НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Навіны

Лошыца стукае ў сэрцы

Лошыца стукае ў сэрцы

(Выступ на Дзяды на месцы савецкіх расстрэлаў у Лошыцы)

Працягваюцца восеньскія Дзяды. Мы з вамі каля Лошыцкага крыжа, пастаўленага Беларускім Народным Фронтам у памяць аб расстраляных беларусах.  Побач, у 80-х гадах, знаходзіўся вялікі яр, у якім раней, перад вайной (канкрэтна ў 1937 годзе) расейскія энкавэдзісты расстрэльвалі людзей. На расстрэлы прывозілі рана ў 5 – 6 гадзін на бартавых грузавіках. У людзей былі зьвязаныя рукі. Перад ямамі арыштаваных па аднаму сьцягвалі з машыны і расстрэльвалі. Сьведка расстрэлаў Вера Шумская мне расказвала, што да месца расстрэлаў (энкавэдзісты не хаваліся) часам падбягалі камсамольцы і прасілі пастраляць у ворагаў народа. Ім ахвотна давалі такую магчымасьць і прыплочвалі 20 сталінскіх капеек (гэта цана пачкі запалак) за адзін стрэл і аднаго забойства.

У 1937 годзе тут расстрэльвалі людзей кожны дзень. Па агульных падліках расейцы забілі ў Лошыцы і закапалі ня менш дзесяці тысячаў чалавек.

У 1937 годзе людзей забівалі вельмі шмат. Курапаты, дзе расстрэльвалі кругласутачна, былі перагружаныя. І таму людзей вазілі тады забіваць у розныя іншыя месцы вакол Менска. Акрамя Курапатаў і Лошыцы расстрэльвалі яшчэ ў лесе Ваньковіча (ці так зв. “Камароўскім лесе”) на той час “Парк Чалюскінцаў”, потым у мясціне Інтэрбуршчына, каля Баравой, ськідвалі трупы ў балота каля Кунцаўшчыны, забівалі ля Трасьцянца і інш. Маскоўска-лубянская машына забойства людзей працавала ў Беларусі з перанапругай, але безадказна.

Сучасны дасьледчык тэрору ў СССР Цімаці Снайдар падлічыў, што ў Беларусі ў час генацыду было расстраляна і замардавана на сьмерць у 25 разоў больш людзей, чым у Расеі. Беларусь згодна Снайдэра была на той час самай страшнай зонай сьмерці ў сьвеце. Прытым варвары расстрэльвалі тут адмыслова лепшых людзей: навукоўцаў, інтэлігенцыю, настаўнікаў, паэтаў і пісьменьнікаў, працавітых сялян, сьвятароў, выхадцаў са шляхты, беларускую адміністрацыю і беларускую верхавіну кампартыі.

Гэта быў генацыд ня толькі па этнічным, але і па нацыянальна-месніцкім прынцыпе. Зьнішчалі ўсю мясцовую вышэйшую праслойку грамадзтва. Вывучэньне статыстыкі і засакрэчаных улікаў насельніцтва паказвае, што з 1921 па 1941 год у Беларусі зьнікла каля 2-х мільёнаў людзей. (Тут трэба ўлічваць высылку і Сібір-турму таксама).

Гісторыя Лошыцкага яру – гэта навучка, як трэба і як ня трэба сябе паводзіць дасьледчыкам у дачыненьнях з акупацыйным рэжымам. Пра Лошыцкія расстрэлы я даведаўся ў 1988 годзе. Тады ж апытваў людзей у мястэчку Лошыца і запісаў сьведкаў. Але дасьледваньне адклаў на год, бо якраз дасьледваў Курапаты. Калі я 1989 годзе прыйшоў сюды, каб зрабіць разьметку пад археалагічныя раскопкі, то ўбачыў, што велізарны яр засыпаны галечным жвірам, суседнія ўзгоркі з ябланевым садам скапаныя экскаватарамі і ссунутыя бульдозерамі ў яр. Неўзабаве там разьмясьцілі мэталёвыя гаражы.

Усё тлумачылася тым, што савецкая гэбоўская агентура адсачыла мае рухі ў Лошыцы і, зразумеўшы маю задуму, ажыцьцявіла прэвентыўныя меры праз дзяржаўныя ворганы ўлады, каб схаваць сьляды злачынства.

Дасьледваць археалагічна Лошыцкі яр ужо, практычна, немагчыма. Праўда, я тады адчайна насуперак логіцы спрабаваў з групай моладзі (тагачаснай “Талакой”) пракапаць (наўгад) галечны жвір. Але не ўдалося.

Выснова такая -- першасныя дасьледваньні, якія мусяць прывесьці да адкрыцьця, павінны быць пры акупацыйным рэжыме строга засакрэчаныя. Інакш ворагі могуць апярэдзіць і схаваць альбо зьнішчыць сьведчаньні сваіх злачынстваў. У Курапатах усё было зроблена дасканала і таму адбыліся дасьледваньні і сьвет даведаўся праўду.

Лошыцкі яр трэба было дасьледваць адразу пасьля адкрыцьця ў 1988 годзе паралельна з Курапатамі (хоць фізічна тое было цяжка), не даючы злачынцам апамятацца, каб дзейнічаць.

Але па вялікаму кошту кроў людзкая не вада і лошыцкая кансэрвацыя злачынства яшчэ дачакаецца свайго часу, бо ні сьвет, ні навука не стаяць на месцы.

Паважаныя сябры, я вырашыў яшчэ раз нагадаць Вам ужо вядомае і напісанае мной пра Лошыцу, каб аднавіць нашу памяць, трымаць яе ў належным стане і заўсёды памятаць нашых дзядоў, тых, што жылі перад намі і былі забітыя ворагамі чалавецтва толькі за тое, што былі людзьмі.

Памятайма нашых дзядоў, каб не вярнулася варварства, сьмерць і паняверка. Больш ніколі ня будзе масковец забіваць наш народ.

Слава Айчыне! Слава нашым дзядам! Памятаючы – зьберажэм краіну.

 

11 лістапад 2017 г.                                                     Зянон ПАЗЬНЯК 

Дадаць у: