НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

Лошыца-2016. Расстрэляныя Дзяды

Лошыца-2016. Расстрэляныя Дзяды

Дарагія землякі, паважаныя беларусы, працягваецца наша вялікае сьвята Дзяды, якое дазваляе нам памятаць пра нашых продкаў і нашу гісторыю.

Самая балесная наша гісторыя -- гэта памяць пра генацыд народа, які рабілі на нашай зямлі акупанты. Пасьля іх засталіся месцы расстрэлаў і зьнішчэньня людзей. Яны пакінулі тут свае помнікі акупацыі і зьдзеку над народам -- розных Ленінаў ды Калінінаў, Сьвярдловых ды Суворавых. Памятайма, што гэтыя іхныя балваны і танкі на пастамэнтах ня ёсьць помнікамі нашай гісторыі і культуры. Гэта ёсьць чужыя адзнакі акупацыі, прыніжэньня нашай краіны і сьмерці нашых людзей.

Гэтыя знакі акупацыі, пастаўленыя нашымі ворагамі, мусяць быць ліквідаваныя і зьнішчаныя дазваньня. Надыйдзе час і наша зямля будзе ачышчана ад балваноў злачынцам і нечысьці, якія рабавалі і забівалі Беларускі народ.

Сьвятымі застаюцца для нас магілы расстраляных пакутнікаў і вечныя нашы Дзяды.

Вось тут на ўскрайку Лошыцы, у баку ад дарогі быў вялікі яр. У 1937 годзе ў яры расстрэльвалі людзей расейскія энкавэдзісты. Кожны дзень прывозьлі на раніцы бартавымі машынамі "палутаркамі" людзей са зьвязанымі рукамі, выводзілі па некалькі чалавек і расстрэльвалі. Трупы ськідвалі ў ямы. За год тут забілі і закапалі каля дзесяці тысячаў чалавек -- сялян, работнікаў, настаўнікаў ды моладзь.

У канцы 1980-х гадоў гэты расстрэльны яр каля Лошыцы яшчэ існаваў. Я даведаўся пра лошыцкае злачынства якраз тады, калі ўсплыла праўда пра Курапаты і якраз тады, калі я археалагічна дасьледваў Курапаты. Я зьбіраўся таксама правесьці археалагічныя раскопкі ў Лошыцы і дасьледваць расстрэльныя магілы. Але здарылася экстраардынарная падзея.

Калі я прышоў сюды, каб выбраць месцы раскопаў, то ўбачыў, што тут працуюць бульдозеры ды экскаватары і сьпешна засыпаюць Лошыцкі яр. Мясцовы старшыня калгаса, якому належыла гэтая зямля (і да якога я зьвярнуўся па тлумачэньні) нічога ня ведаў, што там робіцца і хто тое робіць. Аказалася, што гэты ўчастак зямлі зь ярам сьпешна і ціха перадалі ў валоданьне гораду Менску і гарадзкія ўлады тут жа пачалі засыпаць яр.

Гэты факт для ілюстрацыі таго, якія магчымасьці меў КГБ нават у тыя позьнія савецкія часы.

Калі яр засыпалі і ўтрамбавалі грунт катком, тут паставілі плот, заасфальтавалі плошчу і разьмясьцілі гаражы. Вось такі маленькі паварот сібірскіх рэк быў ажыцьцёўлены камуністамі ў Лошыцы, каб схаваць месца злачынства супраць чалавецтва.

Тое самае яны здольныя былі зрабіць і з Курапатамі, калі б не народ і не Беларускі Народны Фронт, які паўстаў на абарону Курапатаў. Зьнішчыць Курапаты ім не ўдалося. Ім засталося толькі бясьсільна ілгаць.

У пачатку 90-х Беларускі Народны Фронт паставіў у Лошыцы на ўскрайку былога яра вялікі Крыж у памяць расстраляных людзей. У гэты ж час БНФ таксама ўсталяваў Крыж у памяць расстраляных у лесе Ваньковіча (так званы "парк чалюскінцаў" у Менску). Тут, на ўскраіне парку, вялікае расстрэльнае месца бальшавікоў, другія Курапаты. Тут забівалі людзей і зысыпалі ў ямах. Пасьля вайны мясцовасьць выраўнялі і зрабілі пад дрэвамі зялёны паркавы лясны газон -- месца вясельля і адпачынку "працоўных", якое, аднак, хавае пад сабой страшныя неадкрытыя таямніцы камуна-савецкай акупацыі.

Далей адсюль, пад Сьляпянкай, у Сляпянскім лесе была дача Цанавы і побач месца расстрэлаў і закопваньня забітых ахвяр.

Таксама ў самым цэнтры Менска на тэрыторыі 1-га клінічнага шпіталю знаходзіцца месца бальшавіцкіх расстрэлаў людзей у 20-гадах мінулага стагоддзя (асабліва ў 1919 -- 1921, калі менчукоў, каго трапяць, маскалі хапалі проста на вуліцах і цягнулі на расстрэл). Тады тут быў Камароўскі лес. Калі ў 1928-29 гадах капалі падмуркі пад корпусы шпіталя, то выкопвалі горы чалавечых касьцей. Але тады, за часы рэпрэсіўнай вайны і вынішчэньня беларусаў расейскімі чырвонымі акупантамі, нікога тое не абходзіла і кожны ад страху маўчаў.

Тут таксама мусіць стаяць памятны дзядоўскі Крыж у знак таго, каб ніколі ўжо такіх забойстваў народа больш не было.

Памятайма пра нашых дзядоў. Гэтая памяць ёсьць зарукай нашага нацыянальнага існаваньня, калі будзем ведаць і разумець, што жывыя і памерлыя мы ёсьць адзіны вялікі гістарычны Беларускі народ.

Слава нашым Дзядам!

Слава Айчыне!

 

6 лістапада 2016 г.                                                                                                                                          Зянон Пазьняк.

Дадаць у: