НавіныВідэаАўдыёФотаБіяграфіяКнігіАртыкулыІнтэрв’ю
Галоўная старонка » Артыкулы

ЛЮСТРАЦЫІ

ЛЮСТРАЦЫІ

Назіраньні за тым як ў так званых ДЭМ-СМІ часам абмяркоўваецца пытаньне люстрацыяў наводзіць мяне на думку, што зьмест паняцьця сьвядома скажаецца нейкімі актыўнымі ініцыятарамі, бо гаворка, як правіла, йдзе не пра люстрацыі, а пра сьледзтва ў пошуку палітычных злачынцаў ды іншадумцаў з мэтай расправы. Паколькі такая тэндэнцыя падмены паняцьця назіраецца ў беларускім кантэксьце паўсюдна, то зразумела, што мы маем справу з сьведамай прафанацыяй тых, хто не зацікаўлены ў будучай люстрацыі цяперашняга рэжыму з боку народа і народнай улады. Прыдумваюць страшылку з рагамі, якой імкнуцца напалохаць усё грамадзтва.

            Тэрмін “люстрацыя” ў розных краінах і ў розны гістарычны час меў розны зьмест: ад магічнага сэнсу (адлюстраваньне нябачнага “таго сьвету” праз магічнае дзеяньне зь люстэркам) да сацыяльнага, юрыдычнага і палітычнага азначэньня.

            У сучасным разуменьні пад люстрацыяй падразумеваецца выяўленьне ня выяўленай (схаванай) антынароднай альбо антыуладнай дзейнасьці і прыняцьце абмежавальных захадаў да асобы з палітычнымі мэтамі.

            Практычна, кожны антыдэмакратычны таталітарны і аўтакратычны рэжым (асабліва ідэалягічнага, акупацыйнага, мафійнага кшталту) праводзіць таемную ці адкрытую люстрацыю сваіх грамадзянаў, прымаючы адпаведныя абмежавальныя законы ў межах усёй дзяржавы ці на пэўных тэрыторыях. Напрыклад, у перадваенным СССР люстравалася сацыяльнае паходжаньне людзей. Асобы не рабоча-сялянскага паходжаньня былі абмежаваныя ў працы і кар’ерным росьце ў сфэры дзяржаўнай службы; дзеці асобаў, сасланых у ГУЛАГ ці расстраляных як “ворагі народа”, ня мелі права вучыцца ва ўнівэрсітэтах. Людзі, якія верылі ў Бога і хадзілі ў касьцёл, царкву, малельны дом (“адпраўлялі культы”), ня мелі права працаваць у так званых “ідэалягічных інстытутах” (гісторыі, філясофіі, сацыялёгіі і г. д.).

            У гітлераўскай Нямеччыне жорстка былі люстраваныя цыганы і габрэі (забарона на прафэсіі, гета, галакост). У санацыйнай перадваеннай Польшчы люстрацыям былі падвержаны беларусы па асобных прафэсіях. Напрыклад, беларус, які заканчваў духоўную сэмінарыю, ня мог атрымаць парафію ў Беларусі (толькі ў Польшчы). Іншыя прафэсіі для беларусаў тады лімітаваліся на тэрыторыі Беларусі. Люстрацыя вынікала з польскай акупацыйнай палітыкі асіміляцыі.

            У цяперашняй падрэжымнай Рэспубліцы Беларусь, дзе праводзіцца акупацыйная антыбеларуская палітыка ў расейскіх інтарэсах, жорстка люструюцца асобы, якія знаходзяцца ў апазыцыйных партыях і асабліва тыя, якія былі прыцягнуты да судовай адказнасьці за выказваньні (дэманстрацыі, сьведчаньні, перакананьні) супраць рэжыму. Такія людзі ня могуць уладкавацца на працу, працоўныя кантракты зь імі скасоўваюць, студэнтаў выключаюць з унівэрсітэтаў, прадпрыймальніцкую дзейнасьць разбураюць і г. д. Трэба асабліва падкрэсьліць, што ў антыдэмакратычных краінах ёсьць прынятыя антыдэмакратычныя законы, якія абгрунтоўваюць люстрацыю грамадзянаў. Але часта люстрацыі адбываюцца тут незаконна альбо са спасылкай на юрыдычныя палажэньні вельмі агульнага кшталту, якія суды трактуюць па-свойму.

