- кажа дасьледчыца, -- чаму ў Беларусі была іншая сытуацыя. Чаму менавіта ў Беларусі, асабліва на пачатку вайны немцы скардзіліся, што не ўдаецца падбухторыць людзей, каб тыя дапамагалі ім у генацыдзе габрэяў ці рабілі пагромы, як гэта было ў Польшчы, ці ў Коўне, ці Рызе”.
З тэксту вынікае, што дасьледчыца ня знайшла фактаў удзелу тутэйшага насельніцтва ў генацыдзе, “але, канечне, такое было, трэба яшчэ вывучаць”, -- паведамляе спадарыня. Ну, калі “канечне, было”, то яны “вывучаць” – немцы народ здольны. Знойдуць. І аднаго, і двух, і нават трох, і напішуць, як беларусы “удзельнічалі ў генацыдзе”.
Цікава, што дасьледчыца ня ўмее растлумачыць пазыцыю няўдзелу беларусаў у нямецкіх пацыфікацыях габрэяў. У сваёй кніжцы яна спрабуе ўбачыць прычыну такіх паводзінаў беларусаў у… савецкім інтэрнацыяналізме 30-х гадоў”. Спадарыня тут яўна ня ведае пра што піша, а, кажучы пра нямецкую акупацыю, не разумее элемэнтарнага, што беларусы, як і габрэі, былі аб’ектам нямецкага генацыду. Беларусаў вынішчылі ў Беларусі нашмат больш, чым габрэяў, спалілі дзевяць тысяч вёсак разам зь людзьмі. Габрэяў беларусы ратавалі ад ворагаў чалавецтва, бо яны самы цярпелі. А нашчадкі гэтых ворагаў цяпер езьдзяць па Беларусі і шукаюць “канешне, такое было”.
Арыгінальная гэта справа – так званая “нямецкая навука”. Аднак, займаліся б яны лепш сваімі Дырлевангерамі ды Готбэргамі, якія “наварочалі” у Беларусі горы трупаў, ажно не – ім хочацца іншага.
Увогуле прафанская выхадка Алексіевіч сыграла ролю грубай правакацыі ў складаных дачыненьнях. Не разьбіраючыся ў пытаньні, яна зрабіла дрэнную паслугу і немцам, і габрэям, і расейцам, бо кажучы пра антысемітызм у Латвіі, Летуве, Украіне, Польшчы за часы нямцекай акупацыі, трэба будзе адказаць на пытаньне аб прычынах яго. А прычыны тырчаць ў СССР, ў злачынным камуна-савецкім кіраўніцтве, у злачыннай камуна-імпэрскай ідэалогіі, у тэорыі і практыцы зьнішчэньня людзей, у палітыцы камуна-савецкага генацыду як злачынства супраць чалавецтва. І калі пачнуць сур’ёзна разьбірацца зь ім пад прыцэлам антысемітызма і нацыянальных дачыненьняў, то можа пасыпацца яшчэ раз уся фармальная веда пра савецкі генацыд з абстрактнымі «камуністамі», якую цяпер шмат хто не хацеў бы рушыць.
Тое, чым ціха (і беспэрспэктыўна) займаюцца цяпер некаторыя нямецкія «шукальнікі» ў Беларусі, з мэтай каб падзяліць віну немцаў за галакост з іншымі народамі, даўно ўжо гучна, груба і з рыканьнем адлюстравала савецкая прапаганда за часы СССР. Чаго толькі яны не панапісвалі пра «саўдзельнікаў у злачынствах», каго толькі не абляпалі, ні абазвалі, чаго толькі не прыдумалі, каб вымазаць змагароў з камуна-фашызмам. Нават аўтар гэтых радкоў трапіў у «нямецкія паліцаі» і некаторыя казалі, што самы яго там бачылі (хаця я нарадзіўся ў 1944). (Дарэчы спадарыня Алексіевіч напоўніцу ўдзельнічала ў гэтай дэзінфармацыі (ужо нават пасьля распаду СССР).
Для нас, беларусаў, істотнай ёсьць гісторыя нашага галакосту – галакосту беларусаў – вынішчэньня народу маскоўскімі бальшавікамі і нямецкімі фашыстамі. Мала, вельмі мала тут яшчэ дасьледвана, бо ўвесь час была ўлада тых, хто нас і зьнішчаў. Але каб паўнавартасна існаваць нацыі, такія веды пра свой галакост мусяць быць. Ні воднаму славянскаму народу немцы не пакідалі ніякіх жыцьцёвых пэрспэктыў. Нямецкі генацыд славянскіх народаў ў часе 2-й Сусьветнай вайны (зьнішчэньне цывільных людзей па расавай этнічнай і нацыянальнай прыкмеце) сягаў больш за 20 мільёнаў ахвяр (гэта ў чатыры разы больш чым было забіта габрэяў). Дваццацігадовая гісторыя абароны Курапатаў ад зьнішчэньня – вось ілюстрацыя рэальнага становішча. Нямецкі амбасадар у Беларусі Гельмут Фрык, мінаючы Хатынь, едзе ў Курапаты і кажа там, што беларусы самы вінаваты за забойствы ў Курапатах. Цікавая асаблівасьць часам ўзьнікае. Калі справа заходзіць пра камуна-фашысцкі генацыд супраць беларусаў, украінцаў, палякаў, дык немцы і расейцы (такія ж бо антаганісты) пачынаюць раптам казаць ва ўнісон, і вінаваціць сваіх ахвяр. І з чаго б гэта такое адзінства?
Мы ведаем «з чаго». Нічога з такой прапаганды і гаварэньня іхных наёмнікаў не атрымаецца, акрамя ганьбы для іх самых. Ня той час. У народаў ёсьць сілы, каб вывесьці ўсё на чыстую ваду і даць колькі спатрэбіцца.
10 ліпеня 2016 г. Зянон ПАЗЬНЯК