            Пры зьмене ўлады і краху антыдэмакратычнага (антынароднага) рэжыму натуральна і абавязкова ўзьнікае пытаньне аб люстрацыях тых людзей, якія працавалі ў рэпрэсіўных ворганах рэжыму, таемна супрацоўнічалі зь імі, выконвалі антынародныя законы і загады рэжыму і займаліся перасьледам і рэпрэсіямі насельніцтва.

            Менавіта пра гэты кшталт люстрацыяў чуваць шмат дыскусіяў, супярэчлівых выказваньняў і проста гістэрыкі, што гэта, маўляў, “немагчыма”, што “складана”, што “расколе грамадзтва” і т. п. (нават “паляваньне на ведзьмаў” успамінаюць). Па сутнасьці справы – усё гэта несур’ёзна. Дыскусіі і гістэрыка ў гэты час – вынік панікі і страху асобаў, якія сваёй дзейнасьцю таемна і яўна зьвязаныя з палітыкай рэжыму і ня ведаюць, як іхняя дзейнасьць будзе ацэнена, а некаторыя, адчуваючы віну, баяцца адказнасьці.

            Практыка паказвае, што калі антынародныя рэжымы праводзяць люстрацыю грамадзянаў, то шкода для народу відавочная. А вось калі народ у абліччы сваёй народнай улады праводзіць люстрацыю таемнага апарату рэпрэсіўнага антынароднага рэжыму, то шкоды ні для насельніцтва, ні  для грамадзтва нідзе не адзначана. Наадварот, люстрацыі спрыялі аздараўленьню грамадзтва.

 

            Тут вельмі важна будзе вызначыць установы, арганізацыі і асабовую дзейнасьць, якія мусяць праходзіць люстрацыі. Татальная люстрацыя тут ня мае сэнсу, але ворганы рэпрэсій і перасьледу і ворганы палітыкі рэпрэсій і перасьледу мусяць прайсьці люстрацыю.

            Падыход таксама можа быць розным: ад строгага да мяккага. Скажам, лібэральны мяккі падыход – гэта калі, напрыклад, асоба сама сьведчыць публічна пра сваю прыналежнасьць да той ці іншай рэпрэсіўнай структуры рэжыму. Тады асоба не нясе адказнасьці і пасьля праверкі можа займаць пасады ў вызначаных дзяржаўных установах (абмежаваньні адзначаюцца). Асоба, якая схавала сваю дзейнасьць, займаць пасады ў дзяржаўных інстытуцыях (і тым больш у ворганах улады) ня будзе. Прытым Камісія па люстрацыях можа не публікаваць сьпіс такіх людзей, альбо (як у Польшчы, напрыклад) ён будзе апублікаваны. Усё залежыць ад падыходу.

            Зь люстрацыямі ня трэба блытаць прыцягненьні да адказнасьці функцыянераў рэжыму за крымінальныя злачынствы перад народам. У Беларусі за часы антынацыянальнай улады бяссьледна зьніклі людзі, было ўзарвана Менскае мэтро і пасьпешна пакараныя сьмерцю вызначаныя спраўцы злачынства, віна якіх да канца не рассьледвана; зафіксавана шмат неправамоцных судовых прысудаў і эканамічна-фінансавых злачынстваў, дзеяньняў на шкоду нацыі і дзяржаве, якія патрабуюць рассьледваньня і высьвятленьня ў іх ролі кіраўнікоў уладнага рэжыму. Вось гэтая праца па высьвятленьні праўды, справядлівасьці і вызначэньня пакараньня павінна папярэднічаць закону аб люстрацыях. Бо адчыніцца шмат што, і люстрацыі запатрабуе ўсё грамадзтва.

 

12 ліпеня 2013 г.               Зянон Пазьняк                   

Дадаць у: